Кеп ’дурань, блазан’ (Гарэц., Нас. Сб., Шпіл., Янк. БП). Укр. кеп ’тс’. Бел. і ўкр. словы запазычаны з польск. kiep ’тс’, якое ўзводзіцца да прасл. формы kъpъ (Слаўскі, 2, 151). Больш верагодным здаецца тлумачэнне польск. kiep як слова балт. паходжання. Параўн. літ. kẽpis ’разява’, якое, аднак, не мае задавальняючай этымалогіі. Незразумела, чаму Лаўчутэ (Балтизмы, 113), адносячы вытворнае ад кеп > кепска да ліку балтызмаў, не выказала сваёй думкі наконт лексемы кеп. Дабрадомаў (вусна) выказаў думку аб магчымым паходжанні бел., укр. і польск. кеп, kiep ад булг. *kȁp ’ідал, балван’ (вядома, што ст.-слав. капиште ’капішча, язычніцкі храм’ таго ж паходжання).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ачу́ціць ’прывесці ў прытомнасць, ажывіць’ (КСП, Сцяц., Сцяшк.), ачу́ніцца ’апрытомнець’ (Янк. I), укр. очу́тити ’прывесці ў прытомнасць’, рус. тул. ачю́тытца ’апрытомнець’, польск. ocucić ’прывесці ў прытомнасць’, ц.-слав. ощутити ’адчуць’, ст.-слав. оштоутити ’пазнаць, адчуць’. Звязана чаргаваннем галосных з ачнуцца; прасл. ot‑jutiti (sę), шляхам дэкампазіцыі ўспрынятае як o‑tjułiti (sę); адпавядае літ. atjaũsti ’спачуваць’ ад jaũsti, jaučiù ’адчуваць’, гл. Махэк, Studie, 41. Няроднаснае да чуць, чую, бо ў апошнім ч‑ мае праславянскі характар, а не з tj‑, гл. Фасмер, 3, 179; Слаўскі, 1, 108. Формы з націскам на канцы развілі значэнне ’апынуцца’, параўн. ачуці́цца ’аказацца, апынуцца’, укр. очути́тися, рус. очути́ться.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́са ’колькасць матэрыі, якая складае цела’, ’вялікая колькасць, мноства, шмат чаго-небудзь’, ’мноства рэчыва без пэўнай формы’, ’народ, шырокія колы насельніцтва’ (ТСБМ, Яруш., ТС). Еўрапейскае слова. У бел. мову запазычана з польск. і, магчыма, паўторна з рус. мовы, у якіх з новав.-ням. Masse (XVI ст.) або з франц. masse > лац. massa ’злітак’, ’ком, глыба, кавалак’, ’хаос’ < ст.-грэч. μᾶζα ’цеста’, ’ячменны хлеб’ < μάσσω ’мяшаю, размешваю’. Сюды ж масаві́к ’той, хто вядзе работу ў масах’, ’арганізатар масавых гульняў’ (ТСБМ), ма́савыя ’летняе свята саўгаснікаў’ (віл., Нар. сл.), масо́ўка ’масавая сцэна ў спектаклі, фільме’, ’масавая прагулка’, ’тайны рэвалюцыйны сход’ (ТСБМ) — усе з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ко́ла 1 ’круг’ (ТСБМ, Яшк., Яруш., Сержп. Пр.). Укр. коло, рус. коло, ст.-рус. коло ’тс’, ст.-слав. коло, балг. коло, серб.-харв. ко̏ло, славен. koló ’тс’, польск. koło, чэш. kolo, славац. kolo, в.-луж. kolo, палаб. tʼölü ’тс’. Прасл. kolo, kolese мае бліжэйшыя адпаведнікі ў ст.-прус. kelan і ст.-ісл. hvel (усе формы сярэдняга роду). Цікава, што ва ўсходнебалтыйскіх мовах прадстаўлена іншая назва кола: літ. ratas, лат. rats (Тапароў, I–K, 305–306).
Ко́ла 2 ’круг, які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння’ (ТСБМ, Нас., Шат., Рам., Яруш., П. С., Сержп. Пр.). Гл. кола 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кры́нка ’гладыш’ (Мат. Маг., Ян., Мат. Гом.). Рус. кринка ’тс’, ст.-рус. крина ’мерка збожжа’, балг. крина ’тс’, серб.-харв. крина ’тс’, славен. krínja ’чан’, в.-луж. krina ’карыта’. Астатнія славянскія паралелі маюць памяншальную суфіксацыю. Развадоўскі (Wybór, 2, 174–175) аддзяляў слова са значэннем ’крыніца’ ад слова са значэннем ’пасудзіна’. Першае ён выводзіў са ст.-грэч. κρήνη ’крыніца’, другое — з невядомай нам таксама грэчаскай формы. Калі браць пад увагу значэнне ’драўлянае начынне’, то не выключана сувязь з лац. scrinium ’скрынка’ (Бернекер, 1, 617). Прыняць генетычную сувязь паміж славянскімі і лацінскай лексемамі нельга. Хутчэй тут старое лексічнае пранікненне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
-сі, часціца пры параўнальным злучніку чым: з грэцкой мукі лемешка лепей чим‑си с аржаной (Нас.), варыянт чим‑ся (там жа). Паводле Карскага (2–3, 491), паходзіць з указальнага займенніка *sь (гл. сей). Выказваюцца таксама меркаванні пра паходжанне аналагічных часціц у іншых славянскіх мовах з рэштак аптатыву дзеяслова *es‑ ‘быць’ (ESSJ SG, 2, 607) або з формы Д. скл. зваротнага займенніка *sę (Сабалеўскі, Slavia, 8, 485 і інш.), аднак для канкрэтных выпадкаў цяжка прыняць адназначнае рашэнне (агляд і абмеркаванне версій гл. у ESJSt, 13, 814). Варыянтнасць ‑сі/‑ся схіляе да думкі пра займеннікавае паходжанне форм. Гл. таксама -ся.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Апла́тва, опла́тва ’абчасанае бервяно ў апошнім вянцы зруба над бэлькамі’ (Шушк.). Польск. oplatwa ’тс’, укр. платва верхняя бэлька ў зрубе’, славац. platva ’плоскі кавалак матэрыялу, якім што-небудзь закрываюць’. Зважаючы на ўкраінскую і славацкую формы, можна дапусціць другаснасць пачатковага о‑ як фанетычнай пратэзы, хаця гэта і не неабходна. Ад дзеяслова (а)плаціць з суф. ‑тва (параўн. малітва); роднасна слову плот ’агароджа’, плыт. Іншая магчымасць: ад дзеяслова *пластаць ’дзяліць на пласты (плахі)’, на што ўказвае чэш. plastva ’пласт’, давала б тлумачэнне слова як больш старажытнага. Узаемаадносіны беларускага, украінскага, польскага, славацкага слоў няясныя: тут магчыма захаванне старога агульнага слова, а таксама адлюстраванне ўзаемных уплываў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Драфа́ ’драфа’ (БРС). Назва гэтай птушкі сустракаецца ў слав. мовах у розных формах: рус. дрофа́, дрохва́, укр. дро́хва́, дро́фа, балг. дро́пла, серб.-харв. дро̏пља, ст.-чэш. droptva, чэш. drop, славац. drop, польск. drop. Раней (гл. Фасмер, 1, 542) зыходнай прасл. формай лічылі *dropy (р. скл. *dropъve). Лепш арыентавацца на ст.-чэш. droptva (гл. у Гебаўэра, Sl. stč., I, 839; сустракаюцца таксама формы dropa, dropfa, drofa) і лічыць зыходным *dro‑pъty (да і.-е. *dr‑/*der‑ ’хутка бегаць’ і *pъt‑ ’птушка’). Падрабязны агляд матэрыялу і этымалагічных версій гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 125–126 (там і літ-ра).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Друз ’шчэбень, друз’ (БРС), ’перабітая і засохлая камякамі зямля; смецце з зямлёй’ (Шат.), ’трэскі; смецце; кавалкі гліны, цэглы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. дыял. друз ’смецце’. Параўн. далей рус. друзга́ ’наогул усё рыхлае і сухое; смецце, сухое лісце і да т. п.’, друзг ’галлё’, ст.-рус. друскъ ’галлё’, польск. druzga ’асколкі і да т. п.’ Лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі прасл. характару (агляд форм гл. у Фасмера, 1, 543; падрабязна ў Трубачова, Эт. сл., 5, 133). Не выключаецца, аднак, што некаторыя формы могуць быць самастойнымі ўтварэннямі ў паасобных слав. мовах. Гл. дру́згаць, друзгата́ць. Сюды адносіцца і бел. дру́зачка ’трэска, кавалачак’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зме́на ’прамежак часу’ (ТСБМ), ’зменнае поле’, ’здрада’ (Нас.), рус. сме́на, укр. змі́на, польск. zmiana ’змяненне’, ’прамежак часу’, чэш. změna ’змяненне’, славац. zmena ’тс’, славен. zmȇna ’дамоўленасць, размова, гульня; змяненне’, серб.-харв. сме̏на ’змяненне; змена’, балг. смя̀на ’тс’, макед. смена ’тс’. Параўн. ст.-рус. съмѣнити ’змяніць’ (1331 г.), измѣнити ’змяніць’ (1076 г.), ’здрадзіць’ (1076 г.), измѣна ’змяненне’, ’замена’, ’здрада’ (XI ст.). Параўн. серб.-луж. změnić, změniś ’змяніць’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова змяняць, у якім кантамінаваліся дзве прэфіксальныя формы: sъ‑měnʼati і jьz‑měnʼati; першае значэнне ад першай, інш., асабліва апошняе, верагодна, ад другой. Але магчыма, што значэнне ’здрада’ з рус. Корань měn‑ гл. мена.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)