зачапіць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. Захапіць, падчапіць (кручком, пятлёй і пад.). Зачапіць вядро на крук. Зачапіць бервяно бусаком. ▪ [Алеся] зачапіла хусткай чамадан, ускінула на плечы і рашуча перайшла чыгунку. Шамякін. // Рухаючыся, выпадкова закрануць што‑н., дакрануцца да каго‑н. На тратуарах было цесна, я баяўся, каб знячэўку каго не зачапіць, і стараўся ісці асцярожна. Скрыган. Рамізнік зачапіў воссю за вугал — пасыпалася парахня. П. Ткачоў.

2. перан. Зрабіць шкоду каму‑, чаму‑н., папсаваць. Зачапіў смерч край хлява, разбурыў, расшматаў. Асіпенка. — Дзеда ж тады ніводная пчала не ўкусіла, можа і мяне не зачэпяць. Якімовіч. // Усхваляваць, абудзіць якое‑н. пачуццё. [Ганна:] Зачапіла твая Люда яго маладое сэрца, — месца хлопец не знаходзіць сабе. Губарэвіч. // Разм. Зняважыць чые‑н. пачуцці, інтарэсы. Зачапіць самалюбства. Зачапіць гонар. / у безас. ужыв. Зачапіла Габруся. Балючае месца павярэдзілі. Ды смехам яшчэ. Шынклер.

3. Пачаць гаворку, размову з кім‑н., сказаць каму‑н. што‑н. Жанчыны, як знарок, не абганялі.. [Аксінню], доўга ішлі побач, пакуль хтосьці з іх не азваўся, не зачапіў яе. Ракітны. Жанчынам трэба было за што зачапіць язык. Пташнікаў. // перан. Закрануць у размове, гутарцы якое‑н. пытанне, тэму. За сталом ішла размова. Пра навуку, атам, космас, і зусім не выпадкова зачапілі бога ўскосна. Гілевіч.

•••

Зачапіць за жывое — усхваляваць; закрануць самалюбства.

Няма за што рук (рукі) зачапіць — тое, што і няма за што рук (рукі) зацяць (гл. зацяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)