ЧАРНАЦЕ́ЛКІ (Tenebrionidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Больш за 17 тыс. відаў. Пашыраны амаль усюды, найб. разнастайныя і шматлікія ў стэпах, пустынях і паўпустынях. Жывуць на адкрытых біятопах, на берагах вадаёмаў, у лясах, жылых і спец. памяшканнях і інш. На Беларусі 53 віды. Найб. пашыраны віды з родаў павольнік (Blaps), апатрум (Opatrum), тэнэбрыё (Tenebrio) і інш.

Даўж. 2—70 мм. Форма цела разнастайная. Афарбоўка цёмная: чорная, бурая, зрэдку з ярка-метал. адлівам або з аранжавымі плямамі. Надкрылы зрастаюцца, задніх крылаў часта няма. Вусікі 10—11-членікавыя. Лічынкі доўгія, амаль цыліндрычныя, цвёрдыя, нагадваюць драцянікаў (адсюль назва лжэдрацянікі). Кормяцца расл. рэшткамі, тканкамі жывых раслін. Шэраг відаў пашкоджваюць харч., с.-г. культуры, радзей лясныя пароды дрэў. Іл. гл. таксама да арт. Хрушчакі мучныя.

С.​Л.​Максімава.

Чарнацелкі: 1 — гіганцкая; 2 — губавая; 3 — закаспійская; 4 — кукурузная; 5 — пясчаная. Павольнікі: 6 — падвальны; 7 — стэпавы; 8 — Фауста.

т. 17, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)