Тронкі ‘назва гульні’: На грошы ў тронкі тут гуляюць / Парнаскі дзеўкі, дзецюкі («Тарас на Парнасе», Полымя. 1971, 10, 217), ‘гульня з каменьчыкамі’ (Рам. 8: «камушки кладутса в две кучки: три в одну и один в другую»), ‘гульня, змест якой у тым, каб пацэліць з рукі трыма алавяннымі шарыкамі ў ямку, што знаходзіцца ад гульца на пэўнай адлегласці’ (Мядзв.), ‘гліняныя або алавяныя шарыкі велічынёй з круглую кулю ад стрэльбы, якія служаць для гульні «ў тронкі»’ (Нік., Оч.), дро́нкі ‘дзіцячая гульня, калі драўляныя шарыкі кідаюць у ямачкі; няцотны лік шарыкаў у ямачцы лічыцца выйгрышам’ (маг., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і тро́нкі ‘дробная бульба’ (Рэг. сл. Віц.), ‘плод бульбы’ (Касп.) і не патлумачанае тронки (Шымк. Собр.). Параўн. рус. смал. тро́нка, тро́нки ‘гульня ў арлянку’, ‘шарык з волава або гліны памерам з арэх для гульні «ў тронкі»’ (СРНГ). Слова з не да канца высветленай этымалогіяй. Куркіна (Этимология–1983, 27–28) параўноўвае з укр. тріньки ‘трошкі’, рус. дыял. тро́ньки ‘тс’, балг. тро́нка ‘зусім мала’, сюды ж таксама серб. ці макед. тронка ‘крышка, парушынка’, макед. ронка ‘тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tronъka ‘нешта вельмі малое’, роднаснае да прасл. *troxa (гл. трохі) і якое ўзводзіцца да *terti, *tьrǫ, гл. церці (ЕСУМ, 5, 648). Аднак абмежаваныя тэрытарыяльна назвы гульняў з розным зместам дапускаюць перанос наймення з іншых гульняў, напрыклад, “у ножыка” ад тронкі ‘сцізорык’, або зыходзячы са значэння ‘бульба’, параўн. укр. дыял. тромпак, кро́мпель ‘бульба’ (ЕСУМ, 5, 647). Лучыц-Федарэц (вусн. паведамл.) дапускае сувязь з з літ. treñkti ‘кідаць, шпурляць’. Сувязь з тры (гл.), відаць, другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́ўка ’папярочка на дзержаку рыдлёўкі, віл’ (касцюк., ушац., Жыв. сл.). Бел. слова з’яўляецца або пранікненнем з рус. гаворак (пра што сведчыць і значэнне слова, магчыма, тэрміналагічнае), або агульнага паходжання з рус. лексікай. У рус. кокова ’палка з крывым верхнім канцом, кульба’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, валаг. ’верацяно з намотанай не да канца пражай’, ’кончык носа’, алан. коковка ’загнуты верхні канец палкі, кульбы’, наўг. і інш. ’палка з крывым верхнім канцом’, кастр., варонеж. ’паліца, доўбня’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, цвяр. ’акруглы край верацяна і інш.’, ніжнегар. ’клубок нітак па кароткай палцы’ і мн. інш. Рус. коковка ў слоўніку Фасмера не праэтымалагізавана. Да бел. і рус. лексем паралелей быццам бы няма. Этымалагічна слова вельмі няяснае. Можна меркаваць аб чляненні ko‑koba, як аб інавацыі ў некаторых рус. і адпаведнай бел. гаворцы. Па ўтварэнню гэта структура магла быць з рэдуплікаваным першым складам. Другую частку можна параўнаць з адзначаным у Даля рус. наўг. кова ’кол, пень, паля’. Магчыма, сюды можна аднесці бел. кавеня, укр. ковінька ’палка з загнутым канцом, кульба’, ковиза ’кульба’, аднак няяснае словаўтварэнне лексемы. Далей, сюды і рус. закавыка, ковыка. Але ковыка ў СРНГ толькі ў значэнні ’нейкая расліна’. Словаўтварэнне не вельмі яснае: ‑ов‑ прыметнікавы фармант, які ў выніку перараскладання ўвайшоў у састаў складанага суфікса. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што семантыка такіх утварэнняў, як рус. кокова, кокора, кокот, кокотышка, кошка, кука і пад., не выключае магчымасці неаднаразовага збліжэння гэтых лексем, што можа выклікаць трансфармацыю як формы, так і семантыкі, або наогул прывесці да генерацыі кантамінаванай формы. Магчыма, разглядаемае слова з’яўляецца вынікам такіх збліжэнняў і трансфармацый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ката́ць ’катаць’ (у розных значэннях). Слова вядома не ва ўсіх слав. мовах (у такой форме) і этымалогія яго таксама няпэўная. Трубачоў (Эт. сл., 9, 162) параўноўвае балг. дыял. ка́там ’хадзіць на справах, гаспадарыць’, ст.-рус. катати ’катаць’, рус. ката́ть ’вазіць і да т. п.’, ’гойдаць’, ’ляжаць хворым’, ’рабіць з бітай шэрсці’, ’валяць (абутак)’, ’гладзіць’, далей укр. ката́ти ’біць’, ката́тися ’катацца’, ката́ти ’качаць катком зямлю’, ’выціскаць ваду качаннем’, далей бел. ката́цца ’катацца’, ката́ць (дыял.) ’скручваць у трубку’. Магчыма (як зваротныя вытворныя), сюды адносяцца чэш. kat ’кат’, славац. kat, польск. kat, далей рус. дыял. кат ’калёсны след’; ’каток для ўкачвання поля’ і інш. Прасл. *katati (), якое суадносіцца з прасл. *kotiti (гл. каці́ць) і *katjati (гл. кача́ць). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 209–210.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бадзя́цца ’бадзяцца, цягацца, валачыцца; валяцца’ (Шат., Касп., Нас., Янк. Мат., Бір. Дзярж., Гарэц., Бяльк.), ’валяцца’ (Жд.: бадзялася скошаная трава). Слова няяснага паходжання. Параўн. рус. дыял. (зах.) бодя́ться ’тс’, польск. дыял. badziać się, bodziać się ’бадзяцца’ (Карловіч: z Litwy). Даль выказвае (з запытаннем) не вельмі пэўную думку аб паходжанні ад бода́ть ’калоць, біць рагамі’. Магчыма, што гэта дзеяслоў экспрэсіўнага паходжання. Не выключаецца, што ёсць сувязь з бадзя́ць ’неахайна адносіцца, насіць (адзенне, абутак); пэцкаць’ (гл.), укр. гуц. ба́дити (абба́дити) ’знайсці’ (*baditi < *ob‑vaditi да *vada ’перашкода’; першапачаткова ’знайсці, перамагаючы перашкоды’ → ’шукаць, хадзіць шукаючы’ → ’бадзяцца’). Параўн. і палес. бада́ццэ ’пераадольваць цяжкасці; перабівацца’ (Лысенка, ССП). Тады ў бадзя́цца — экспрэсіўная палатальнасць (замест бада́цца). Наўрад ці ёсць сувязь з польск. badać się ’дапытвацца, дашуквацца’. Сюды ж бадзя́га ’валацуга’ (Касп., Нас., Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагу́лька1 ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’укапаная ў зямлю верхавіна сасны з сукамі, прызначаная для прасушкі посуду’ (Бяльк.), ’карова з вялікімі рагамі’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’колюшка’ (гродз., Жук.). Утворана ад рагу́ля (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальнага суфікса ‑к‑a. Матывацыяй паслужыла тое, што ўсе гэтыя прадметы маюць вострыя, падобныя да рагоў часткі.

Рагу́лька2 ’дзяўчына ў сярэдзіне карагоду на Вялікдзень’ (пін., Кольб.). Сюды ж рагу́лька ’песня-вяснянка’ (беласт., Ніва, 1974, 12 мая; Федар.), відаць, перанос семантыкі з ’дзяўчына, якая спявае песню’ > ’песня-вяснянка’. Няясна; магчыма, ад рагулька1 ’сукаватая палка’ як сімвал сусветнага дрэва, што знаходзілася, паводле народных вераванняў, у цэнтры сусвету, параўн. вясельнае дрэўца ў цэнтры т. зв. рагатага каравая (пра апошні гл. Іванаў, Тапароў, Зб. Крапіве, 167–169), параўн. ра́лец (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ды ’задаволены, абрадаваны’ (ТСБМ; віл., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС), рад ’тс’: я й сам сабе рад (Сержп. Прык.), сюды ж памянш. радзю́сенькі ’вельмі рады’ (Нас.), укр. ра́дий, рад, рус. рад, польск. rad, кашуб. råd, чэш. rád, славац. rád, в.-, н.-луж. rad, палаб. rådo ж. р., славен. ràd, серб.-харв. ра̏д, балг. дыял. рад, макед. дыял. рад, ст.-слав. радъ ’радасны, вясёлы’. Прасл. *radъ, параўн. ст.-англ. rōt ’вясёлы, бадзёры’, ст.-ісл. rétast ’абрадавацца’; звязваюць таксама з прасл. *raditi/*roditi ’дбаць, старацца’ (Шустар-Шэўц, 2, 1200), гл. рад2, радзець2 (ESJSt, 12, 745 з аглядам літ-ры; Глухак, 515; Бязлай, 3, 143; БЕР, 6, 142–143).

Рады́ ’гадавыя кругі на рагах каровы’ (смарг., лудз., Сл. ПЗБ). Да рад1 (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разя́піць ’шырока адкрыць (дзверы)’ (Раст.): «Нашто гэта акно разяпілі?» (Полымя, 1970, 2, 134), сюды ж разе́па ’разява’ (Гарэц.), разя́па ’тс’ (Мат. Маг.). Апошняя форма скіроўвае ў бок зя́па ’рот, пашча’ (гл.), што выводзіцца з прасл. *zěpati ’пазяхаць, крычаць; цяжка дыхаць’ (Фасмер, 2, 94; БЕР, 1, 671). Аднак укр. роззя́пити ’адкрываць, раскрываць’, серб.-харв. razjápiti ’адкрыць рот’, чэш. дыял. rozjapiti, rozjapnouti ’хутка раскрыць (руку)’ даюць падставы для рэканструкцыі прасл. *orz‑zьjapiti, дзе *zьja‑p‑ звязана з ст.-слав. зьяти ’адкрываць рот, пазяхаць’ (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Немец (Этимология–1997–1999, 126) узводзіць чэш. дыял. rozjapati (ovoce) ’хутка разабраць’ да выклічніка (j)ap, паралельнага да chap, гл. хапаць. Інакш адносна ст.-чэш. japati, jápati ’назіраць; разумець’ і аднакарэнных Махэк₂, 216 (< *op‑), Трубачоў, ЭССЯ, 1, 71–72 (< *apati).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рачане́ц ’гадавіна’ (Арх. Федар.), ’падарунак на свята, святочны гасцінец’ (маладз., Гіл.), рача́нец (račánic) ’устаноўлены час’ (Варл.), ’рэжым’ (Сцяшк. Сл.), ’тэрмін’ (пух., рагач., Сл. ПЗБ), ’гадавое свята’ (Сцяц.), ’вялікае свята, якое святкуецца праз год’ (ваўк., віл., Сл. ПЗБ), часцей у мн. л. рачанцы́ ’тэрмін ачышчэння пасля родаў’ (Гарэц.), ’дванаццацідзённы тэрмін пасля нараджэння (жывёлы)’ (Касп.), ’пэўная колькасць дзён ад нараджэння, да заканчэння якіх за грэх лічылася ўжываць у ежу маладых жывёл’ (Нас., Янк. Мат.), рычанцы́ ’тэрміны, прызначаныя для выканання чаго-небудзь’ (Растарг.), сюды ж рачанца́ ’зрэдку, несістэматычна (пра ўжыванне ежы)’ (Янк. Мат.). Параўн. укр. речене́ць ’тэрмін’. Насовіч праз форму роченцы́ (Нас., 567) выводзіць з рок1 ’год; устаноўлены тэрмін’ (гл.); першапачаткова, відаць, ад *рэчаны ’сказаны, абумоўлены’, што да ракці́ ’сказаць’, гл. рэкнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сасо́ннік ’сон-трава Anemone pulsatilla L.’ (Шат.), сасну́лькі ’сон’ (астрав., Сл. ПЗБ). Польск. sasanka, sesenki, чэш. sasanka, серб.-харв. sása ’тс’, балг. сасан ’Hepatica triloba’, сасанка ’тс’, дыял. таксама сасенка; сюды ж, магчыма, і рус. сазончики ’Anemone pulsatilla L.’ і самсонички ’Pulsatilla pratens Mill.’ Неяснае слова. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) мяркуе, што славянскія словы — гэта запазычанне са ст.-грэч. σουσον ’лілея’, якое на славянскай глебе падверглася розным пераўтварэнням і ўплыву народнай этымалогіі, якая звязала назву гэтай расліны з сон (гл. сон-трава). Грэч. слова Дурыданаў звязвае з ст.-егіпец. s‑š‑n ’лотас’, копц. šošen ’лілея’, ст.-яўр. šošan, араб. susan ’лілея’, пярс. susän ’лілея, касач’, тат. susan ’касач’. Для беларускага слова магчыма польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538, выклад гіпотэзы Дурыданава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́тка (свѣтка) ‘сведка’ (Нас., Шымк. Собр.), сьве́тка ‘тс’, мн. л. светкі ‘тс’ (Бяльк.; петрык., Яшк. Мясц.): немашака светак (Сержп. Казкі), све́тка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свя́тка ‘тс’ (Скарбы), ст.-бел. свѣтки ‘сведкі’ (1450 г.), светок ‘сведка’ (XVI ст.). Апошняе, згодна з Карскім (1, 275), пад уплывам формы мн. л. свѣтки, ад яго, відаць, і свѣтчити, свѣтчу (1487 г.), што адлюстроўваюць аглушэнне д (Карскі, 1, 274; 2–3, 261), гл. сведчыць. Адсюль запазычана і літ. sviẽtkas ‘сведка’ (Буга, Rinkt., 2, 495), форма з ‑я‑ пад уплывам польск. świadek ‘сведка’. Сюды ж дыял. све́тчыць (свѣтчиць) ‘пацвярджаць; дапамагаць; даносіць’ (Нас.). Станкевіч (Язык, 643) бачыць тут корань ‑вет‑ (*‑vět‑), гл. веціць, адно са значэнняў якога было ‘гаварыць, абвяшчаць’, што, магчыма, паўплывала на першасную форму. Гл. сведка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)