ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),

парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЯВІ́К (Bistorta),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў горных раёнах Азіі. На Беларусі амаль па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, палянах і ў хмызняках трапляецца З. вялікі, або драсён змяіны, ці ракавыя шыйкі (B. major). З. таксама наз. віды раслін з іншых родаў і сямействаў.

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым, звычайна змеепадобным карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі. Лісце прыкаранёвай разеткі буйное, на доўгіх чаранках, сцябловае — з доўгімі похвамі і невял. ліставымі пласцінкамі, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя. ружовыя або ружова-белаватыя, у густых гронкападобных суквеццях; у З. жывароднага (B. vivipara) кветкі ніжняй ч. суквецця відазменены ў клубеньчыкі, якія служаць для вегетатыўнага размнажэння. Плод — 3-гранны арэшак. Лек., таніданосныя (у карэнішчах да 25% дубільных рэчываў), фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Змеявік вялікі.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ра́чка ’расліна свінакроп’ (ТС), сюды ж, відаць, і рачыкі ’драсён, Polygonum bistorta L.’ (Мядзв., Гарэц., Кіс.). Названы з-за знешняга падабенства (“членістасці”) да рака, параўн. іншую назву апошняй расліны ракавыя шыйкі (Гарэц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярбе́льнік ’птушкамлечнік парасоністы, Ornithogalum umbellatum’ (віц., Кіс.; Крывіч, 4, 1923). Відавочна, з *вярбейнік; параўн. рус. вербейник ’лазаніца, Lysimachia L.’ Да вярба́ (гл.). У іншых слав. мовах таксама ёсць шматлікія назвы раслін, якія паходзяць ад vьrbá; параўн. польск. wierzbownica ’скрыпень, Epilobium’, wierzbówka, в.-луж. wjerbka ’тс’, wjerbinka ’лазаніца’, wjerbička ’стрэя’, чэш. vrbice ’драсён, Polygonum L.’; ’скрыпень, Epilobium L.’, славац. vrbica ’чальчак, Lythrum L.’, макед. врбовка, серб.-харв. vŕbovica, славен. vŕbovec ’скрыпень, Epilobium L.’, балг. върбовница ’драсён земнаводны, Polygonum amphibium L.’, върбовка ’скрыпень’; ’фарбоўнік, Isatis tinctoria L.’, върбовник ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярту́ха ’непаседа, жвавая жанчына’, укр. вертуха ’тс’, рус. верту́ха: пск., калуж. ’вяртуха (аб жанчыне, дзяўчыне)’, арханг. ’драсён павойны, Polygonum convolvulus L.’, пск. вертуха́ ’рыба, якая верціць хвастом’. Да вярце́ць (гл.). Утворана ад дзеяслоўнай асновы пры дапамозе экспрэсіўнага суфікса ‑ух‑а (< ‑uxa).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багародзічнік ’расліна Polygonum bistorta L., драсён змяіны’ (Кіс.). Параўн. рус. богоро́дичник, богоро́дка ’тс’, ст.-чэш. Svaté Maří košile, славац. Panny Marie zelina ’Polygonum’ (Махэк, Jména rostl., 87). Па народнай легендзе, чырвоны колер кветкі расліны — гэта кроў багародзіцы (Махэк, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляту́ха ’драсён, Polygonum aviculare L.’ (бабр., ЛА, 1). Да пле́сці (гл.): сцябліны драсёну сплятаюцца паміж сабой.

Пляту́ха ’саламяны кошык’ (смарг., Сцяшк. Сл.), пляту́шка ’плецены з лазы і саломы посуд’ (Касп.; Нік. Очерки). Да пле́сці (гл.). Суф. ‑ух‑а, ‑ушк‑а мае значэнне ’прадмет дзеяння’ (Сцяцко, Афікс. наз., 71–72).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ірдзе́ст, рдзест ’вадзяная кветкавая расліна з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік’ (ТСБМ), дрост, драсён ’расліна Polygonum L.’ (Байк. і Некр.). Рус. рдест, укр. рдест, рде́сник ’тс’, де́рес ’расліна драсён, Polygonum’, польск. rdest, drest ’расліна Nectris’, в.-луж. drěst, drósi ’расліна Bidens tripartita’, н.-луж. drest ’ірдзест, Potamogeton natans L., Polygonum persicaria L.’, чэш. rdesno, rdest ’расліна Polygonum’, славац. уст. rdest, rdesno ’ірдзест Potamogeton’, славен. rdésen ’расліна драсён, Polygonum’, серб.-харв. дресан ’расліна Polygonum persicaria’. Бел. ірдзест з прыстаўным і‑ з рус. рдест, якое з польск. rdest. Праславянская форма рэканструюецца неадназначна. Фасмер (3, 452) прапануе як магчымую праформу *rъdъstъ, адкуль звычайна збліжэнне з *rъděti, *rъdja (гл. ірдзець, іржа 1), Міклашыч, 284; Брукнер, 455. Найбольш верагодна рэканструкцыя *drěstъ, *drěstьnъ (першапачаткова прыметнік), звязаных з дзеясловам *dristati, паколькі корань раслін сямейства ірдзеставых выкарыстоўваецца як страўнікавы сродак; параўн. рус. завязный корень, животный корень, серб.-харв. желудњак і да т. п. (Мяркулава, Очерки, 41–42; Трубачоў, Эт. сл., 5, 110–111). Махэк₂ (510), Jména rostl. (86), Голуб-Копечны (310) зыходзяць з першапачатковага *nerstъ і звязваюць з нерастам. Іншыя версіі (збліжэнне з грэч. ῥοδον ’роза’ і г. д.) гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіну́ха 1 ‘баркун белы, Melilotus albus Desr.’ (Кіс., Мат. Гом.), ‘драсён птушыны, Polygonum aviculare L.’ (Кіс.), свінну́ха ‘сівец, Nardus stricta L.’ (Касп., Сл. ПЗБ, Шатал., Нар. лекс., ЛА, 1), свінну́х ‘рыжая трава, якая расце на ўзгорках’ (Мат. Маг.), свіну́х ‘сена з сухадольнай сенажаці’ (клім., ЛА, 2), свіне́ц ‘нейкая трава’ (ТС), сві́нская трава́ ‘расліна спарыш’ (Сл. ПЗБ). Рус. свіну́ха ‘драсён, Polygonum arenarium Wald.’, свіна́я трава́ ‘драсён птушыны’, польск. świńska trawa ‘тс’. Ад асновы свін‑ (гл. свіны); семантычная сувязь можа быць дваякай: або трава выкарыстоўваецца на корм свінням, або з-за яе шорсткасці, што прыпамінае свіную шчаціну, параўн. народную назву сіўца — чортава барада (Кіс.).

Свіну́ха 2 ‘грыб сямейства свінухавых з пласціністай шапкай жоўтага, бурага, лілова-шэрага колеру; свінарка, свінушка’ (ТСБМ, Нар. словатв., Мат. Гом.), свіні́цы ‘тс’ (ТС), сюды ж свіна́ркі, сві́нкі, сві́нні (Мат. Гом.), сві́нкі (Нік., Оч., Мат. Маг.), сві́нка (Нар. словатв.), свіну́шка ‘падгруздак’ (Сл. ПЗБ), сві́ня ‘падгруздак белы’ (Нар. словатв.), а таксама сівая свіння, чорная свіння, свінскі грыб ‘грыбы Russula nigricans Fr., adusta Fr.’ (Сярж.–Яшк.). Рус. свину́х, свину́ха, свину́шка ‘свінуха’. Ад свіны (гл.) з рознымі суф. або перанос з назвы жывёліны; гл. Мяркулава, Очерки, 154, 157. Семантычная матывацыя можа быць шматаспектнай: па падабенстве (з лычом свінні) або з-за малаўжывальнасці грыба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗАСЛА́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Мінскае мора,

Ганалес. У Мінскім р-не, за 10 км на ПнЗ ад Мінска. Створана ў 1956. Рэканструявана і добраўпарадкавана ў 1977. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 25,6 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 4,7 км, найб. глыб. 9,1 м. Аб’ём вады 86,1 млн. м³, Чаша — затопленыя рэчышчы і поймы рэк Свіслач, Вяча, Ратамка, Чарняўка. Месцамі ад вадасховішча дамбамі адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдэры. Ёсць 3 глыбокаўрэзаныя залівы (самы вял. Ратамскі), 11 астравоў (агульная пл. каля 0,29 км²). Дно да глыб. 8 м выслана ілам, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Берагі спадзістыя, з Пд і З парослыя лесам (з пасадкамі таполі, вярбы, акацыі). Месцамі створаны штучныя пясчаныя пляжы шыр. 20—50 м.

Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 60—70 см) трымаецца да канца сак. — пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню перавышае 1 м. Са стварэннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы праточнасць З.в. павялічылася ў 3 разы. Ёсць асобныя ўчасткі, дзе абмен вады вельмі запаволены (на У у Спартакаўскім зал.). Пераважаюць вятры паўн.-зах. напрамку, якія могуць утвараць хвалі выш. 0,7—1,2 м. У выніку хвалевай эрозіі інтэнсіўна размываюцца паўд.-зах. і паўд.-ўсх. берагі. Уздоўж берагоў зарастае, расліннасць (чарот азёрны, трыснёг і аер звычайныя, трапляюцца рдзесты, драсён земнаводны) найб. пашырана ў залівах і вярхоўі. Водзяцца акунь, плотка, шчупак, верхаводка. Выкарыстоўваецца для сезоннага рэгулявання сцёку, абваднення Свіслачы, забеспячэння вадой Мінска. З.в. ўваходзіць у зону адпачынку Мінскага м., на берагах размешчаны міжнар. маладзёжны цэнтр «Юнацтва», прафілакторыі, базы для аматараў-рыбаловаў, спартбазы, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і інш.

Г.​С.​Жукоўская.

Заслаўскае вадасховішча.
Краявід на Заслаўскім вадасховішчы.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)