Дбаць ’клапаціцца’. Засведчана ўжо ў ст.-бел. мове: дбати (гл. Булыка, Запазыч., 88). Паводле Кюнэ (Poln., 50), бел. лексема запазычана з польск. dbać ’тс’. Кюнэ (там жа) аргументуе магчымасць запазычання з польск. мовы тым, што гэта слова вядома толькі ў зах. славян. Булыка (там жа) таксама лічыць слова запазычаным. З іншага боку некаторыя этымолагі лічаць бел. дбаць, укр. дба́ти спаконвечна славянскімі лексемамі, якія зыходзяць да прасл. *dъbati (так мяркуе, напр., Слаўскі, 1, 142, але без рус. матэрыялу). Да прасл. *dъbati адносіць бел., укр. і рус. (рус. дыял. дбать) Трубачоў; гл. яго дадатак да Фасмера, 1, 486 (пад дбать), а таксама Трубачоў, Эт. сл., 5, 172–173. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ды́рда ’дзяўчынка-гарэза, якая выйшла з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’, ’чалавек высокага росту і асабліва той, хто мае доўгія ногі’, ды́рдас ’хлопчык-гарэза, які выйшаў з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’ (Нас.). Паводле Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 19), гэтыя два словы ў даных значэннях зафіксаваны толькі ў бел. мове і на слав. глебе не этымалагізуюцца. Лаўчутэ мяркуе, што крыніцай гэтых лексем былі літ. *dirda, *dirdas (параўн. літ. dirdinė́ti ’сланяцца, бяздзейнічаць’). Ад ды́рда, відавочна, утвораны дзеяслоў ды́рдзіцца ’выцягваць ногі пры смерці’ (Касп.). Параўн. яшчэ вельмі няпэўныя меркаванні ў Сл. паўн.-зах. (пад ды́рда). Няпэўна таксама Трубачоў (Эт. сл., 5, 201) звязвае ды́рда з ды́лда.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жывёла ’жывая істота’, зборн. ’свойская скаціна’ (ТСБМ). Польск. żywioła ’свойская скаціна’. Параўн. славен. živâl ’жывёла’. Слав. мовы захоўваюць асобныя словы з суф. ‑ela, ‑ola (напр., чэш. mrtvola ’труп’). Аднак не хапае падстаў для атаясамлівання славен. слова з бел., хаця наяўнасць літ. gývolis, gyvulỹs ’жывая істота, жывёла’ ўказвае на магчымасць яшчэ прасл.-балт. узаемадзеяння (Безлай, Radovi XXXV, Odjeljenje društvenih nauka, 12. Sarajevo, 1969, 92) і нават уплыву. Ст.-бел. ведала живиолъ, живелъ ’стыхія’ (XVI ст. Скарына; Булыка, Запазыч., 114) з польск. żywioł, дзе, як сведчыць Брукнер (670), так у XVI ст. тлумачылі і лац. animal (а не толькі element). Таму бел. жывёла, відаць, таксама з польск. Лаўчутэ, Сл. балт., 45.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Золь 1 ’сырое, пранізлівае надвор’е’, дыял. зала́ (Касп.), заліна́ (Сл. паўн.-зах.). Укр. зола́ ’сыры халодны вецер’. Прасл. дыялектызмы zolь, zola, роднасныя ням. kühl ’прахалодны’, лац. gelū ’холад, мароз’. І.‑е. *gel(ǝ)‑ ’холад(на), замярзаць’. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 179; Покарны, 1, 365–366. Аднак zolь можа тлумачыцца з *gʼ‑ а не з *g‑, таму трэба, відаць, рэканструяваць і.-е. корань, прыклады для якога даюцца ў Покарнага толькі з моў kentum, як *gʼel(ǝ)‑.
Золь 2 ’калоідная сістэма з дробных часціц у нейкім іншым асяроддзі’ (БРС, БелСЭ). Інтэрнацыяналізм на базе скарочанага лац. solutio ’раствор’. Пачатковае з‑ указвае на верагоднасць ням. пасрэдніцтва для рус. (як і польск.), адкуль у бел.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кадзі́ла 1 ’металічны сасуд на доўгіх ланцужках, у якім у час набажэнства курыцца ладан або іншыя пахучыя рэчывы’ (БРС. ТСБМ, Бяльк.). Слова не выглядае як народнае, хоць, відавочна, вядома ў гаворках. Відаць, запазычанне з царк.-слав. кадило ’тс’, якое са ст.-слав. кадило ’фіміям’ да прасл. kadidlo, вытворнага з суф. ‑(i)dlo ад kaditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 109.
Кадзі́ла 2 ’шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства губакветных з белымі пахучымі кветкамі’ (ТСБМ). Маецца на ўвазе расліна Melitis melissophyllum — кадзіла дробналістае; на Беларусі вядомая толькі ў некалькіх замкнёных арэалах (напр., у Белавежскай пушчы); народныя назвы невядомы. Па гэтых прычынах відавочнае рус. запазычанне. Рус. кадило ’тс’, магчыма, да кадить. Гл. кадзіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прастарна́к ’калочак, якім хлопцы прыбіваюць на начлезе лапці да зямлі ў соннага для жарту’ (Бяльк.). Няясна. Сюды ж пастарна́к (гл.), якое, паводле Лучыца-Федарца (там жа), да пастарнак ’расліна’. Але да апошняга ўзыходзіць, відаць, толькі значэнне ’галоўны корань яблыні’, а пастарнак у значэнні ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ сумесна з прасторнак, відаць, звязаны з групай слоў тыпу штыр (гл.), рус. стырь; параўн. рус. пск. стыро́к ’шпянёк’, ’вось воза’ і інш. Не выключана сувязь з польск. pasternik ’агароджаная паша для цялят з шалашом для пастуха’, pasternia ’шалаш для пастуха’ (адносна іх гл. Банькоўскі, 2, 512), або з дзеясловам тыпу рус. стыра́ть ’дражніцца’, параўн. насты́рны (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыць ’імклівасць, шпаркасць’ (Нас., Ласт.); ’крутасць, стромкасць, круча’ (Ласт.), прыт ’жвавасць, рухлівасць’ (Бяльк.), рус. прыть ’тс’. Прасл. *prytь > бяссуфікснае вытворнае ад *prъtiti, *pryt(j)ati ’рухацца, корпацца, узнімацца’ (Варбат, Этимология–1971, 10; яе ж, Слав. языкозн., XII, 119), прадстаўленага ў беларускай мове, відаць, толькі палес. пры́тыты (гл. пры́тыць). Праблематычным з’яўляецца далучэнне сюды спріт ’спрыт, жвавасць’ (Бяльк.), а таксама рэканструкцыя ў якасці зыходнай для рус. прыть і бел. прыць формы *sprytъ, крыніцай якой лічыцца гоц. *sprūti < sprauto ’хутка’, параўн. ст.-англ. sprūtan ’даваць парасткі, развівацца’ (Мартынаў, Лекс. Палесся, 16–17); сумненні на гэты конт у Смулковай (Бел.-польск. ізал., 118–120). Аб серб.-харв. pȑtiti гл. Глухак, 507. Гл. таксама пры́тны, пры́ткі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рапт ’парыванне, імпэт’ (Нас., Байк. і Некр.), ра́птам ’знянацку, нечакана, імкліва’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Варл., Растарг., Сл. ПЗБ), ра́птом ’нечакана, адразу; усяго толькі’ (ТС), параўн. укр. ра́птом ’ураз, неспадзеўна’, рус. смал. рапт ’парыў, імгненне’, раптом ’нечакана, адразу’. Запазычана з польск. rapt ’крадзеж, захоп’ з лац. raptus ’рабунак’ шляхам адсячэння назоўнікавага канчатка ‑us, raptem ’знянацку’ з лац. raptim ’спешна’, што выводзяцца з лац. raptō ’хапаць, красці’, гл. Брукнер, 454; Фасмер, 3, 443. Сюды ж рапто́ўна, рапто́ва ’знянацку, нечакана, неспадзявана’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), рапто́ўно, рапто́во ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс.), раптэ́я ’тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ранта́мі ’тс’ (ТС), раптаві́цай ’знянацку’, раптэ́чня ’нечакана’, рапто́ўе ’нечаканасць’ (Сцяшк. Сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ро́дны ’які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі’, ’звязаны з месцам нараджэння (пра горад, вёску)’, ’дарагі, блізкі сэрцу’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Стан., Байк. і Некр., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; слуц., Жыв. НС), ’айчынны’ (Байк. і Некр.), родный ’родны’ (Бяльк.). Укр. рі́дний, рус. родно́й, ро́дный ’тс’, польск. rodny толькі ў словазлучэнні narządy rodne ’палавыя органы’; н.-луж. rodny ’родны па крыві’, ’які датычыць паходжання’, чэш., славац. rodný ’родны’, славен. rôden, серб. ро̏дан і харв. rȍdan ’родны (месца нараджэння, родная старонка)’, макед. роден, балг. рождѐн ’родны’. Прасл. *ordьnъ. Да род 1 (гл.). Сюды ж ро́дныя ’сваякі’, ро́днасны ’звязаны агульным паходжаннем’, ро́днасць ’блізкасць, падабенства’ (ТСБМ, ЛА, 3), радню́сенькі ’самы родны’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́мез ’птушка атраду вераб’іных’ (ТСБМ, ТС), рэме́за, рэмезо́к ’тс’ (ТС), рэ́мус ’рэмез, Remiz pendulinus L.’ (Нікан.), рэ́міс ’стрыж, Apus apus’ (ЛА, 1), рэмісь ’чорны стрыж’ (Шатал.). Сюды ж рэмезо́ ’гняздо рэмеза’ (ТС). Рус. ре́мез, укр. ре́мез, чэш. remiz, польск. remiz. Паводле Фасмера (3, 467), праз польскую мову запазычана з ням. Riedmeise ’чарацянка’, дзе Ried ’чарот’, Meise ’сініца’ (Булыка, СІС, 2, 323). Брукнер лічыць назву славянскай і суадносіць са славац. remzati ’шчабятаць’, а таксама дапускае этымалагічную сувязь з rzemieśniczek ’рэмез’, паколькі гэтая птушка з вялікім майстэрствам робіць гняздо (параўн. таксама ст.-рус. ремези ’майстры’); праблема толькі ў тым, як растлумачыць пераход rze‑ > re‑ (Брукнер, 457).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)