КО́ГЕН ((Cohen) Герман) (4.7.1842, г. Косвіг, Германія — 4.4.1918),

нямецкі філосаф, заснавальнік і кіраўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. у Марбургу (1876—1912) і Берліне (з 1912). Адмаўляў кантаўскае разуменне «рэчы ў сабе» ў якасці рэальнага вытоку пачуццяў пазнаючага суб’екта, а лічыў яе мэтанакіраванай ідэяй мыслення і канчатковым паняццем чалавечага вопыту. Мысленне, на яго думку, акрэслівае і форму, і змест пазнання. Пабудаваў уласную сістэму філасофіі, у якую ўвайшлі логіка, этыка, эстэтыка і філасофія рэлігіі. Філасофія, паводле К., падымаецца да ўзроўню навукі, калі аб’ектамі філас. пазнання становяцца не рэчы і працэсы аб’ектыўнай рэальнасці, а факты навукі. Лічыў, што навук., у т. л. філас., мысленне мае творчы характар у сэнсе неабмежаванасці зместу лагічных канструкцый. Як І.​Кант прызнаваў прымат этыкі адносна навук. ведаў, але трактаваў яе як логіку волі. Паводле К., фундамент культуры складаюць тэарэт. пазнанні, а таксама права і прававая дзяржава ў ліберальным разуменні. Сац.-паліт. погляды К. звязаны з распрацоўкай тэорыі «этычнага сацыялізму». Асн. працы: «Тэорыя вопыту Канта» (1871), «Сістэма філасофіі» (т. 1—3, 1902—12).

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Коген Г. 7/467

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,

ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.​Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш. Найб. вядомымі былі марбургская (Г.​Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.​Віндэльбанд, Г.​Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.

Літ.:

Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;

Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,

кірунак у філасофіі канца 19—1-й пал. 20 ст., мэтай якога было стварэнне маністычнай тэорыі на аснове інтэрпрэтацыі філас. поглядаў Г.Гегеля, яго дыялектычнага метаду і вучэння аб духу. Найбольшае пашырэнне мела ў Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Францыі, Расіі, ЗША. Родапачынальнікі гегелеўскага руху ў Вялікабрытаніі Дж.​Стырліг, а таксама філосафы Э. і П.​Керды, Т.​Х.​Грын, Б.​Бозанкет, Дж.​Э.​Мак-Тагарт, Р.​Дж.​Колінгвуд сцвярджалі, што рэчы, адносіны, рух, прастора, час, прычыннасць ёсць толькі неадэкватныя праявы сапраўднай рэальнасці — Абсалюту, які адзіны, усеабдымны, несупярэчлівы, духоўны і ахоплівае існасць і існаванне. Яны імкнуліся сумясціць гегелеўскі абсалютызм са сцвярджэннем метафізічнай каштоўнасці асобы і паставілі пад сумненне асн. палажэнне гегелеўскай дыялектыкі — «тоеснасць тоеснасці і адрознення». Б.Крочэ (Італія) развіваў філасофію духу на манер Гегеля і лічыў, што творчым пачаткам і мэтай гісторыі з’яўляюцца свабода і свабоднае «маральнае» падпарадкаванне індывіда «ўсеагульнаму», а не сіла ці зло (адсюль яго крытыка гегелеўскай тэорыі дзяржавы і адмаўленне італьян. фашызму). У процівагу яму Дж.​Джэнтыле быў адным з афіц. ідэолагаў італьян. фашызму, цалкам падтрымліваў погляды Гегеля на дзяржаву як знешняе ўвасабленне маральнай ідэі. У Германіі за адраджэнне гегелеўскага вучэння выступілі прадстаўнікі неакантыянства (В.Віндэльбанд, Г.​Коген, В.Дзільтэй, Р.​Кронер, Г.​Клокнер), якія імкнуліся «ўкараніць Гегеля ў рэчышчы ням. рамантызму і ірацыяналізму», злучыць гегелеўскую дыялектыку з «філасофіяй жыцця», выводзілі «сапраўдны змест гегелеўскай філасофіі» з кантаўскай «крытыкі здольнасці разважання», разглядалі яе як адзінства «рацыянальнай разумовасці» і «ірацыянальнага духоўнага зместу». Значную ролю ў развіцці Н. ў Германіі адыгралі Г.​Герынг, Т.​Літ, Ю.​Біндэр, Г.​Ласан, А.​Ліберт, Ф.​Розенцвейг і інш. У Расіі Н. развівалі, з аднаго боку, прадстаўнікі рус. ідэалізму і містыцызму 19 ст. (А.Хамякоў, І.Кірэеўскі, У.Салаўёў) і рус. ідэалрэалізму і інтуіцызму (С.Трубяцкой, С.Франк, М.Лоскі), з другога боку — рус. «легальныя марксісты» (П.Струвэ, М.Бярдзяеў, С.Булгакаў), якія рухаліся ад марксізму праз неакантыянства да Н. Найб. значны прадстаўнік рус. Н. — І.​Ільін імкнуўся злучыць рэліг.-філас. традыцыю, што ішла ад Салаўёва, з найноўшымі зах. кірункамі; у яго канцэпцыі філасофія Гегеля прадстаўлена як зыходны пункт «змястоўнага метафізічнага светапогляду» і аснова для распрацоўкі універсальнай фенаменалогіі рэліг. вопыту. Ж.​Валь, А.​Кажэў, Ж.​Іпаліт (Францыя) разглядалі гегелеўскую філасофію ў кантэксце праблематыкі «няшчаснай свядомасці» (ёй прысвечаны адзін з раздзелаў «фенаменалогіі духу»), распрацавалі канцэпцыю «экзістэнцыяльнага гегельянства», паводле якой «філасофія духу» Гегеля ўяўляе сабой сапраўдную «анталогію жыцця» і выяўляе ўсеагульныя характарыстыкі чалавечага быцця.

Літ.:

Гарин Э. Хроника итальянской философии XX в. (1900—1943): Пер. с итал. М., 1965;

Богомолов А.С. Английская буржуазная философия XX в. М., 1973;

Кузнецов В.Н. Французское неогегельянство. М., 1982;

The American Hegelians. New York, 1973.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)