ІСЕ́ЦЬ,

рака ў Свярдлоўскай, Курганскай і Цюменскай абласцях Расіі, левы прыток р. Табол. Даўж. 606 км, пл. бас. 58,9 тыс. км². Пачынаецца з Ісецкага вадасх. на ПнЗ ад г. Екацярынбург. У вярхоўі цячэ па ўсх. схіле Сярэдняга Урала, ніжэй — па Зах.-Сібірскай раўніне. Гал. прытокі: Міяс, Цеча, Сінара (справа). Жыўленне мяшанае. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэдні расход вады каля 70 м³/с. Ha І. малыя вадасховішчы для водазабеспячэння. Суднаходная ад г. Шадрынск. На І. гарады Екацярынбург, Каменск-Уральскі, Катайск, Далматава, Шадрынск.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎКА (Cauca),

рака ў Калумбіі, левы прыток р. Магдалена. Даўж. 1350 км, пл. басейна каля 80 тыс. км². Пачынаецца на Пд Цэнтр. Кардыльеры, цячэ ў глыбокай тэктанічнай даліне паміж Цэнтр. і Зах. Кардыльерай, праразае горны масіў Анцьёкія, дзе ўтварае парогі і вадаспады, потым — па Прыкарыбскай нізіне, у шырокай даліне з пратокамі і азёрамі. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход каля 2000 м³/с. Суднаходная на ўчастках ад г. Калі да г. Картага і ад г. Анцьёкія да вусця (усяго 620 км).

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НГА, Куангу (Kwango, Cuango),

рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Касаі (бас. р. Конга). Даўж. каля 1200 км, пл. бас. 263,5 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, цячэ на Пн у шырокай і глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады (Тваза, Франца-Іосіфа і інш.). Гал. прытокі — Вамба і Квілу (справа). Паводкі з вер. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 2700 м³/с. Рыбалоўства. Суднаходная ад парогаў Кінгушы да вусця (307 км) і часткова ў сярэднім цячэнні.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБА́НГА (Cubango), Акаванга (Okavango),

рака ў Афрыцы, у Анголе, Намібіі і Батсване. Даўж. каля 1600 км, пл. басейна каля 800 тыс. км². Пачынаецца на пласкагор’і Біе ў Анголе, у вярхоўі парожыстая. Заканчваецца ў вобласці ўнутр. сцёку Калахары, утварае балоцістую дэльту (балота Акаванга). Паўд. рукаў дэльты ўпадае ў воз. Нгамі, паўн. (перыядычны) — у р. Кванда (прыток р. Замбезі), рукаў Батлетле жывіць балота ўпадзіны Макгадыкгадзі. Гал. прыток — р. Квіта (злева). Сярэдні гадавы расход вады 255 м³/с. Высокі ўзровень і паводкі ў час летніх дажджоў.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМАРЭ́ (Mamoré),

у вярхоўях Рыо-Грандэ, рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Балівіі і па мяжы Балівіі з Бразіліяй. Зліваецца з р. Бені і ўтварае р. Мадэйра (прыток р. Амазонка). Даўж. 2300 км, пл. басейна 620 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна сярод саваннаў і саваннавых лясоў па раўнінах Балівіі. У ніжнім цячэнні парогі і вадаспады. Найб. прыток Гуапарэ (правы). Разводдзе з лют. да красавіка. Сярэдні расход вады 8100 м³/см. Суднаходная паміж гарадамі Гуажара-Мірын і Ікеронес.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АТЛАНТЫ́ЧНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна, працяг Гальфстрыма. Пачынаецца каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі і накіравана на ПнУ — у Нарвежскае мора. Каля 60° паўн. ш. разгаліноўваецца на Ірмінгера цячэнне і Нарвежскае цячэнне. Т-ра вады ад 7 да 15 °C. Скорасць на Пд 0,9—1,8 км/гадз на ПнУ да 0,4—0,7 км/гадз. Расход вады мяняецца ў залежнасці ад інтэнсіўнасці Гальфстрыма. Ваганні расходу вады і цеплавога стану П.-А.ц. ўплываюць на надвор’е і клімат Зах. і Паўн. Еўропы.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВА (Sava),

рака ў Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі, найб. мнагаводны прыток р. Дунай. Даўж. 940 км, пл. басейна каля 95 тыс. км². Вытокі ў Юлійскіх Альпах, сярэдняе і ніжняе цячэнне па паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны. Асн. прытокі — Купа, Уна, Врбас, Босна, Дрына (справа); цякуць пераважна па Дынарскім нагор’і. Сярэдні расход вады ў вусці 1760 мус. Мнагаводная ў зімова-веснавы час. Суднаходная да г. Сісак (592 км). У даліне С. — гарады Любляна (Славенія), Заграб (Харватыя); у вусці — Белград (Югаславія).

т. 14, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭДЖЭ́Н (па-за межамі Туркменістана наз. Герыруд),

рака ў Афганістане (верхняе і сярэдняе цячэнне) і Туркменістане; часткова мяжа паміж Іранам і Афганістанам і паміж Туркменістанам і Іранам. Даўж. 1150 км, пл. бас. 70,6 тыс. км² У вярхоўях цячэ ў вузкай горнай даліне, у нізоўях — у шырокай даліне Заканчваецца ў Тэджэнскім аазісе — вада разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады каля Пулехатума (325 км ад вусця) каля 30 м³/с. З вадасховішчы Нізоўі Т. жывяцца вадой з Каракумскага канала. На Т. — г. Тэджэн (Туркменістан).

т. 16, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́МЗА (Thames),

найбольшая рака ў Вялікабрытаніі. Даўж. 346 км, пл. бас. 15,3 тыс. км². Вытокі на ўзв. Котсуалд-Хілс, цячэ пераважна ў межах Лонданскага бас., упадае ў Паўночнае м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 260 м³/с, павышаная воднасць зімой. На нізоўе Т. ўплываюць марскія прылівы. Суднаходная; марскія судны падымаюцца на 64 км (да Лондана). Т. злучана каналамі з Брыстольскім зал. і Ірландскім морам. На Т. — гарады Оксфард, Рэдынг, Лондан (працягваецца ўздоўж Т. і яе эстуарыя прыблізна на 60 км).

т. 16, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УАЛЬЯ́ГА (Huallaga),

рака ў Перу, правы прыток р. Мараньён (бас. р. Амазонка). Даўж. каля 1200 км, пл. бас. каля 95 тыс. км². Вытокі на ўсх. схілах Зах. Кардыльеры. Цячэ паміж Цэнтр. і Усх. Кардыльерамі, утварае 42 парогі, у ніжнім цячэнні прарываецца праз Усх. Кардыльеру і выходзіць на Амазонскую нізіну. Разводдзе з вер. да сак., у ніжнім цячэнні пад’ём вады да 6—7 м. Сярэдні расход вады каля 3500 м³/с. Суднаходная да г. Юрымагуас (250 км ад вусця). На У. — г. Уанука.

т. 16, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)