ВЕСПУ́ЧЫ

(Vespucci) Амерыга (9.3.1451, г. Фларэнцыя, Італія — 22.2.1512),

італьянскі мараплавец і даследчык. Доўгі час быў дробным служачым банкірскага дома Медычы і агентам гэтай фірмы ў Севільі. У маі 1499 — вер. 1500 на ісп. марской службе, з вясны 1501 па чэрв. 1504 — на партугальскай; потым зноў вярнуўся ў Іспанію, у 1508—12 гал. стырнавы Кастыліі. У 1499—1504 прымаў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўд. Амерыкі, якую ён назваў Новым Светам. Лісты аб гэтых падарожжах, у якіх Веспучы ўпершыню апісаў прыроду паўн. ч. кантынента, набылі сусв. вядомасць і неаднаразова перавыдаваліся ў 1505—10. Латарынгскі картограф М.Вальдземюлер прыпісаў адкрыццё «чацвёртай часткі свету», зробленае Х.Калумбам, Веспучы і прапанаваў назваць гэты мацярык у гонар Амерыга Веспучы Амерыкай. Для Паўд. Амерыкі гэта абазначэнне хутка стала агульнапрызнаным, а ў 1538 на карце Г.Меркатара ўпершыню было пашырана і на Паўн. Амерыку.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)