Лі́пец 1, лі́пэць ’ліпень’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Бес.; воран., Шатал.; смарг., паст., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. липецъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. lipiec (Жураўскі, SOr, 1961, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 185; Арашонкава, БЛ, 2, 47). Адна к Слаўскі (4, 273), прыводзячы ў якасці роднасных рус. липец ліпень’, укр. липець ’тс’, паўд.-слав.: серб.-харв. ли̏пац ’від ліпы’, славен. lȋpec ’ліпа лясная’, выводзіць прасл. lip‑ьcь, які называў сёмы месяц. Да лі́па (гл.). Сюды ж ліпцовы (мёд) ’сабраны з ліпы ў час яе цвіцення’ (ашм., З нар. сл.).

Лі́пец 2 ’ліповы мёд’ (Нас., ТСБМ), палес. лі́пэ̂ц ’тс’ (Анох.), укр. липець ’тс’, рус. цвяр. липец ’тс’, ’напітак з мёду’, польск. lipiec ’тс’. Прасл. lip‑ьcь (Слаўскі, 4, 273). Да лі́па (гл.).

Лі́пец 3, лі́пяц ’праполкі (слуц., Сл. паўн.-зах.). Да кораня ліп‑ (ліпнуць, ‑липати). Гэта пацвярджаецца і тлумачэннем інфарматара: «Ліпец — гэта клей, якім пчолы залівалі шчыліны ў вуллі».

Лі́пец 4 ’павітуха льняная, Cuscuta epilinum Weihe’. Да ліпнуць (гл.). Названа паводле таго, што гэта расліна-паразіт абвівае расліну-гаспадара, прысмоктваючыся да яе сваімі прысоскамі (БелСЭ, 7, 590). Тое ж адносіцца і да рус. липец ’маруна ўчэпістая, Galium aparine L.’, укр. липник ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капы́л 1 ’кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, Яруш., Касп., Бяльк., Грыг., Гарэц., Некр. і Байк.; КЭС, лаг.). «Не мерай усіх на свой капыл» (Янк. БП), ’дэталь саней’, ’дубовы брусок, што ўстаўляецца ў полаз, а за яго закручваецца вяз для злучэння палазоў’ (Сцяшк., Сержп. Грам.), укр. копил ’тс’, рус. копыл ’тс’. Адпаведна да вядомай версіі звязана генетычна з балг. копеле ’незаконнанароджаны’, серб.-харв. ко̏пил ’тс’ (Бернекер, 564; Фасмер, 2, 320; Трубачоў, Эт. сл., 11, 32–34). Семантычна гэта тлумачыцца як пераход тыпу рус. пасынок ’пасынак’ і ’падпорка, лішняя галіна, больш тонкі з двух ствалоў, якія выраслі з аднаго кораня’. Але гэта тлумачэнне не пераконвае, хаця ўкр. копил мае таксама значэнне ’незаконнанароджаны’ і можна меркаваць аб праславянскім характары лексемы, якая застаецца этымалагічна непразрыстай. Да таго ж першае значэнне застаецца за межамі семантычнага пераходу. Ці не звязана капыл ’кавалак дрэва ў форме ступні’ з прасл. kopyto (адпаведна з фармантамі: рэгулярным ‑ylъ (SP, 1, 112) і нерэгулярным ‑yto (гл. капыта).

Капы́л 2 ’матыка для апрацоўкі ляда’ (Малчанава, Мат. культ.; Маш., Шатал.), ад капаць («капылом капылім бульбу» — Шатал.). З фармантам ‑ylъ (SP, 1, 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ква́каць ’утвараць гукі, падобныя да «ква-ква» (гл. таксама кво́каць) (ТСБМ) ’крычаць (пра качку)’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’крычаць (пра жаб)’ (Нік. Напаў., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’пра пчол’ (Анох.). Укр. квакати ’крычаць (пра жабу або пра качку)’, рус. квакать ’тс’, балг. квакам ’тс’, макед. квакам ’тс’, серб.-харв. ква́кати ’тс’ (таксама пра варон)’, славен. kvȃkati ’крычаць (пра жаб, варон)’, польск. kwakać ’крычаць (пра качак, жаб, варон)’, чэш. kvákati ’крычаць (пра качак, гусей, варон)’, славац. kvákať ’тс’, в.-луж. kwakać ’тс’, н.-луж. kwakaś ’тс’. Яшчэ прасл. kvakati ’крычаць (пра качак і варон)’. Гукапераймальнае. Параўн. укр. ква, квак (пра жаб), рус. ква, квак ’тс’, серб.-харв. ква‑ква (пра качак), славен. kva‑kva (пра жаб), балг. ква‑ква ’тс’ і г. д. Балтыйскія паралелі: літ. kvakė́ti ’крычаць (пра жаб), смяяцца’, лат. kvākt ’тс’. Улічваючы экспрэсіўнасць гэтых слоў, яны наўрад ці сведчаць аб балта-славянскай архаіцы. Да таго ж кароткі карэнны вакалізм у літ. паралелі не рэгулярны. Трэба таксама мець на ўвазе літ. kvatóti ’смяяцца’, пад уплывам якога kvakė́ti магло атрымаць другое значэнне і разам кароткі вакалізм (Бернекер, 655; Фасмер, 2, 217; ЕСУМ, 2, 413; Фрэнкель, 325).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́рфа 1 ’музыкальны інструмент’, сустракаецца ўжо ў XVI ст. (Шакун, Гісторыя, 106), у Бярынды, 12, 28: бряцало і гусль — гарфа, арфиста — гудецъ у Лексісе Зізанія: арфа. Паводле Шанскага, 1, А, 150, рус. арфа з XVII ст. з польск. arfa, паводле Фасмера, 1, 90, з нямецкай, як і польскае (гл. яшчэ Маргаран, ЭИРЯ, 6, 91; Шанскі, ЭИРЯ, 4, 182). Ст.-бел. арфа, арфиста з польскай мовы, магчыма, што рус. арфа, арфиста (арфист — пазнейшае пераафармленне) таго ж паходжання. У польск. arfa, harfa з ням. (агульна-германскага) Harfe (раней Harpfe) (Слаўскі, 1, 406). Сучасная літаратурная форма арфа замацавалася, магчыма, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 84), дзе ў адрозненне, напр., ад польскай і ўкраінскай форма з пачатковым г‑, здаецца, не вядома. Арфіст з рускай, напэўна ў XX ст.

А́рфа 2 ’веялка’, арфава́ць, арфава́льшчык (БРС, Яруш.), у дыялектах распаўсюджаны формы з субстытуцыямі ф: арпа, арпаваць (Касп., Жд.), арха, архаваць (Касп., Янк. I, Сцяц., Арх. Бяльк.), гархаваць (Выгонная, Лекс. Палесся, 82); асобна гл. арба 2. Паводле Слаўскага, 1, 406, у польскай мове XVII ст. harfa ’прылада для ачышчэння збожжа’ з нямецкай, дзе Getreideharfe ’веялка’. З польскай у беларускую, з польскай ці беларускай у літ. ar̃pas, árpa, árba (LKŽ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскірза́цца ’агрызацца’. Укр. оскіря́тися ’выскаліцца, ашчэрыцца’, ошкіря́тися, ви́шкіряти(ся); рус. разм. оски́риться. Відавочна, таго ж кораня, што ашчэрыцца, шчэрыць (гл.). Махэк₂, 627 (пад štířiti), прыводзіць ст.-чэш. oškeřiti se, дыял. чэш. škeřit se, мар. vyskeřák (назва птушкі). Узыходзіць да і.-е. *(s)kēr‑ ’раздзяляць, рэзаць’ (Покарны, 938); параўн. літ. skìrti ’раздзяляць, раз’ядноўваць’, skir̃sti трэскацца (аб скуры, зямлі)’. Захаванне ‑ск‑ перад ‑і‑, магчыма, тлумачыцца ўплывам слоў тыпу скаліцца, склабіць. Элемент ‑з‑ дадаваўся да кораня, які дээтымалагізаваўся, аддзяліўшыся ад варыянта ‑шчэр‑, магчыма, у выніку кантамінацыі з агрызацца. На іншую магчымасць тлумачэння ‑з‑ указвае рус. дыял. паўн. карзать, корзать ’абрэзваць галлё’, славен. kŕzati ’рэзаць дрэнным нажом’, серб.-харв. кр̏зати ’сточваць’ (гл. Фасмер, 2, 199); параўн. таксама рус. дыял. карзубый, карзун ’чалавек без пярэдніх зубоў’, якое ўзводзяць да *kъrnozǫbъ, але нельга выключыць сувязь (магчыма, другасную) паміж аскірзацца і карзун, а, магчыма, таксама бел. прозвішчамі Карзон, Корзун, Карзей, Кірзей; параўн. яшчэ скаруза ’ўпарты’, скарузіцца ’ўпірацца, капрызіць’ (Касп.), рус. скоросый ’запальчывы, няўжыўчывы’. Аб корані гл. Райзензон, Проблемы лексикологии, 1973, 145–152. Для тлумачэння славянскіх форм з ‑ск‑, ‑шк‑ як запазычаных з балтыйскай няма семантычнай падставы; пашырэнне на чэшскай тэрыторыі таксама супраць гэтага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асо́ба (БРС, Нас., Яруш.). Рус., укр., балг. особа, серб.-харв. о̀соба, польск., чэш., славац., славен. osoba, в.-луж., н.-луж. wosoba. У старабеларускай са значэннем ’форма, сукупнасць рыс, твар’ (Гіст. мовы, 1, 219). У ст.-рус., ст.-слав. толькі особь, ст.-рус. особѣ ’особна’. Літ. asabà ’асоба’ з польскай ці беларускай (Фрэнкель, 18). У польск. osoba з XV ст. Звычайна лічаць, што назоўнік утвораны з прыслоўнага выразу о собѣ ’особна’ (Фасмер, 3, 162). Гэта, аднак, незвычайны шлях утварэння назоўнікаў. Хутчэй трэба лічыць утвораным з вядомага ўжо ў стараславянскіх помніках дзеяслова особити (сѧ) ’жыць асобна’ як бяссуфіксны назоўнік. Рускае слова, вядомае з пачатку XVIII ст., Вінаградаў, Очерк, 32; Фасмер лічыць запазычаным з польскай, а Шанскі, КЭСРЯ, 315, — агульнаславянскім. Улічваючы час фіксацыі рускага слова (прыкладна на стагоддзе пазней, чым у заходнерускіх помніках), магчыма, трэба пагадзіцца з Вінаградавым і інш. Позняя фіксацыя і старабеларускія значэнні гавораць у карысць таго, што беларускае слова трэба лічыць запазычаным з польскай, дзе пашырана, магчыма, пад чэшскім уплывам. Дзеяслоў *osobiti ўтвораны непасрэдна ад прыслоўнага выразу *о sobě ці, хутчэй, ад праславянскага прыметніка *osobъ, што захаваўся ў выглядзе асобы, утворанага ад *о sobě; адсюль і асобны (*osobьnъ); ад асоба ’персона’ — асабовы, асабісты (магчыма, на польскай глебе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́бкі 1 (мн.) ’расліна Acorus calamus L., аер’ (Бейл.). Матывацыя гэтай назвы (расліну завезлі ў Еўропу дзесьці ў XV ст.) застаецца не зусім зразумелай, але, бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба ’жанчына, бабуля’. Аб гэтым сведчаць серб.-харв. бабји штапи ’Acorus calamus’ (таксама бабад, бабан, гл. Сіманавіч, 9). Магчыма, мелася на ўвазе тое, што расліна ўжывалася як лякарства супраць пэўных хвароб (параўн. Махэк, Jména rostl., 300–301; лячылі звычайна бабы-знахаркі, параўн. ба́бка ’Plantago’).

Ба́бкі 2 (мн.) ’расліна Trifolium repens L., канюшына паўзучая’ (Бейл.). Да ба́бка (круглы прадмет). Матывацыя назвы: круглыя галоўкі кветак расліны. Параўн. укр. (для Trifolium): ворішина, орішина, орішок, пупчики, головашки, іванова голова, яблучка, попки (з іншай перадачай той жа матывацыі).

Ба́бкі 3 ’расліна Oxalis acetosella L., кісліца звычайная’ (Бейл.). Мабыць, назва ўзята ад расліны ба́бкі ’Trifolium’ (гл.). Oxalis, як і Trifolium, мае тры лісцікі. Параўн. таксама іншыя назвы Oxalis: бел. заячча канюшына, чэш. kyselý dětel, zaječi dětel, славац. zajačia ďatelinka і г. д. (з яснай сувяззю з канюшына, dětel ’Trifolium’). Параўн. таксама бабо́к, бабо́ўнік, бо́бік.

Бабкі 4 ’частка самапрадкі — стойкі, паміж якімі кола’ (Влад.). Мабыць, таго ж паходжання, што і ба́ба ’саха, жэрдка калодзежнага жураўля’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара 1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра 2.

Барба́ра 2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра 1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbara ’доўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́- прыстаўка для абазначэння розных прасторавых, часавых і іншых адносінаў. Надае значэнні: назоўнікам — ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але не з’яўляецца ім у поўнай меры’: по́гуд ’невыразны гул’ (Сцяшк. Сл.), по́кут ’покуць’, по́кліть ’свіран, клець’ (Тарн.); прыметнікам і прыслоўям — ’некаторае ўзмацненне якасці’ ці ’прысутнасць яе ў малой меры’: по́даўна ’даволі даўно, даўнавата’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), по́дыўна ’тс’ (Бяльк.), по́даўка, по́цесна ’цеснавата’, по́вісокі ’высакаваты’, по́малы ’малаваты’, по́цемна ’цемнавата’, по́весел ’пад чаркай’ (Нас.), по́велікі ’велікаваты’ (ТС). Паводле Цвяткова, по‑ ў апошніх формах генетычна суадносіцца з паказчыкам вышэйшай ступені параўнання ў балгарскай мове: по‑висок ’вышэйшы’ (Цвяткоў, Запіскі, 51); а таксама ў македонскай мове: помлад ’маладзейшы’. У тым жа значэнні вядома большасць славянскіх моў: укр. по́широкий ’трохі шырэйшы’, по́твердний ’цвердаваты’, польск. pobielawy ’белаваты’, чэш. posilný ’даволі моцны, трохі мацнейшы’, в.-луж. počorni ’чарнаваты’, н.-луж. pocarny ’тс’, славен. počrn ’тс’, серб.-харв. подобар ’даволі добры’; гэта дазваляе рэканструяваць праслав. *po‑ з адпаведным значэннем, параўн. лат. padargs ’задарагі, дарагаваты’, што выводзіцца са значэння ’пасля, за’ адпаведнага прыназоўніка (ESSJ, 1, 189; БЕР, 5, 395; Скок, 2, 692–693; ESJSt, 11, 667), гл. па 1, па 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́ба 1 ’рыба’ (ТСБМ; Бяльк.; Сцяшк. МГ), ры́біна ’рыбіна’ (ТСБМ; брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ри́ба, рус. ры́ба, польск. ryba, палаб. roibó, н.-луж. ryba, в.-луж. ryba, чэш. ryba, славац. ryba, славен. riba, серб., харв. рӣба, макед. риба, балг. ри́ба. Наконт паходжання слова аднадушнага меркавання няма. Мікала (Ursl. Gr., 1, 124; РФВ, 48, 279) супастаўляе з ням. Aalraupe (радзей Raubaal) ’налім; рыба з сямейства вугроў; рыба са змеепадобным целам’, дзе Aal ’вугор’, а ‑raupe < ruppo (ст.-в.-ням. rūppa, rūpa ’налім’). Ваян (RÉS, 9, 123 і наст.) звязвае прасл. *ryba і *ryti з і.-е. коранем *reu‑/*rou‑/*rŭ‑ і суфіксам ‑(ъ)b‑a (як *strělьba) і першасным значэннем ’спосаб лоўлі рыбы шляхам узрывання дна’, але гэтая спроба крытыкуецца. Паводле Тапарова (ЭИРЯ, 1, 5–10), звязана з рабы́ ’стракаты’. Агляд іншых версій і літ-ры гл. ESJSt, 13, 786; Жураўлёў, Язык и миф, 457–458.

Ры́ба 2 ’няроўнасці на палатне касы пры няўмелым кляпанні’ (Сл. Брэс.). Можа, да *ryti з суфіксам ‑(ъ)b‑a?

Ры́ба 3, у ры́бу ’гульня хлопчыкаў’ (гродз., Нар. словатв.). Да рыба 1 з прычыны таго, што гульня імітуе лоўлю рыбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)