непаразуме́нне, ‑я, н.

1. Няправільнае або недастатковае разуменне чаго‑н., выпадковая памылка. Усе, зразумеўшы сутнасць справы, заўсміхаліся. Непаразуменне, здавалася, было поўнасцю вырашана. Кавалёў. Чалавек змаўкаў, бялеў і тросся ўвесь, як у ліхаманцы. Гэта быў, трапіўшы сюды [у склеп] па непаразуменню, царкоўны стараста суседняга сяла. Лынькоў.

2. Адсутнасць узаемнага разумення. [Андрэй Гаўрылавіч:] — Калі бацькі ясна ведаюць, што яны хочуць ад сваіх дзяцей, а дзеці — што ад іх хочуць бацькі, то тады ніякага непаразумення між імі не будзе. Грамовіч. Непаразуменне паміж сяброўкамі, як раптоўна ўспыхнула, так раптоўна і пагасла. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пахадзіць без мэты, гуляючы. Я схадзіў у Зазер’е і на адзіноце паблукаў па асеннім лесе. Краўчанка. Сон.. не ішоў, і заставалася толькі пакінуць цеснаватую хату і паблукаць па вечаровай вуліцы. Шахавец.

2. Пахадзіць у пошуках чаго‑н. Нямала .. [Пеця] яшчэ паблукаў, пакуль знайшоў патрэбную дарогу. Сіняўскі. Варта было яшчэ паблукаць па кніжных магазінах, перакусіць, а потым зашыцца куды-небудзь у парк. Навуменка.

3. Разм. Павандраваць, пахадзіць. Калі нельга многа — хоць бы трохі Паблукаць бы мне па ўсёй зямлі. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́тра, ‑а, н.

1. Сумесь газаў, галоўным чынам азоту і кіслароду, якія акружаюць зямлю і складаюць яе атмасферу. Чыстае паветра. Свежае паветра. Вільготнае паветра. □ Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. Пахі тысяч кветак перамяшаліся ў гарачым паветры. Шашкоў.

2. Свабодная прастора над зямлёй. Срабрыстыя ніці павуціння насіліся ў паветры. С. Александровіч.

•••

Альвеалярнае паветра — паветра, якое астаецца ў лёгачных альвеолах пасля нармальнага выдыху.

Вісець у паветры гл. вісець.

Насіцца ў паветры гл. насіцца.

Павіснуць у паветры гл. павіснуць.

Узляцець у паветра гл. узляцець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

1. Вучыцца некаторы час. [Сцёпка:] — Каб умець жыць па-людску, дык трэба вучыцца і не толькі ведаць, што такое рабфак, а і павучыцца на рабфаку. Колас.

2. Навучыцца чаму‑н., набыць якія‑н. веды, навыкі. Чыста пабеленая печ і сцены, добра вымытая падлога, прыбраныя з густам пасцелі ўразілі дзяўчат. Было чаму павучыцца ў такой акуратнай гаспадыні. Пальчэўскі. Слава аб камуне пайшла на ўсю акругу. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкупі́ць, ‑куплю, ‑купіш, ‑купіць; зак., каго-што.

1. Пры дапамозе грошай, падарункаў схіліць на свой бок. Падкупіць сведак. □ [Дзед:] — А стары Чапскі, а потым і яго сыны не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў, і тыя пераправілі планы. Якімовіч. Іх [камуністаў] не падкупіш і не зломіш І не завабіш іх нічым. Колас.

2. перан. Выклікаць сімпатыю да сябе. Рыбак наўперад для паказу Сам заіграў на дудцы той і падкупіў малога зразу Сваёю шчодрай дабратой. Колас. Андрэю вельмі цяжка было гаварыць, але наіўная шчырасць дзяўчыны неяк падкупіла яго. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмо́сткі, ‑аў; адз. няма.

1. Драўляны памост на ўзвышэнні; часовы памост. У глыбіні сасонніку прасвечвалі часова змайстраваныя дашчаныя падмосткі, якія павінны былі замяніць сцэну. Броўка. // Разм. Падстаўка з чаго‑н. Дастаць да.. [акенца] было цяжка, але якраз, на шчасце, на ўзроўні плота пры свірне ляжалі акораныя жэрдкі. Звяруга, перш чым узабрацца на падмосткі, прыслухаўся. Дамашэвіч.

2. Сцэна (у 1 знач.). На падмостках калгаснага клуба з’явіліся спевакі і танцоры. «Звязда». Па падмостках У ззянні агнёў мюзік-хола Негрыцянка пяе. Танк.

•••

Тэатральныя падмосткі — тое, што і сцэна (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазахо́дзіцца, ‑ходзіцца; ‑ходзімся, ‑ходзіцеся, ‑ходзяцца; зак.

Разм.

1. Дайсці да самай высокай ступені праяўлення якога‑н. пачуцця, стану і пад. — пра ўсіх, многіх. Колькі ні было моладзі, усе аж пазаходзіліся, смеючыся. Дубоўка. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Анямець — пра ўсё, многае. Пазаходзіліся пальцы ад холаду.

2. Памерці — пра ўсіх, многіх. [Ніна:] — Памучылася маці з .. [дзецьмі] за вайну, як яны там з голаду не пазаходзіліся. Арабей. [Паўлісе] таксама пара на сваю ферму: каб хаця дзяўчаты не забылі паналіваць вады куранятам, а то пазаходзяцца ад смагі — гарачыня такая!.. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

параўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.

1. што. Зрабіць роўным, гладкім. Параўнаваць асфальт катком. □ Пад церніцамі гурбамі ляжала кастрыца, трэба было яе рассунуць, параўнаваць. Чарнышэвіч.

2. што. Зрабіць роўным, аднолькавым па даўжыні, вышыні і пад. Параўнаваць канцы вяроўкі. // перан.; каго. Зрабіць аднолькавымі, падобнымі ў чым.‑н. — А цяпер жа ні беднякоў, ні сераднякоў, ні заможнікаў, усіх параўнаваў калгас. Мурашка.

параўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго і без дап.

Раўнаваць некаторы час (гл. раўнаваць ​2). [Ніна:] Самая прыгожая дзяўчына ў тэхнікуме. Спецыяльна падсунулі, каб я трошкі параўнавала. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

параўна́льна, прысл.

1. У дастатковай ступені, болей або меней. Параўнальна невялікі тэрмін. Дзень прайшоў параўнальна спакойна. □ З гравюрай-партрэтам Буднага вучоныя пазнаёміліся параўнальна нядаўна. «Помнікі». І хаця белапольскае панаванне было параўнальна нядоўгім, яно далося ў знакі і, здавалася, цягнулася гады. Машара.

2. Карыстаючыся параўнальным метадам. Мовы вывучаюцца параўнальна і гістарычна.

3. з прыназ. «з», у знач. прыназ. з Т. Калі параўноўваць з чым‑н., у параўнанні з кім‑, чым‑н. Сотні паўтары партызан, параўнальна з немцамі дрэнна ўзброеных, не маглі.. утрымаць у кальцы.. мацнейшага ворага. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасе́лішча, ‑а, н.

1. Спец. Месца, дзе захаваліся сляды старажытнага пасялення; селішча. Раскопкі старажытнага паселішча.

2. Месца, заселенае людзьмі; вёска, сяло, пасёлак. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы, затое дзікіх звяроў і птушак было тут вялікае мноства. В. Вольскі. Здавалася, што гэтае прыгожае паселішча стаіць тут спрадвеку, не старэючы і не хілячыся на бок смалістымі сценамі сваіх хат. Паслядовіч. // Месца, дзе жывуць або будуюць сабе жыллё некаторыя віды дзікай жывёлы. Узніклі новыя паселішчы баброў у пойме Бярэзіны і ў ціхіх затоках. Самусенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)