ІРТЫ́Ш,

рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Об. Даўж. 4248 км, пл. бас, 1643 тыс. км². Бярэ пачатак у гарах Мангольскага Алтая на тэр. Кітая (Чорны І.). У вярхоўях горная рака. Ад воз. Зайсан да г. Усць-Каменагорск зарэгулявана вадасховішчамі Бухтармінскай і Усць-Каменагорскай ГЭС. Ніжэй г. Сяміпалацінск да вусця цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне. Рэчышча няўстойлівае, шмат пясчаных перакатаў, ніжэй г. Омск утварае вял. лукавіны. Даліна шырокая (да 20 км, каля вусця да 35 км). Гал. прытокі: Ішым, Вагай, Табол, Конда (злева), Ом, Тара, Дзям’янка (справа). Жыўленне мяшанае. Ледастаў з ліст. да красавіка. Разводдзе ў ніжнім цячэнні з мая да вер., у верхнім — з крас. да кастрычніка. Сярэдні расход вады каля Табольска 2150 м³/с, у вусці — 2830 м³/с. Суднаходная на 3784 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння, арашэння, жывіць Іртыш—Караганда канал, Шульбінскае вадасховішча. Багаты рыбай (нельма, шчупак, акунь, асетр, сцерлядзь і інш.). Асн. гарады і парты: Усць-Каменагорск, Сяміпалацінск, Паўладар, Омск, Табольск, Ханты-Мансійск.

Омскі грузавы порт на р. Іртыш.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)