нашто, прысл.
1. пытальнае. Для чаго, для якой мэты. Нашто ўсё гэта патрэбна? // Ужываецца пры выказванні нязгоды з чым‑н., неабгрунтаванасці чаго‑н. Сярожка, Сярожка, нашто ты так зрабіў... Арабей. Раз ёсць недавер’е да ўчынкаў героя, чытача пачынаюць трывожыць усялякія .. пытанні: нашто герой так робіць? Кучар.
2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова ў даданых дапаўняльных сказах. [Сцёпка:] Папытайцеся ў яго, нашто яму трэба было якраз сёння сарваць наш спектакль. Крапіва. // Разм. З адценнем прычыны або мэты. Мы [дзеці] ніяк не маглі зразумець, што такое смерць, якая яна, чаму трэба было ўміраць парабку,.. нашто парабак араў панскае поле... Чорны.
3. у знач. часціцы (звычайна ў спалучэнні са словам «ужо»). Ужываецца ў складаных сказах з адваротнай абумоўленасцю састаўных частак. Нашто ўжо Барыс Далідовіч дакладна ведаў, дзе размяшчаецца лагер, але толькі перайшоўшы па кладцы цераз лясны ручай,.. заўважыў першыя зямлянкі. Шахавец. Нашто ўжо палахлівы чорны дрозд, а і той да вады хоць і пеша, азіраючыся, але падыдзе. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)