Жыбуры́ 1 ’жабурынне’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. жабур ’жабурынне’, польск. żibura ’кепскі мутны напой’. Брукнер (669) лічыў польск. слова ўсх. элементам, спасылаючыся на серб.-харв. џи̏бра, балг. джѝбри ’жамерыны’, якое ўзводзяць да цюрк. (Фасмер, Зб. Крэчмеру, 277; Фасмер, 2, 39), напр. тур. cibre (Скок, 1, 473; БЕР, 362). Не выключана, аднак, і сувязь з жабурынне, жамерыны (гл.).
Жыбуры́ 2, жабуро́к, жыбуркі, жабэ́ркі ’кавалкі дрэва, цуркі’ (Сл. паўн.-зах.). З літ. žobaraĩ ’сухія галіны’ (Сл. паўн.-зах., 2, 130). Магчыма, аднак, і іншае тлумачэнне — з літ. žiburys ’факел, лучына’. Яблонскіс (269) прыводзіць адпаведны польск. прыклад з 1619 г.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)