По́ркаць ’тыкаць, пароць’ (ТСБМ, Нас., Шат.), ’калупаць’, ’рыць, рыцца’ (Янк. 3., Нас.; брасл., Сл. ПЗБ), ’ныраць’ (ельск., Мат. Гом.), ’падкопваць бульбу, не вырываючы націння’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Імаверна, утворана з экспрэсіўным суфіксам ‑к‑ ад пораць, порацца (гл.), магчыма, аналагічнае да торкаць (гл.) ’капаць, калупаць, тыкаць’, параўн. гукапераймальныя варыянты *prk‑/*trk‑, для якіх зыходным падаецца семантычнае тлумачэнне Сноя (684) ’удар аб нешта цвёрдае’. Гл. по́ркацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прах́оны (прахо́ный) ’рэдкі (пра хлеб)’ (Бяльк.), сюды ж прахо́на ’рэдкавата, нягуста’ (Гарэц.), рус. дыял. прахо́ный ’рэдкі, нягусты (каша, цеста); наздраваты (пра хлеб)’. Паводле Малько (Бел.-рус. ізал., 65), да ц.-слав. прах ’пыл’, параўн. рус. праховый ’рэдкі, нягусты’. Магчыма і іншае тлумачэнне: ад *прахо(д)ны, параўн. прахо́н ’вольны доступ, праход, шчыліна’ (Нас., Гарэц.), што да ход, хадзіць, адносна фанетыкі параўн. ахалона ’ахаладжэнне’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́хта ’піхта, Abies Dietr.’ (ТСБМ), піхт (лаг., Расл. св.). З рус. пихта ’тс’, якое з ням. Fichte ’хваіна’ (Праабражэнскі, 2, 65; Фасмер, 3, 270; Мяркулава ЭИРЯ, 1, 1960, 46–51). Аднак больш пераканаўчым будзе тлумачэнне паходжання слова як запазычання з зах.-фінскіх моў, параўн. фін., карэл. pihka ’смала’, вепск. pihk ’густы лес’, вод. pihku ’сасна’, а таксама ст.-рус. пихта ’піхта’ (1557 г.) (КЭСРЯ, 340).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарбі́чыцца (тырбі́чыцца) ’спрабаваць уціснуцца (у натоўп, зараслі і пад.)’ (васіл., Лаўшук, вусн. паведамл.), торбі́чыць ’скідаць’ у прымаўцы: прыдзе вербіч (= вербніца), то кожуха торбіч (ТС, тлумачэнне ’апранаць’, відаць, памылковае); сюды ж, магчыма, і торбу́ць — выклічнік да ’кінуць, скінуць’: торбуць ту просцілку (ТС). Параўн. рус. смален. тарбува́ть ’гнаць коней з пашы’ (Дабравольскі), паводле Фасмера (4, 23), няяснае па паходжанні. Цьмяныя словы, магчыма, звязаны з тарабічыць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЭМАКРЫ́Т (Dēmokritos) з Абдэры

(каля 460 г. да н.э. — ?; па некат. звестках пражыў больш за сто гадоў),

старажытнагрэчаскі філосаф, адзін з заснавальнікаў ант. атамістыкі. Напісаў каля 70 твораў па філасофіі, фізіцы, матэматыцы, медыцыне, тэорыі музыкі і інш. Да нас дайшло каля 300 фрагментаў, пераважна з этычных твораў. Адным з гал. вытокаў філас. вучэння Д. служаць погляды Леўкіпа. У сваёй тэорыі пазнання Д. абгрунтоўваў думку пра існаванне 2 груп ведаў: заснаваных на пачуццях і на працы розуму; калі пачуцці ў стане прынесці няпоўныя, недакладныя і непраяснёныя («цёмныя») звесткі аб навакольнай рэчаіснасці, то чалавечае мысленне забяспечвае веды аб сапраўднай, г.зн. атамнай прыродзе рэчаў, таму што ўспрыманне і разуменне сутнасці атамаў даступны выключна розуму. Паводле некат. звестак, Д. пашырыў атамістычную тэорыю на тлумачэнне такіх філас. катэгорый, як час і прастора. Прытрымліваўся высновы аб неабходнай і заканамернай сувязі паміж усімі прадметамі і з’явамі прыроды і грамадства, лічыў, што гал. мэта пазнання — знаходжанне прычын прыродных і гіст. працэсаў. Значнае месца ў яго творчасці займаюць распрацоўка і паглыбленне тэорыі Леўкіпа аб касм. віхрах, дзе побач з поглядамі пра атамную будову касм. цел выказаны цікавыя здагадкі аб дыферэнцыяцыі касм. светаў, у прыватнасці адносна існавання жыцця. Д. правёў параўнанне паміж чалавечым арганізмам (мікракосмасам) і космасам. Свае сац.-паліт. погляды ён канцэнтраваў на праблемах дэмакратыі; ідэальнай формай дзяржаўнасці лічыў стараж.-грэч. дзяржаву — поліс. У этыцы развіў вучэнне аб атараксіі.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной философии в конспективном изложении. М., 1989;

Яго ж. Античная философия истории. М., 1977.

В.​І.​Боўш.

Дэмакрыт.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІДРО́ ((Diderot) Дэні) (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),

французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.

У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.​В.​Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).

В.​А.​Салееў.

Д.Дзідро.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРФІЛАСО́ФІЯ (ад лац. natura прырода + філасофія),

філасофія прыроды, абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядаецца ў яе цэласнасці. Узнікла ў антычнасці, ёй быў уласцівы наіўны непадмацаваны навук. даследаваннямі погляд на прыроду. Ранняя стараж.-грэч. Н. (мілецкая школа і інш.) была фактычна першай гіст. формай філасофіі ўвогуле. Геракліт, Эмпедокл, Анаксагор, Эпікур, Арыстоцель і інш. зрабілі спробу асэнсавання існага, субстанцыі, пытанняў касмалогіі і касмагоніі. Яны выказалі погляд на прыроду, як на тое, што бясконца развіваецца, ідэю аб арган. мэтазгоднасці, меркаванне аб атамах (гл. Атамістыка), ідэю прыродазнаўча-гіст. развіцця жывога з нежывога, распрацавалі вучэнне аб процілегласці, супярэчнасці і інш. У эпоху сярэднявечча ант. Н. была выцеснена крэацыянісцкімі ўяўленнямі хрысц., мусульм. і іудзейскай тэалогіі. У эпоху Адраджэння Н. пераадолела характэрныя для антычнасці антрапамарфізм і міфалагізм, стала больш грунтоўна апірацца на прыродазнаўча навук. веды (Дж.​Бруна, Б.​Тэлезіо, Т.​Кампанела), але адчувала на сабе ўплыў сярэднявечча (гілазаізм, магія, кабала). У 17—18 ст., у эпоху прагрэсу механістычнага прыродазнаўства, калі перавагу мелі аналіт. метады і метафіз. спосаб разгляду прыроды, Н. страціла былое значэнне. Адраджаецца Н. ў 1-й пал. 19 ст., яе развіццё звязана з дзейнасцю І.​Канта. Ф.​Шэлінга і інш. прадстаўнікоў класічнай ням. філасофіі. У канцы 10 — пач. 20 ст. В.​Оствальд, Г.​Дрыш, Т.​Ліпс і інш. імкнуліся з дапамогай Н. пераадолець крызіс найноўшага прыродазнаўства. Ідэі Н. характэрны і для 20 ст., яны праявіліся ў філасофіі рас. касмізму (А.​Л.​Чыжэўскі, У.​І.​Вярнадскі), тэорыі касмагенезу (П.​Тэяр дэ Шардэн) і інш. філас. плынях.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

фізічная характарыстыка аптычнага выпрамянення, якая апісвае папярочную анізатрапію светлавых хваль, працэс пераўтварэння натуральнага святла ў палярызаванае (святло, у якога кірункі эл. і магн. палёў нязменныя ці змяняюцца паводле пэўнага закону). Папярочную анізатрапію светлавога праменя назіраў К.Гюйгенс у доследах з ісландскім шпатам (1690). Паняцце «П.с.» ўвёў І.Ньютан (1704—06); тлумачэнне П.с. з пазіцый эл.-магн. тэорыі святла даў Дж.К.Максвел (1865—73).

Вынікае з папярочнасці эл. магн. хваль, залежыць ад крыніц выпрамянення і ўмоў распаўсюджвання святла (адбываецца пры адбіцці, пераламленні, рассейванні, праходжанні праз анізатропныя асяроддзі). Бывае поўная (эліптычная ці яе прыватныя выпадкі — кругавая і лінейная) і частковая. У лінейна, ці плоскапалярызаванага святла ваганні вектараў эл.-магн. поля адбываюцца ў адной плоскасці (вектара эл. поля ў плоскасці ваганняў, магн. поля ў плоскасці палярызацыі). Плоскасць ваганняў, плоскасць палярызацыі і напрамак распаўсюджвання эл. магн. хвалі ўзаемна перпендыкулярныя. У эліптычна- ці цыркулярна палярызаванага святла канцы вектараў эл. магн. хвалі апісваюць у прасторы эліптычныя ці кругавыя спіралі. Часткова палярызаванае святло мае пэўную плоскасць, дзе амплітуда ваганняў вектараў большая (меншая), чым у астатніх. Палярызаванае святло атрымліваюць ад лазераў або вылучаюць з натуральнага святла з дапамогай палярызацыйных прылад. Выкарыстоўваюць пры вывучэнні анізатрапіі (гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), аптычнай актыўнасці, вызначэнні аптычных канстант рэчыва, размеркаванні напружанняў у целах (гл. Фотапругкасць), выяўленні будовы крышталёў, вывучэнні біял. аб’ектаў і інш.

Літ.:

Шерклифф У. Поляризованный свет: Пер. с англ. М., 1965;

Жевандров Н.Д. Поляризация света. М., 1969;

Аззам Р.М.А., Башара Н.М. Эллипсометрия и поляризованный свет: Пер. с англ. М., 1981.

Н.​М.​Хаўратовіч.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

заўва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Кароткае выказванне, меркаванне наконт чаго‑н. Цікаўны і надзвычай назіральны, ён умеў не толькі слухаць, але і ўстаўляць у гутарку свае заўвагі, заўсёды разумныя і трапныя. Чарнышэвіч. Покі сабраўся.. [Мартын Рыль] адказаць Аўгінні якім-небудзь трапным словам на яе заўвагу аб барадзе, яна ўжо паспела шмыгнуць ад яго. Колас. // часцей мн. (заўва́гі, ‑ваг). Крытычныя меркаванні навуковага характару. Заўвагі рэцэнзентаў. Заўвагі на палях кнігі.

2. Указанне на памылку ці недахоп, часта з папрокам або павучаннем. — Канцы аглабель не зусім роўныя, — зрабіў.. [брыгадзір] заўвагу Міхасю. Якімовіч. Сцёпа слухаў няўважліва. Настаўнік некалькі разоў рабіў яму заўвагі. Курто. // Від дысцыплінарнага спагнання.

3. Дадатковае тлумачэнне да тэксту. Падрадковыя заўвагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спляце́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. сплятаць — сплесці і сплятацца — сплесціся.

2. Тое, што сплецена; цэлае, часткі якога сплецены, пераплецены адно з адным. Сонечныя, быццам дымныя [прамяні] прабівалі спляценні галля на дрэвах. Савіцкі. [Пялёсткі] падалі з дрэва на сівую галаву Тапурыя, ляжалі на тонкім спляценні сецяў. Самуйлёнак. Перад будынкам пад спляценнем правадоў чарнелі .. трансфарматары. Карпюк. // перан. Злучэнне, спалучэнне чаго‑н. Даніла быў ахвочы Волю словам даць сваім І даць нават тлумачэнне З свайго погляду-знацця Неразгаданым спляценням, З’явам цёмнага жыцця. Колас. У рамках асноўных сюжэтных ліній .. выяўляецца спляценне асабістага лёсу галодных герояў з гістарычным працэсам. Дзюбайла.

•••

Сонечнае спляценне — спляценне сімпатычных нерваў, размешчанае ў брушной поласці на паверхні брушной аорты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)