Со́рам ‘збянтэжанасць, хваляванне ад усведамлення свайго ўчынку’, ‘ганьба’, ‘сарамяжлівасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Сержп., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), со́рам, сарамо́к ‘дзетародны член’ (Нас.), сарамаце́не ‘палавыя органы’ (Сержп.), ст.-бел. сорамота ‘стыд’ (Альтбаўэр). Укр. со́ром, рус. со́ром і таксама срам, якое запазычана з ц.-слав. срамъ, стараж.-рус. соромъ, польск., н.-луж. srom, sromota, серб.-харв. сра̑м, славен. srȃm, балг., макед. срам, ст.-слав. срамъ. Прасл. *sormъ лічыцца роднасным авест. fšarəma‑ м. р. ‘сорам’, новаперс. šarm, ст.-в.-ням. har(am), лат. šermelis ‘жах, жудасць’, далей таксама, відаць, літ. šarma ‘іней’ (аб апошнім гл. Ларын, История, 67–68: зыходным значэннем слова было ‘холад’ і на балтыйскай глебе ‘іней’). Гл. таксама Траўтман, 299; Фасмер, 3, 724 з літ-рай, Шустар-Шэўц, 1351; Бязлай, 3, 303; Борысь, 573; Глухак, 572; ЕСУМ, 5, 357.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спаць ‘знаходзіцца ў стане сну, спячкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спа́ти, рус. спать, стараж.-рус. спати, польск. spać, в.-луж. spać, н.-луж. spaś, чэш. spat, славац. spať, серб.-харв. спа̏ти, славен. spáti, балг. спя́, макед. спие, ст.-слав. съпати. Прасл. *sъpati (ад *sъ(p)nъ ‘сон’), роднаснае ст.-інд. svápiti, svápati ‘ён спіць’, англ.-сакс. svefan ‘спаць’, ст.-ісл. sofa ‘тс’, лац. sōpiō ‘усыпляць’; гл. Фасмер 3, 732–733 з літ-рай; Глухак, 571. Гл. таксама Борысь (568), які славянскае слова і роднасныя ўзводзіць да і.-е. кораня *su̯ep‑/*sūp‑ ‘спаць’. Гл. таксама сопці, сапці; паводле Сноя (SR, 36, 1, 107), значэнні ‘спаць’ і ‘дыхаць, сапці’ развіліся ў корані і.-е. *su̯ep‑ вельмі даўно, бо ў праславянскі перыяд матывацыя ‘дыхаць’ > ‘спаць’ не была ўжо актуальнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спець ‘рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спі́ти, рус. спеть, стараж.-рус. спѣти ‘спяшацца, імкнуцца, садзейнічаць’, польск. śpiać ‘спяшацца, наганяць’, в.-луж. spěć ‘удавацца’, чэш. spěti ‘спяшацца’, славац. spieť ‘тс’, серб.-харв. до́спијети ‘даспець, паспець’, славен. spéti ‘спяшацца, спець’, балг. спе́я ‘спець’, ст.-слав. спѣти, спѣѭ. Прасл. *spěti, *spějǫ ‘спець; спяшацца; дасягаць’ роднаснае літ. spė́ti ‘паспяваць; мець час, мець вольны час’, лат. spẽt ‘пераадольваць, магчы’, ст.-інд. sphāyāte ‘ён працвітае, сыцее’, ст.-в.-ням. sputen ‘спяшацца’, лац. spatium ‘прастора, працягласць’, да і.-е. *spe‑ ‘удавацца, добра расці’. Гл. Покарны, 983; Траўтман, 274; Фасмер, 3, 734 з іншай літ-рай; Шустар-Шэўц, 1338; Бязлай, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 375–376. Уваходзіць у гняздо прасл. *spěxъ (гл. спех), *spěšiti (гл. спяшацца), *sporъ (гл. спор1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спо́саб ‘прыём, метад’, ‘парадак, характар, манера, склад’, ‘рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4), ‘матэрыяльны дастатак, сродкі’ (Варл.), ‘неабходнае для жыцця’ (Сержп. Прымхі), ‘доля’: дзеўка без спосабу (пра векавуху) (Сержп.). Укр спо́сі́б, рус. спо́соб, польск. sposób, чэш. způsob, славац. spôsob, серб.-харв. спосо̀ба. Параўн. пасоба ‘дапамога’ (Нас.), рус. посо́бие, якія з выразу *ро sobě (гл. сябе); Міклашыч, 331–332; Фасмер, 3, 738. Якабсон (гл. у Фасмера, там жа) усходнеславянскія словы лічыць запазычаннем праз польскую з ст.-чэш. zpósob. Аналагічна Кохман, Stosunki, 126. Сяткоўскі (гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334) чэшскі ўплыў бачыць толькі ў развіцці абстрактных значэнняў. Борысь (570) рэканструюе паўн.-прасл. *sъposobъ як аддзеяслоўны дэрыват ад *sъposobiti < *posobiti < *ро sobě, параўн. спасобіць ‘падрыхтоўваць, запасаць’ (Нас.), ст.-бел. способяти ‘падрыхтаваць, сабраць’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спрыт ‘дасканаласць, умельства’, ‘фізічная лоўкасць, паваротлівасць, хуткасць у руках’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘кемлівасць’ (Ласт.), спры́тны, спры́тнасць (Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). З польск. spryt, sprytny (Кюнэ, Poln., 99 з літ-рай), якое выступае ў польскай мове з XVIII ст. як запазычанне з франц. esprit ‘дух; задума, розум; здольнасць, талент і да т. п.’; гл. Брукнер, 510; Борысь, 571. Ужо Карскі (Белорусы, 146) сумняваўся ў этымалогіі, прапанаванай упершыню Ліндэ, схіляючыся да выказанай раней Міклашычам (266) думкі пра сувязь з прыць (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16–17) звязвае з гоц. sprauto ‘хутка’, чаму пярэчыць Смулкова (Бел.-польск. ізал., 118–119), якая бачыць тут налажэнне значэнняў розных па паходжанні слоў — паланізмаў спрыт, спрытны і прыткі, прытны (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 391–392; Булахаў, Бел. мова, 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Старана́ ‘бок’; ‘напрамак свету’, ‘край, краіна’, ‘бок (у судзе)’, ‘бок (у адзенні)’, ‘бок гумна; прыстаронак’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сторона́ ‘бок, бакавіна’, ‘край, мясцовасць’ (ТС), ст.-бел. сторона ‘край, краіна’, ‘напрамак’, ‘супрацьстаўныя групы’, ‘юрыдычная асоба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 69). Параўн. укр., рус. сторона́, стараж.-рус. сторона, польск., в.-луж., н.-луж. strona, палаб. stárna, чэш., славац. strana, серб.-харв. стра́на, славен. strána, балг. страна́, макед. страна, ст.-слав. страна. Прасл. *storna утворана з суф. ‑na ад прасл. *sterti (гл. прасціраць), якое, у сваю чаргу, ад і.-е. *ster‑ ‘тс’. Гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Шустар-Шэўц, 1364–1365; Бязлай, 3, 323. Роднасныя лат. stara ‘паласа’, ст.-інд. str̥ṇā́ti, str̥ṇā́ti ‘разлёгся’, лац. sternō ‘рассыпаць, распасцерці’, sternere ‘сыпаць, сцяліць’. Гл. Фасмер, 3, 768 з літ-рай; Глухак, 586–587.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страмі́на ‘драбіна’ (ТС), страмы́на ‘прыстаўныя драбіны’ (Кольб.; брэсц., пін., стол., Нар. лекс.), страбы́на, страмы́на, страмэ́на, стромы́на ‘тс’ (Сл. Брэс.), страмя́нка ‘лескі; драбіна’ (Сцяшк. Сл.), страмы́нка ‘зрубленае маладое дрэва з сукамі, па якім паднімаюцца на дрэва да вулля’ (Анох.). Параўн. укр. дыял. стра́мина, страми́на ‘драбіна’. Да стром, стромы, гл.; першаснае значэнне адлюстравала ў страмынка (Мяркулава, Этим. иссл., 4, 6–7). Паводле Борыся (Czak. stud., 125), узыходзіць да прасл. *strama/*stramъ ‘вертыкальны ці гарызантальны слупок як апора’, дэрыватаў з падаўжэннем каранёвага галоснага ад прасл. *stromiti, старога каузатыва да *strъměti, гл. страміць.

Страміна́ ‘круты схіл, абрыў, круча’ (Нас., Скарбы). Параўн. укр. стре́мʼя ‘абрыў, моцнае цячэнне’, строми́на, стромина́ ‘абрыў, круча’, рус. дан. стре́мя ‘цячэнне, ток ракі’. Да стро́мы, гл. стромкі (Міклашыч, 325; Праабражэнскі, 2, 396; Фасмер, 3, 775; ЕСУМ, 5, 437–438).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струме́нь ‘вузкі паток, цурок’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘рукаў ракі’ (ТС) ‘пахучая залоза (у бабра)’ (Полымя, 1970, 2, 156). Укр. стру́мінь, струмо́к ‘паток, ручай’, рус. стру́мень ‘ручай’, польск. strumień ‘ручай, паток’, чэш. strumen ‘крыніца, ставок’, н.-луж. tšumjeň ‘рэчка, ручай’, strumjeń ‘крыніца, канава’, славен. strúmen ‘паток; рукаў ракі’. Прасл. *strumy, Р. скл. *strumene дэрыват ад і.-е. кораня *sreu‑ ‘цячы’ з суф. ‑ту (Слаўскі, SP, 1, 125). Роднаснае літ. дыял. straumuõ ‘паток, ручай’, sriaumè ‘тс’, лат. stràume ‘цячэнне’, грэч. ῤεν̃μα ‘паток, струмень, цячэнне’, ст.-ісл. straumr ‘паток, рэчка’, ст.-ірл. srúaim ‘рака’, гал. stroom,, ст.-в.-ням. stroum, ням. Strom ‘паток’ і, далей, ст.-інд. srávati ‘цячэ’. Гл. Фасмер, 3, 783–784 з літ-рай; Махэк₂, 583; Борысь, 582; Бязлай, 3, 335; Шустар-Шэўц, 1549–1550; Глухак, 590. Параўн. струя (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трушчо́ба ‘бедны, густа населены брудны квартал горада’, ‘брудны, цёмны, разбураны дом’ (ТСБМ). З рус. трущо́ба ‘тс’, якое зафіксавана ў такім значэнні ў слоўніках з першай паловы XIX ст., утворана пры дапамозе суф. ‑об‑a (як утроба) ад дзеяслова з асновай труск і суф. Параўн. ст.-рус. трускъ (з XV ст.), што з’яўляецца глухім варыянтам да друзгъ ‘сухое галлё, вецце’; у такім выпадку трущоба — гэта ‘лес, завалены галлём’ (КЭСРЯ, 453; Цыганенка, 491). Менавіта гэта значэнне пераважае ў трушчо́ба: ‘глухія мясціны’ (слаўг., Яшк.), ‘глуш’, ‘цяжкапраходнае месца ў лесе з бураломам’ (ТСБМ); трушчо́ба, трушчо́біна ‘непраходнае месца ў лесе’, ‘прорва, бездань’ (Нас.), трошчо́ба ‘гушчар, нетра’ (ТС), укр. дыял. трущоба ‘густы непраходны лес у забалочанай нізіне’ (Фасмер, 4, 112; ЕСУМ, 5, 662), што дае падставы для запазычвання толькі ў вузкім значэнні ‘густанаселены бедны квартал’. Да трушчыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)