трапа́ць, траплю, трэплеш, трэпле; незак., каго-што.

1. Ачышчаць валакно спецыяльнай прыладай, выбіваючы кастрыцу. Можна было цэлы дзень трапаць поруч з .. [Аняй] лён або стаяць ля малатарні і не пачуць ад яе ніводнага слова. Васілевіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.

2. Ласкава пагладжваць, пастукваць рукой, пальцамі. [Гарлахвацкі:] (Трэпле яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра. Крапіва. — З табою, брат, не прападзеш, — сам сабе пасміхаецца Амяльян і трэпле каня па крутой шыі. Колас.

3. Тузаць, гайдаць (пра вецер). Гуллівы вятрыска трэпле падалы .. спаднічак [дзяўчат], і яны прытрымліваюць іх рукой. Асіпенка. Расшпілены кажушок трапаў вецер. П. Ткачоў.

4. Частым або неакуратным ужываннем рабіць якую‑н. рэч непрыгоднай. Шкада, што [Сафрон] новыя боты па лясных дарогах трэпле.. Але нічога не зробіш. На такую работу не ў лапцях ісці. Чарнышэвіч.

5. Разм. Ісці вялікую адлегласць. [Сцёпка:] — Я сам гатаваўся, сто вёрст [пехатой] трапаў, здаў экзамены... Колас.

6. Пачаць біць, калаціць, уцягваць ворага ў частыя баявыя сутычкі. Трапаць варожую армію.

•••

Трапаць нервы — хвалявацца; моцна нерваваць каго‑н.

Трапаць (мянціць, малоць) языком — гаварыць шмат і без толку, гаварыць бязглуздзіцу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)