Во́раг ’непрыяцель, праціўнік’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Яруш., Булг., Шпіл.). Рус. во́рог ’непрыяцель; нячысцік, чорт’, укр. во́рог, ст.-рус. ворогъ, ст.-слав. врагъ, польск. wróg ’непрыяцель’, чэш. vrah ’забойца’, славац. vrah ’тс’, балг. враг, серб.-харв. вра̑г, славен. vrȃg ’чорт, д’ябал’. Прасл. *vorgъ ’вораг’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. var̃gas ’бяда, няшчасце, беднасць’, vérgas ’нявольнік’, лат. vā̀rgs ’няшчасны, хворы, убогі’; ’бяда, бедства’, vãrgt ’хварэць, чахнуць, быць няшчасным’, vęr̂gs ’нявольнік’, ст.-прус. wargs ’злы’, магчыма, і лац. urgeō ’напіраю, ганю’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’выганяць, помсціць’, ст.-в.-ням. rehhan ’мсціць’ (ВальдэПокарны, 1, 319 і наст.; Траўтман, 342; Фасмер, 1, 352; Шанскі, 1, В, 164). Аналагічна Трубачоў (История терм., 176 і наст.), які выводзіць слав. vorgъ з і.-е. *u̯reg‑/u̯erg‑ ’гнаць’, г. зн. першапачаткова слав. слова азначала ’выгнаннік, адрынуты’ і толькі пазней — ’вораг, непрыяцель’. Па фанетычных прычынах памылкова супастаўленне Абаева (Осет. яз., 581) з асец. warz ’любіць’ (Трубачоў, там жа). Мала верагодна супастаўленне са ст.-ісл. wargr ’воўк, злачынец’ (Міклашыч, 395; Мікала, WuS, 2, 218) або разгляд слав. слова як запазычання з герм. (Махэк₂, 698), таму што герм. запазычана з слав. (Мартынаў, Лекс. взаим., 153 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляпі́ць ’ствараць фігуры з пластычнага матэрыялу’, ’будаваць, майстраваць, карыстаючыся ліпкім, вязкім матэрыялам’, ’прыклейваць, прылепліваць’, ’з сілай ісці (пра мокры снег)’, ’рабіць соты’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Анох.; пух., паст., Сл. ПЗБ), лепі́ць ’тынкаваць’ (ТС), ляпі́цца ’прыляпляцца’, ’цесна прымыкаць’, ’лезці ў цеснату’, ’прыставаць’ (Нас., ТСБМ, ТС; іўеў., паст., Сл. ПЗБ). Укр. ліпи́ти, рус. лепи́ть, польск. lepić, н.-луж. lěpiś, в.-луж. lěpić, чэш. lepiti, славац. lepiť, славен. lẹpíti, серб.-харв. lijèpiti, ле́пити, макед. лепи(се), ляпи, балг. лепя, ст.-слав. при‑лѣпити. Прасл. lepiti () — каузатыў да lьpěti > ліпе́ць2 (гл.). Другая ступень чаргавання галоснай кораня — ліпкі, ліпнуць (Слаўскі, 4, 164; Фасмер, 2, 484). Роднасныя і.-е. адпаведнікі: ст.-інд. lēpayati, iimpáti ’ён мажа’, lipyatē ’прыліпае’, lēpas ’мазь’, répas ’пляма’, ст.-грэч. λίπος ’тлушч’, літ. lìpti ’прыклейвацца’, лат. lipt ’тс’, літ. каузатыў lipýti, лат. lipinât ’прыклейваць’, алб. laparós ’запэцканы’, гоц. bilaibjan ’пакідаць’, aflifnan ’заставацца’, ст.-в.-ням. laiba ’скарынка’, тахар. lip‑ ’тс’, хецк. lip‑ ’мажу’. І.‑е. *loip‑, *lep‑ (Міклашыч, 178; Бернекер, 1, 712; Траўтман, 161; Скок, 2, 297–298; Трубачоў, Ремесл. терм. 188; Эт. сл., 14, 217–219; Бязлай, 2, 134; БЕР, 3, 365–367).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярба́ ’расліна, Salix L., Salix alba L., Salix fragilis L.’ (БРС, Кіс., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц.), вэрба́ ’вярба’ (Бес.), укр. верба, рус. верба ’тс’, астрах, ’назва любога дрэва’, польск. wierzba, каш. věřba ’вярба’, н.-луж., в.-луж. wjerba, чэш. vrba, славац. vŕba, славен. vŕba, серб.-харв. вр́ба, макед. врба, балг. върба ’вярба’, ст.-слав. врьба, врьбиѥ. Прасл. vьrbá ’лаза, гнуткая расліна’. Да першаснага значэння параўн. такія формы, як вербалоз і інш. Прасл. лексема роднасная да літ. vir̄bas ’дубец, сцябло, лазіна’, лат. vir̂bs ’палачка’, прус. wirbe ’канат, ліна’, грэч. ραπίς, ράβδος ’дубец’, лац. verbēna ’дубцы лаўра’, verbera ’дубцы, якімі секлі, каралі’, ст.-в.-ням. rëba ’вінаградная лаза’. Узыходзіць да і.-е. *u̯erbes < u̯er‑ ’гнуць, віць’ (Траўтман, 360). Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 72; Міклашыч, 383; Мюленбах-Эндзелін, 4, 602; Вальдэ, 819; Брукнер, 617; Скок, 3, 620; Фасмер, 1, 293; Младэнаў, 91; БЕР, 1, 208; Шанскі, 1, В, 54–55. Махэк₂ (699) і КЭСРЯ (74) лічаць vьrbá суфіксальным утварэннем, дзе ‑ba надае значэнне зборнасці. Аб суфіксе ‑ba гл. яшчэ Мартынаў, Дерив., 16–19. Сюды ж ніц., гродз., гом. вербалоз ’вярба казіная’, маг., гродз. ’вярба пяцітычынкавая’ (Кіс.), вярбо́вы (БРС, КТС, Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Відзець ’бачыць’ (шчуч., леп., арш., крыч., мазыр., Мат. АЛА, Бяльк.). Укр. видіти ’бачыць’, рус. видеть ’бачыць вокам’; ’пазнаваць’; ’глядзець’, ст.-рус. видѣти ’бачыць’; ’наглядаць, назіраць’; ’адчуваць, прадчуваць, прадбачыць’; ’разумець, асэнсоўваць’, польск. widzieć ’бачыць, лічыць, меркаваць’, н.-луж. wiźeś, в.-луж. widźeć ’бачыць, глядзець’, чэш. viděti, славац. videť, славен. vídẹti ’тс’, серб.-харв. ви̏дети ’бачыць, пабачыць’, макед. види ’бачыць, пабачыць, даведацца’, балг. видя ’бачыць, пабачыць, перажыць’, ст.-слав. видѣти, виждѫ, прасл. viděti. У зах. і цэнтр. частцы бел. моўнай тэрыторыі яе выцесніла лексема бачыць. Слав. формы з’яўляюцца суфіксальным утварэннем ад і.-е. *u̯eid‑/*u̯id‑ (*u̯īd‑); параўн. літ. veizdė́ti ’бачыць, глядзець’, лат. viedēt ’бачыць’, ст.-прус. widdai ’бачыў’, ст.-інд. vétti ’пазнае, разумее’, авест. vista‑ ’вядомы’, грэч. εἶδον ’бачыў’, Ϝἰδεῖν ’пабачыць’, лац. vidēre ’бачыць’, гоц. witan, ст.-в.-ням. wizzen ’глядзець, назіраць’, гоц. weitan ’бачыць’, ірл. ro‑fetar ’ведаю’, арм. gitem ’тс’. Іншая ступень чаргавання галосных у і.-е. *u̯oid‑: ст.-інд. vḗda, грэч. Ϝοἶδα, гоц. wait, ст.-слав. вѣдѣ ’ведаю’. Да ведаць (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 390; Траўтман, 357–358; Мюленбах-Эндзелін, 4, 653; Младэнаў, 65; БЕР, 1, 146; Скок, 3, 586–587; Голуб-Копечны, 415; Махэк₂, 688; Праабражэнскі, 1, 82; Фасмер, 1, 312; Шанскі, 1, В, 93; КЭСРЯ, 80.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ра1 ’паднімай!’ (БРС, КТС) — выклічнік з марской і будаўнічай тэрміналогіі. Укр. ві́ра, рус. вира ’тс’. Для марскога тэрміна Фасмер (1, 318) тлумачыць паходжанне з іт. virare ’паварочваць’. Бел. і ўкр. будаўнічы выклічнік мог прыйсці і з малд. а вира ’паварочваць’.

Ві́ра2 ’выкуп за забітага чалавека’ (БРС). Укр. віра, рус. вира ’тс’, ст.-рус. вира ’штраф на карысць князя за забойства вольнага чалавека’ (з XII ст.), чэш. уст. vira ’грашовы штраф за забойства (у старарускім і старагерманскім праве)’. Міклашыч (392), Уленбек (AfslPh, 15, 492), Праабражэнскі (1, 85) лічаць гэта запазычаннем з германскіх моў; параўн. ст.-в.-ням., с.-в.-ням. vër‑geld (узята толькі першая частка слова), н.-в. ням. Wergeid ’віра’, гоц. wair ’мужчына’, ст.-ісл. verr ’тс’. Аднак, відавочна, маюцца цяжкасці з вакалізмам кораня. Хутчэй за ўсё лексема віра з’яўляецца роднаснай да літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’мужчына’, прус. wijrs, ст.-інд. vīráḥ ’мужчына, герой’, лац. vir ’мужчына, муж, мужык’, яшчэ ст.-інд. vāiram ’віра, варожасць’.

Ві́ра3 ’частаванне старэйшых таварышаў, якое наладжвае хлопец, дасягнуўшы сталага ўзросту’ (Бяльк.) звязана з літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’(дарослы) мужчына’. Да віра2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нет ’няма; не’ (Сл. ПЗБ, ТС, Пятк.), ст.-бел. нѣтъ ’тс’ (Полацкая грамата 1399 г.), рус. нет ’тс’, укр. дыял. ніт ’тс’, славац. дыял. niet ’тс’, балг. дыял. нет ’не’ (Спис, на Бълг. ак. на науките. Кл. ист.-филол., кн. 8. София, 1914, 99). Зафіксаваную ў Бібліі Скарыны і ў Евангеллі Цяпінскага (1580) форму нѣтъ Карскі (2–3, 7, 260) выводзіць з ne + je + тоу (гл. не, ёсць, тут); параўн. у апошняга ў паралельных тэкстах: ст.-бел. ничого нетъ, ст.-слав. ничегожѣ есть (гл. таксама Сабалеўскі, Лекции, 249; Праабражэнскі, 1, 596; Фасмер, 3, 67); меркаванні адносна рус. і ўкр. нет/ніт: з ne‑je‑tъ (Шлякаў, РФВ, 21, 230–232) або з ně‑tu (дзе < něstь, Міклашыч, 3, 320; Зубаты I, 2, 410), параўн. не́ту ’няма’ (Нас.), рус. дыял. нету ’няма’; выказваецца думка, што абедзве зыходныя формы (з часціцай і прыслоўем tu) былі аўтаномныя, што не выключана іх далейшае збліжэнне (ESSJ SG, 2, 483). Балг. нет ’не’ хутчэй за ўсё паралельнае да дыял. ет ’ёсць’, якое лічаць вытворным ад е ’тс’ з ‑т пад уплывам канчаткаў 3‑й ас. адз. л. дзеясловаў тыпу хо́дит, мислит і пад. (БЕР, 1, 512). Гл. таксама Львоў, РР, 1968, 3, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аптэ́ка. Дыял. гапты́ка. Ст.-бел. аптыка (Булыка, Запазыч.), аптека, аптекаръ, аптекарка (Гіст. лекс., 154–155). Рус. аптека (з XVII ст.; таксама ў форме оптека, абтыка; аптекарь с 1583 — Шанскі, 1, А, 133. У XIX ст. фіксуецца таксама апотека). Укр. аптека, дыял. аптика з XVI ст.; аптекаръ з XVII ст. Першыя аптэкі на тэрыторыі Беларусі ў Пінску (1561) і Брэсце (1566) (БелСЭ, 1, 399). Рус.-ц.-слав. апотека (XIV ці XV ст.) — ’свіран’ (Міклашыч, Lex. palaeosl). Польск. apteka, дыял. aptyka, haptyka (з XV ст. apoteka, з XVI ст. apteka). Беларускае слова з польскай (а не з рускай, як лічыў Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе apoteka з чэшскай (Рэчак, Bohemizmy, 31) ці непасрэдна з лацінскай (Клеменсевіч, 145), а apteka з нямецкай (н.-ням. aptek, балт.-ням. aptheke (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Крыніцай нямецкага і чэшскага, а магчыма, і польскага слова была лацінская мова, у якой у сярэднія вякі ўжо было вядома спецыялізаванае значэнне ’магазін лякарстваў’. Лац. apotheca і рус.-ц.-слав. апотека з грэч. ἀποθήκη ’склад, свіран’. У бел. дыял. гаптыка г можа быць і беларускай з’явай, а ы хутчэй за ўсё з польскай, дзе, магчыма, з чэшскай, а магчыма, і на ўласнай глебе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асве́р ’вага ў студні, рычаг для падымання бярвення’ (ДАБМ, карты, 242–244, тэкст, 807–810), ацьвер, асвір, асверына, асвера, асверг, асверх, свира, свиршня, свирэня, перасвир, перасверт (!), свирэць. Рус. пск., калін. асвер, освер. Ці не сюды ўкр. свірка ’вяроўка, якой замацоўваецца пуга да пугаўя’? Лат. svèrt ’важыць, падважыць’, літ. sver̃ti ’важыць, балансаваць’, svãras ’вага’, лат. svīra, sviris, svērts, svìrts, svir̃kstenis, svirstene, літ. svirksnìs, svar̃tis, svar̃stis ’асвер’. Фрэнкель (949), Фасмер (3, 156–157), Трубачоў (Слав. языкозн., V, 173) лічаць слова роднасным балтыйскім словам. Міклашыч (331) лічыў роднасным балтыйскім мовам слова освиреть (форма асвер у яго слоўніку адсутнічае); Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1154) таксама звязваў рус. освер з балтыйскім словам. Краўчук, Цыхун (Лекс. балтызмы, 15, 51), Урбуціс (Baltistica, 5, 1969, 151), Лаучутэ (Kalbotyra, 22, 2, 78), зважаючы на пашырэнне слова на тэрыторыях, сумежных з Літвой і Латвіяй, шэраг форм, блізкіх да балтыйскіх, адсутнасць у славянскім слове ўнутранай матываванасці лічаць асвер і роднасныя ўтварэнні запазычанымі з балтыйскай. З гэтым трэба пагадзіцца, прычым крыніцай шэрагу форм была, відаць, латышская мова. Пачатковае а‑ можа тлумачыцца як фанетычная пратэза (ці як захаванае ад утвараючага дзеяслова прэфіксальнае). Корань узыходзіць да і.-е. *(s)u̯er‑ ’падвешваць, падважваць; цяжкі’ (Покарны, 1150; Траўтман, 296). Гл. свер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астро́ва ’лесвіца пры стойле’, ’нятоўстая елка з сучкамі па 10–15 см даўжынёй’ (Янк. I), астро́ўка ’тс’ (Янк. II), астро́ўка, астро́ўкі ’прыстасаванне ў выглядзе піраміды з сукаватых яловых жэрдак і калоў для сушкі сена, вікі, гароху, ільну і г. д.’ (Грынблат, Белор., 110; Касп.; Хрэст. дыял., 22, 30; Інстр. II); паводле ДАБМ, к. 234, пашырана на паўночны ўсход ад лініі Орша–Полацк; астраўё, астравіны (ДАБМ, 789, 790; Малчанава, Мат. культ., 38, фота на стар. 39). Слова са значэннямі, якія можна звесці да ’сукаваты, нятоўсты кавалак дрэва’, сустракаюцца і на іншых тэрыторыях, напр. у Палессі острывэц (стол.), острувля (маларыц.) ’ссечанае маладое дрэва з сукамі, па якому залазяць на дрэва да вулля’ (Анох.). Аналагічныя значэнні маюць словы і ў іншых славянскіх мовах: рус. дыял. остро́вье, о́стровь, острови́на, островник; укр. дыял. острова, острів, островʼяниця, острева, польск. ostrew, ostrewka, чэш. ostrev (малюнак гл. у Махэка), славац. ostrva, славен. ostr̂v(a), серб.-харв. о̏стрва. Не ведаем балг., мак., с.-луж. адпаведнікаў. Ад кораня *ostr‑ (гл. востры) з суфіксальным ‑ъv‑ (параўн. дрэва, плява і пад.); да гэтага кораня слова адносілі Міклашыч, 227; Даль, 1, 706; Брукнер, 386; Скок 2, 575. Па Махэку₂, 420, з *ostrъbъ, што патрабуе ўдакладненняў. Гл. астрога.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)