Сты́гнуць ‘стыць’ (Гарэц., Нар. Гом.), сты́гці ‘стынуць; зябнуць’ (Нас.), ‘астываць’ (шальч., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сти́гнути ‘халадзець, зацвердзяваць, згушчацца’, рус. сты́гнуть, дыял. пск. сту́гнуть ‘тс’, польск. stygnąc ‘тс’ (з XVIII ст., гл. Борысь, 585). Паводле Бязлая (3, 338), ад таго ж і.-е. кораня, што і ў *stydnǫti (гл. стынуць), але з іншым дэтэрмінатывам: *(s)teu‑g‑, *(s)teu‑d‑. Да *stydnǫti, параўн. польск. stydnąć ‘тс’ (XVI ст., Брукнер, 523), узводзяць Міклашыч (327), Сабалеўскі (РФВ, 62, 234). Сумненні ў Фасмера (3, 789), які следам за іншымі аўтарамі набліжае слова да літ. stū́gti ‘тырчаць, рабіцца жорсткім’, грэч. στυγέω ‘ненавіджу, пагарджаю, баюся’, ст.-грэч. στύγε мн. л. ‘ледзяны холад’. Гл. таксама Коген, УЗ БГУ, 1, 190–194; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 81–82 (гутарка ідзе пра пазнейшую інавацыю).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тнуць 1 ’пранізваць, прабіраць (пра холад, вецер, боль і пад.)’ (ТСБМ), ’сячы, рэзка выказвацца’, ’ударыць, рубануць; упікнуць’ (Нас.), ’кусаць, джаліць’, ’ссякаць’ (Сцяшк.), ’кусаць, пячы’ (Яруш., Федар. 6, Скарбы, Сл. ПЗБ), тні́ті, тну́ты ’разбураць, рубаць, сячы’ (Булг.). Другасны інфінітыў, утвораны шляхам абагульнення асновы спрагальных формаў дзеяслова цяць — тну < прасл. *tęti — *tьnǫ, параўн. рус. тять — тну, польск. ciać — tnę, славен. дыял. tẹ́ti — tnèm, ст.-слав. тѧти — тьнѫ, дзе прадстаўлена ніжэйшая ступень кораня і.-е. *ten‑, захаваная ў літ. tìnti ’адбіваць касу’ (Коген, Запіскі, 2, 241; Фасмер, 4, 66; Векслер, Гіст., 224). Іншая ступень чаргавання выступае ў *тон, параўн. адным тном ’адным чынам’ (пух., Жд. 1). Гл. цяць.

Тнуць 2 ’іграць’ (Скарбы), ’заўзята іграць’: тне гармонік (Сцяшк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне на базе тнуць 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прэць ’гнісці, псавацца ад сырасці і цеплыні’; ’пацець, пакрывацца потам’, ’гатавацца’ (Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ; брасл., шальч., даўг., гродз., астрав., Сл. ПЗБ; ТС), ’адмакаць’ (мядз., Сл. ПЗБ). Рус. преть ’пацець, прэць’, укр. прі́ти ’тлець, гніць, пацець, прэць’, польск. przeć ’пацець, буцьвець, прэць’, н.-луж. prěś ’засыхаць, вянуць’, параўн. таксама серб. *прети ’псавацца пад уплывам вільгаці і цеплыні’, рэканструяванае на падставе дзеепрыметнікаў испрѐл ’засушаны, завялы (пра садавіну, гародніну)’, пре̏лав ’падгарэлы’ (Огледна св., 65). Прасл. *preti, звязанае з *para, гл. пар (Фасмер, 3, 362; Шустар-Шэўц, 2, 1156; ЕСУМ, 4, 588; Бязлай, 3, 25). Роднасныя грэч. πρήυω, πίμπρημι ’палю, спальваю’. Персан (875; гл. Коген, Запіскі, 9, 84–85), Брукнер (442), Банькоўскі (2, 825) не аддзяляюць ад *perti (гл. пе́рці ’пхаць, папіхаць, моцна націскаць’), разглядаючы *pьrěti ’прэць’ як інхаатыўны дзеяслоў ад яго.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ню́хаць ’успрымаць пах; высочваць, шукаць’ (Бяльк., ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ню́шыты ’тс’ (камян., Сл. ПЗБ), укр. ню́хати, рус. ню́хать, польск. niuchać, чэш. ňuchati, славац. ňuchať, в.-луж. nuchać, н.-луж. nuchaś, славен. njuhati, серб.-харв. њу̏шити, аддзеяслоўны назоўнік њух, балг. дыял. ню́ам, ню́шкам. Прасл. *njuchati, паводле Махэка₂ (402), — вынік экспрэсіўнага змякчэння *nuchati, што мае ў аснове гукаперайманне (параўн, рус. ну́хрить ’мурлыкаць (пра ката)’ і ’нюхаць, вынюхваць, шукаць’), якое можа быць звязана з і.-е. *neu‑(k)s‑, *sneu‑ ’нюхаць, фыркаць’, параўн. гоц. bi‑niuhsjan ’высочваць’, нарв. nuska ’шукаць’, ’пах’, ст.-ісл. nysa ’нюхаць’ і пад. (Коген, Запіскі, 238; Бязлай, 2, 225). Тлумачаць таксама як вынік перараскладання прыставачных утварэнняў з *ǫxati (ст.-слав. ѫхати, польск. wąchać: *sъn‑ǫchati (Фасмер, 3, 93), параўн. знюхацца (Карскі, 1, 325), *vъn‑ǫchati (Скок, 3, 615), параўн. уню́хацца і пад. Гл. таксама Рыкаў, БЕ, 37, 472–474.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Азяро́д ’прыстасаванне для сушкі снапоў’ (БРС, Янк. I, Гарэц., Шн. смол., Шат., Касп.), азярот (Бір. дыс.), азяроды (КЭС); азярэдзіць ’утыкаць снапы ў прасла для сушкі’ (БРС, Шат., КЭС); азярэдзіна ’жэрдка ў азяродзе, высокая нязграбная жывёліна’ (Янк. I). Агульнаўсходнеславянскае слова (рус. озород, зород, укр. озород). Бліжэйшыя паралелі: літ. žárdas, лат. zards, ст.-прус. sardis ’тс’. Параўн. Коген, Запіскі, II, 9, 84–85, на думку якога азярод < *азерод: і.-е. gʼherdh‑ побач з *gʼhord‑. Адлюстраванне розных ступеняў аблаўта ў генетычна тоесных словах, якія з’яўляюцца назвамі рэалій гістарычнага перыяду няпэўнае. Больш верагодна Зубаты, Studie, 1, 2, 125, які бачыць тут старое запазычанне з бал. моў (перад метатэзай плаўных). Лінгвагеаграфія слова (цэнтральны раён і ўсходняя частка Усходняга Палесся) сведчыць таксама ў карысць балтыйскай крыніцы. Але яе ўсходнебалтыйскі характар давесці цяжка па прычынах фанетычнага характару (мы б чакалі *ажарод). Магчыма, аднак, азʼарод < *ажʼарод, як парсʼук < паршʼук (< paršiúkas).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Забабо́ны ’прымхі’. Рус. дыял. смал., бранск., прыбалт., паўн.-дзвін., урал. забабо́ны, укр. забобо́ни, польск. zabobon, славац. zabobonky (Калал) ’тс’. Ст.-рус. забабоны (XVII ст.) ’тс’. Параўн. укр. бобони ’забабоны’ (Жэлях.), славац. bobony ’тс’ (Калал), серб.-харв. забоњити, бобоњити ’гучаць, балбатаць’, забоњити ’пачаць балбатаць, гучаць’, ст.-чэш. bobonek, pobonek ’забабоннае дзеянне’. Паводле Бернекера (1, 36–37), Фасмера (2, 70), гукапераймальнага характару (параўн. балбатаць, ням. bebeln, ст.-грэч. βαβάξω ’балбатаць’). Гэта прынялі Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136), указваючы на паралель балабоніць. Махэк₂ (58–59) высоўвае думку аб сувязі са ст.-чэш. boniti, дзе *bon‑ з ‑mon (параўн. корань *men, *mьn у памяць, помню) і прэфіксам po‑, што пераўтварыўся ў bo‑. Коген (УЗ БГУ, 1, 191, 192) указвае на падваенне кораня ба/бо, што адзначаецца ў слове байка 1 (гл.). Магчыма, што паміж гукаперайманнем і ўтварэннем слова bobniti сапраўды трэба адзначыць пераходны этап, калі *bo, *bol мела значэнне ’гаварыць’, таму магчыма аб’яднанне названых думак. Сцвярджэнне Брукнера (643) пра польск. паходжанне ўсх.-слав. форм непераканаўчае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пру́дзіць (адзежу ў лазні) ’знішчаць вошы, прапарваць над вуголлем, дэзінфіцыраваць’ (Нас., Касп., Гарэц., Мік., Др.-Падб., Сл. ПЗБ; кіраў., Нар. сл.), ’апырскваць хімікатамі’ (іўеў., Сл. ПЗБ), пру́дзіцца ’сохнуць’ (Сцяшк.), ’прасушвацца ў лазні ў духу (пра бялізну)’ (талач., в.-дзв., Шатал.). Рус. арл., калуж., разан., смал. пру́диться ’грэцца (каля печкі)’, чэш. pruditi ’гарэць, награваць’, польск. prędanie ’гарэнне’ (Міклашыч, 263). Сюды ж серб.-харв. pruditi ’гарэць, паліць’, prúda ’крапіва’ (Скок, 3, 60). Паводле Фасмера (3, 388), магчыма, звязана з пруд 1; у семантычных адносінах ён параўноўвае слав. *vrěti ’кіпець’ і літ. vérdu, vìrti ’кіпець, бурліць, варыць’. Махэк₂ (488) узнаўляе прасл. *pruditi, якое лічыць роднасным ням. brennen ’паліць’. Гл. яшчэ Коген (Запіскі, 2, кн. 9, 93), які паўтарае версію Петарсана аб тым, што гэтыя словы ўзыходзяць да і.-е. *prend‑//*prond‑ і далей звязаны з прагнуць (гл.). Сюды таксама апру́дзіцца (гл.), параўн. серб.-харв. oprudilo (пра дзіця, якое абмачылася і ў яго пячэ ў паху) (Скок, 3, 60).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скі́ба, скі́бка ‘луста хлеба’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Байк. і Некр., Варл., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Шн. 3, Мал., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ, Бір. дыс., ЛА, 4), ‘пласт, вал зямлі, які адкідаецца плугам пры ворыве’ (ТСБМ, Шат., Бес., Сл. ПЗБ), скі́бка ‘трэска’, ‘невялікі кавалак’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. скиба ‘луста’ (Альтбаўэр). Праз польск. skiba ‘луста хлеба , ‘пласт зямлі’ (Кюнэ, Poln., 96; Брукнер, 493) з ст.-в.-ням. scîba ‘луста’; Карскі (Белорусы, 157) у якасці зыходнай формы ўказваў н.-ням. Skeebe (Scheibe), што да ісл. skífa ‘луста’, аднак апошняе, як і дапушчэнне аб спрадвечнаславянскім паходжанні (набліжаецца да скубаць.; гл. Ільінскі, РФВ, 78, 203), абвяргаецца Фасмерам (3, 639). Ст.-бел. скиба ‘луста; скіба’ запазычана з ст.-польск. skiba ў пачатку XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 102). Гл. таксама Коген, Запіскі, 2, 236–237, дзе аўтар схіляецца да прапановы Ільінскага аб роднасці з скубаць (гл.) і ўзводзіць да ням. schiebe, с.-в.-ням. scîba і названую форму да і.-е. *skeib‑/*skeub‑, суадносную з і.-е. *skep‑/*skop‑, прадстаўленай у аскепак, шчапаць, скапец 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрэ́нда ‘жмінда’ (слонім., Жыв. сл.), ‘кабета заможная, але скупая, якая ўвесь час наракае, што ў яе нічога няма’ (Федар. 4), ‘чалавек, які ўвесь час скардзіцца на што-небудзь, ныцік’, скрэ́ндзіць ‘надакучліва скардзіцца’ (Сл. рэг. лекс.), ‘пішчаць, енчыць, выпрошваць’ (Варл.). Няясна. Магчыма, анаматапеічнага паходжання, параўн. skréndaje, jak kóleso nieszmarówanoje (Федар. 4, 280), серб. косава-мятох. скренцат, скренцам ‘адсутнічаць; памерці’. Беларуска-балгарская ізалекса, параўн. балг. скръ́ндза ‘жмінда’, якое разглядаюць (гл. БЕР, 6, 806; Варбат, Этимология–1970, 70) як другую ступень агаласоўкі да рус. скря́га (гл. скрага) < прасл. *skręga ‘скупы’, аднак гэта не бясспрэчна ў словаўтваральных адносінах. Магчыма параўнаць з рус. пск., цвяр. кре́нить ‘плакаць, хныкаць’, аб якім гл. Варбат, Морфон., 149. Тады *крэ́ніць — *скрэ́ніць — скрэ́нда з суф. ‑да, аб якім Сцяцко, Афікс. наз., 34. Гл. яшчэ Коген (Запіскі, 2, 9, 84–95), які, разглядаючы скрэ́нда ‘худая карова’, шкры́нда ‘худы конь або кабыла’, выдзяляе суф. ‑энда, а корань *skъr‑ выводзіць з і.-е. *skr̥‑, захаванага ў літ. skrándas, skránda ‘стары кажух’, лат. skrandas ‘старая ануча’, які ўяўляе ступень кораня і.-е. *sker‑/*skor‑, прысутнага ў ско́рка (гл.), скарэ́ць, літ. skárti, грэч. χείρω ‘рэзаць’, лац. cortex ‘кара’, skortum ‘скура’; ад *skōr‑ выводзіцца скарадзь, скарада (гл.) і грэч. σκῶρ́ ‘гразь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скяпа́ць, скепа́ць, скіпа́ць, с(ь)капа́ць ‘шчапаць’ (Нас., Касп., Шн. 1; віц., Нар. словатв.; бялын., Нар. сл.; Мат. Маг., Растарг.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ске́паць ‘сячы’ (ПСл). Укр. скіпа́ти, рус. скепа́ть ‘расшчапляць, калоць’, ст.-рус. поскѣпани ‘расколатыя’, оскѣпище, оскѣпъ ‘дрэўка кап’я’. Галоўная цяжкасць — наяўнасць к перад ѣ, якое тлумачылі па-рознаму. Шахматаў (Очерк, 176), Брандт (РФВ, 24, 174), Сабалеўскі (РФВ, 53, 8) і інш. лічылі ўсходнеславянскія формы наватворам ад рэгулярнага *сцѣпати > *стѣпати, скепати, паколькі існуюць балг. це́пя ‘калю (дровы)’, серб.-харв. цијѐпати, цѝјепа̑м ‘расколваць, разрываць’, поруч з *ščepati, гл. шчапаць. Адсюль Фасмер (3, 638) і Махэк₂ (626) мяркуюць аб існаванні прасл. *skьp‑ > ščьp‑ і *skoip‑ > sčep‑. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) лічыць пачатковае ск‑ у +скѣпати заканамерным перад ѣ з ‑oi‑. Паводле апошніх даследаванняў, наяўнасць *s перад *k з’яўляецца фактарам, які можа стрымліваць палаталізацыю (Крысько, Слав. языкозн., XIII, 350). Меркаванні пра спалучэнне ске‑ ў беларускай мове гл. Карскі 1, 368 (адзначае яго старажытнасць), Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 72 (немагчыма даць фанетычнае тлумачэнне), Векслер, Гіст., 92 (лічыць рысай, характэрнай для т. зв. кіеўска-палескага прадыялекта), а таксама Коген, Запіскі 2, 9, 84 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)