РАСХАДАМЕ́Р,

прылада для вымярэння расходу (аб’ёму, масы) сыпкіх, цвёрдых ці кускавых матэрыялаў, вадкасцей, пары, газу. Да Р. адносяцца таксама дыферэнцыяльныя манометры і розныя лічыльнікі.

Адрозніваюць Р. індукцыйныя (вымяраюць расход рэчыва па значэнні эрс, якая наводзіцца ў яго патоку магн. полем), цеплавыя (расход вадкасці вызначаецца па інтэнсіўнасці пераносу цеплавой энергіі), масавыя (на адчувальным элеменце ўзнікае інерцыйны вярчальны момант, Карыяліса сіла ці гіраскапічны эфект, што фіксуюцца прыладай). вяртушкавыя (расход вымяраецца па частаце вярчэння крыльчаткі — вяртушкі, што рухаецца пад уздзеяннем патоку рэчыва) і інш. Выкарыстоўваюць для ўліку колькасці розных прадуктаў пры іх вытв-сці, транспарціроўцы. захоўванні, а таксама для рэгулявання тэхнал. і цеплаэнергетычных працэсаў у аўтам. сістэмах кіравання і кантролю.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)