Кары́та ’карыта, начоўкі, човен’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’збітыя вуглом дзве дошкі, якія прыбіваюцца на версе гонтачнай страхі’ (Сцяшк., Шатал.), ’шуфляда ў ручным млыне, куды падае мука’ (Шатал.), укр. корито ’тс’, рус. корыто ’тс’, чэш. koryto ’карыта, кармушка’, славац. koryto ’тс’, н.-луж. kóryto ’тс’, польск. koryto ’тс’, балг. корито ’тс’, макед. корито ’тс’, серб.-харв. ко̀рито ’тс’, славен. koríto ’тс’. Трэба адзначыць, што паралельна амаль усе славянскія дыялекты ведаюць яшчэ адно значэнне для прасл. koryto ’жолаб, роў, рэчышча’. Менавіта апошняе значэнне навяло даследчыкаў на думку пра сувязь прасл. koryto з дзеясловам ryti. Тады ko‑ прэфікс, як у kadъlbъ (ад dъlbti ’дзяўбці’), (гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 169). Гэта этымалогія (Міклашыч, 133) здаецца надзейнай (што датычыць прэфіксальнай і каранёвай частак слова). Значна менш надзейнае чляненне kor‑yto. Словаўтварэнне як kop‑yto, але калі kop‑yto да капа́ць, то адпаведнага зыходнага дзеяслова для karyto мы не знаходзім, а паходжанне ад kora вельмі праблематычнае, параўн., аднак, карыць 1. Суаднесенасць са ст.-прус. pracartis ’карыта’ і літ. prãkartas ’кармушка’ базіруецца на семантычнай тоеснасці, але фанетычныя разыходжанні растлумачыць цяжка (гл. агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 122–125). Фасмер (2, 343) прытрымліваецца другой этымалагічнай версіі Міклашыча і ўзмацняе яе паралеллю Шпэхта: лат. karaûte, karuóte ’лыжка’ з тоеснасцю суфіксаў (ūt = yt).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квач ’вялікі памазок з пакулля, рагожы для размазвання чаго-н. па якой-н. паверхні’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., ТС, Касп., Шат., КЭС, лаг., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Грыг., Гарэц.), ’дзіцячая гульня, па правілах якой адзін з гуляючых, дагнаўшы другога, павінен дакрануцца да яго’ (ТСБМ, ТС). Параўн. укр. квач ’тс’. Польск. kwacz — запазычанне з бел. ці ўкр. Тое ж можна сказаць і аб арэальна абмежаваным рус. квач. Звычайна звязваецца па паходжанню з kvacati, якое мае таксама арэальна абмежаваны характар. Толькі балг. паралель выводзіць яго за межы бел.-укр. арэала. Насуперак Слаўскаму (3, 453) бліжэй за ўсё да квач германскія паралелі. Але разглядаць яго як запазычанне з ням. Quast нельга зыходзячы перш за ўсё з лінгвагеаграфічных меркаванняў. На жаль, мы не ведаем гоц. рэфлексацыі прагерм. kwastu‑. Можна меркаваць аб арэальна абмежаваным запазычанні з гоц. *ku̯ast‑ (ku̯ast‑ > ku̯ats). Параўн. адпаведныя прыклады ў Лекс. Палесся, 16–17. Надзейнасць гэтай гіпотэзы, аднак, невялікая, улічваючы незафіксаванасць гоц. крыніцы і фанетычныя цяжкасці (доўгі галосны і ч‑заканчэнне ў бел. і ўкр. паралелях). Сувязь квач з прасл. kvaka ’гак’, якое рэканструюецца на аснове паўднёва- і заходне-славянскіх рэфлексацый, яшчэ менш надзейная, бо не толькі істотна адрозніваецца ад квач семантычна, але рэпрэзентуе зусім іншы слав. арэал (Слаўскі, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асаве́ц 1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.

Асаве́ц 2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Над 1, прыназ., рэдка нада (нада мной); укр. над, надо, рус. над, надо, польск. nad, nade, чэш. nad, nade, славац. nad, nado, в.-луж., н.-луж. nad, nade, nado; славен. nad, серб.-харв. над, нада, балг. над, макед. над. Прасл. *nadъ роднаснае да на; праблему складае паходжанне ‑dъ, якое звычайна трактуецца як узмацняльнае. Найбольш пашыраная версія тлумачыць з’яўленне гэтага элемента пад уплывам антанімічнага podъ (Фасмер, 3, 37; Махэк₂, 387; Бязлай, 2, 210 і інш.). Згодна са Стангам (Scando-Slavica, 3, 236), ‑dъ у nadъ, podъ, perdъ аднолькавага паходжання са ст.-прус. ‑dau у pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’пасля’, што разглядаецца як іменная флексія месн. скл., паколькі некаторыя прыназоўнікавыя формы з ‑dъ узніклі на базе назоўнікаў і прыслоўяў; напрыклад, балг. зад ’за’, якому ў іншых славянскіх мовах адпавядаюць толькі назоўнікавыя і прыслоўныя функцыі, развіло прыназоўнікавае значэнне ў гістарычны час на Балканах, гл. ESSJ SG, 1, 127–128 (з л-рай). У народна-дыялектнай мове сустракаюцца выпадкі канкурэнцыі на і над, параўн.: Над сонца надышоў похмарок (ТС).

Над 2 у выразе: Як нема на наду, так чорт даў хаду (пра запаслівасць, гаспадарлівасць) (саліг., Нар. сл.). Рэдкая паралель да серб.-харв. на̂д, на́да ’надзея’, параўн. яшчэ славен. nȃda ’тс’, гл. надзея. Аднак не выключана, што тут выступае аддзеяслоўны назоўнік, утвораны ад на́дзіць ’вабіць, прыцягваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́та ’вязанка, цюк’, ’сноп бобу, льну’, ’мажная тоўстая жанчына’ (Сл. паўн.-зах., Мат. АС, Нар. лекс., КЭС, лаг., Сцяшк.). Параўн. кіціца (гл.). Укр. кита ’гронка, мяцёлка, пучок, кутас’, рус. кита ’сцябло’, балг. китка ’букет, вязка’, серб.-харв. кита ’галінка, пучок, вязка’, китка ’жаночы галаўны ўбор’, славен. kita ’каса (валасоў), вязка, пучок’, польск. kita ’султан на шлеме, пучок, вязка’, чэш. kytice, kytka ’букет, вязка’, славац. kyta ’вязка’, kitka ’гронка’, в.-луж. kita ’гронка, пучок’. Прасл. kyta не мае верагоднага этымалагічнага тлумачэння. Зусім умоўны характар мае версія аб kyta < *kūpta (сюды ж чуб) (Бернекер, 1, 679). З прасл. kystь (гл. кісць) таксама нельга выводзіць kyta, бо kystь (kyt‑tь) вытворнае ад kyta. Існуе, аднак, іншая магчымасць тлумачэння, на якую звярнуў увагу Праабражэнскі (1, 310), параўнаўшы kyta з kyką: ст.-слав. кыка ’валасы на галаве’, балг. кика ’каса (валасоў)’ (параўн. славен. kita, kitica ў тым жа значэнні), серб.-харв. кика ’тс’, кичица ’чубок’, рус. кика ’жаночы галаўны ўбор’ (параўн. серб.-харв. китка ў тым жа значэнні), бел. кічка (гл.) ’гронка’. Параўн. укр. кита ў тым жа значэнні. Дублет kyta/kyką мы тлумачым змяшэннем k’ і t’ у праславянскай мове. Яно на карысць таму прасл. kyka разглядаецца як першаснае. Яно мае надзейную этымалогію ў адрозненне ад kyta (Мартынаў, Слав. акком., 65–66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каба́т ’жаночая цёплая камізэлька; безрукаўка’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Інстр. I, Касп., Малч., Мат. АС, Мат. Гом., Мядзв., Нас., Некр., Рам., Серб., Сержп. Грам., Шн. 3, Ян., Янк. 3., Яруш.), ’рознае адзенне’ (Жыв. сл.), ’сукенка’ (Касп.), ’безрукаўка’ (капыл., КЭС), ’дзіцячая кофтачка на падбіўцы’ (Шатал.). Укр. кабат ’куртка, кафтан’, рус. кабат ’куртка, кофта’, рус. зах.-бран. кабат ’ліф, верхняя частка сарафана’, польск. kabat ’кафтан’, в.-луж. kabat ’кафтан’, чэш. kabát ’паліто’, славац. kabat (у розных значэннях, напр. ’спадніца’ (Kalal)). У паўдн.-слав. мовах запазычана іншым шляхам, пра што сведчыць фанетыка слова: балг. кавад, кават, кавак, серб.-харв. ка̏ва̄д, якія з перс. kabā ’кафтан’ пры пасрэдніцтве с.-грэч., н.-грэч. моў, гл. БЕР, 2, 119. Відаць, перс. форма з’яўляецца крыніцай і для зах.-еўрап. слоў, аднак няясным застаецца шлях запазычання. Для бел. слова таксама існуе праблема непасрэднай мовы-крыніцы. Рус. кабат вядома на поўначы і на сумежжы з беларускай тэрыторыяй. Яно можа разглядацца як пранікненне з бел. гаворак. Некаторыя значэнні польскага слова (’верхняя вопратка’ і, напрыклад, паводле WIEP-ill. kabat ’кафтан, пераважна жаночы’), а таксама распаўсюджанае слова на беларускай тэрыторыі дазваляюць меркаваць, што крыніцай запазычання быў польскі перыферыйны дыялект. На карысць гэтага наяўнасць слова ў сумежных літоўскіх гаворках са значэннямі ’сукенка без рукавоў’ (kabãčius) і ’жаночы кафтанны (kóbotas).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́ня 1 ’гарачы, запальчывы чалавек’ (ТС), пеня́цца ’крыўдзіцца’ (чач., Мат. Гом.), пеня́ць ’скардзіцца’ (лудз., Сл. ПЗБ). Укр. пеня́ ’напасць, бяда; прыдзірлівы чалавек’, пеня́ти ’наракаць’; рус. пе́ня, пеня́ ’дакор, нараканне’, пеня́ться ’крыўдзіцца, наракаць’; ст.-рус. пеня ’вымова, дакор, папрок’, пеняти ’скардзіцца’; польск. pienia, pieniacz, pieniaka ’суцяга, зваднік’, pieniąc się ’зваднічаць’, чэш. pěnivý ’ўзбуджальны’, pěniti ’кіпець (пра кроў, жоўць)’, ’шалець, лютаваць’, в.-луж. pěnić so ’тс’, славен. pẹ́niti se ’злавацца на каго-небудзь’. Да прасл. *pěna, гл. пе́на. Утварылася пры дапамозе суф. *‑ja, які наслаіўся на асноўнае *‑n‑a > *nʼa, параўн. *tonʼa (< topnʼa) — tonǫti, соня < sopnʼa — sъpati. Семантыка лексемы стаіць бліжэй да зах.-слав. (уключаючы і славен.), а пеня́ць — да рус. моўнай тэрыторыі, хаце ў ст.-рус. мове пеня — ’спрэчка, судовая справа’, таму можна меркаваць, што гэтае значэнне — адно са старажытных, з якога пазней развілася сема ’пакаранне, штраф’. Фасмер (3, 233) мяркуе, што апошняе прыйшло з польск. мовы. Булыка (Лекс. запазыч., 84) таксама мяркуе, што ст.-бел. пеня ’пеня’ (1392 г.) паходзіць са ст.-польск. pena (якое з XVI ст.) < лац. poena ’пакаранне; штраф; пакуты’. Можна, аднак. дапусціць, што гэтае падабенства лац. і слав. лексем — вынік больш ранніх генетычных сувязей.

Пе́ня 2, пе́на ’штраф’ (ТСБМ, Гарэц., Шат.), пе́нія ’пеня’ (Юрч. СНЛ). Да пе́ня 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пло́скі ’які не мае упадзін, узвышшаў, роўны, без пад’ёмаў і спускаў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ), ’слаба, някрута спрадзены’ (Уладз.; баран., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. Сл.: рас., талач., Шатал.), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’ (карм., ветк., чач., ЛА, 2; ТС), ’худы (конь, карова)’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’шырокі (пра капыт)’ (карэліц., Нар. словатв.). Укр. пло́ский, рус. пло́ский, пло́сок, польск. ст.-мазав. płoski, чэш., славац. ploský, славен. plòsk ’плоскі’, plóska ’паверхня, раўніна’, серб.-харв. пло̏сан, макед. плосок, балг. плосък, ст.-слав. плоскъ. Прасл. *ploskъ, звязанае чаргаваннем галосных кораня з *plask‑, *plesk‑, *plěsk‑, якія з і.-е. *plok‑sko‑ ці *plək‑sko; роднаснае лат. plakans ’плоскі’, лац. placidus ’роўны, гладкі’, ’прыемны’, ст.-грэч. πλάξ ’раўніна’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Траўтман, 222; Фрэнкель, 602; Бязлай, 3, 61). Аднак Мее (Études, 332), Младэнаў (430), Фасмер (3, 285) дапускаюць магчымасць вывядзення лексемы плоскі з *plot‑sko і супастаўляюць апошнюю са ст.-інд. práthas ’шырыня’, авест. fraϑah‑, ст.-грэч. πλατύς ’шырокі, плоскі’. Гэтаксама Махэк₂ (462), які дапускае прасл. форму *plotъ (ŭ‑аснова), што ў чыстым выглядзе не захавалася, але ад яе утварылася плотва, плотка (гл.). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 27) на падставе славін. plos ’клоп’ рэканструююць рэліктавую форму *plosъ ’плоскі’, якая мае адпаведнікі на славянскім Поўдні. Абаеў (Этимология–1984, 21) мяркуе, што рус. плоский з’яўляецца роднасным рус. плохой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плыт 1 плут ’бярвенне, звязанае ў адзін або некалькі радоў для сплаву па вадзе’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Маш., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Серб., Сцяшк. МГ, жытк., Мат. Гом.; ашм., Стан.), укр. плит, пліт, рус. плот, стараж.-рус. плътъ, ст.-чэш. plet, польск. płet, płyt. Паўн.-прасл. *plъtъ, роднаснае лат. pluts ’плыт, паром’, ст.-інд. plutáṣ ’абмыты’, ’які плыве’, ст.-грэч. πλυτός ’мыты’; н.-ням. floss ’плыт’ < і.-е. *plu‑t‑o‑s < *pleu̯‑ ’плыць’ (Фасмер, 3, 285; Банькоўскі, 2, 623). Бяднарчук (JP, 64, 1–2, 26) разглядае формы плыт/płyt у якасці польска-беларускай інавацыі дагістарычнай эпохі (чаргаванне ŭ/ū), аднак першаснай усё ж была форма *plъtъ, а форма *plytъ узнікла пад уплывам асновы цяп. ч. *plynǫti, плы́нуць. Мартэнаў (Лекс. взаим., 100–102) з адноснай надзейнасцю выводзіць прасл. plъtъ з прагерм. flut‑. Сюды ж плытаць, плы́ціць ’вязаць у плыт’ (Нас.; паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), плытагоніць ’ганяць плыты’ (рагач., Сл. ПЗБ), плы́тнік ’плытагон’ (Нас.; Яруш., Гарэц.; Шат.; Сцяшк. МГ; іўеў., Сл. ПЗБ; б.-каш., маст., віл., бераз., рагач., Нар. лекс.; ашм., Стан.), плыта́р ’тс’ (Сл. Брэс.), плытагон (барыс., рэч., Нар. лекс.), плытагоншчык (віл., тамсама); плы́тніцкі (хлеб) ’тоўсты кавалак (хлеба)’ (Шатал.).

Плыт 2, плытюга́ ’рэдка звязаны світэр’ (драг., Жыв. НС). Да плот 1 — у выніку пераносу значэння паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́вы ’супрацьлеглы леваму; справядлівы, праўдзівы; невінаваты, маючы рацыю’ (ТСБМ, Ласт.), ’роўны’ (пін., Сл. ПЗБ), пра́ву ’прамы’ (ТС), ст.-бел. правы ’правы, неілжывы, невінаваты’ (Стан.), укр. пра́вий ’тс’, рус. пра́вый ’тс’, польск. prawy ’тс’, чэш., славац. pravý, в.-луж. prawy, н.-луж. pšawy ’тс’, славен. pravi ’правы, прамы; правільны’, серб.-харв. пра̏в, prȃvi ’прамы; невінаваты; правільны’, балг., макед. прав ’прамы, справядлівы, сапраўдны’, ст.-слав. правъ ’прамы; правільны, справядлівы’. Прасл. *pravъ(jь) звязваюць з *pьrvъ (гл. першы) і значэннем ’які стаіць наперадзе, першы’, корань той жа, што і ў *per (гл. перад) (Бязлай, 3, 105; Сной₂, 559); іншыя збліжэнні: лац. probus ’добры, сумленны, прыстойны’ (< *prō‑, гл. пра-), ст.-інд. prabhúh̥ ’выдатны; хто перавышае іншых’, ст.-англ. fram ’моцны, дзейны, смелы’, ст.-ісл. ’той, што стаіць наперадзе; хто імкнецца наперад’ (гл. Фасмер, 3, 352; ЕСУМ, 4, 551; БЕР, 5, 581). Паводле Мартынава (Балто-слав.-итал. изогл., 15–16; Язык, 61–62), роднаснае лац. pravus ’крывы, разбэшчаны, злавесны’, змяніўшаму значэнне ’прамы, спрыяльны’ на супрацьлеглае ў выніку семантычнай перабудовы. Першаснае значэнне ’прамы, просты’ лепш захавалася ў паўднёваславянскім арэале, аднак вядома і на іншых тэрыторыях, параўн. пра́ва ’прама’ (калінк., З нар. сл.). Згодна з Німчуком (Давньорус., 46), пераход ’прамы’ > ’правы’ звязаны са становішчам рук пры паказванні (“една випрямлена — prava, друга ненапружена — lěva”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)