Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел.сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр.сиді́ти, рус.сиде́ть, польск.siedzieć, в.-луж.sedźeć, н.-луж.sejźeś, чэш.sedět, славац.sedieť, серб.-харв.дыял.сјѐдити, славен.sẹdéti, балг.седя́, макед.седи. Прасл.*sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ.sėdė́t, лат.sêdêr, гоц.sitan, ст.-ісл.sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е.*sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд.sídati ’ён сядзіць’, лац.sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац.sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АДНО́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
фізічная тэорыя прасторы і часу ў іх сувязі з матэрыяй і законамі яе руху. Падзяляецца на спецыяльную (СТА) і агульную (АТА). СТА створана ў 1904—08 у выніку пераадольвання цяжкасцяў, якія ўзніклі ў класічнай фізіцы пры тлумачэнні аптычных (электрадынамічных) з’яў у рухомых асяроддзях (гл.Майкельсана дослед). Заснавальнікі СТА — Г.А.Лорэнц, А.Пуанкарэ, А.Эйнштэйн, Г.Мінкоўскі.
У працы Эйнштэйна «Да электрадынамікі рухомых цел» (1905) сфармуляваны 2 асн. пастулаты СТА; эквівалентнасць усіх інерцыйных сістэм адліку (ІСА), пры апісанні не толькі мех., а таксама аптычных, эл.-магн. і інш. працэсаў (спец.адноснасці прынцып); пастаянства скорасці святла ў вакууме ва ўсіх ІСА; незалежнасць яе ад руху крыніц і прыёмнікаў святла. Пераход ад адной ІСА да ўсякай іншай ІСА адбываецца з дапамогай Лорэнца пераўтварэнняў, якія вызначаюць характэрныя прадказанні СТА; скарачэнне падоўжных памераў цела, запавольванне часу і нелінейны закон складання скарасцей, згодна з якім у прыродзе не можа адбывацца рух (перадача сігналаў) са скорасцю, большай за скорасць святла ў вакууме. СТА — фіз. тэорыя працэсаў, для якіх уласцівы вял., блізкія да скорасці святла c у вакууме скорасці руху. У тым выпадку, калі скорасць v намнога меншая за скорасць свята (v ≪ c), усе асн. палажэнні і формулы СТА пераходзяць у адпаведныя суадносіны класічнай механікі. Раздзелы фізікі, у якіх неабходна ўлічваць адноснасць адначасовасці (з дакладнасцю да v2/c2 і вышэй), наз. рэлятывісцкай фізікай. Першай створана рэлятывісцкая механіка, у якой устаноўлены залежнасці поўнай энергіі E і імпульсе цела масы m ад скорасці руху v:
,
, адкуль вынікае ўзаемасувязь энергіі спакою цела з яго масай: E0 = mc2. На падставе аб’яднання СТА і квантавай механікі пабудаваны рэлятывісцкая квантавая механіка і рэлятывісцкая квантавая тэорыя поля, якія з’явіліся тэарэт. асновай фізікі элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў. Усе асн. палажэнні і прадказанні СТА і пабудаваных на яе аснове фіз. тэорый знайшлі пацвярджэнне ў эксперыментах, выкарыстоўваюцца пры вырашэнні практычных задач ядз. энергетыкі, праектаванні і эксплуатацыі паскаральнікаў зараджаных часціц і г.д. Агульная тэорыя адноснасці (АТА), створаная Эйнштэйнам (1915—16) як рэлятывісцкая (геаметрычная) тэорыя гравітацыйных узаемадзеянняў, вызначыла новы ўзровень навук. поглядаў на прастору і час. Яна пабудаваная на падставе СТА як рэлятывісцкае абагульненне тэорыі сусветнага прыцягнення Ньютана на моцныя гравітацыйныя палі і скорасці руху, блізкія да скорасці святла. АТА апісвае прыцягненне як уздзеянне гравітацыйнай масы рэчыва і поля згодна з эквівалентнасці прынцыпам на ўласцівасці 4-мернай прасторы-часу. Геаметрыя гэтай прасторы перастае быць эўклідавай (плоскай), а становіцца рыманавай (скрыўленай). Гэта азначае, што кожнаму пункту прасторы-часу адпавядае свая метрыка, сваё скрыўленне. Пераўтварэнні Лорэнца ў АТА таксама залежаць ад каардынат прасторы і часу, становяцца лакальнымі, таму можна гаварыць толькі аб лакальным выкананні законаў СТА у АТА. Ролю гравітацыйнага патэнцыялу адыгрывае метрычны тэнзар, які вызначаецца як рашэнне ўведзеных у АТА нелінейных ураўненняў гравітацыйнага поля (ураўненняў Гільберта—Эйнштэйна). У АТА прымаецца, што гравітацыйная маса скрыўляе трохмерную прастору і змяняе працягласць часу тым больш, чым большая гэта маса (большае прыцягненне). У АТА рух цел па інерцыі (пры адсутнасці вонкавых сіл негравітацыйнага паходжання) адбываецца не па прамых лініях з пастаяннай скорасцю, а па скрыўленых лініях з пераменнай скорасцю. Гэта значыць, што ў малой частцы прасторы-часу, дзе гравітацыйнае поле можна лічыць аднародным, створаны ім эфект эквівалентны эфекту, абумоўленаму паскораным (неінерцыяльным) рухам адпаведнай сістэмы адліку. Таму АТА, у якой паняцце ІСА па сутнасці не мае сэнсу, наз. тэорыяй неінерцыйнага руху. Асн. гравітацыйныя эфекты, прадказаныя ў АТА, пацверджаны эксперыментальна. АТА адыграла вял. ролю ў фарміраванні сучаснай касмалогіі.
На Беларусі навук. даследаванні па СТА і АТА пачаліся ў 1928—29 (Ц.Л.Бурстын, Я.П.Громер) і атрымалі інтэнсіўнае развіццё ў АН, БДУ і інш.
Літ.:
Эйнштэйн А. Сущность теории относительности. М., 1955;
Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. М., 1961;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1967;
Синг Дж.Л. Общая теория относительности: Пер. с англ.М., 1963;
Фёдоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;
Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории тяготения. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛА́ЦТВА,
сялянская буржуазія, якая выкарыстоўвала наёмную працу парабкаў, сельскай беднаты, займалася ліхвярствам, гандлем, адначасова прымала непасрэдны ўдзел у с.-г. і прамысл. вытворчасці. Кулак выступаў і як прадпрымальнік-капіталіст, і як ліхвяр, гандляр. Ён спалучаў таварна-капіталіст. земляробства з аддачай зямлі ў кабальную арэнду, адработкамі, ліхвярствам, скупкай хлеба, лёну, пянькі і інш. Многія кулакі трымалі прамысл.-гандл. прадпрыемствы (млыны, крупадзёркі, алейні, крамы і інш.), дзе таксама шырока выкарыстоўвалі наёмную рабочую сілу. У Рас. імперыі перыяду феадалізму ва ўмовах запрыгоньвання пераважнай часткі сялянства і панавання натуральнай сял. гаспадаркі, нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці таварна-грашовых адносін, К. як тып сял. насельніцтва не існавала. Яно пачало складвацца пасля сялянскай рэформы 1861. Да канца 19 ст. на Беларусі налічвалася прыблізна 50 тыс. (каля 8%) кулацкіх гаспадарак. Ва ўмовах капіталіст. развіцця К. паступова сканцэнтроўвала ў сваіх руках усё больш зямлі, рабочай і прадукцыйнай жывёлы, с.-г. машын, палепшаных прылад працы і ў выніку — с.-г. вытворчасці. Яно значна ўмацавалася пасля сталыпінскай аграрнай рэформы. У Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны К. складала каля 11% усіх сял. гаспадарак, валодала амаль 20% сял. надзельнай і больш як 80% купленай зямлі. вял. плошчай арандаваных зямель, 26,7% коней, 36,6% плошчы пасеваў. На яго долю прыпадала 37% сял. вытворчасці збожжа, 38,8% — бульбы. У Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, працэс фарміравання К. ў выніку расслаення сялянства быў далёка не завершаны.
У першыя гады пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 шырокія масы былі ўцягнуты ў бескампрамісную барацьбу з К. як «класавым ворагам». Вынікам яе стала аслабленне заможных груп сялянства, яго колькаснае змяншэнне. У 1920 К. складала не больш за 2% аднаасобных гаспадарак Віцебскай і Гомельскай губ. (супраць амаль 10% на Беларусі ў 1917). Кулак як самастойная сіла ці сельскі капіталіст, што жыў за кошт наёмнай працы, па сутнасці перастаў існаваць. Дзейснымі спосабамі барацьбы з ім былі адзяржаўленне сельскай гаспадаркі, раскулачванне, харчразвёрстка, абмежаванні ў правах (забарона арэнды і найму рабочай сілы, паліт. ізаляцыя і інш.). У гады новай эканамічнай палітыкі з правядзеннем курсу на абмежаванне і выцясненне К. рост яго аднавіўся. У 1927 удзельная вага кулацкіх гаспадарак сярод сял. гаспадарак БССР складала 4,1%. У 1928 з пачаткам пераходу да выцяснення К. гал. чынам адм.-паліт. метадамі пачалося яго эканам. аслабленне і адноснае скарачэнне (да 1929 да 2%). Гэтаму садзейнічалі таксама пашырэнне «самараскулачвання», абвастрэнне напружанасці ў вёсцы, акты тэрору. У канцы 1929—30 у сувязі з пераходам да палітыкі ліквідацыі К. як класа на базе суцэльнай калектывізацыіасн. метадам змагання з ім стала экспрапрыяцыя. Барацьба з К., паводле вызначэння некат. даследчыкаў, паставіла вёску на мяжу «сапраўднай (адкрытай) сялянскай вайны», «грамадзянскай вайны» ці «ўсеагульнага сялянскага паўстання».
Да 1933 К. як клас, паводле вызначэння І.В.Сталіна, было разгромлена, але не дабіта. У ходзе барацьбы з рэшткамі К., хутарской сістэмай і іншадумствам адначасова з поўнай ліквідацыяй К. практычна перастала існаваць аднаасобная гаспадарка. Паводле афіц. звестак, да сярэдзіны 1934 у БССР раскулачана 35 тыс. гаспадарак. У перыяд суцэльнай калектывізацыі (1929—32), згодна з ацэнкамі некат даследчыкаў, пад раскулачванне трапіла каля 48—64 тыс. гаспадарак. У Зах. Беларусі ліквідацыя К. пачалася пасля ўз’яднання яе з БССР, завяршылася ў пач. 1950-х г. З канца 1920-х да пач. 1940-х г. і ў пасляваен. гады ў бел. вёсцы пацярпелі як кулацкія каля 8% сял. гаспадарак, а сярод ліквідаваных — пераважная большасць. Барацьба з К. з’явілася эфектыўным спосабам паскарэння калектывізацыі, ліквідацыі традыцыйных форм гаспадарання, падпарадкавання сельскай эканомікі задачам парт.-дзярж. улады.
Літ.:
Ленін У.І. Развіццё капіталізма ў Расіі // Тв.Т. 3. (Полн. собр. соч.Т. 3);
Ковальченко И.Д. Некоторые вопросы генезиса капитализма в крестьянском хозяйстве России // История СССР. 1962. № 2;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг.Мн., 1962;
Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;
Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Сарокін АМ. На крутым павароце рэвалюцыйных і ваенных падзей на Беларусі, 1917—1921 гг. // Человек и экономика. 1997. № 5;
Яго ж. На перавале: (Некаторыя аспекты метадалогіі нэпа і яго супярэчнасцей) // Гуманітарна-экан. весн. 1998. № 2.
В.П.Панюціч (да 1917), А.М.Сарокін (1917—1950-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
short1[ʃɔ:t]adj.
1. каро́ткі, нядо́ўгі;
for a short time нядо́ўга;
It’s a short distance from here. Гэта недалёка адсюль;
Time is getting short. Застаецца мала часу.
2. : short for;Fran is short for Francis. Фрэн – скарачэнне ад Фрэнсіс.
3. нізкаро́слы; каро́ткі;
short grass ні́зкая трава́;
He is quite short. Ён малога росту.
4. недастатко́вы, няпо́ўны;
be short of smth. адчува́ць недахо́п чаго́-н.;
I am short of time. У мяне мала часу;
He’s short of breath. Ён задыхаецца.
5. (with) рэ́зкі, гру́бы (пра нораў);
He has a short temper. Ён мае гарачы нораў;
He was short with me. Ён мне нагрубіў.
6. ло́мкі, кро́хкі, рассы́пісты (пра печыва)
♦
in short караце́й;
in short supply дэфіцы́тны;
a short cut :I took a short cut through the field. Я пайшоў напрамкі праз поле.
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
Пан ’уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах; асоба, якая належала да прывілеяваных (чыноўных, арыстракратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі’. Па́ни, пане́нка, па́ня, па́нскі, па́ні‑ма́тка, панава́ць, па́ніцца ’жыць па-панску, гультайнічаць’. З польск.pan ’тс’, як і рус. і ўкр.пан (Кюнэ, Poln., 84). Ст.-бел.панъ ’пан, памешчык, бог’ (1340 г.) < ст.-польск.pan; пани (пания, панья, паня ’пані’ (пач. XV ст.) < ст.-польск.pani (Булыка, Лекс. запазыч., 21). Слова зах.-слав. арэалу: польск., в.-, н.-луж.pan, чэш., славац.pán, ст.-чэш.hpán. Паводле Фасмера (3, 195), узыходзіць да *gъpan і звязана чаргаваннем са ст.-рус.жупанъ ’кіраўнік акругі’. У іншых і.-е. мовах параўноўваюць са ст.-інд.gōpā́s ’пастух, вартавы’, gōpyáti, gōpayati ’ахоўвае, засцерагае’, gōpanam ’ахова’, грэч.γυπή κοίλωμα γῆς, нов.-в.-ням.Koben ’свінарнік’ (Гуйер, LF, 31, 105 і наст.; Младэнаў, 410). Брукнер (393) разглядае ст.-чэш.hpán як скарачэнне з županъ; апошняе ён лічыць аварскім элементам; супраць Фасмер (там жа). Махэк₂ (431) і Голуб-Копечны (263) тлумачаць panъ як карэлят м. р. да panьji, якое з *potnī — утварэнне ж. роду ад і.-е.pot‑ ’пан’. Трубачоў (Этимология, 1965, 73 і наст.) крыніцу слав. слова бачыць у ст.-іран.gopān ’пастух, вартаўнік стада’, якое з’яўляецца кампазітам з go‑ ’бык, карова’ і pā — nomen agentis ад pā‑ ’вартаваць’. На такую марфалагічную структуру і.-е. паралеляў яшчэ раней указваў Пізані (Paideia, 10, № 4, 1955, 262). Вялікую семантычную дыстанцыю Трубачоў тлумачыць дастаткова высокім становішчам пастуха ў жывёлагадоўчым грамадстве. Гл. яшчэ агляд літаратуры ў Трубачова, История терм., 184.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паха, па́хва, пахва́, драг.похва́, па́хвіна, пахві́на, паховіца, пахво́ ’унутраная частка плечавога выгібу, падпаха’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Дразд., Бум., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’сама рука’ (Нас.), петрык. ’частка рукава ў сарочцы пад пахай’ (Шатал.), ’падуздышная ўпадзіна ў жывёл’ (даўг., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’пасма валасоў, лёну’ (Касп.), пахві́ны ’частка цела ад ног да рэбраў’, па́хі ’крылцы або верхнія лапаткі ў чалавека’ (Нас.), пах ’падпаха’ (Мат. Гом.). Укр.паха́, пахва́ ’тс’, рус.пах, паха́ ’упадзіна’, ’пазуха’, ст.-рус.пахъ ’падуздышная ўпадзіна’, польск.pacha, ’пазуха, падпаха’, pachwina, чэш.pach ’пахвіна’, в.-луж.podrach ’падпаха’, серб.-харв.паху̀љ, па̀хуља ’пучок’, ’пасма’, балг.пах ’тс’. Можна, відаць, дапусціць прасл.paxъ ці paxy (Р. скл. paxъve), якія будуць роднаснымі да ст.-інд.pakṣás ’плячо, бок, палавіна’, pákṣas ’бок’, pājasyám ’брушная поласць’. Аднак некаторыя зах.-слав. формы (чэш.paždí, славац.podpažie, н.-луж.podpaža ’падпаха’) сведчаць пра зыходнае pazь (гл. пазуха), якое з *paz‑duxa, параўн. славен.pázduha, лат.podusē ’падпаха’. Такім чынам, можна гаварыць пра прасл. дублет paxъ/pazъ. Першы з іх узводзіцца да і.-е.*pā̆kʼ‑ (ст.-інд.pāśaḥ ’пятля, сувязь, вяроўка’, pákṣás ’плячо, бок, палавіна’, ст.-англ.foēgan ’звязваць’, ст.-грэч.πέσσω ’умацоўваю’) (Педэрсэн, IF, 5, 49 і 60; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 11), другі да *pāgʼ‑ (лац.compāges ’сувязь, сутык’, pango ’ўмацоўваю’, ст.-грэч.πάγη ’пятля’) (Мартынаў, Слав. акком., 126). Менш імавернымі здаюцца меркаванні Брукнера (389) і (KZ, 43, 309), Мукі (2, 98) пра скарачэнне слова pazuxa ў paxъ. Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск. мовы (Кюнэ, 84).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПТУШКІ.
Фауна птушак Беларусі ўключае 309 відаў, аб’яднаных у 19 атрадаў і 61 сямейства. Большасць мае еўрап. і еўрапейска-сібірскі тып арэалаў, значная частка адносіцца і да транспалеарктаў.
Самы шматлікі атр. вераб’інападобных (112 відаў) уключае дробных птушак — аўсянкавых, валасянкавых, вераб’ёў, драздовых, жаваранкаў, ластавак, мухаловак, саракушаў, сініц, сітаўкавых, уюрковых, а таксама больш буйных крумкачовых — добра адаптаваных сінантропных відаў — варону шэрую, галку, грака, сароку і лясных насельнікаў — арэхаўку, крумкача, сойку. Сеўцападобныя ўключаюць 58 відаў — крачкі, кулікі, паморнікі, чайкі. Качыныя (34 віды) прадстаўлены 3 відамі лебедзяў, 8 відамі гусей і казарак, таксама крахалямі, нырцовымі і рачнымі качкамі. Да насельнікаў вадаёмаў адносяцца таксама гагары (3 віды), паганкі (5 відаў) — прадстаўнікі адпаведных атрадаў; таксама баклан вялікі і залётны від — пелікан ружовы, якія належаць да атр. весланогіх. Атр. буслападобных (13 відаў) уключае 9 відаў чапляў, 2 — буслоў і 2 віды ібісавых — каравайку і коўпіцу. Атр. сокалападобных (27 відаў) аб’ядноўвае шэраг відаў арлоў, канюкоў, каршуноў, мышаловаў, сокалаў, ястрабаў; уключае арла-карліка, арлана-белахвоста, асаеда звычайнага, змеяеда, скапу, а таксама вельмі рэдкіх залётных грыфа чорнага і сіпа белагаловага. Атр. совападобных (13 відаў) прадстаўлены совамі ад найбольш буйных — няясыці барадатай і філіна, да самага дробнага — сыча вераб’інага. Атр. жураўлепадобных (10 відаў) уключае жураўля шэрага, зніклых драфу і стрэпета, таксама сям. пастушковых — больш дробных і скрытных насельнікаў прыбярэжных біятопаў. Атр. курападобных (8 відаў) аб’ядноўвае важныя ў гасп. адносінах віды, якія належаць да сям. фазанавых і цецеруковых. Шырока вядомы прадстаўнікі атр. дзятлападобных (10 відаў) і голубападобных (5 відаў). Атр. ракшападобных уключае найбольш экзатычных па афарбоўцы птушак, выхадцаў з тропікаў — зімародка звычайнага, удода, сіваваронку і шчурку залацістую. Па адным відзе на Беларусі прадстаўлены атр. зязюлепадобных, лелякападобных, стрыжападобных, а таксама рабковападобных і фламінгападобных (прадстаўнікі двух апошніх адзначаны толькі ў выніку выпадковых залётаў).
На тэр. Беларусі 227 відаў птушак гняздуюцца, 41 від выпадкова залётны, 28 трапляюцца ў час міграцый, 9 зімуюць. 3 віды лічацца зніклымі: стрэпет не трапляецца з пач. 19 ст., выпадковыя залёты саджы адзначаліся толькі ў канцы 19 ст., драфа знікла ў 1-й пал. 20 ст. Курапатка барадатая знікла на працягу некалькіх гадоў пасля яе інтрадукцыі з Усх. Азіі ў 1960-я г. У выніку ўплыву прыродных фактараў і дзейнасці чалавека за 1,5—2 ст. на Беларусі знікла каля 10 відаў птушак.
У 20 ст. паменшылася колькасць 49 відаў птушак, 14 з іх скарацілі тэрыторыю свайго пашырэння. 29 новых відаў з’явіліся на гнездаванні за 100 гадоў, з іх 27 відаў за апошнія 50 гадоў.
Большасць відаў (больш за 35%) арнітафауны аддаюць перавагу лясным экасістэмам. Блізкія да іх віды драбналесна-кустовых зараснікаў (каля 14%) таксама селяцца па ўзлесках і ў падлеску. У прыбярэжных зонах вадаёмаў і вадацёкаў гняздуюць віды водна-прыбярэжнага экалагічнага комплексу (каля 24%), гэта ўсе вадаплаўныя птушкі і насельнікі ўзбярэжжаў. Віды каляводна-балотнага комплексу (13%) селяцца на забалочаных тэрыторыях, але могуць абыходзіцца без адкрытай вады. Сухія адкрытыя прасторы палёў і лугоў насяляе найменшая колькасць відаў (менш за 6%). Перавагу гнездаванню ў культурным і урбанізаваным ландшафце аддае больш за 8% відаў арнітафауны Беларусі.
Большасць мясцовых відаў зімуе ў Зах. і Паўд. Еўропе, у Паўн., Цэнтр. і нават у Паўд. Афрыцы, частка — у Паўд. Азіі. Большасць птушак мігрыруе невялікімі групамі, у розны час і шырокім фронтам. Частка відаў прытрымліваецца прыродных арыенціраў, на Беларусі — далін буйных рэк, асабліва Дняпра і Прыпяці, дзе праходзіць адзін з найбуйнейшых кантынентальных міграцыйных шляхоў, які выкарыстоўваюць дзесяткі тысяч гусей, качак і кулікоў, што ляцяць з зімовак у Зах. Еўропе і Афрыцы на гнездаванне ў тундры Еўразіі.
Шэраг відаў птушак маюць гасп. значэнне як аб’екты спартыўнага палявання. Найбольш масавыя з іх — вадаплаўныя, у першую чаргу крыжанка, таксама нырэц чырвонагаловы, чырок-свістунок, чырок-траскунок, чэрнець чубатая, качка шэрая. Колькасць паляўнічых відаў качыных птушак у паслягнездавы перыяд вагаецца ў межах 700—1000 тыс. асобін. За перыяд летне-асенняга палявання здабывалася 30—40% ад гэтай колькасці. Сярод усіх відаў баравой дзічыны асаблівае значэнне мае глушэц. З сярэдзіны 1960-х г. колькасць яго зніжалася, але да 1990-х г. яна стабілізавалася, месцамі пачала павялічвацца і дасягнула 5,5—6 тыс. асобін. У паўд.ч. Беларусі, дзе жыве заходнееўрап. падвід глушца, працягваецца зніжэнне яго колькасці і скарачэнне месцапражывання. З інш. відаў баравой дзічыны пэўнае значэнне маюць рабчык, слонка і цецярук. Колькасць палявой птушынай дзічыны, куды належаць курапатка шэрая і перапёлка, вельмі моцна вагаецца па гадах.
У 2-е выданне ’Чырв. кнігі Беларусі ўключана 75 відаў птушак. З 1976 у адпаведнасці з Канвенцыяй аб міжнар. гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на тэр. Беларусі забаронена здабыча, продаж і купля арлана-белахвоста, беркута, бусла чорнага, дзербніка, змеяеда, пустальгі, сапсана, скапы, шулячка.
Літ.:
Федюшин А.В., Долбик М.С. Птицы Белоруссии, Мн., 1967;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. Пер. з пол. Варшава, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ізба́ ’жылы драўляны будынак’ (Інстр. I, 49), ’маленькая хата, жылы будынак меншага памеру’ (Лекс. Палесся, 154), ’хата-чытальня’ (Сцяшк. МГ). У сучаснай бел. мове выціснута словам хата, але ст.-бел.изба мела цэлы комплекс значэнняў: ’жылы будынак’, ’пакой у хаце’, ’кладоўка’, ’памяшканне для чэлядзі і інш.’ (КГС). Рус.изба́ ’драўляная сялянская хата’, дыял. ’жылы будынак з аднаго пакоя (з рускай печчу)’, ’частка жылля, якая ацяпляецца’, ’пакой’, ’гара, вышкі’, ’жыллё з гліны, саману і г. д. (у адрозненне ад цагельных і драўляных дамоў)’, польск.izba ’пакой’, в.-луж.jstwa, stwa ’тс’, н.-луж.śpa ’святліца, вялікі пакой’, палаб.jåzbă ’гасціная’, чэш.jizba ’жылое памяшканне, пакой’, славац.izba ’тс’, славен.ȋzba ’пакой’, ’гара, вышкі’, jȇzba ’сталовая’, серб.-харв.уст.ѝзба ’пакой’, ’святліца’, балг.и́зба ’падвал, склеп’, ’хаціна, зямлянка’, макед.дыял.изба, визба ’склеп’. Ст.-слав.истъба ’пакой’, ст.-рус.истьба, изъба, изба ’драўляны будынак’, ’частка дома, пакой’. Пэўнай этымалогіі няма. У адных тлумачэннях прасл.*jьstъba выступае як запазычанне, у другіх — як спрадвечна слав. слова. Найбольш пашырана версія аб запазычанні з герм.*stuba (ст.-в.-ням.stuba ’цёплае памяшканне, лазня’, ст.-ісл.stofa, stufa ’лазня з печчу’), але ў гэтым выпадку няма тлумачэння для пачатковага jь‑. Гл. Міклашыч, 97; Уленбек, AfslPh, 15, 1893, 487; Бернекер, 1, 436–438. Больш абгрунтавана Мейе (BSL, 29, 1929, 211), Махэк₂ (230), Трубачоў (Эт. сл., 8, 243–245), якія бачаць крыніцу запазычання ў раман. арэале; параўн. франц.étuve, італ.stufa, ісп.estufa, праванс.éstuba ’лазня, апарня’ < *estūfa (скарачэннеū > ŭ яшчэ ў нар.-лац.). Спроба аб’яднання абедзвюх крыніц падана ў Слаўскага, 1, 475–476; Etnografia polska, 1960, 351–354. Тлумачэнне слова на слав. глебе належыць Мартынаву, Лекс. взаим., 122–125: *jьstъba ’нерухомая маёмасць, гаспадарка’ < *istъ‑ba звязваецца з гняздом *istъ (гл. існы). Гёрнер (ZfslPh, 32, 1965, 332) прыцягвае сюды прасл.*ьstěja/*ěstěja ’печ, вогнеахвярнік’ і лічыць семантычную адзнаку ’ацяплення’ зыходнай для слав.*jьstъba; параўн. народна-этымалагічнае збліжэнне з *istopiti. Інакш Мядзведзева (Праблемы мовы і літаратуры, 1972, 103–114) выяўляе ў *jьstъba корань *stьb‑, як у сцябло, ствол. Этнаграфічны аспект гл. А. С. Харузін, Славянское жилище, 1907. Гл. істопка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АДУКАЦЫЙНЫ ЎЗРОВЕНЬ НАСЕЛЬНІЦТВА.
Гэта адзін з асноўных паказчыкаў якаснага развіцця насельніцтва. У 1897 на Беларусі 63% насельніцтва было непісьменным. Карэнны пералом у культурным развіцці і адукацыі бел. народа пачаўся ў 1920-я г., калі савецкая ўлада паставіла гал. задачай ліквідацыю непісьменнасці. У 1920 у БССР ва ўзроставай групе насельніцтва 9—49 гадоў 52,6% былі непісьменныя, у 1939 гэты паказчык складаў 19,2%, а ў 1970—0,8%. Паводле перапісаў насельніцтва 1989 і 1999 паказчык непісьменнасці стабільна трымаецца на ўзроўні 0,2% (пераважна асобы, якія не мелі магчымасці наведваць школу з-за фізічных недахопаў ці хранічных хвароб). Апошнія перапісы насельніцтва дазваляюць лічыць Беларусь краінай усеагульнай пісьменнасці. Высокі паказчык пісьменнасці — вынік мэтанакіраванай палітыкі ў краіне ў перадваенныя і пасляваенныя гады.
Важны паказчык росту адукацыйнага і культурнага ўзроўню — пастаяннае павелічэнне колькасці асоб, якія маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Да 1970 вялікая ўвага ў краіне надавалася ахопу моладзі 7-гадовай і 8-гадовай адукацыяй, што садзейнічала росту долі насельніцтва з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй (гл.табл. 20, рыс. 3). У 1973 прыняты закон, які прадугледжваў пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі.
Найбольш высокі ўзровень адукацыі адзначаны ў моладзі ва ўзросце 20—29 гадоў. Хутчэй расце доля насельніцтва, якая мае сярэднепрафесійную і сярэднюю адукацыю. Паводле перапісаў 1989 і 1999 доля насельніцтва краіны ў 15-гадовым і старэйшым узросце, якое мела вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю, павялічылася з 77% да 85%; у т. л. доля асоб з вышэйшай адукацыяй вырасла з 11% да 14%, сярэдняй — з 49,5% да 57,7%, у т. л. з сярэднепрафесійнай — з 17% да 22%.
Узровень адукацыі насельніцтва, занятага ў эканоміцы, значна вышэйшы, чым у насельніцтва узроставай групы 15 гадоў і старэй (гл.табл. 21). Паводле перапісу 1999 сярод занятых закончаную вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю маюць 98% супраць 90% у 1989.
Звесткі першых пасляваенных перапісаў паказвалі істотныя адрозненні ў адукацыі мужчын і жанчын, гарадскога і сельскага насельніцтва. Адзначанае адставанне ўзроўню адукацыі жанчын да 1989 амаль знікла, а сярод занятага насельніцтва ўзровень адукацыі жанчын нават перавысіў узровень адукацыі мужчын. Паводле перапісу 1999 у цэлым па насельніцтве (у групе 15 гадоў і старэй) узровень адукацыі мужчын некалькі вышэйшы, чым жанчын. Так, у разліку на 1000 мужчын адзначанай групы прыпадае 141 асоба з вышэйшай адукацыяй, сярод жанчын у гэтым узросце на 1000—139 асоб. Розніца ў асноўным узнікае за кошт асоб, старэйшых за 50 гадоў. Сярод асоб больш маладых узростаў узровень адукацыі вышэйшы ў жанчын.
Узровень адукацыі насельніцтва ў гарадской і сельскай мясцовасці неаднолькавы. Доля асоб з вышэйшай адукацыяй сярод гарадскога насельніцтва вышэйшая, чым сярод сельскага. У цэлым узровень адукацыі насельніцтва сельскай мясцовасці павялічваецца ад перапісу да перапісу больш хутка, чым у гарадах. У 1989 сярод сельскіх жыхароў ва ўзросце 15 гадоў і старэй доля асоб з закончанай вышэйшай, сярэдняй і базавай адукацыяй складала 56%, у 1999—68% (рост 12%). Сярод гарадскіх жыхароў гэты паказчык павялічыўся з 89% да 93% (рост 4%). У выніку доля асоб з вышэйшай і сярэдняй (поўнай і няпоўнай) адукацыяй у сельскай і гарадской мясцовасці паступова выраўноўваецца, але доля асоб з вышэйшай адукацыяй (паводле перапісу 1999) у сельскай мясцовасці застаецца больш нізкай. На 1000 чал. насельніцтва ва ўзросце 15 гадоў і старэй у гарадах маюць вышэйшую адукацыю 176 чал., у сельскай мясцовасці — 61. Значнае адставанне назіраецца не толькі сярод асоб старэйшых узростаў, але і сярод працаздольных. На 1000 мужчын пенсіённага ўзросту ў гарадах прыпадае 146 асоб з вышэйшай адукацыяй, у сельскай мясцовасці — 28. На павелічэнне ўзроўню адукацыі сельскага насельніцтва ў ліку іншых фактараў паўплывала скарачэнне аб’ёмаў міграцыі моладзі з вёскі ў горад і прыток у вёску імігрантаў з іншых краін СНД.
У цэлым па краіне ў працаздольным узросце ў 1999 з 1000 мужчын 151 мужчына і з 1000 жанчын 177 жанчын мелі вышэйшую адукацыю. У групе, старэйшай за працаздольны ўзрост, той жа паказчык адпаведна складае 119 і 75; у 70-гадовым і старэйшым узросце — 97 і 41. Сярод занятага насельніцтва з 1000 жанчын мелі вышэйшую адукацыю 215, з 1000 мужчын — 182. Найб. высокім узроўнем адукацыі вызначаюцца буйныя гарады краіны, а таксама яе паўн.-ўсх. раёны.
Крызісныя з’явы ў эканоміцы краіны неадназначна паўплывалі на дынаміку ўзроўню адукацыі. Парушаная залежнасць матэрыяльнага дабрабыту ад узроўню адукацыі прывяла да таго, што ў пач. 1990-х г. каштоўнасць адукацыі ў іерархіі каштоўнасцей моладзі некалькі адышла на задні план і саступіла месца матэрыяльным каштоўнасцям. Але з сярэдзіны 1990-х г. зноў акрэслілася тэндэнцыя росту каштоўнасці вышэйшай і сярэдняй прафес. адукацыі сярод моладзі. У цэлым даступнасць такога ўзроўню адукацыі для насельніцтва рэспублікі ў 1990-я г. павялічылася.
Табліца 20 Рост узроўню адукацыі насельніцтва Беларусі
Паказчыкі ўзроўню адукацыі
Даты перапісаў насельніцтва
1959
1970
1979
1989
1999
Усё насельніцтва ў 15-гадовым і старэйшым узросце, тыс.чал.
5632
6396
7324
7815
8085
Маюць вышэйшую і сярэднюю (поўную і няпоўную) адукацыю
1863
3225
4773
6023
6892
у т. л. вышэйшую
96
261
512
843
1134
сярэднюю
637
1386
2612
3865
4663
няпоўную сярэднюю
1130
1578
1649
1315
1095
На 1000 чал. у 15-гадовым і старэйшым узросце маюць вышэйшую і сярэднюю (поўную і няпоўную) адукацыю
331
505
652
770
852
у т. л. вышэйшую
17
41
70
108
140
сярэднюю
113
217
357
495
577
няпоўную сярэднюю
200
247
225
168
135
Табліца 21 Размеркаванне насельніцтва паводле ўзроўню адукацыі, 1999
Узровень адукацыі
Колькасць насельніцтва, тыс.чал.
На 1000 чал. насельніцтва
усяго ў 15-гадовым і старэйшым узросце
занятага ў эканоміцы
усяго ў 15-гадовым і старэйшым узросце
занятага ў эканоміцы
Усяго асоб з закончанай адукацыяй
7995
4446
989
999
у т. л. вышэйшай прафесійнай
1134
881
140
198
сярэдняй прафесійнай
1804
1329
223
299
пачатковай прафесійнай
745
571
92
128
сярэдняй агульнай
2116
1314
262
295
базавай агульнай
1093
274
135
62
пачатковай агульнай
1103
77
137
17
Рост узроўню адукацыі насельніцтва Беларусі (на 1000 чал. у 15-гадовым і старэйшым узросце).