Напра́сны ’дарэмны’, напра́сна, напра́сне, напра́сня, напра́сно ’дарэмна’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), напра́сць, напра́сніца, напра́сліна ’паклёп, дарэмшчына’ (Нас., Грыг., Нік., Оч., Мядзв., Мат. Маг., Сл. ПЗБ), напра́снаваць ’нападаць, беспадстаўна чапляцца’ (Нас.), рус. напра́сный ’дарэмны, непатрэбны’, напра́сная смерть ’выпадковая, нечаканая смерць’ (СРНГ), укр. напра́сний ’раптоўны’, серб.-харв. на̀прасан ’гарачы, круты; раптоўны’, на̀прасна смрт ’раптоўная смерць’, балг. дыял. напра́сна болъс ’апаплексія’, на́прасен дъжд ’моцны, буйны дождж’, ст.-слав. напрасьнъ ’раптоўны’. Пры першапачатковым значэнні ’раптам, знянацку’ можна звязаць з балг. пра́сна ’трэснуць, стукнуць’, серб.-харв. пра̏снути ’трэснуць; успыхнуць; раптоўна з’явіцца, пачацца; здохнуць’, рус. пра́скать ’ляскаць, шчоўкаць’ і пад., якія лічацца гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 3, 43; 354); не выключаны другасная сувязь з прасл. *porzdьnъ ’пусты, парожні’ для паўднёваславянскіх слоў, параўн. балг. напра́зно, макед. напразно, серб.-харв. напразно ’дарэмна’, што праз царкоўнаславянскую мову маглі ўплываць на семантыку усходнеславянскіх слоў, параўн. таксама славац. naprázdno, польск. napróżno ’тс’. У святле гэтых фактаў не выключана магчымасць запазычання. Іншыя версіі гл. Варбат, Этимология–1964, 30–36 (ад прасіць), Куркіна, ВЯ, 1981, 5, 88 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́п ’скрып саней пры вялікім снезе’ (в. Калядкі, Суччына, ЭШ), нарыпень ’скрыпучы мароз’ (ТС), укр. нарепень ’снег, які скрыпіць пад нагамі ад вялікага марозу’, рус. на́рыпень ’шум, скрып ад санных палазоў’, на́репь, на́репень ’абледзянелы снег, галалёдзіца’. Да рыпець ’скрыпець’, рыпнуць ’скрыпнуць’, параўн. на рыпу ’са скрыпам (пра абутак)’ (Растарг.), рыпоцень ’моцны, пякучы мароз’: Рыпоцень, як едзеш саньмі, то усё рыпіць (ТС); не выключана, што першапачаткова магло быць звязана з прасл. *ripnęti ’ступіць’, параўн. прастамоўе рвануцца ’зварухнуцца, сысці з месца’, рус. рип! ’выклічнік, які перадае гук крокаў’, балг. рипна ’скочыць, падскочыць’, макед. рипне ’скочыць’, польск. rypnąć ’ступаць, таптаць’ і асабліва дыял. narypnąt ’наступіць’: narypnol me na nogę (Варш. сл.), чэш. vyrypovat ’хутка крочыць’, што у сваю чаргу, відаць, гукапераймальнага характару, насуперак Трубачову (гл. Фасмер, 3, 530); дапушчэнне такога развіцця семантыкі магло б вытлумачыць спецыфічнае значэнне паўночнарускага слова, дакладным семантычным адпаведнікам якога з’яўляецца рус. сіб. наступ ’скарынка лёду на паверхні снегу, шарпак’ (= рус. наст).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́сцеж ’на ўсю шыр, поўнасцю’ (ТСБМ, ТС), на́сьцеж ’тс’ (Др., Бяльк.), на́сцяж ’тс’ (Сл. ПЗБ), на́сціж ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. на́стеж, на́стіж, насте́жи, насте́жір, рус. на́стежь, настежу́, польск. naścież, naoścież, naścieżaj, славен. na steżaj, балг. дыял. настьеш. Са спалучэння прыназоўніка на з назоўнікам сцеж(а), для якога ўзнаўляецца значэнне ’слуп, шула’, параўн. на всю стэжу ’насцеж’: На всю стэжу очыняны (драг., З нар. сл.), сцежэя́ ’задняе шула ў варотах’ (ТС), польск. ścieżaj ’завес’, славен. stežaj ’тс’, ц.-слав. стежеръ ’тс’, чэш. stežeje ’завес, стрыжань’ і пад. роднасныя да сце́жар (гл.) (Фасмер, 3, 48; Брукнер, 354); першапачатковае значэнне ’раскрыць так, каб быў бачны слуп, стрыжань ці завесы, на якіх трымаліся вароты, дзверы’, тыпалагічна падобнае развіццё семантыкі гл. у на́піта ’насцеж’. Формы з ‑я‑, магчыма, ад сцяж: у сця́ж ’у адзін рад’ (палес., Нар. сл.) (да прасл. *steg‑). Гл. таксама Шуба, Прысл., і 16 (параўноўвае з рус. за‑стег‑ну‑ть), Атанасаў, БЕ, 37, 1987, 1–2, 102–104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́ба, не́бо ’нябёсы’ (Яруш., БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.), ’паднябенне’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС, Ян.), ’скляпенне ў печы’ (Мат. Маг., Шушк., ТС, Ян., браг., петрык., Шатал.), ’верхняя частка ткацкага станка, на якую падвешваюць ніты і набіліцы’ (браг., Нар. сл.), укр. не́бо ’нябёсы’, рус. не́бо, нёбо ’нябёсы; верхняя частка скляпення ў печы; верх бярлогі’, польск. niebo ’нябёсы’, чэш. nebe ’тс’, славац. nebo ’тс’, в.-луж. njebjo ’тс’, н.-луж. njebjo ’нябёсы, паднябенне’, славен. nebȏ ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, серб.-харв. не̏бо ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, балг. небе́, не́бо ’нябёсы’, макед. небо, небе ’тс’, ст.-слав. небо, род. скл. небесе ’тс’. Прасл. *nebo адносілася да балта-слав. асноў на ‑es, роднаснае літ. debesis ’воблака’, лат. debess ’неба’ (з другасным d), ст.-інд. nábhas ’туман, пара, неба’, грэч. νέφος ’воблака’, лат. nebula, с.-в.-ням. nebul ’туман’, хец. nepiš ’неба’ (да і.-е. *nebh‑ ’імгла, воблака’), гл. Покарны, 315; Фасмер, 3, 53; Махэк₂, 392; Бязлай, 2, 217; Шустар-Шэўц, 13, 1007.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няду́га (nieduha) ’хвароба, слабасць’ (Федар., Маш., ТС). Сюды ж няду́жыць ’хварэць’ (Нас.), неду́говаты ’тс’ (Булг.), нэду́гі ’нядужы, слабы’ (беласт., Сл. ПЗБ), няду́жы, неду́жы ’слабы, хваравіты’ (Нас., Сцяшк., Янк. 1, ТС, Сл. ПЗБ), няду́жны, неду́жны ’тс’ (Бяльк., Булг.), укр. неду́га ’хвароба, слабасць’, рус. не́дуга, н́еду́г ’тс’, кашуб. ńedåga ’тс’, чэш., славац. neduh, neduha ’тс’, славен. дыял. nedȏžje ’тс’, макед. недуг ’хвароба; фізічны недахоп’, балг. недъ́г, недъ́га, неду́г, неду́га ’тс’. Суадносяць з чэш., славац. duh ’добрае адчуванне, удача’, кашуб. dåga ’моц, сіла’, ст.-польск. dążyć ’перамагаць’, рус. не в дугу́ ’нічога не разумець’ (Фасмер, 3, 59; Бязлай, 2, 218), што дае падставы, нягледзячы на фармальныя цяжкасці, узвесці да прасл. *dǫgъ ’сіла, моц’; магчыма, тут адбылося змяшэнне асноў *dǫg‑ і *dug‑ (гл. дужы), пра што сведчыць паралелізм формаў з ‑ǫ‑ і ‑u‑ (Слаўскі, 1, 142; Папоўска–Таборска, Szkice z Kaszubszczyzny, Gdańsk, 1987, 24), што, аднак, ставіцца пад сумненне (Трубачоў, Эт. сл., 5, 100)). Паводле Махэка₂, 394, *nedǫgъ < *nedolǫgъ, гл. недалягаць, недалужны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́ва ’участак зямлі, ралля’ (Яруш., Чуд., Шат., Касп.), ’участак зямлі аднаго гаспадара’ (Сцяшк.), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі, прызначаны цалкам для адной культуры’ (ТС), ’палетак’ (Сл. ПЗБ), ні́ва, ныва ’невялікае поле сярод лесу’ (Сл. Брэс.), ні́ўка ’невялікая палоска раллі’ (Нас., Яруш., Бяльк.), ’невялікае поле, звычайна сярод лесу’ (ТС), укр. ни́ва ’узаранае поле’, рус. ни́ва ’вырабленае і выпаленае пад раллю месца; поле на такім месцы; участак зямлі сярод лесу; засеянае поле, сенажаць’, польск. niwa ’поле, ралля; навіна; поле сярод лесу’, чэш. níva ’поле, ніва, луг’, славац. niva ’тс’, н.-луж. niwa ’ралля, поле, ніва’, славен. njiva ’поле, ралля’, серб.-харв. ни̏ва ’тс’, балг. нива ’тс’, макед. нива ’поле, ралля, луг’. Прасл. *niva, збліжаюць з грэч. νειός ’поле, луг’, што ўзыходзіць да і.-е. *nei̯‑ ’унізе, наніз’; сюды ж літ. neivóti ’паніжаць’, лат. niẽva ’паніжэнне’ (Фасмер, 3, 72; Фрэнкель, 479; Бязлай, 2, 225; Шустар-Шэўц, 13, 1005). Іншыя версіі грунтуюцца на зыходнай семантыцы ’навіна’ (Махэк₂, 400) або ’край, руб’ (Ваян, RÉS, 22, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павуці́на (ТСБМ, Касп., Яруш., Сл. ПЗБ, Інстр. II), павучы́на (Нас., Бяльк., Яруш., Гарэц., Сл. ПЗБ), павуце́нне (Гарэц., Мал.), павучы́ніна (Др.-Падб., Гарэц.), павучэ́нне (Яруш.), павучы́нне (Др.-Падб., Інстр. II, Сл. ПЗБ) ’тс’. Прасл. paǫčina < paǫkъ. Форма з ч з’яўляецца агульнаслав., параўн. рус. павучи́на, укр. павучи́на, польск. pajęczyna, серб.-харв. па̏учина і г. д. Распаўсюджаны ва ўсх.-слав. мовах варыянт з ‑т‑ (рус. паути́на, укр. павути́на), як мяркуюць, узнік пазней у выніку кантамінацыі ст.-рус. паучина з рус. дыял. путина ’павучына’, звязанага са ст.-слав. пѫто (Фасмер, 3, 29). На думку Бадуэна дэ Куртэнэ (SF, 4, 52), т у форме паутина атрымалася пад уплывам слова паук, а Праабражэнскі (2, 28) дапускае змяшэнне з рус. тянуть (бел. цягнуць). Найбольш здавальняючым здаецца цяпер тлумачэнне Мартынава (вусн. паведамленне), што наяўнасць гэтых варыянтаў з’яўляецца вынікам змешвання ў праславянскім і у выніку моцнай акамадацыі, асабліва паказальнай у паўночным арэале ўсх.-слав. моў (Мартынаў. Слав. акам., 62 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павіту́ха1 ’жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, Шат., Сл. Брэс.). Рус. повиту́ха, укр. повиту́ха, польск. дыял. powitucha ’тс’. Усходнеславянскае (польск., мабыць, з беларускай). Ад павіць з суф. ‑ucha. Старажытнасць словаўтварэння (параўн. SP, 1, 75) сведчыць калі не аб праславянскім, то аб дастаткова старым паходжанні слова. Параўн. таксама Фасмер, 3, 294.

Павіту́ха2 ’пустазелле сямейства павітухавых’ (ТСБМ), ’фасоля, якая ўецца’ (Жд. 2). Рус. повиту́ха ’павітуха, бярозка’. Да павіць < віць з суф. ‑уха (гл. Мяркулава, Очерки, 107 і наст.).

Павіту́ха3 ’вясёлка’ (Сл. Брэс.). Адзінкавая рэгіянальная назва вясёлкі. Бясспрэчна, утворана ад павіты < павіць з суф. ‑уха (параўн. іншыя назвы вясёлкі: весялуха, мецʼелуха, парадуха і г. д. — гл. Талстой, ОЛА, 974, 29 і наст.), але матывацыю назвы вызначыць цяжка. Магчыма, гэта метафара да павітуха2, таму што вясёлка «лезе, караскаецца па небу»; не выключана, што семантыка гэтай лексемы асноўвалася і на ўяўленні аб нечым звітым, мнагаслойным. Аддаленай семантычнай паралеллю тут магла б служыць лексема пояс з рознымі вызначэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́па ’ўзорыстае пакрывала на ложак’ (ТСБМ, Сцяшк., Клім., Нас.), ’скураное пакрыццё хамута’ (в.-дзвін., свісл., Шатал.; Масл.; Клім., Сл. паўн.-зах.; КЭС, лаг.). З польск. kapa ’тс’, якое з познелац. cappa ’пакрыццё галавы’, ’плашч з капюшонам’ (Слаўскі, 2, 49–50; Фасмер, 2, 183).

Капа́ ’куча сена, саломы, складзеная конусам, невялікі стажок’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк., Сержп., Грам., Яруш., Мал.; КЭС, лаг.); драг. копняк (З нар. сл.), міёр. къпяшка ’тс’ (Нар. сл.), капіца, капешка (Інстр. I); капа ’пяцьдзесят адзінак, штук’ (Шпіл.; усх.-бел., КЭС), ’мера ў 60 адзінак, штук’ (Мал., Гарэц., Сцяшк.; слуц. Лекс. і грам.; Зяп., Сержп. Грам., Бяльк., Нік. Очерки; КЭС, лаг.; ТСБМ); ’сход сялян’ (ТСБМ), ’сельскі правінцыяльны з’езд у Вялікім княстве Літоўскім’ (Яшк.). Прасл. kopa ўтворана ад kopati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 10–12; там жа і літаратура). Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. kãpas ’капец (магіла)’, kapaĩ ’могілкі’ (параўн. бел. капцы́ ’курганы’), лат. kaps ’магіла’, ’60 штук’, літ. kopà ’пясчаная дзюна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́пар1, капёр ’металічная або драўляная канструкцыя (козлы) для забівання паляў’ (ТСБМ, Сцяшк., Федар. Рук.; КЭС, лаг.), лельч. ка́пар, ка́пор ’вага ў студні з жураўлём’ (Нар. сл., ДАБМ). Рус. копёр, капер, укр. копе́р, ка́пар, польск. kafar. Мяркуюць, што гэта запазычанне з ням. Käpfer ’галоўка бруса’, з с.-н.-ням. kepere ці з гал. keper (Фасмер, 2, 318; Шанскі, 2 (К), 303–304). Аб запазычанні ст.-бел. капаръ, капоръ са ст.-польск. kafar гл. Булыка, Запаз., 139, і Корчыц, Дасл. (Гродна), 31. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 407 і 566.

Ка́пар2 ’дзіцячая або жаночая цёплая шапка прамавугольнага пакрою з завязкамі пад падбародкам’ (ТСБМ, Інстр. I; полац. ДАБМ), капе́р (докш., ДАБМ). Рус. ка́пар, ка́пор і роднасныя: укр. капа, ст.-польск. kapa ’спецыяльнае прыстасаванне для закрывання галавы ад укусаў пчол’, в.-луж. kapa, khapa ’чапец, каптур’, славен. kápa ’пакрыццё галавы’, серб.-харв. ка̏па ’від шапкі’, балг. капа ’шапка’. Лексема капар запазычана з гал. kaper ’шапка’ < гал. kap, якое з італ. capparo, capero < познелац. cappa ’накрыццё галавы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)