адбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

1. што. Выканаць якую‑н. павіннасць, абавязак; прабыць вызначаны тэрмін дзе‑н. Цімох Будзік.. адбыў два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы, сядзеў як крымінальнік. Колас. Фёдар недзе ў Сібіры адбыў пакаранне за ўдзел у нейкай рэвалюцыйнай справе. Корбан. // Выканаць што‑н. фармальна, як бы з-пад прымусу. Корч не любіць, каб рабілі абы-як, абы адбыць. Мележ. А з паперай той у канторы толькі фармальнасці адбылі, па кнігах пазапісвалі: калі мясцком накіроўвае, значыць, ведае каго! Шынклер.

2. Паехаць, адправіцца куды‑н. З Цэнтральнага штаба паведамілі, што партызан Уладзімір Струн пасля лячэння ў шпіталі выпісаўся і адбыў на фронт. Сабаленка.

3. што. Правесці, зрабіць, закончыць што‑н. [Вадзіцель:] — Дык ты, брат, як адбудзеш усе там справы ў вашым бюро, заходзь начаваць да мяне на Пушкінскі пасёлак. Васілевіч. Як вяселле адбылі, Тады прыкмеціў, Вочы карыя былі... На цэлым свеце Прыгажэйшых не знайсці. Дзяргай.

4. Абысціся, абмежавацца чым‑н. нязначным, лёгкадаступным. [Дзед Мікола:] — А небарака Васіліса, наша паварыха, зусім разгубілася: што варыць? Тут варэнікамі, пельменямі ці пловам не адбудзеш. Скрыпка. Дзякуем не адбудзеш. Прымаўка.

5. Прабыць дзе‑н. пэўны тэрмін; закончыць сваё знаходжанне дзе‑н. І вось ужо адбылі, адгасцявалі, збіраюцца ехаць: Пятро з сынком Валодзькам зноў — у той свой далёкі Тамбоў, а Адам з Мікіткам паедзе ў Віцебск. Ракітны.

•••

Не адбудзе, не прыбудзе — не будзе ні выгады, ні страты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асадзі́ць ​1, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.

Умацаваць што‑н. на чым‑н., надзець на што‑н.; прымацаваць. Асадзіць касу. // Уставіць у аправу, у рамку; аправіць. // Паставіць асаду ў вокны, дзверы. Асадзіць акно.

асадзі́ць ​2, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.

1. Прымусіць рэзка спыніць, запаволіць бег. [Карла] ураз асадзіў каня, крута яго павярнуў і паскакаў прэч пад агульны рогат касцоў. Зарэцкі. // Прымусіць адступіць, падацца назад, асесці. [Багацель:] — Спачатку асадзі крыху назад, хай буферы вагонаў сціснуцца, а потым і перавядзі рэверс на пярэдні ход. Васілёнак. Кнігаўка крычыць, адводзіць драпежніка за Вятранку, а на птушанят ужо заглядзелася гадзюка: маленькія, але прагныя вочкі яе асадзілі іх у траву, пякуць, гатовы праглынуць. Бажко. // Прымусіць апусціцца ўніз. Уначы прайшоў дождж, патушыў пажары, асадзіў пыл і дым. Шамякін.

2. Разм. Зваліць ударам. Вось.. [Міхал] аднаго дзябёлага фашыста штыком пракалоў, другога прыкладам асадзіў, завязалася барацьба з трэцім. Гурскі.

3. перан. Прымусіць каго‑н., хто страціў у чым‑н. пачуццё меры і пад., перамяніць тон, прыціхнуць, змоўкнуць; абарваць ​1 (у 5 знач.). Цытвараў даўно назіраў за Чыжыкавым, падбіраў факты і меркаваў у зручны момант выступіць і асадзіць яго, калі не зусім, то на доўгі час. Алешка.

асадзі́ць ​3, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.

Акружыць войскам умацаваны пункт. Асадзіць горад, крэпасць. // перан. Акружыць, стоўпіцца вакол каго‑, чага‑н., дамагаючыся чаго‑н.

асадзі́ць ​4, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.

Прымусіць вылучыцца з раствору, вадкасці і апусціцца на дно ў выглядзе асадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зялёны, ‑ая, ‑ае; зелен, ‑а.

1. Адзін з колераў сонечнага спектра, сярэдні паміж жоўтым і блакітным; колеру травы, зелені. Зялёны колер. Зялёная фарба. Зялёная тканіна. □ Пад цяжарам.. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. // Разм. Бледны, з зямлістым адценнем. Зялёны твар.

2. Утвораны зеленню (у 1 знач.), зялёнай расліннасцю; зарослы дрэвамі, кустамі, травой. Верхавіны.. дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунэль. Чарнышэвіч. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей.

3. Які складаецца са свежай зелені, з’яўляецца зеленню (у 1 знач.). Зялёны корм. Зялёнае ўгнаенне. // Прыгатаваны са свежай травяністай часткі ядомых раслін. Зялёны боршч. Зялёнае варыва.

4. Недаспелы, няспелы. Зялёны яблык. Зялёнае жыта. Журавіны яшчэ зялёныя.

5. перан. Вельмі юны, нясталы; нявопытны з прычыны маладосці. Прыехаў да нас у будаўнічую кантору новы начальнік. Зусім зялёны, зірнеш на яго — гадоў васемнаццаць, больш не дасі! Каршукоў.

6. у знач. наз. зялёныя, ‑ых. Назва асобных атрадаў нерэгулярных войск, якія ў час вайны хаваюцца ў лясах і рабуюць насельніцтва. Нам — ні белых, ні зялёных, Мы з душою за чырвоных. З нар.

•••

Зялёнае мыла гл. мыла.

Зялёная маса гл. маса.

Зялёны гарошак гл. гарошак.

Зялёны канвеер гл. канвеер.

Зялёны стол гл. стол.

Зялёны тэатр гл. тэатр.

Зялёны чай гл. чай.

Зялёныя насаджэнні гл. насаджэнне.

Зялёнае дзіця гл. дзіця.

Зялёная вуліца гл. вуліца.

Молада-зелена гл. малады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брат, ‑а; мн. браты, ‑оў; м.

1. Кожны з сыноў у адносінах да другіх дзяцей гэтых жа бацькоў. Бацька.. [Марынкі], Раман Дзянісавіч, маці і малодшы брат Міша .. вячэралі. Хадкевіч. На другой палове [вагона] месціцца дзіцячы тапчан, тут жа спіць Міколаў старэйшы брат. Лынькоў.

2. Усякі чалавек, якога яднае з тым, хто гаворыць, агульнасць радзімы, класавых інтарэсаў, становішча, умоў. Браты па класу. Браты-славяне. □ Дняпроўцы прынялі на сябе галоўны ўдар, уласнымі грудзьмі прыкрылі ўкраінскіх братоў. Шамякін.

3. Разм. Форма сяброўскага звароту да мужчыны. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў.. [шафёр] машыну. Васілевіч. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць. Крапіва.

4. Член рэлігійнай секты; манах.

•••

Малочны брат (сястра) — сын (дачка) мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама гэтыя дзеці ў адносінах да дзяцей мамкі.

Ваш брат — вы і на вас падобныя. [Маеўскі:] — Мы людзі навучаныя не горш за вашага брата, салдата. Бачылі і не такое. Шамякін.

На брата — на кожнага. — Наташачка, золатка, слухай мяне, — верхаводзіў Лукаш, — па дзвесце на брата. Лобан.

Наш брат — я і на мяне падобныя. Таварышы давалі наказ: «Працуй шчыра, любі людзей, не падвядзі нашага брата, журналіста». Сергіевіч.

Ні брат ні сват — зусім чужы, ніякі не родны.

Ні свата ні брата — без родных, без сваякоў, без радні, адзінокі.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто ні ад каго, ні ад чаго не залежыць, каму ўсё лёгка даецца.

Свой брат — пра чалавека аднолькавага стану і становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зачапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. Захапіць, падчапіць (кручком, пятлёй і пад.). Зачапіць вядро на крук. Зачапіць бервяно бусаком. □ [Алеся] зачапіла хусткай чамадан, ускінула на плечы і рашуча перайшла чыгунку. Шамякін. // Рухаючыся, выпадкова закрануць што‑н., дакрануцца да каго‑н. На тратуарах было цесна, я баяўся, каб знячэўку каго не зачапіць, і стараўся ісці асцярожна. Скрыган. Рамізнік зачапіў воссю за вугал — пасыпалася парахня. П. Ткачоў.

2. перан. Зрабіць шкоду каму‑, чаму‑н., папсаваць. Зачапіў смерч край хлява, разбурыў, расшматаў. Асіпенка. — Дзеда ж тады ніводная пчала не ўкусіла, можа і мяне не зачэпяць. Якімовіч. // Усхваляваць, абудзіць якое‑н. пачуццё. [Ганна:] Зачапіла твая Люда яго маладое сэрца, — месца хлопец не знаходзіць сабе. Губарэвіч. // Разм. Зняважыць чые‑н. пачуцці, інтарэсы. Зачапіць самалюбства. Зачапіць гонар. / у безас. ужыв. Зачапіла Габруся. Балючае месца павярэдзілі. Ды смехам яшчэ. Шынклер.

3. Пачаць гаворку, размову з кім‑н., сказаць каму‑н. што‑н. Жанчыны, як знарок, не абганялі.. [Аксінню], доўга ішлі побач, пакуль хтосьці з іх не азваўся, не зачапіў яе. Ракітны. Жанчынам трэба было за што зачапіць язык. Пташнікаў. // перан. Закрануць у размове, гутарцы якое‑н. пытанне, тэму. За сталом ішла размова. Пра навуку, атам, космас, і зусім не выпадкова зачапілі бога ўскосна. Гілевіч.

•••

Зачапіць за жывое — усхваляваць; закрануць самалюбства.

Няма за што рук (рукі) зачапіць — тое, што і няма за што рук (рукі) зацяць (гл. зацяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звалі́цца ​1, звалюся, звалішся, зваліцца; зак.

1. Упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Афіцэр, які зваліўся з лесак, моцна пабіў сабе спіну аб сасновы корч. Колас. [Таня] неасцярожна кранула стол, шклянка звалілася на падлогу і са звонам разбілася. Шахавец. // Упасці параненым, падбітым, забітым. У жахлівай неразбярысе бою ніхто не заўважыў нават, як зваліўся .. [Сярожа], падкошаны разрыўной куляй. Асіпенка. Некалькі параненых чалавек звалілася на зямлю. Чорны. // Упасці ад стомы. Патапчык ускочыў у гушчар і, прабегшы сажняў дзвесце, ад стомы зваліўся на купіну. Чарнышэвіч. // перан.; на каго-што. Раптоўна выпасці, дастацца каму‑н. на долю. Мінула з тыдзень часу, і новая бяда-напасць звалілася на дзеда Мікалая. Якімовіч. // перан.; з каго-чаго і без дап. Перастаць турбаваць каго‑н., знікнуць (пра цяжкі душэўны стан, клопаты і пад.). [Таццяна] спынілася і лёгка ўздыхнула. Велізарны цяжар небяспекі, які балюча ціснуў на сэрца апошнія кіламетры, зваліўся адразу. Шамякін. Усё благое звалілася з .. [Сымонавай] душы і знікла. Чарнышэвіч.

2. Разм. Захварэць (звычайна моцна, сур’ёзна). Ён увесь час дрэнна адчуваў сябе і, нарэшце, зваліўся.

•••

Гара з плячэй звалілася гл. гара.

Зваліцца з ног — знемагчыся, злегчы ад хваробы, працы, гора і пад.

Зваліцца з плячэй — зусім знасіцца (пра адзенне).

Карона з галавы не зваліцца гл. карона.

Як з неба зваліўся — а) нечакана з’явіўся; раптоўна адбыўся, здарыўся; б) не разумее таго, што адбываецца навокал.

звалі́цца ​2, ‑ліцца; зак.

Атрымацца ў выніку валення (пра вырабы з воўны, пуху). Сукно добра звалілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, даставіць да якога‑н. месца; давалачы. Дацягнуць лодку да вады. // Разм. Павольна, з цяжкасцю давезці, данесці да якога‑н. месца. Пакуль Антонава кабыла дацягнула свой воз да млына, зрабілася зусім цёмна. Новікаў. // без дап. Разм. З цяжкасцю даехаць, даляцець да якога‑н. месца. Самалёт паступова зніжаўся, нягледзячы на ўсе мае намаганні трымацца набранай вышыні. Я адразу зразумеў, што нам не дацягнуць да базы. Шамякін.

2. Працягнуць, правесці, пракласці да якога‑н. месца. Дацягнуць да лесу тэлефонны провад. // перан. Давесці што‑н. пачатае да канца ці да пэўнай ступені выканання. Дацягнуць урок да канца. Дацягнуць да нормы.

3. Праспяваць да канца; дапець. Як дацягнуў запявала апошняе слова, дзесяткі галасоў, няроўных, але ўпэўненых, падхапілі песню, узнялі яе ўгору і запоўнілі песняй пустынную вуліцу. Галавач.

4. і без дап. Разм. Правесці час да якога‑н. моманту. Дацягнуць час да вячэры. □ Каб толькі дацягнуць да ночы, там можна было б знайсці дарогу дадому. Лобан. // Пражыць, праіснаваць да якога‑н. часу, падзеі; дажыць. [Бацька] даўно ўжо чакаў гэтага моманту, даўно ўжо думаў, як дацягнуць да ўраджаю. Маўр. Дажыў Макарый да сівых валос І дацягнуў аж да вайны Айчыннай. З. Астапенка.

5. Разм. Зацягнуць выкананне чаго‑н., не зрабіць што‑н. своечасова. Дацягнуць здачу экзамена да вясны. □ — Дацягнулі да апошняга... Загубілі дзяўчынку! — злаваўся Сцепанец. Гарбук.

•••

Ледзь дацягнуць ногі — з цяжкасцю дайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́па, ‑ы, ж.

Узорыстае пікейнае пакрывала на ложак. Заслаць ложак капай. □ У хатах радыё, гардзіны на вокнах, ложкі з капамі і рознымі накідкамі на падушках. Ермаловіч. На блакітную коўдру і падушкі накінута капа з карункамі. Гарбук.

[З лац. cappa.]

капа́ ​1, ‑ы́; мн. ко́пы (з ліч. 2, 3, 4 капы́), коп; ж.

Куча сена, саломы, складзеная конусам; невялікі стажок. [На сенажаці] там-сям стаялі ўжо стагі, густа былі раскіданы копы і ляжала яшчэ не згрэбенае, але ўжо парыжэлае сена. Чарнышэвіч. На палетках зрэдку стаялі яшчэ не звезеныя копы, а ні бабак, ні мэндлікаў ужо зусім не было: уборка набліжалася к канцу. Кулакоўскі. // перан. Пра пышныя, густыя валасы. На самай макаўцы высокай капы каштанавых валасоў сядзеў маленькі.. капялюшык. Алешка. Капа светлаватых валасоў хвалямі спадала і рассыпалася па яе [Рэгініных] плячах. Лупсякоў.

капа́ ​2, ‑ы́, мн. ко́пы (з ліч. 2, 3, 4 капы́), коп; ж.

Даўнейшая адзінка лічэння: шэсцьдзесят штук чаго‑н. Капа арэхаў. □ Густа-густа ляжаць тоўстыя снапы, капа напэўна дасць восем пудоў — не меней. Галавач. Гуркоў па сто дванаццаць коп узята з кожнай градкі. Вялюгін.

капа́ ​3, ‑ы́; ж.

На Беларусі і Украіне ў часы феадалізму — сход сялян, які разглядаў судовыя справы і зямельныя спрэчкі. Беларускі селянін прынёс у горад свае традыцыйныя ўяўленні аб самакіраванні, якія з пакалення ў пакаленне замацоўвала сялянская абшчына і яе вышэйшы арган — сялянскі сход, ці так званая капа. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нячы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, неахайны. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варожыць цыганка ў лахмане зрэбным і нячыстым. Багдановіч. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Нячысты пакой.

2. Неаднародны, з дамешкам чаго‑н.; забруджаны. Нячысты спірт. Нячыстая вада. // Не чыстакроўнай пароды. Конь нячыстай пароды. // Мутны, няясны, невыразны (пра колер). Нячыстыя фарбы. // З прышчыкамі, вуграмі і пад. (пра скуру). Нячыстая скура па твары.

3. Разм. Неахайна выкананы, неакуратны. Нячыстая апрацоўка.

4. Разм. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак). У маёра голас пісклявы, у суседа яго — хрыплы, нячысты. Навуменка. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.

5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, несумленны, здольны да машэнства. [Ладынін:] «Трэба сказаць Башлыку, каб прасачыў за гэтымі нарыхтоўшчыкамі сваімі. Нячыстыя, відаць, людзі». Шамякін. // Заснаваны на машэнстве; нячэсны. Цяпер новая думка кальнула.. [Зосю]: «Можа.. [Міхал] і тады ўжо ў якіх нячыстых авантурах быў?». Чорны. [Грэт] інстынктам адчула, што справа тут нячыстая. Маўр.

6. У некаторых рэлігійных вучэннях — непрыгодны, непажаданы богу, грэшны. [Сымон] даводзіў, што свіння для старазаконнікаў-яўрэяў — грэшная і нячыстая жывёла. Бядуля.

7. Разм. У забабонах — звязаны са злым духам, чараўніцтвам. Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй бы ад гэтага нячыстага месца. Колас. // у знач. наз. нячы́сты, ‑ага, м. Злы дух, чорт. [Жонка брыгадзіра:] — Не сорам табе, і нячыстага не баішся ты. Мурашка.

•••

Нячыстая сіла гл. сіла.

Нячысты дух гл. дух.

Нячысты на руку — схільны да крадзяжу, махлярства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́ць, пішу, пішаш, піша; незак.

1. што і без дап. Перадаваць на паперы або на іншым матэрыяле якія‑н. графічныя знакі. Пісаць літары. □ З літар складаецца слова. Слова піша чалавек. Чорны. // без дап. Умець перадаваць на пісьме літары, словы і пад. [Лютынскі:] Я, пане, і сам ні чытаць, ні пісаць па-польску не ўмею. Крапіва. Ад .. брата [Наташа] навучылася чытаць і пісаць і хутка пачала рабіць гэта нават лепш, чым ён. Шамякін. // без дап. Быць прыгодным для пісання. Пяро дрэнна піша.

2. што. Складаць які‑н. пісьмовы тэкст. Рыгор паспешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Гартны.

3. што, аб кім-чым або з дадан. сказам. Паведамляць аб чым‑н., выказваць што‑н. у пісьмовай форме. З Петраграда Адаму пісаў брат, што там рабочыя бунтуюць. Корбан.

4. што і без дап. Складаць і запісваць літаратурны, навуковы або музычны твор. Пісаць апавяданні. Пісаць дысертацыю. Пісаць оперу. // без дап. Займацца літаратурнай дзейнасцю, быць пісьменнікам. Я баяўся, каб Барыс зусім не кінуў пісаць. Бядуля. // у што. Змяшчаць свае творы ў якім‑н. перыядычным выданні. [Пахлябіч:] — Пачні пісаць у газету, я табе нават скажу, што напісаць на першы раз. Чорны.

5. што і без дап. Ствараць творы жывапісу. Палянку мастак добра ведаў: ужо трэцюю восень прыязджаў ён сюды пісаць асенні эцюд. Даніленка.

•••

І пайшла пісаць губерня гл. губерня.

Пішы прапала — аб непазбежнасці якой‑н. страты, няўдачы і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)