КО́ТРА,

рака ў Літве і Гродзенскім і Шчучынскім р-нах Гродзенскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Нёман.

Даўж. 140 км. Пл. вадазбору 2060 км². Пачынаецца на тэр. Літвы (Варэнскі р-н), каля 20 км цячэ па мяжы Беларусі і Літвы. Асн. прытокі: Скарбянка, Нявіша, Жэчка, Астрынка, Рыча, Скідзелька (злева), Пыранка (справа). Даліна да воз. Корава выразная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, да вусця р. Рыча нізкая, роўная, забалочаная, ніжэй — звілістая, сухая. Рэчышча моцназвілістае, ніжэй в. Агароднікі Шчучынскага р-на на працягу 3 км камяністы перакат. Шыр. рэчышча ў межань 10—20 м. Берагі да р. Скарбянка спадзістыя, слабазабалочаныя, ніжэй — стромкія, выш. 1—5 м, у ніжнім цячэнні да 15 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сак.пач. красавіка. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 12,8 м³/с. На левабярэжжы — Катранская пушча. Зоны адпачынку Котра (уздоўж ракі) і Скідзель (на левабярэжжы). Ад вусця ўверх па цячэнні (35 км) рыбапрамысл. ўчастак. У пойме меліярац. каналы.

Рака Котра ў вёсцы Галавачы Гродзенскага раёна.

т. 8, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)