Смаля́нка 1 ‘смолка, Viscaria viscosa Aschers’ (Шат., Кіс., Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘зязюльчын светнік, Coronaria flos cuculia L.’ (Кіс., Жыв. сл.), смаля́нка, смалёўка ‘травяністая расліна сямейства гваздзіковых з белымі, ружовымі, чырвонымі кветкамі’ (ТСБМ). Да смаляны < смала 1 з суф. ‑к‑, параўн.: смалянка ліпне, як смала (Сл. ПЗБ). Далей гл. смолка.
Смаля́нка 2 ‘гатунак груш’ (ТСБМ, Мат. Гом.), смоля́нка ‘гатунак груш і яблыкаў’ (ТС). Параўн. польск. smolanka, чэш. мар. smoľenka, славац. smolnatka ‘гатунак груш’. Да смала 1; паводле Махэка₂ (563), таму, што гэтыя грушы, як толькі пачынаюць гнісці, становяцца ўнутры чорнымі, як смала.
Смаля́нка 3 ‘пацук з доўгім хвастом’ (Байк. і Некр.), смалля́нка, смыля́нка, смыльня́нка ‘пацук’ (Нас., Шымк. Собр., Касп., Бяльк., ЛА, 1), смальчу́г ‘пацук (самец)’ (З нар. сл.), смалю́га ‘пацук’ (Мат. Маг.). Да смала 1, смаляны; першапачаткова, відаць, ‘чорны пацук’.
Смаля́нка 4 ‘паганы грыб’ (Мат. Гом.). Польск. smolucha ‘атрутны грыб’. Да смала 1, смаляны, відаць, паводле колеру.
Смаля́нка 5 ‘грыб лісічка’ (брэсц., Сярж.–Яшк.; Сл. Брэс.), смоля́нкі, смоло́вікі ‘лісічкі’ (ТС). Да смаліна ‘сасна’ (гл.), смаловы ‘сасновы’ і, далей, да смала 1 (гл.), відаць, па месцы вырастання, параўн. іншыя назвы сасня́нка, падсо́снаўка (Сярж.–Яшк.).