МАТЭРЫЯЛАЁМІСТАСЦЬ,

паказчык эфектыўнасці вытв-сці, які характарызуе ўзровень выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў. Паказвае велічыню матэрыяльных затрат на адзінку прадукцыі, або карыснага эфекту, і вызначаецца шляхам дзялення матэрыяльных затрат на аб’ём вытв-сці. Вылучаюць М. вытворчасці, якая характарызуе эфектыўнасць выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў увогуле па вытв-сці незалежна ад віду выпускаемай прадукцыі, і М. прадукцыі, што адлюстроўвае расход матэрыялу на адзінку канкрэтнага віду прадукцыі. М. прадукцыі падзяляецца на абсалютную, адносную і агульную. Абсалютная М. — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў у абс. выражэнні на фіз. адзінку прадукцыі (напр., расход паліва на кілават-гадзіну электраэнергіі). Адносная М. (удзельная) — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў на адзінку эксплуатацыйнай або тэхн. характарыстыкі вырабляемай прадукцыі (напр., расход металу на адзінку магутнасці рухавіка). Агульная М. — кошт матэрыяльных затрат на адзінку вырабу. Зніжэнне М. — важнейшая крыніца павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)