МО́ІСІ ((Moissi) Аляксандр) (Сандра) (2.4.1880, г. Трыест, Італія — 23.3.1935),
нямецкі акцёр. Па нацыянальнасці албанец. З 1898 вучыўся ў Венскай кансерваторыі (барытон), быў статыстам, пазней акцёрам «Бургтэатра». З 1904 працаваў пад кіраўніцтвам М.Райнгарта, у 1905—33 у Ням. т-ры і «Камершпіле» (Берлін). Акцёр шырокага дыяпазону. Творчасць вызначалася адухоўленасцю, эмацыянальнасцю, мяккай вытанчанасцю пластыкі, імкненнем да перадачы вобразаў высакародных герояў, якія пакутуюць ад сутыкнення з жорсткасцю і несправядлівасцю жыцця. Сярод роляў: Освальд («Прывіды» Г.Ібсена), Гамлет, Рамэо («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), маркіз ды Поза, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мефістофель («Фауст» І.В.Гётэ), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Іванаў («Іванаў» А.Чэхава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РА ((Moro) Альда) (23.9.1916, г. Малье, Італія — 9.5.1978),
італьянскі дзярж. і паліт. дзеяч. Юрыст. Праф.крымін. права ун-та г. Бары. Чл. (з 1946), паліт. сакратар (1959—62), старшыня (з 1976) Хрысц.-дэмакр. партыі; узначальваў яе левае крыло, імкнуўся аб’яднаць намаганні хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў у парламенце. Чл. палаты дэпутатаў італьян. парламента (з 1948). У 1948—58 нам. міністра замежных спраў, міністр юстыцыі, нар. адукацыі. У 1969—72 і 1973—74 міністр замежных спраў, у 1963—68 і 1974—76 прэм’ер-міністр Італіі. 16.3.1978 выкрадзены і пазней забіты тэрарыстамі з т.зв.«чырвоных брыгад». Аўтар прац па розных аспектах юрыд. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́НІ ((Marconi) Гульельма) (25.4. 1874, г. Балоння, Італія — 20.7.19 37),
італьянскі фізік, інжынер і прадпрымальнік. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1912), з 1930 яе прэзідэнт. З 1894 у Італіі, а потым у Англіі праводзіў доследы па практычным выкарыстанні эл.-магн. хваль. У 1896 падаў заяўку, у 1897 атрымаў патэнт на вынаходства спосабу бяздротавага тэлеграфавання (прынцып дзеяння сістэмы электрасувязі і схема радыёпрыёмніка М. былі тоеснымі тым, што 7.5.1895 прадэманстраваў А.С.Папоў, апублікаваныя ў жніўні 1895 і студзені 1896). У 1897 М. арганізаваў акц.т-ва і дасягнуў шырокага выкарыстання новага спосабу сувязі. У 1901 устанавіў радыёсувязь праз Атлантычны акіян. Нобелеўская прэмія 1909 (разам з ням. фізікам К.Браўнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗІ́НА ((Masina) Джульета) (сапр. імя Джулія Ганна; 22.2.1921, г. Сан-Джорджа-ды-П’яна, Італія — 1994),
італьянская актрыса. Вучылася ў Рымскім ун-це. У 1942 дэбютавала ў т-ры, у 1946 — у кіно. Сусв. вядомасць прынеслі ролі ў фільмах яе мужа рэжысёра Ф.Феліні: «Агні вар’етэ» (1950), «Дарога» (1954, у сав. пракаце «Яны вандравалі па дарогах»), «Махлярства» (1955), «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Джульета і духі» (1965), «Джынджэр і Фрэд» (1986). Яе мастацтва вызначалася тонкім псіхалагізмам, спалучэннем лірызму і гратэску, уменнем яскрава і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Еўропа, 51» (1952), «Фартунела» (1958), «Шалёная з Шаё» (1969, англ.), «Фрау Холь» (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗІ́НІ ((Masini) Анджэла) (28.11.1844, Тэра-дэль-Соле, Італія — 29.9.1926),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта 19 ст. З 1867 выступаў на сцэнах буйнейшых т-раў Італіі і інш.еўрап. краін, у т. л. ў 1879—1903 у Італьян. оперы ў Пецярбургу. У 1905 пакінуў сцэну. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, бліскучай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына, Джэнара («Любоўны напітак», «Лукрэцыя Борджа» Г.Даніцэці), Радамес («Аіда» Дж.Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага) і інш.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА ((Moneta) Эрнеста) (20.9.1833, г. Мілан, Італія — 10.2.1918),
італьянскі журналіст, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Удзельнік аўстра-італьян. вайны 1848—49 і аўстра-італа-франц. вайны 1859, да 1866 служыў у арміі Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1868—96 гал. рэдактар вядучай італьян.газ. «Il Secolo» («Стагоддзе»). Удзельнік Міланскай мірнай канферэнцыі 1878. З 1880 выдаваў альманах «L’amico della pace» («Сябар міру»). Адзін з заснавальнікаў (1887) Ламбардскага саюза за мір і арбітраж. У 1898 заснаваў выданне «La vita internationale» («Міжнароднае жыццё»). Аўтар працы «Войны, паўстанні і мір у XIX ст.» (т. 1—4, 1903—10). Нобелеўская прэмія міру 1907 (разам з Л.Рэно).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНЕ́ЗІ ((Piranesi) Джавані Батыста) (4.10.1720, г. Мальяна-Венета, Італія — 9.11.1778),
італьянскі гравёр. Працаваў у Рыме, Венецыі і Неапалі. Зазнаў уплывы ант. дойлідства, венецыянскага барочнага тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва. У творчай манеры спалучаў афорт з разцовай гравюрай. Ствараў «архітэктурныя фантазіі», якія вызначаліся грандыёзнасцю прасторавых вырашэнняў, вострадрам. святлоценявымі кантрастамі (цыклы «Фантазіі на тэму турмаў», каля 1745—50, 1760—61) і відавыя гравюры, у якія прыўносіў элементы рамант. вымыслу, што надавалі арх. помнікам манументальнасць і жывапіснасць (цыклы «Віды Рыма», з 1748; «Рымскія старажытнасці», 1756). Гравюры П. паўплывалі на станаўленне стылю ампір. Працаваў таксама як архітэктар.
Літ.:
Лаврова О.И. Избранные офорты Дж.Б.Пиранези. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ЗІС ((Blasis) Карла) (4.11.1795, г. Неапаль, Італія — 15.7.1878),
італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў А.Вестрыса і інш. У 1818 у т-ры «Ла Скала», удасканальваўся ў С.Вігано, танцаваў у яго балетах. Танец Блазіса вылучаўся высокай тэхнікай, прыгажосцю ліній, гармоніяй рухаў. З 1819 выступаў як балетмайстар, паставіў больш за 80 балетаў у т-рах Мілана («Ла Скала»), Венецыі, Лондана, Варшавы, Масквы (Вял.т-р) і інш. У 1837—50 кіраваў Каралеўскай акадэміяй танца пры «Ла Скала», сярод вучняў К.Грызі, В.Цукі, Ф.Чэрыта. Зрабіў значны ўклад у развіццё сістэмы класічнага танца. Аўтар кн. «Элементарны падручнік тэорыі і практыкі танца» (1820), «Кодэкс Тэрпсіхоры» (1828), «Поўны падручнік танца» (1830) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЗІ́НА (Bronzino; сапр.Аньёла ды Козіма; Agnolo di Cosimo) Анджэла
(17.11.1503, Мантычэлі, каля г. Фларэнцыя, Італія — 23.11.1572),
італьянскі жывапісец. Прадстаўнік фларэнційскага маньерызму. Вучыўся ў мастака-маньерыста Панторма. Зазнаў уплыў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі (1530—32). З 1540 прыдворны жывапісец Козіма I Медычы. Ствараў парадна-арыстакратычныя партрэты (Лукрэцыі Панчатыкі, каля 1540; Козіма I Медычы, 1545; Элеаноры Таледскай, каля 1545; Дж.Дорыя, 1546—47), у якіх адчужанасць, замкнёнасць вобразаў падкрэслена ўрачыста-застылай кампазіцыяй, халодным, высветленым каларытам, ілюзорнай выпісанасцю дэталяў. Аўтар карцін на рэліг. і міфал. тэмы («Святая сям’я», 1540-я г.), фрэсак у Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (1545—64) і інш.
А.Дз.Шапашнікава.
А.Бранзіна. Партрэт Лукрэцыі Панчатыкі. Каля 1540.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНТУ́РЫ (Venturi),
італьянскія мастацтвазнаўцы. Бацька і сын. Ураджэнцы г. Мадэна, Італія. Адольфа (4.9.1856—10.6.1941). У 1888—98 гал. інспектар мастацтваў у Рыме, з 1931 праф. Рымскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў (1888) час. «Archivio Storico dell Arte» («Гістарычны архіў мастацтва», з 1898 «L’Arte» — «Мастацтва»). Аўтар «Гісторыі італьянскага мастацтва» (т. 1—25, 1901—40), якая ахоплівае 13—16 ст.Ліянела (25.4.1885—14.8.1961), праф. ун-таў у Турыне (1915—32) і Рыме (з 1945). Працы Вентуры па гісторыі мастацтва і мастацтвазнаўства («Джарджоне і джарджанізм», 1913; «Гісторыя мастацкай крытыкі» і «Сезан», 1936; «Жывапіс і жывапісцы», 1945; «Італьянскі жывапіс», т. 1—3, 1950—52) адметныя шырынёй ахопу гіст. праблем, трапнасцю характарыстык, аналогіяй абсалютнай свабоды ў самавыяўленні мастака.