РАСХО́Д ВАДЫ́,
аб’ём вады, які працякае праз папярочнае сячэнне патоку за адзінку часу. Выражаецца ў кубічных метрах за секунду (м³/с), для малых вадацёкаў у літрах за секунду (л/с). Рэгулярнае вымярэнне Р.в. праводзіцца на гідралагічных пастах. Вымяраецца гідраметрычнымі вяртушкамі, радзей паплаўкамі, на малых вадацёках — з дапамогай вадазліваў, на гідратэхн. збудаваннях — расхадамерамі. На аснове сістэматычных вымярэнняў Р.в. вылічаюць іх сярэднясутачныя, сярэднямесячныя, сярэднешматгадовыя, а таксама макс. і мінім. велічыні і характарыстыкі сцёку. Для падліку сцёку вады паводле даных штосутачных вымярэнняў выкарыстоўваецца крывая расходу вады — графік, які паказвае сувязь паміж расходамі і ўзроўнямі вады ў дадзеным сячэнні патоку.
т. 13, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯЛАЁМІСТАСЦЬ,
паказчык эфектыўнасці вытв-сці, які характарызуе ўзровень выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў. Паказвае велічыню матэрыяльных затрат на адзінку прадукцыі, або карыснага эфекту, і вызначаецца шляхам дзялення матэрыяльных затрат на аб’ём вытв-сці. Вылучаюць М. вытворчасці, якая характарызуе эфектыўнасць выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў увогуле па вытв-сці незалежна ад віду выпускаемай прадукцыі, і М. прадукцыі, што адлюстроўвае расход матэрыялу на адзінку канкрэтнага віду прадукцыі. М. прадукцыі падзяляецца на абсалютную, адносную і агульную. Абсалютная М. — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў у абс. выражэнні на фіз. адзінку прадукцыі (напр., расход паліва на кілават-гадзіну электраэнергіі). Адносная М. (удзельная) — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў на адзінку эксплуатацыйнай або тэхн. характарыстыкі вырабляемай прадукцыі (напр., расход металу на адзінку магутнасці рухавіка). Агульная М. — кошт матэрыяльных затрат на адзінку вырабу. Зніжэнне М. — важнейшая крыніца павышэння эфектыўнасці вытворчасці.
т. 10, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХАДАМЕ́Р,
прылада для вымярэння расходу (аб’ёму, масы) сыпкіх, цвёрдых ці кускавых матэрыялаў, вадкасцей, пары, газу. Да Р. адносяцца таксама дыферэнцыяльныя манометры і розныя лічыльнікі.
Адрозніваюць Р. індукцыйныя (вымяраюць расход рэчыва па значэнні эрс, якая наводзіцца ў яго патоку магн. полем), цеплавыя (расход вадкасці вызначаецца па інтэнсіўнасці пераносу цеплавой энергіі), масавыя (на адчувальным элеменце ўзнікае інерцыйны вярчальны момант, Карыяліса сіла ці гіраскапічны эфект, што фіксуюцца прыладай). вяртушкавыя (расход вымяраецца па частаце вярчэння крыльчаткі — вяртушкі, што рухаецца пад уздзеяннем патоку рэчыва) і інш. Выкарыстоўваюць для ўліку колькасці розных прадуктаў пры іх вытв-сці, транспарціроўцы. захоўванні, а таксама для рэгулявання тэхнал. і цеплаэнергетычных працэсаў у аўтам. сістэмах кіравання і кантролю.
т. 13, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАНА́ДЫ,
рака ў Індыі. Даўж. 880 км, пл. басейна 132 тыс. км². Вытокі ва Усх. Гатах, цячэ па паўн.-ўсх. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Бенгальскі зал., утварае з рэкамі Брахмані, Байтарані і інш. агульную дэльту (пл. каля 15 тыс. км²). Сярэдні расход вады 2730 м³/с, у час летніх паводак да 50 тыс. м³/с. Частыя навадненні. М. нясе шмат наносаў. Зімой, у час засухі, М. — вузкая мелкая рака (расход вады каля 30 м³/с). Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Гідравузел Хіракуд. Суднаходная на 150 км ад вусця. На М. — г. Катака.
т. 10, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́О-НЕ́ГРА (Río Negro),
1) рака ў Аргенціне, на Пн Патагоніі. Утвараецца ад сутокаў рэк Неўкен і Лімай, якія пачынаюцца ў Андах. Даўж. ад вытоку р. Неўкен каля 1,3 тыс. км, пл. басейна 146 тыс. км². Цячэ па засушлівых раўнінах паўн. Патагоніі, упадае ў Атлантычны ак. Паводка ў пач. лета. Сярэдні расход вады каля 950 м³/с. Суднаходная на асобных участках. На рэках Неўкен і Лімай — ГЭС.
2) Рака ў Уругваі (вытокі ў Бразіліі), левы прыток р. Уругвай. Даўж. каля 500 км, пл. басейна 70,6 тыс. км². Цячэ па раўніннай мясцовасці. Сярэдні расход вады каля 700 м³/с. У сярэднім цячэнні вадасх. Рыо-Негра. ГЭС. Суднаходная ў ніжнім цячэнні (да г. Мерседэс).
т. 13, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЦРО́Й (Fitzroy),
1) рака на У Аўстраліі. Утвараецца ад сутокаў рэк Макензі і Досан, што сцякаюць са схілаў Вял. Водападзельнага хр., упадае ў Каралавае м. Ціхага ак. Даўж. больш за 450 км (ад вытоку р. Досан 960 км), пл. бас. 143 тыс. км². Сярэдні расход вады 182 м³/с. Суднаходная ад г. Ракгемптан. Названа ў гонар Ч.Фіцроя.
2) Рака на ПнЗ Аўстраліі. Даўж. 520 км, пл. бас. 86,5 тыс. км². Пачынаецца на схілах масіву Кімберлі, упадае ў заліў Кінг Індыйскага акіяна. Сярэдні расход вады каля 100 м³/с. Суднаходная на 130 км ад вусця. Рэкі мнагаводныя ў студз.—сак., у час мусонных дажджоў. Названа ў гонар Р.Фіцроя.
т. 16, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛУ-АФО́НСУ (Paulo Afonso),
шэраг вадаспадаў і парогаў у ніжнім цячэнні р. Сан-Франсіску, на У Бразіліі. Выш. падзення вады 84 м, сярэдні расход каля 3 тыс. м³/с. ГЭС.
т. 12, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЬЦЗЯ́Н,
назва 2 рэк у Кітаі: рака ў цэнтр. ч. краіны, левы прыток Янцзы. Даўж. 793 км, пл. бас. 134 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Міньшань, цячэ па глыбокай звілістай цясніне, перасякае Сычуаньскую катлавіну, упадае ў р. Янцзы каля г. Ібінь. Сярэдні расход вады больш за 3 тыс. м³/с, летнія паводкі. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Пачатак суднаходства ад г. Чэнду; рака на ПдУ Кітая. Даўж. 577 км, пл. бас. 60,8 тыс. км². Цячэ ў адгор’ях гор Уішань, упадае ў Тайваньскі праліў, утварае эстуарый. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2 тыс. м³/с, макс. (летам) — да 30 тыс. м³/с. Густая сетка арашальных сістэм. ГЭС. У ніжнім цячэнні суднаходная. На М. — г. Наньпін, у эстуарыі — марскі порт Фучжоў.
т. 10, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭД-РЫ́ВЕР (Red River),
1) рака на Пд ЗША, правы прыток р. Місісіпі. Даўж. 2050 км, пл. басейна 233 тыс. км² Вытокі на плато Лана-Эстакада, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасякае Прымексіканскую нізіну. У нізоўях падзяляецца на рукавы: Олд-Рывер (упадае ў р. Місісіпі) і Атчафалая (упадае ў Мексіканскі зал., сцёк толькі ў разводдзе). Паводкі ў канцы вясны — пач. лета. Сярэдні расход вады 880 м³/с. ГЭС. Буйное вадасх. Тэксома. Суднаходная ад г. Шрыўпарт.
2) Рака ў ЗША і Канадзе. Даўж. 920 км, пл. басейна 297 тыс. км². Цячэ па Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля 240 м³/с. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. На Р.-Р. — г. Вініпег (Канада).
т. 13, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РЧЫЛ (Churchill),
1) рака ў цэнтр ч. Канады. Даўж. 1600 км, пл. бас. 282 тыс. км². Выцякае з воз. Чэрчыл, упадае ў Гудзонаў заліў. Рэчышча — шэраг азёрападобных расшырэнняў, падзеленых парожыстымі ўчасткамі. У сістэме Ч. шмат буйных азёр (Аленевае, Нортэрн-Індыян-Лейк, Саўтэрн-Індыян-Лейк, Ла-Ронж і інш.). Гал. прыток — Бівер (справа). Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні расход вады 1200 м³/с. Ледастаў каля 8 мес. ГЭС Айленд-Фолс. У вусці порт Чэрчыл.
2) Рака ў Канадзе, на п-ве Лабрадор. Да 1965 наз. Гамільтан. Даўж. 560 км, пл. бас. 80 тыс. км². Ажыццяўляе сцёк вял. групы азёр у цэнтр. ч. Лабрадора. Упадае ў воз. Мелвіл, якое злучана пратокай з зал. Гамільтан Атлантычнага акіяна. Вадаспады (Чэрчыл-Фолс, Маскрат-Фолс), парогі (Порк’юпайн, Муні). Сярэдні расход вады 1580 м³/с. Вадасх. Чэрчыл. ГЭС.
т. 17, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)