БРУНЕЛЕ́СКІ,
Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант. арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
т. 3, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)