папа́сціся, ‑падуся, ‑падзешся, ‑падзецца; ‑падзёмся, ‑падзяцеся; пр. папаўся, ‑палася; заг. пападзіся; зак.

1. Апынуцца ў якіх‑н. абставінах, умовах (звычайна непрыемных). — Нічога цяпер не паробіш... — ідучы за Віктарам, вінавата гаварыў Іван. — Прыйдзецца ўсё аднесці дырэктару. Прыходзь вечарам да мяне... — Няма дурных, — сказаў Віктар.. — Сам папаўся, сам і выкручвайся. Васілёнак. — Куды [едзем]? — перапытаў Барыс і ўхмыльнуўся. — Папаўся ты, брат. Едзем мы на свята песні, ведаеш такое? Жычка.

2. Быць схопленым, злоўленым на чым‑н., выкрытым у чым‑н. — Я тут табе лістоўкі перадам, — панізіла голас Алаіза.. — Ты зможаш раздаць рабочым?.. Толькі асцярожна, каб не папаўся. Арабей. — Што, на кражы папаўся? — спытаў [капітан] у паставога міліцыянера. Паставы далажыў аб здарэнні. Капітан слухаў уважліва, сяды-тады паглядаючы на Віцю. Якімовіч. // Быць затрыманым, сустрэтым з намерам выкрыць што‑н., паквітацца за што‑н. і пад. — А-а, фашысты, папаліся! — злосна працадзіў праз зубы Барыс і доўгай чаргой секануў па казарме. М. Ткачоў. // Быць злоўленым (пра жывёл). Мужчыны ціха падводзяць сетку пад бераг і топчуць. Вось папаўся першы шчупак. Невялічкі, але для пачатку няблага. Жычка.

3. Сустрэцца, знайсціся; трапіцца. І зноў папаліся лісічкі — раз, другі, а потым у бярэзніку.. знайшоў я абабак і брылястыя чырвоныя сыраежкі. М. Стральцоў. Нам, што б там ні было, трэба сёння дабрацца да Закружнага. Аўтобус мы празявалі, а выпадковых машын не папалася. Пянкрат.

•••

Папасціся (трапіць) на вочы (вока) каму — з’явіцца ў полі зроку каго‑н., нечакана ўбачыць, сустрэць каго‑н.

Папасціся (трапіць) на вудачку — даць магчымасць падмануць, ашукаць, правесці сябе.

Папасціся на язык каму — стаць прадметам размоў, абмеркавання. Пападзіся цяпер [Марозу] на язык які Шэмет — жартачкамі душу выняў бы. Лобан.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму — апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму — а) апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.; б) быць злоўленым, схопленым кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каманіца1 ’каманішнік лугавы, Succisa pratensis Moench’ (гродз., смал., маг., Кіс.), лоеў. каменішнік ’тс’ (Мат. Гом.), маг. куманща, куманічнік, каманішнік ’тс’ (Кіс., Мядзв.), маг. каманішнік ’чараўнік двухлісты, Platanthera bifolia (L.) L.C. Rich.’ (Кіс., Інстр. II), маг. каманічнік ’паўночнік палявы, Knautia arv«nsis (L) Coulť (Кіс.), а таксама, відавочна, у песні з Віцебшчыны: «кыманіца зіліная. маладзіца маладая» (Рам. 8). Укр. команиця. комонник, команд, /саманка ’канюшына, дзяцеліна, браткі’, рус. смал. комоница ’каманішнік’, польск. komonica ’рутвіца’, ст.-польск. ’баркун’, ’канюшына’, ’каманішнік’, в.-луж. komonica ’сорт канюшыны’, чэш. komonice. славац. komonica ’баркун’, ’канюшына’, славен. komónjica, komónika, серб.-харв. комољикач комонака, колгоншка, ’палын звычайны, чарнобыль’, ’рамонак’, балг. комоннга ’баркун, шалфеи’, комоннка ’чарнобыль’, ’браткі’. Прасл.⇉komonica//komunika < komonъ ’конь’, параўн. ст.-польск. konik, konicz, а таксама мар. končina і інш. ’канюшына’ = ’конская трава’. Большасць з гэтых траў з’яўляецца кормам або ўжываецца як лякарства для коней (Махэк, Jména, 120). Махэк (там жа) мяркуе, што ўсх.-слав. назвы запазычаны з польск. (гэта пацвярджае геаграфія), а польск. запазычаны са ст.-чэш. komonice (Бернекер, 1, 555; Фасмер, 2, 304–305; Махэк’, 272; Слаўскі, 2, 389–390; агляд іншых, менш пераканаўчых этымалогій гл. яшчэ БЕР, 2, 574, і Трубачоў, Эт. сл., 10, 175–177. Бел. форма з ‑ме‑ утварылася ў выніку народнай этымалогіі (атаясамленне з лексемай камень). Тое ж і ў каланіца’.

Камані́ца2 ’ажына’ (смал., КЭС), каменіца ’касцяніца камяністая, Rubus saxatilis’ (Маш.), камяніцы, камянічкі ’касцяніцы’ (едьск., нараўл., Мат. Гом.). Рус. комоница. команица, комон ика. команика, куманика. к у маны ха, куманица ’ажына’, ’касцяшка’, ’марошка’, ’чырвоныя парэчкі’, болгар, ’суніцы’, арханг. кумднька ’сорт ажын’, кастрам. команец ’чырвоныя парэчкі’. Бел.-рус. ізалекса. Да komonъ ’конь’, параўн. рус. комонь. кумань ’конь’ > ’конская ягада’ (Фасмер, 2, 414–415). Аналагічна иаводде назваў жывёл утвораны: кобр. мыдвэдыны ’ажына’ (Нар. лекс.), прасл. ežina ’ажына’ < егь ’вожык’, літ. gervuogė ’ажыны’ < gervė ’журавель’ або лісічкі, вавярушкі, ласі — назвы грыбоў.

Камані́ца3, каланіца ’мажная дзяўчына’ (хойн., Мат. Гом.). Укр. комониця ’бясплодная кабыла’, ’бясплодная жанчына’, ’распусніца’, рус. валаг. комоница, команица, комонница ’кабыліца’, ’ялаўка’. Да komonъ ’конь’, параўн. гом. комай ’тс’, свярдл. команина ’кляча’ (Этымалогію гл. Фасмер, 2, 304–305). Бел. лексема — у выніку семантычнага пераносу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уле́гчыся, улягуся, уляжашся, уляжацца; уляжамся, уляжацеся, улягуцца; пр. улёгся, улеглася і уляглася, улеглася і уляглося; заг. уляжся; зак.

1. Легчы для сну, адпачынку. Улегчыся адпачываць. □ Васіль зачыніў сенцы, запёр іх на закрутку, раздзеўся ўпоцемку і ўлёгся спаць. Гартны. // Прыняць зручнае ляжачае становішча. Цётка .. крактала, варочалася, мабыць, пасля жніва балела цела, і яна ніяк не магла ўлегчыся. Асіпенка. [Сотнікаў] нетаропка выцяг[нуў] на снезе параненую нагу, улёгся і старанней, чымся раней, прыцэліўся. Быкаў. // Змясціцца дзе‑н. у ляжачым становішчы. Калі ж дзядзька Антось з пляменнікамі і старац улегліся ў гумне, Косцік не вытрымаў і запытаў: — Дзеду, а дзеду, калі казкі? С. Александровіч.

2. Змясціцца (аб прадметах). Улегліся кнігі ў чамадан. □ Сям-там трапляліся толькі сыраежкі і лісічкі. Яны сіратліва ўлягліся на дне кошыкаў, як дакор нашай празмернай даверлівасці да тых, хто паабяцаў нам тут грыбныя горы. Паслядовіч.

3. Асесці, апусціцца. Улеглася сена ў копах. Улёгся пыл. □ [Маці:] — От узараў, сынок, то і добра... Калі там і агрэх які, дарма... Перапрэе, уляжацца за зіму, а там на вясну зноў паднімеш. Кулакоўскі. Церусіў дробны снег, але вецер не даваў яму ўлегчыся, здуваў на абочыны вуліц, зганяў з тратуараў. Арабей.

4. перан. Разм. Аслабець, сціхнуць, супакоіцца (пра з’явы прыроды і пад.). Бура ўлеглася. □ Вецер улёгся. Цішыня стала такая, што лісце на ліпах абвяла — не зварухнецца. Ваданосаў. Летнім надвячоркам, калі ўжо трохі ўлеглася дзённая гарачыня, світанскі брыгадзір Лявон Цупкін падышоў пад акно яшчэ новай хаты і пабразгаў у шыбу. Сабаленка. / Пра гукі, шумы і пад. Дзед Талаш і яго спадарожнік прыпыніліся і стаялі моўчкі, пакуль не ўлёгся брэх сабак. Колас. / Пра пачуцці, перажыванні, душэўны стан. Не паспела ўлегчыся адна радасць, як прыйшла другая. Дадзіёмаў. — А што ён казаў пра мяне? — закарцела даведацца Таццяне, як толькі трошкі ўляглося хваляванне. Пальчэўскі. / Пра грамадскія з’явы, адносіны, настроі і пад. [Гаспадыня:] — Лепей пачакаць тут, пакуль не ўляжацца гэта вайна. Чыгрынаў. [Войцік:] — Не, браце, на сваю кватэру табе [Максім] зараз ісці нельга. Эма перадала, каб ты, пакуль не ўляжацца гэта завіруха, дамоў не паказваўся. Машара.

5. Усталявацца, стаць. Ужо зіма добра ўлеглася, калолі па начах маразы вуглы ў хатах. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лісі́ца1, лісі́цы ’калодачка з дзіркамі, праз якія прадзяваюцца шнуркі ад панажоў’ (Жд. 1), ’ліштва з дзіркай, у якую ўстаўляецца жэрдка для адзення’ (ТС), ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шпунт, тонкая планка паміж дошкамі дзвярэй’ (петрык., ельск., Нар. сл. і Сцяшк.; рас., Шатал.), ’палены з высечкамі пасярэдзіне, у якія ўшчэмліваюцца дошкі ці дзверы, калі іх клеяць ці калі ў іх заганяюць шпонкі’ (КЭС, лаг.), ’слупы з вінтамі, якімі выпрамляюць скрыўленую сцяну’ (жытк., Нар. сл.), ’прыстасаванне для сціскання бярвенняў у сцяне’ (вілен., Шн. 2; лях., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.; стаўб., Жд. 2; Нас., Маш., Касп.), лун. ’бервяно, якім падпіраюць пахілены будынак’ (Шатал.), ’ціскі’ (чач., добр., Мат. Гом.), ’зажым, у якім што-небудзь заціскаецца пры дапамозе кліноў’ (Інстр. 2), ’металічная планка з паглыбленнем у верхнім камені жорнаў’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ціскаўка, напаўрасшчэпленая дзеравіна’ (Некр.); ’жэрдка, якая злучае пярэднюю і заднюю восі воза або вузгалоўе воза’, ’папярэчына, якая звязвае жэрдкі плоту’ (Бломкв.), ’кіёк, адзін канец якога ўваткнуты ў дзірку навоя і не дае яму круціцца’ (в.-дзв., Шатал.); ’тоўстае палена, якое ўпоперак кладзецца на сані (падсанкі) для перавозкі бярвення’ (Бяльк., ТСБМ, Касп.; бялын., Янк. Мат.; в.-дзв., Шатал.), падпоры, якія ўжываюцца для паднімання драўляных збудаванняў’ (гродз., Шн. 2), ’папярочныя бэлькі, якімі прымацоўваюць вулей-калоду да дрэва’ (Маш.), ’цяжар, які прывязваецца ці прышрубоўваецца да канца пругла, каб лягчэй было выцягваць вядро з вадой са студні’ (Янк. 2); лісі́ца (або су́чка) ’дошчачка, што круціць валок кола калаўрота’ (КЭС, лаг.). Некаторыя з гэтых значэнняў маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. лисиці ’ціскі, шчамлёткі — для сціскання склееных дошак, для ўмацавання сцяны’, рус. лисица ’перакладзіна, якая злучае восі драбін’, ’бярвенні, якія ўмацоўваюць плыты’, ’сані’, польск. lisica, ст.-чэш. lisicě ’прэс’, славац. lisica ’капкан’, серб.-харв. лѝсица, славен. lisíca ’кайданы’, макед. лисица ’дзірка, у якой замацавана ярмо’, балг. лисица ’два загнутыя дручкі, якія злучаюць заднюю частку калёс з пярэдняй’. З прасл. lisica — ’ліса-самка’, пазней ’ліса наогул’, асобна ў слав. мовах ’розныя прыстасаванні, прадметы для сціскання’ — старая метафара (Слаўскі, 4, 279; Бязлай, 2, 144).

Лісі́ца2 ’жоўтая пляма на адзенні ад спалення’ (Нас.). Да ліса́вы (гл.). Утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства колеру.

Лісіца3, лісі́цы, лісі́чкі, лісі́цкі ’грыб лісічка, Cantarellus cibarius Fr.’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., Яруш., Янк. 2, Дэмб. I, ТС; уздз., Нар. словатв.; лельч., Мат. Гом.), шчуч. лісічык ’тс’ (З нар. сл.), лі́ска, лі́скі ’тс’ (пруж., уздз., Нар. словатв.; гарад. Сл. ПЗБ; светлаг., Мат. Гом.). Укр., рус. лисичка, чэш., славац. liška, славен. lisíčka ’тс’. Прасл. lisičьka метафара, перанос значэння ’ліс, ліса’ паводле колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пусты́, ‑ая, ‑ое.

1. Нічым не запоўнены, не заняты (пра тое, што можа змяшчаць у сабе што‑н.). Пусты карабок. Пустая бутэлька. □ Пастаіць гаспадыня ля свае каровы, пачакае, пакуль тая паранку з’есць, і назад пусты цэбар нясе. Чорны. Па пустым рукаве можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі. Лынькоў. // Не заняты нікім, нічым; свабодны, вольны. [Ярохін] дастаў чамадан, на пустым сядзенні разаслаў газету, паклаў хлеб, кансервы. Шамякін. К вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй. Ермаловіч. // Бязлюдны; нежылы. Двор быў пусты і азызлы, з халодным глянцам размешанай гразі. Скрыган. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з’явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Вольны ад работы, ад заняткаў. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі. // Без пладоў або з недаспелым плодам. Пусты колас. Пусты арэх. □ Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое. Чыгрынаў. // Прыгатаваны без тлушчу, мяса. Пусты боршч. □ У стральца дым густы, ды абед пусты. Прыказка. // Нятлусты, неўрадлівы (пра зямлю). Верная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.

2. Які мае ўсярэдзіне пустату. Пусты шар. Пустыя сцены.

3. Які нічога не мае, нічога не прыдбаў; без здабычы. Лісічкі, рабіна, баравікі — гэта добра: пойдзеш у лес — пусты не вернешся. Ракітны. На возе — нічога: сена толькі для вачэй, але Апейка паручыцца мог бы — не пусты едзе, вязе нешта. Мележ.

4. перан. Неглыбокі, бяссэнсавы; не сур’ёзны. Пустая гаворка. □ Перакідаючы пустыя словы, .. [Валя і Сашка] апынуліся каля вялікага сквера і ўвайшлі ў яго. Чорны. Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя. Бядуля. Пустым становіцца жыццё ў чалавека, калі ў яго адбіраюць любімую працу. Шахавец.

5. перан. Які не мае сур’ёзнага значэння; беспадстаўны. Пустая пахвальба. Пусты страх. Пусты смех. □ Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя. Карпаў. Не гарэў ён [народ] пустым летуценнем. За дармовым не гнаўся рублём. Куляшоў. // Бескарысны, бясплодны, беспаспяховы. [Мікалай Іванавіч] быў расчараваны пустой работай — сваім выступленнем перад выключаным мікрафонам. Шахавец. Дзед Талаш .. ужо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні. Колас.

6. перан. Які не мае сур’ёзных інтарэсаў; духоўна абмежаваны, бедны. [Чыжыку] ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам. Лупсякоў.

7. у знач. наз. пусто́е, ‑ога, н. Тое, што не заслугоўвае ўвагі; што‑н. нязначнае. — Ніхто цябе не вінаваціць. Не люблю толькі, калі людзі пустое мелюць. Машара. [Ціхон] не церпіць усяго пустога, легкадумнага — ні ў словах, ні ў справах. Ракітны.

•••

Затычка ад пустой бочкі гл. затычка.

Біцца за пусты мех гл. біцца.

З пустымі рукамі гл. рука.

Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.

Пустая гаворка гл. гаворка.

Пустое месца гл. месца.

Пусты кашалёк гл. кашалёк.

Пустыя кішэні у каго гл. кішэнь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)