МАЗАРЫ́НІ (італьян. Mazarini, франц. Mazarin) Джуліо (14.7.1602, Пешына, Італія — 9.3.1661), французскі дзярж. дзеяч. Д-р права (1622). Скончыў ун-т у Алькала-дэ-Энарэс (Іспанія, 1622). З 1630 на дыпламат. службе ў папы рымскага. З 1640 на франц. дыпламат. службе. З 1641 кардынал. У 1643—61 першы міністр Францыі, фактычны кіраўнік знешняй і ўнутр. палітыкі маладога Людовіка XIV і яго маці (рэгенткі ў 1643—51) каралевы Ганны Аўстрыйскай, з якой уступіў у тайны шлюб. Працягваў курс А.Э.Рышэльё на ўмацаванне франц. абсалютызму: задушана змова знаці (1643), шматлікія нар. паўстанні, выкліканыя павелічэннем падаткаў, атрымана перамога над Фрондай (1653). У знешняй палітыцы дамогся значных поспехаў (Вестфальскі мір 1648; мірны і гандл. дагаворы з Англіяй у 1655, ваен. саюз з ёй у 1657; мірны дагавор з Іспаніяй у 1659 і інш.), замацаваў паліт. гегемонію Францыі ў Еўропе.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)