ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),

адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.

Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.​Петрарка, П.​Рансар, У.​Шэкспір, Я.​Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.​Байран, Р.​Бёрнс, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Пушкін, М.​Лермантаў, А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, Т.​Шаўчэнка, Ш.​Пецёфі, П.​Верлен, А.​Блок, У.​Маякоўскі, С.​Ясенін, П.​Элюар, Назым Хікмет і інш.

Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, А.​Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Лучына, Ф.​Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, А.​Гарун, М.​Танк, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.​Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.​Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.​Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.

Літ.:

Гніламёдаў У.​В.​Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;

Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сло́ва, -а, мн. -ы, слоў, н.

1. Асноўная сэнсавая адзінка мовы, якая свабодна ўзнаўляецца ў мове і служыць для пабудовы выказвання.

Іншамоўныя словы.

Падзяліць с. на склады.

2. адз. Мова і маўленчыя здольнасці.

Культура с.

Валодаць словам.

3. звычайна мн. Фраза, выказванне; гаворка, размова.

Бацькавы словы.

Сказаць некалькі слоў на развітанне.

4. адз. Вуснае публічнае выступленне, прамова дзе-н., а таксама права, дазвол гаварыць публічна.

Заключнае с. на выбарным сходзе.

Атрымаць с. для выступлення.

5. адз., з азначэннем. Думка, вывад; дасягненне ў якой-н. галіне.

У гэтай справе трэба с. вучоных.

Новае с. ў навуцы.

6. мн. Тэкст да вакальнага твора.

Песня на словы Адама Русака.

7. адз. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання (уст.). «С. аб палку Ігаравым».

◊

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — ад пачатку да канца.

Апошняе слова —

1) навейшае дасягненне (кніжн.);

2) заключнае слова падсуднага.

Браць слова назад (разм.) — адмаўляцца ад сказанага.

Глытаць словы — гаварыць неразборліва.

Да слова сказаць — у сувязі са сказаным.

Закінуць слова за каго (разм.) — падтрымаць пры неабходнасці.

З чужых слоў — з таго, што сказана кім-н.

Не абмовіцца ні адным словам — змаўчаць.

Слова за слова —

1) пра паступовае развіццё размовы;

2) спрачаючыся, пасварыцца.

Слоў няма (разм.) — канешне, так.

У адно слова — разам, адначасова падумаць, сказаць.

У двух словах (разм.) — коратка.

Цвёрдае слова — якому можна верыць.

|| памянш. сло́ўца, -а, н. (да 1 і 3 знач.; разм.).

|| прым. сло́ўны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Казы́тка 1 ’русалка’: «Казыркі маюць быць белые, як снег, паненкі і вельмі пекныя» (Федар., 1, 76, 76). Гэтая ж лексема прыводзіцца і ў Інстр. II; статус апошняй няясны, не выключана, што гэта эксцэрпцыя з Федароўскага. Да казытаць (гл.) матывацыя зразумелая: «русалкі як зловяць, так заласкочуць (заказычуць) цыцкамі».

Казы́тка 2 ’ласка, жывёла Mustela nivalis’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ў слоўніку («Учора папужала маіх хлопцаў казытка, дык больш во не пойдуць па каласы», с. 194) дазваляе думаць пра магчымую сувязь з казытка 1. Перанос назвы ў такім разе мог бы быць у выніку нейкай функцыянальнай субстытуцыі рэалій. Параўн. вядомы выпадак з назвай расамахі: расамаха, расамака ’нейкі невядомы звер’ і ’нейкая страшная жанчына’. Тут можна было б думаць пра адваротны перанос у выніку забыцця рэаліі ці верагодным атаясамліванні рэалій, вядома, што ласка лічылася дэманічнай істотай, якая магла прынесці шкоду свойскай жывёле, гэта дазваляе меркаваць і аб магчымым ужыванні дзеяслова казытаць у дачыненні да начных паводзін ласкі ў хляве. Калі гэта так, можна разглядаць назву казытка як самастойную. Аднак яна з’яўляецца, безумоўна, другаснай, даўні тэрмін — ’ласка, ласіца’. У сваю чаргу казытаць таксама інавацыя, ужывалася даўняе ласкатаць. Можна дапусціць, што казытка ’Mustela’ гэта калька назвы ласка, якая (пры калькаванні) была суаднесена з ласкатаць ’казытаць’. Калі ж сапраўды ёсць нейкая сувязь паміж ласка і ласкатаць. то тэрмін казытка мог быць утвораны ад казытаць паводле той самай матывацыі. Для ласка, ласіца прапанаваны былі розныя этымалагічныя версіі. Найбольш аргументаванай уяўляецца этымалогія, паводле якой назва łasica (магчыма, першасны дэмінутыў) ад *lasa; апошняе — дэрыват ад прасл. прыметніка ’назва колеру’, гл. Слаўскі, 5, 15–17, там жа літ-pa і агляд версій. Па другой версіі Трубачоў (ЭИРЯ, 2, 29–32) звязвае ласіцу, ласку з праслав. *lastaf *lastovica ’ластаўка’, якое суадносіцца з ласка ’любоў, пяшчота і інш.’ Таксама і Слаўскі (там жа) мяркуе, што ў паўн.-слав. мовах магло адбыцца другаснае збліжэнне (у выніку народнай этымалогіі) з *lasli(sę) ці, можа, */as*ö (лакамы, ласы); раней Растафіньскі (на падставе цікавых назіранняў над паводзінамі ласкі) і Брукнер звязвалі з прасл. *lasiti(sę). Відавочна, што матывацыя такога тыпу (ласка: якая лавіцца) не падыходзіць для тлумачэння казытка, магчыма, толькі падкрэсліваецца невыпадковасць суаднесенасці казытка (як калькі) з гукавым комплексам ласк‑. Паўн.-слав. *laskotatit як аб гэтым мяркуе Слаўскі (5, 28), магчыма, з’яўляецца інтэнсівам ад прасл. *laskati, аднак не выключана, што суадносіцца з lъзкъЛай ’казытаць’. Таму цяжка меркаваць аб яўнай суаднесенасці назвы ласка ’Mustela’ і ласкатаць. Хутчэй за ўсё тут разам уплывалі і падабенства гукаў і народная этымалогія, і казытка. як калька ласка, абумоўлена шэрагам розных фактараў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асцерага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі, і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка. — Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! — маліла маці і несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Карпюк. // каго. Быць асцярожным у сваіх адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Падпольнае і партызанскае жыццё навучыла яго [Косцю] асцерагацца ворага, не падпускаць яго да сябе. Якімовіч. Князь.. славіўся адвагай і вельмі запальчывым характарам, і.. яго асцерагаліся. Самуйлёнак. А Грышка, дык той проста лічыў Казюка не сваім хлопцам і казаў усім асцерагацца яго. Чарот.

2. чаго або з інф. Устрымлівацца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. з перасцярогі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

1. Адводзячы, знімаючы або адстаўляючы ўбок тое, чым перакрыты ўваход ці выхад, пройма ў якое‑н. памяшканне, у якую‑н. пасудзіну і пад., зрабіць даступнай унутраную або знешнюю прастору; адкрыць; проціл. зачыніць. Адчыніць хату. □ Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка. Колас. // Зняць накрыўку; адвесці дзверы і пад. Адчыніць вароты. □ Данік не вытрымаў, узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны. Брыль. // Пусціць у памяшканне, даць увайсці каму‑н. [Рыгор] падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Гартны.

2. Тое, што і адкрыць (у 3 знач.). Падабраўшы з сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат, [пан Вашамірскі] адчыніў у сябе студыю. Бядуля. [Андрэй:] — Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць. Чарот.

•••

Адчыніць дзверы — а) даць шырокую дарогу для свабоднага паступлення куды‑н., стварыць спрыяльныя ўмовы; б) зайсці, наведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абня́ць, абніму, абнімеш, абніме і (радзей) абдыму, абдымеш, абдыме; зак., каго-што.

1. Абхапіць рукамі каго‑, што‑н. Маці абняла свайго сына і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Калі паляўнічы пайшоў, Санька абняў Мурзу за шыю і прытуліўся да яго галавы шчакою. Ваданосаў. Любімыя змалку прасторы Рукамі абняў бы Максім. Аўрамчык. // Акінуць позіркам, поглядам. Не хапае ні сілы, Ні маіх задумёных вачэй Стэп абняць І палі залацістыя Спелай пшаніцы. Хведаровіч.

2. Акружыць, ахапіць з розных бакоў. Зялёная агароджа абняла двор. □ Раптам дарогі струну лес векавечны абняў. Танк. Столькі выпала маці кроснаў, Што калі разгарнуць на зямлі У адзін рад іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка. // перан. Ахінуць, абвалачы з усіх бакоў. Пажар абняў сяло. □ Усе палі, што за ўзгоркам, абняло агнём: гарэла спелае жыта. Гурскі.

3. перан. Ахапіць, авалодаць кім‑н. (пра пачуцці). Ні мук, ні хвалявання — лясны спакой душу маю абняў. Машара.

•••

(Як) вокам (зрокам, позіркам) абняць — вельмі далёкі, як толькі можна ўбачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знаёмы, ‑ая, ‑ае; знаем, ‑а.

1. Раней зведаны, спазнаны, прывычны. Знаёмы голас. Знаёмая мелодыя. □ Зося лёгка разбірала знаёмы почырк. Крапіва. Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі, так добра знаёмыя дзеду. Колас.

2. з чым або каму-чаму. Які зведаў, выпрабаваў што‑н., мае пазнанні ў чым‑н. Як чалавек, знаёмы з тутэйшымі парадкамі, .. [Кібрык] з самага пачатку сеў воддаль, на тахту. Шыцік. Рэдактар надзеў акуляры, паклаў на стол жылістыя рукі — ім, відаць, знаёма была ў свой час фізічная праца. Хадкевіч.

3. Які знаходзіцца з кім‑н. у знаёмстве (у 1 знач.). Мяркуючы па тым, як .. [юнакі] сустрэліся, як жартуюць, лёгка можна было заключыць, што яны даўно знаёмыя і паважаюць адзін аднаго. Анісаў.

4. у знач. наз. знаёмы, ‑ага, м.; знаёмая, ‑ай, ж. Той, (тая), хто знаходзіцца ў знаёмстве з кім‑н.; знаёмы чалавек. У цэнтры горада, ля крамы, на рагу, Знаёмая знаёмую спаткала. Корбан. Бацька і маці пайшлі да знаёмых у госці, а Віця застаўся дома. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзя́куй,

1. часціца; каму і без дап.; за што, на чым і са злучн. «што». Ужываецца як выражэнне падзякі; дзякую. Дзякуй вам. Дзякуй на добрым слове. □ [Карнейчык:] Дзякуй табе, гаспадынька, няхай цябе бог надорыць усім, чым ты сама хочаш. Крапіва. [Ігнась:] — Дзякуй за прытулак, Дзякуй за хлеб-соль. Сёння, мой дзядуля, Мне пайсці дазволь! Бядуля. Дзякуй глебе, што кожнае зернетка сокам, нібы маці грудзямі, ўскарміла, ўспаіла. А. Вольскі.

2. у знач. наз. дзя́куй, нескл., н. Падзяка, удзячнасць. І ўсёй неабсяжнай радзімы ваякам Мы шлем прывітанне — народнае дзякуй! Броўка. Заслонаў перадаў Дакутовічу партызанскае дзякуй за зброю. Шчарбатаў.

•••

Дзякуй (дзякаваць) богу — а) (у знач. вык.) добра. — Што ў горадзе? — Спакойна. — Дзякуй богу! Гурскі; б) (у знач. вык.) добры, нядрэнны. [Язва:] Праўда, глянуўшы на вас, адразу можна сказаць, што справы ў вас — дзякуй богу. Крапіва; в) (у знач. пабочн.) на шчасце, слава богу. — Ну, дзякуй богу, разышліся, — з палёгкай уздыхнула Вера. Машара.

Дзякуй за ласку (іран.) — ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н.

За дзякуй (іран.) — бясплатна, дарма (зрабіць, выканаць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мір ​1, ‑у, м.

1. Адсутнасць варожасці, сварак; згода. Да ўсеагульнага задавальнення ў кухні ўсталяваўся мір і парадак. Лынькоў. А раніцай было ясна, што ў доме можна чакаць усяго, але толькі не міру. Ракітны.

2. Адсутнасць вайны; суіснаванне дзяржаў і народаў у згодзе між сабой. Мы робім і будзем рабіць усё магчымае, каб адстаяць і ўмацаваць мір, збавіць чалавецтва ад новых знішчальных войнаў. Брэжнеў. Грымяць, усё мацней грымяць апладысменты простых людзей, што патрабуюць міру ва ўсім свеце. Васілёнак.

3. Пагадненне паміж варожымі бакамі аб канчатковым спыненні ваенных дзеянняў; мірны дагавор. Падпісаць мір. □ Рыжскі мір .. даў магчымасць Савецкай Беларусі распачаць аднаўленне народнай гаспадаркі. «Весці».

4. Спакой, цішыня. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко.

•••

Голуб міру гл. голуб.

Сацыяльны мір — ідэя прымірэння класаў, якую прапаведуюць дробнабуржуазныя сацыялісты.

мір ​2, ‑а, м.

Уст. Сельская грамада. — Што будзе міру, — сказаў дзед устрывожанай матцы, — тое і бабінаму сыну. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)