Лаша́к, лун. лоша́к ’грузд, Lactarius piperatus’ (Шатал.). Названа паводле колеру лася. У бел. гаворках існуюць аналагічныя назвы грыбоў, у аснове якіх назвы жывых істот: стаўб. казлята ’масляк’, кобр. чо́рна свыня́ ’грузд’, івац. ове́чы грыб ’неядомы’, кам. кобыла, кобр. коза́ ’пеўнік жоўты’, драг. мэдвэ́дык ’пеўнік жоўты’, агульнавядомае лісі́чкі і інш. Параўн. таксама ўздз. лось ’пеўнік стракаты’ (Жыв. сл., Нар. словатв.). Утворана ад лос‑ь пры дапамозе суф. ‑ак (гл. лаша). Аналагічна літ. briedžiùkas ’ласянё’ і ’смарчок’ (ад bríedis ’лось’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)