Свіры́ць ‘ледзь-ледзь гарэць’ (Мат. Гом.), свірэ́ць ‘цьмяна гарэць’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж свіру́шка ‘газоўка’ (чэрв., рагач., ЛА, 4). Параўн. рус. наўг. свири́ть ‘прасочвацца (пра ваду)’. Відаць, імітатыў на базе прасл. *svirati, *sviriti ‘свісцець, гудзець’, параўн. стараж.-рус. свирати, свирити ‘іграць на дудцы’, серб.-харв. сви́рати, сви́рити ‘гудзець, іграць на дудцы, скрыпцы’, славен. svírati ‘тс’, svíriti ‘гудзець, свісцець’, балг. сви́ря ‘іграць на музычным інструменце; гудзець, выдаваць гук; свісцець’, макед. свири ‘іграць (на музычным інструменце); гудзець, свісцець; стракатаць (пра цвыркуна)’, ст.-слав. свирати ‘іграць на дудцы’. Роднаснае ст.-ісл. svarra ‘бушаваць, свісцець’, ням. surren, schwirren ‘гудзець, свісцець’, ст.-інд. svárati ‘гучаць’, лац. susurrāre ‘шыпець, шаптаць; гудзець’ (Фасмер, 3, 579; Сной₂, 716). Зыходная семантыка захавалася ў свіро́ла ‘свістулька (самаробная)’ (Мат. Гом.), параўн. макед. дыял. свиро́л ‘жалейка, дудка’; сьвірэ́ц ‘музыка, што іграе на дзвюх дудках, звязаных разам’ (Ласт.), параўн. балг. свире́ц ‘музыкант на народных інструментах’, серб. сви́рац ‘музыка, што іграе на дудзе’ < прасл. *svirьcь (насуперак БЕР, 6, 554, не толькі паўднёваславянскі дыялектызм). Спецыфічная семантыка ‘цьмяна гарэць’ грунтуецца на гукавым суправаджэнні такога гарэння (шыпенні, гудзенні і пад.). Гл. таксама свірчэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́сла (свісло́) ‘вага ў студні з жураўлём’ (люб., ДАБМ, камент., 809). Ад *сві́саць ‘звісаць’ з суф. ‑л(о), прадуктыўным у гэтай катэгорыі (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 49). Відаць, самастойнае ўтварэнне, падобнае да ўкр. сви́слі ‘ніжні канец плаўнай сеткі’, сви́сель ‘тс’, балг. свисло́ ‘звязка вінаградных гронак, прыгатаваных для сушэння’ і пад., якія, паводле Борыся (Czak. stud., 73), не працягваюць прасл. *sъvislь ‘выступаючая частка страхі пад шчытом будынку, застрэшак’, рэканструяванага на падставе харв. чак. svȉsla ‘застрэшак над стайняй або паветкай’; кайк. svisle ‘шчыт хаты з дошак, франтон’, славен. svísli ‘выступаючая частка страхі над франтонам’, ‘жэрдкі на знешняй сцяне дома, на якіх сушаць кукурузу’, ‘гарышча на сена, салому’, ‘клуня’, старое чэш. svisel, svisla ‘шчыт дому, франтон’, в.-луж. swisle ‘тс’, н.-луж. swisl ‘тс’, польск. дыял. świśla ‘адтуліна ў страсе для падавання сена на гарышча’, каш. svisle ў звароце pu̯y svislax lazëc ‘гультайнічаць, бадзяцца па начах’, першапачаткова дзеепрыметнікаў на ‑lъ, параўн. чэш. svislý, рус. сви́слый, а таксама дыял. свес ‘застрэшак’ (даўг., Сл. ПЗБ), што, магчыма, сведчыць пра старую тыпалагічную мадэль падобных утварэнняў ад вісець (гл.), звісаць. Параўн. таксама Сной₂, 716; ЕСУМ, 5, 192.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіст ‘рэзкі высокі гук’, ‘гук такога тэмбру, які ўтвараецца птушкамі, жывёламі’, ‘гук, які ўтварае прадмет пры хуткім рассяканні паветра’ (ТСБМ), свіста́ць ‘утвараць рэзкі высокі гук’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Юрч.), ‘сцябаць, хвастаць’ (Нас.), ‘свістаць’, ‘ліцца з сілаю’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘брыкаць, брыкацца’ (Юрч.), свісце́ць ‘свістаць’, сві́снуць ‘засвістаць’, ‘моцна ўдарыць’, ‘хутка прайсці’ (Сл. ПЗБ), ‘украсці, ‘моцна ўдарыць’ (Растарг.), ст.-бел. свиснути ‘засвістаць’ (Альтбаўэр). Укр. свист, свиста́ти, рус. свист, свиста́ть, свисте́ть, польск. świstać, świsnąć, чэш. svístati, svíštěti, славац. svištať, славен. svískati ‘шыпець, фыркаць’, švȋstati ‘свісцець’, ст.-слав. свистати. Прасл. *svistati ‘свісцець’, шматкратны дзеяслоў *sviščati; гл. Борысь, 624. Лічыцца экспрэсным гукапераймальным словам, аналагічным лац. sibilō, ‑are ‘свісцець’, грэч. σίζω ‘свіст’; узнаўляюць таксама і.-е. корань *k̑vis‑: *k̑veis‑, роднасны ст.-ісл. hvísla ‘шаптаць, свістаць, бушаваць’, ст.-англ. hvístlian ‘свістаць’, англ. whistle ‘тс’. Параўн. яшчэ польск. gwizdać, чаш. hvízdati, славац. hvizdať, в.-луж hwizdać, н.-луж. gwizdaś з варыянтам кораня *gweizdz‑, гл. Фасмер, 3, 581; Махэк₂, 597; Брукнер, 538; Бязлай, 3, 352. Борысь (624) славянскае слова ўзводзіць да і.-е. гукапераймальнага *su̯ei̯‑/su̯i‑ ‘сіпець; свісцець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сей м. р. ‘гэты’ (Ян., Сцяшк. Сл.; брэсц., ЛА, 2; Хрэст. дыял., ТС), се́е н. р. ‘гэтае’ (Ян.), сёй у спалучэннях сёй-той, той‑сёй ‘некаторыя людзі’, сёе‑то́е, то́е‑сёе, то́е ды сёе ‘некаторым рэчы’ (ТСБМ), сё і то ‘тс’ (ТС). Ст.-бел. сеи, сее (Альтбаўэр). Укр. сей м. р., ся, ся́я ж. р., се, се́е н. р.; рус. сей, сия́, сие́, стараж.-рус. сь (сии), си (сиꙗ), се (сиѥ), ст.-польск. si, sie, ст.-чэш. sen, sie, se, серб.-харв. са̂ј, си м. р., са, сај ж. р., се, ся н. р., славен. sej, бант. сей, сия́, сие́, ст.-слав. сь, си, се. Прасл. *sь(je), *si(ja), *se узыходзяць да і.-е. *ḱis; параўн. літ. šis ‘гэты’, лат. šis, ст.-прус. schis, літ. šì‑tas ‘гэты’, лац. cis ‘па гэты бок’, citrā ‘па гэты бок, унутры, пад, без’, citrō ‘сюды’, гоц. himma ‘гэтаму’, hina ‘гэтага’, ст.-в.-ням. hiutu ‘сёння’ і г. д.; гл. Траўтман, 304; Вальдэ-Гофман, 1, 192 і наст.; Торп, 87; Фасмер, 3, 591 і наст.; ESSJ SG, 2, 618–623.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серада́ ‘трэці пасля нядзелі дзень тыдня’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Укр. середа́, рус. середа́, среда́, ст.-рус. середа, польск. środa, ст.-польск. śrzoda, в.-луж. srjeda, н.-луж. srjoda ‘серада, сярэдзіна’, чэш. středa, славац. streda, серб. среда, харв. srijéda, славен. srȇda ‘серада’, sréda ‘сярэдзіна’, балг. среда́ ‘сярэдзіна’, сря́да ‘серада’, макед. среда, ст.-слав. срѣда ‘серада, сярэдзіна’. Прасл. *serda ‘сярэдзіна’. Значэнне ‘сярэдні дзень тыдня’ лічыцца калькай ст.-в.-ням. mittawëcha або аналагічна апошняму — народналац. media hebdomas, ст.-італ. mezzedima; гл. Міклашыч, 292; Брукнер, 534; Фасмер, 3, 607; Івашына, Веснік БДУ, 1976, 1, 56. Іншыя даследчыкі лічаць магчымым уплыў лаціна-раманскіх назваў; гл., напрыклад, Скок, RÉS, 5, 14. Прасл. *serda роднаснае ўсх.-літ. šerdìs, В. скл. ж. р. šérdi ‘сярэдзіна’, лат. ser̂de ‘тс’, грэч. κήρ (< *kērd), гоц. haírtô ‘сэрца’; Траўтман, 302; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Торп, 74. Іншая ступень чаргавання: *sьrdь ‘сэрца’ (гл. сэрца). Аб утварэнні слав. асноў на ‑а ад і.-е. нетэматычных асноў, у дадзеным выпадку ад *k̑erd‑, гл. Ткачоў, Этимология–1968, 56 і наст. Гл. яшчэ Борысь, 620; Шустар-Шэўц, 1349–1356; Сной₁, 601.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сердава́ць ‘адчуваць раздражненне, гнеў на каго-небудзь, злаваць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Раст., Шат.), сердава́цца тс’ (Нас.), сердо́ваць ‘тс’ (ТС). Укр. сердува́ти ‘тс’. Дзеяслоў з суф. ‑ова‑ ад се́рдзіць ‘злаваць’ (Нас.), што да прасл. *sьrdati (sę) параўн. укр. се́рдити, рус. серди́ть, рус.-ц.-слав. сръдити, польск. sierdzić się, ст.-чэш. srditi sě ‘шалець, лютаваць’, серб.-харв. срдити се, славен. srdíti se ‘злавацца’, балг. съ́рдя (се), макед. срди (се), ст.-слав. сръдити сѧ ‘раздражняцца’. Звязана з сэрца (гл.), таму што сэрца ўяўлялі як умяшчальню душы, г. зн. і гневу (Фасмер, 3, 605; Махэк₂, 572). Параўн. літ. širdai мн. л. ‘сварка’ < širdis ‘сэрца’; лат. sîrdît ‘раззлавацца’, sirds ‘злосць’ і ‘сэрца’ (Фрэнкель, 985). Параўн. таксама серб.-харв. ср́чити се ‘злавацца’, гл. Фурлан у Бязлай, 3, 305. Адваротнае семантычнае развіццё ў ст.-бел. сердоболь (Чацця 1489 г.), якое Карскі (2–3, 101) разглядае як складанае слова з коранем серд‑ (гл. сэрца) і прыдаткам боль (гл. балець), параўн. рус. сердобольный (Фасмер, 3, 605). Параўн. у Насовіча (Нас., 578) супрацьлеглыя значэнні ў слове се́рца (се́рце) — ‘гнеў, злосць’ і ‘прыхільнасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́рка ‘скарынка’ (Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), скора́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. скора ‘скура’. Працяг прасл. *(s)kora, *(s)korъka, якія ў рус. арл., разан. скора́ ‘кара дрэў’, ско́рка ‘скарынка’, укр. скі́ра, скі́рка ‘скура’, дыял. ско́ра ‘кара, скура’, ц.-слав. скора ‘кара’, польск. skóra, skorka ‘скура, скарынка’, в.-луж. skora, skórka ‘тс’, н.-луж. skóra, škóra, škorka ‘тс’, чэш. skora ‘скура’, славен. skóra, skórja ‘кара, скарынка’. Да і.-е. кораня *(s)ker‑ ‘рэзаць, аддзяляць, з першасным значэннем ‘(здзёртая) скура, (неапрацаваная) скура жывёліны’. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skarà ‘адрэзаны шкут’, лат. skara ‘кучаравая воўна, абрывак’, ст.-в.-ням. scëran ‘стрыгчы’, лац. scortum ‘скура’, літ. skírti, skiriù ‘раздзяляць’ (Траўтман, 266–267; Мюленбах-Эндзелін, 3, 872 і наст.; Брукнер, 495; Фасмер, 3, 650–651; Махэк₂, 547; Сной₁, 574; Борысь, 553). Меркаванні Козырава (Очерки, 156) пра замацаванне ў беларускай мове скорка ‘скарынка’ пад уплывам польск. skórka ‘тс’ з улікам лінгвагеаграфіі назвы не маюць падстаў. Гл. яшчэ скура і кара, скарынка. Да таго ж кораня належаць скрабаць, шчарбіна. Гл. таксама Новое в рус. этим., 209; ЕСУМ, 5, 280; Глухак, 550, 610; БЕР, 6, 805.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыпе́ць ‘утвараць скрыпучыя гукі; рыпець’, ‘жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы’ (ТСБМ), скры́паць ‘тс’ (Байк. і Некр.). Укр. скрипі́ти, рус. скрипе́ть, ст.-рус. скрипати, польск. skrzypać, в.-луж. křipać, н.-луж. kśipaś, чэш. skřípati, славац. škripať, škripieť, серб.-харв. шкри́пати, славен. škrípati, балг. скрѝпя ‘тс’. Прасл. *skripati, *skripěti ‘скрыпець’. Фасмер (3, 657 і наст.), Махэк₂ (550) лічаць гукапераймальным. Параўноўваюць з лат. skripstêt ‘хрусцець, скрыпець, грымець’, kripš(k)êt ‘тс’, літ. krípštereti ‘ціха шамацець’, ст.-в.-ням. scrîan, screiôn ‘крычаць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 2, 280; Вальдэ-Гофман, 1, 291–292. Сной₁ (637) удакладняе, што гэта да і.-е. базы *(s)krei‑p, *krei‑k (параўн. крычаць, што азначала хрыплыя натуральныя гукі). Варбат (Этимология–1981, 16 і наст.) падцвярджае гіпотэзу Цупіцы (Gutturale, 126) аб роднасці слав. *skripati з групай ст.-ісл. hrīfa ‘рэзаць’ і далей з гняздом і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’ на матэрыяле паўднёваславянскіх дзеясловаў і імён са значэннем ‘шчыліна, расшчэп’, а таксама назваў пазоў, блокаў і г. д. Гл. яшчэ БЕР, 6, 799; Шустар-Шэўц, 701; Борысь, 555.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слюз1, слюс, слюш ‘слізь’, ‘плесня’ (беласт., віл., воран., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюз ‘слізь’ (ТС; рас., Шатал.), ‘слізкае гнойнае рэчыва на сапсутым мясе ці сапрэлым целе’ (Варл.), ‘слімак’ (лельч., Нар. лекс.), слюж ‘смоўж, слімак’ (Жыв. св.), сюды ж слю́зкі ‘слізкі’ (ТС), слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.), слю́за ‘слізь’ (бяроз., Сл. ПЗБ), слюзь, слюсь ‘тс’ (в.-дзв., шчуч., ашм., Сл. ПЗБ). Укр. слюз ‘слізь’, рус. слюз ‘тонкая скурка, скурачка’, слуз ‘тс’, ст.-рус. слузъ ‘слізь; макрота’, польск. śluz ‘слізь , серб.-харв. slȗz, slȗza ‘слізь; макрота’, славен. slȗz ‘слізь’, балг., макед. слуз ‘тс’, ст.-слав. слоузъ ‘страўнікавы сок’. Прасл. *sluzъ параўноўваюць з літ. šliū̃žes ‘санны след’, šliužaĩ ‘канькі’, šliauũti ‘паўзці, слізгацца’, швейц.-ням. slûche ‘цягнуцца’, гал. sluiken ‘падкрадвацца’, што да і.-е. *sel‑, якое, на думку Глухака (565), узыходзіць да гукапераймання (імітатыву). Паводле Борыся (Czak. stud., 43), зыходным для назоўнікаў з розным вакалізмам з’яўляецца дзеяслоў *sliziti ‘выдзяляць з сябе, сачыць вільгаць, вільготную клейкую субстанцыю’, гл. слізь, сляз, слізіць. Гл. таксама SEK, 4, 312; Глухак, 564; ЕСУМ, 5, 312. Гл. склізкі, слізкі.

Слюз2 ‘шлюз’ (ТС), ст.-бел. слюза ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шлюз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смалі́ць ‘паліць’, ‘хвастаць’, ‘страляць’, ‘што-небудзь хутка рабіць (напр., ісці)’ (ТСБМ, Нас., Сержп., ТС, Сл. ПЗБ), ‘абпальваць шэрсць, смаліць свінню’ (Шымк. Собр., Бяльк., Касп., Сцяшк.), ‘пыліць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘марозіць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘шпарка ісці’ (Скарбы), ‘выгаварваць, дапякаць словам’ (Нас., Сцяшк.), сма́ліць безас. ‘моцна хацецца’, смыле́ць ‘моцна балець, пячы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), смальну́ць ‘стукнуць’ (ТС), смуле́ць ‘паспешна ісці’ (ТС). Укр. смали́ти ‘абпальваць, апякаць’, ‘піць, цягнуць’, рус. зах., паўд. смали́ть ‘паліць, апякаць’, польск. smalić ‘апякаць; курыць, піць (многа)’, каш. smalëc są ‘тлець’, в.-луж. smalić ‘смаліць (свінню, курыцу)’, н.-луж. smaliś ‘паліць’. Прасл. дыял. *smaliti. Паводле Фасмера (3, 684), Брукнера (503), звязана чаргаваннем галосных з смала1 (гл.). Шустар-Шэўц (1317) у якасці і.-е. паралеляў прыводзіць яшчэ ст.-ірл. smāl, smōl, smūal ‘агонь; попел’, літ. smilkti, smilkstù ‘пыліць, дыміць’. Борысь (561–562) прапануе разглядаць *smaliti як шматкратны дзеяслоў ад прасл. *smoliti (з рэгулярным падаўжэннем каранёвага галоснага o > a, які часткова захаваўся ў славен. дыял. smolíti ‘паліць’, smolíti se ‘апаліцца, прыпаліцца’), што ўзыходзіць да незахаванага прасл. *smelti (гл. смала1). Гл. яшчэ Міклашыч, 309, 311; Покарны, 969, 971; ЕСУМ, 5, 305–306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)