Тырпуга́, тэрпуха́ ‘мянташка’ (Сл. Брэс., Касп.), трапуга́ ‘тс’ (ДАБМ), тэрпу́ха, тэрпу́га, трыпу́га ‘тс’ (зах.-палес., ЛП); сюды ж тырпу́жыты ‘мянціць касу’ (там жа). Няясна; параўноўваюць з укр. карп. терпу́г, терпу́га ‘піла’, торпу́жити ‘церці, шліфаваць’, рус. терпу́г ‘напільнік, рашпіль’, дапускаюць запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тур. törpü, азерб. төрпу, ст.-цюрк. törpüg ‘піла’, ‘напільнік, рашпіль’, törpi ‘абстругваць’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 558). Аднак абмежаваны арэал ужывання на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі і пераважна аддзеяслоўнае паходжанне назваў рэаліі ставіць пад сумненне прынятую этымалогію, ва ўсякім разе, дапускае мажлівасць збліжэння з трапаць (гл.), польск. дыял. tyrpać ‘торгаць, біць, штурхаць’, укр. те́рти ‘церці’, параўн. терпу́га ‘апілкі’ (ЕСУМ, 5, 558), што вяртае да вядомай этымалогіі Міклашыча (353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Байра́к1 ’сухое рэчышча ў яры’ (Яшкін), таксама буйра́к (ст.-бел. байрак ’сухое рэчышча’, з XVII ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. баера́к, буера́к, байра́к, боера́к, бара́к ’яр, роў і г. д.’, укр. байра́к, байра́ка ’лясок у яру і г. д.’ Відаць, запазычанне з цюрк. моў: тур. bayir ’узгорак, грудок, схіл гары (парослы дрэвамі)’, карай, bajrak ’гара, узгорак’. Гл. Фасмер, 1, 104, 231 (там і агляд літ-ры). Аб далейшым развіцці значэння гэтага слова гл. пад байра́к2.

Байра́к2 ’месца, зарослае бур’янам’ (Булг.). Мабыць, вынік дэградацыі геаграфічнага тэрміна байра́к (гл. байра́к1) на беларускай тэрыторыі (аб магчымых прычынах гл. пад байра́к3). Але параўн. і польск. дыял. baraki ’густыя зараснікі’.

Байра́к3 ’дрэннае, пустое’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10: Адна́ хво́я до́бра, смалі́ста, друга́я — байра́к). Як відаць з кантэксту, справа ідзе аб дрэнным дрэве. Параўн. польск. bajrak ’кручкаватая сасна’. Відаць, рэзультат дэградацыі слова байра́к ’яр’ (гл. байра́к1). Развіццё семантыкі: ’яр, яр з лесам, борам’ → ’лес, бор’ → ’дрэвы пэўнага выгляду’ (адносна хістання значэння ў слове байра́к гл. Талстой, Геогр., 101). Паколькі Беларусь і Польшча знаходзяцца на перыферыі пашырэння геаграфічнага тэрміна байра́к, то там лёгка развіваюцца другасныя, пераносныя значэнні.

Байра́к4 ’склеп’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10). Відавочна, трансфармацыя слова бара́к ’барак’ (да фанетыкі параўн. рус. дыял. байрак ’бальнічны барак’).

Байра́к5 ’благі чалавек’ (Булг.). Няяснае слова. Можна думаць пра запазычанне з цюрк. моў. Параўн. укр. дыял. байра́к ’сабака-аўчарка’ (< тур.), балг. бара́к ’лахматы сабака або чалавек; брудны чалавек’ (< тур. barak, гл. Макарушка, Словар, 4; БЕР, 1, 33). Аднак, магчыма, ёсць сувязь і з байра́к3 (’дрэннае дрэва’ → ’дрэннае, пустое’ → ’дрэнны чалавек’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трап1 ’сцежка, дарога, кірунак; крок’ (Нас.; слаўг., Яшк.), укр. торопа́ ’тс’, ’кірунак слядоў’ (калі тут не другаснае поўнагалоссе), рус. трап ’сцежка’, харв. кайк. trȁp, серб. тра̑п ’капец (для гародніны)’, ’каляіна’, ’яма для буракоў, бульбы’, ’роў’, дыял. ’бахчаўнік’, ’бахчавыя культуры, памідоры’, ’малады вінаграднік’, балг. трап ’каляіна’, макед. трап ’яма, роў’, ст.-слав. трапъ ’яма для лоўлі звяроў’. Прымаючы пад увагу ўкраінскі і паўднёваславянскі матэрыял, можна вывесці прасл. *torpъ ’яма, роў’; паводле Борыся (Etymologie, 214), *torpъ або *trapъ (з пытальнікам), што разглядаецца як паўднёваславянскае праславянскае дыялектнае ўтварэнне. Абаеў (Зб. Геаргіеву, 102–110) уключыў прасл. *torpъ у фрака-скіфска-славяна-балтыйскую ізаглосу, параўн. фрак. *tarpa ў тапоніме Tarpodizos > асец. tærfæ ’лагчына, нізіна, даліна’ (другая частка ў іран. daiza ’крэпасць’), афг. tarma ’балота’, літ. tárpas ’прамежак’, ’дзірка, адтуліна’, ’цясніна’, ’прадонне, прорва’, trapùs ’рыхлы, гнілы, крохкі’, tarpẽklis ’цясніна’, лат. starpa, starps ’прамежак’, ’прабел (у тэксце)’, tàrps ’чарвяк’ < ’свідравальшчык’ (Каруліс, 2, 286). Адсутнасць падобнай лексемы *torpъ (усх.-слав. тароп) на поўначы Славіі можа наводзіць на думку пра запазычанне з паўд.-слав. trap. Скок (3, 491), Фасмер (Die griechischen Lehnwörter im Serbokroatischen. Berlin, 1944, 143) дапускаюць паўднёваславянскае запазычанне з грэч. τρύπη ’яма, пастка’ (< і.-е. *trūp‑) ці з τάφρος ’яма, роў’ > τράφος ’роў, рэчышча’, ’мяжа’, ’плот з камянёў’. Параўн., аднак, трап’е, гл.

Трап2 ’сходы на караблі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’лесвіца на страсе, каб лазіць да коміна’ (кобр., драг., жытк., Нар. сл.). Праз польскую ці рускую мовы з нідэр. trap ’лесвіца на караблі’ (Фасмер, 4, 94; SWO, 1980, 772; СИС, 516; Булыка, СІС, 472).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бро́сня ’цвіль на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ), броснь (Нас., Чач.), бро́снець ’пакрывацца цвіллю’, таксама брасне́ць (Нас., Гарэц.). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. мове (бро́сня ’Sporengehäuse’, і гэта слова Рудніцкі (218) лічыць вытворным ад брость ’пупышка на дрэве; зелень на дрэве’ < слав. brъstь ’пупышка, парастак’; да апошняга гл. Бернекер, 90; Фасмер, 1, 219) і польскай (brośń; гэта слова Брукнер (41) з няпэўнасцю параўноўвае з слав. bronъ ’светлы колер’, broněti ’паспяваць (аб збожжавых)’). Тлумачэнне Рудніцкага пераконвае, і можна толькі ўдакладніць, што бел. броснь — утварэнне ад бро́снець (< *бростнѣти < *brъstь). Развіццё значэння: бро́снець < *бростнѣти (*brъstьněti) ’пускаць парасткі, пупышкі, зелянець’ → ’зелянець’ → ’пакрывацца зеленню’ → ’броснець’. Тады польск. brośńзапазычанне з усх.-слав. (бел. або ўкр.), як і brośćукр. брость). Параўн. яшчэ Міхневіч, БЛ, 1972, 1, 72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́жы ’рабізна на вадзе’ (палес., Клім.). Укр. бри́жі ’тс’. Метафарычнае ўжыванне слова брыжы́ ’складкі, карункі’ (гл.), якое дало шмат семантычных вытворных. Параўн. брыжы́2.

Брыжы́1 ’жабо, бардзюр; зубчаты ніз жаночай адзежы, карункі і г. д.’; ’край тканіны’; таксама брыж (БРС, КЭС, лаг., Бяльк., Бір. Дзярж., Касп.), бры́жыкі (Гарэц., Жд., Нас.). Рус. бры́жы́, укр. бри́жі́ ’тс’. Запазычанне з польск. bryże ’тс’ (а гэта з ням. Fries ’фрыз’; Брукнер, 43; Праабражэнскі, 1, 47). Мацэнаўэр (Cizí sl., 121) выводзіць з ням. Breis(e) ’аздабленне на рукаве’. Гл. Фасмер, 1, 221–222.

Брыжы́2 ’свіны кішэчны тлушч’ (Вешт.). Укр. бри́жі ’аборачкі каля тонкіх кішак’. Усё да брыжы́ ’складкі, карункі’ (гл.); метафарызацыя. Ва ўкр. мове першая ступень метафары. Палес. брыжы́ ’свіны кішэчны тлушч’ — далейшае развіццё семантыкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мка1 ’шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу’, (перан.) ’ярмо, непрыемны абавязак’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Яруш.). Укр. ля́ма, ля́мка ’тс’, ’шлейка’, рус. ля́мка ’тс’, ’стружка’, ’вяроўка’, ’пятля’, ’торба’, ’рукзак’, ст.-рус. лямка ’лямка’ (XVII ст.). У рус. мове гэта запазычанне з фін. lämsä ’пятля, повад, аркан’, саамск. карэльск. lamca ’вуздзечка’, саамск. нарв. lavčče, комі letš ’пятля’ (Каліма, 153). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 551.

Ля́мка2 ’пруг з тоўстага сукна’, ’надточаная частка падола ў світцы, спадніцы з іншага матэрыялу’ (Жд. 1, Бяльк., Нас.; смарг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lama, lamka ’аблямоўка, абшыты падол адзежыны’ (Слаўскі, 4, 36).

Ля́мка3 ’манішка’ (рас., Шатал.). Да лямка2 (гл.), аднак пры ад’ідэацыі семантыкі лексемы ля́мец ’каўнер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіль1 ’снягір’ (БРС, Касп.), рус. гиль, укр. гиль, польск. gil, giel, чэш. hýl і г. д. Этымалогія назвы гэтай птушкі вельмі няпэўная. Старая версія аб запазычанні з ням. (с.-в.-ням.) gel ’жоўты’ не вельмі надзейная (гл. Фасмер, 1, 406; Слаўскі, 1, 278); іншыя думаюць аб гукапераймальным характары гэтай назвы (агляд версій гл. у Слаўскага і Фасмера). Пытанне аб этымалогіі застаецца адкрытым. Сл. паўн.-зах. прыводзіць форму гіль ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 221), *gylьпрасл. слова (магчыма, ад *gyliti).

Гіль2 ’конскі авадзень’ (гродз., гл. Цыхун, Лекс. балтызмы, 52; Сцяшк., Шатал., Жд. 1; параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах.). Паводле Цыхуна (там жа), запазычанне з літ. мовы (параўн. літ. gylỹs ’авадзень’). Трубачоў (Эт. сл., 7, 221) думае пра роднаснасць з прасл. *gylь ’снягір’; няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няхлю́й, няхлю́я ’неахайны, нехлямяжы чалавек’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ДСП, слуц., Жыв. сл.), ’непаваротлівы’ (Грыг.), нехлю́й, нехлю́я ’неакуратны чалавек’ (ТС), нэхлю́я, ныхлю́я ’неахайная жанчына’ (брэсц., Нар. лекс.), сюды ж няўхлю́й, няўхлюя ’неахайны чалавек’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нехлю́я ’тс’, рус. дан. нехлю́й ’непаваротлівы чалавек’, польск. niechluj, niechluja ’неахайны чалавек’. Відаць, ад няхлюйны ’неахайны, неакуратны’, паралельнага да няхлюдны ’тс’ (Сцяш. Сл.), параўн. таксама польск. niechlujny ’тс’ < *niechludźny, ад chlud (Варш. сл., 3, 263), гл. схлюдны, што, магчыма, сведчыць пра запазычанне (Кюнэ, Poln., 81). Характэрна наяўнасць паралельных форм з ‑к‑: няўклюй ’неахайны, непаваротлівы чалавек’ (астрав., ул. інф.), няўклю́йны ’неахайны’ (там жа), што могуць разглядацца як вытворныя ад *klud (гл. няўклюда). Няясныя адносіны да ст.-чэш. nechla ’пачвара’ (Гебаўэр, Sl. stč.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ніж ’чым, як’ (слонім., Нар. словатв., ТС), нэж ’тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. нижъ, нижь ’тс’, укр. ніж ’тс’, польск. niż ’тс’, чэш., славац. než, н.-луж., niž ’тс’, в.-луж. njež ’тс’. Скарочаны варыянт *neže (ne + že), параўн. ст.-слав. неже (Махэк₂, 398; ESSJ SG, 2, 459), адносна бел. і ўкр. форм з ‑і‑ выказваецца меркаванне пра запазычанне з польскай мовы (ESSJ SG, 2, 456; Карскі, 1, 198), аднак тут магчыма адмоўе ні, якое, паводле Карскага (1, 187), «у беларускай змешваецца з не», што дазваляе рэканструяваць зыходнае *niže (ni + že), параўн. ESSJ SG, 2, 456. Ст.-бел. нижли, нижьли, нижели (XVI ст.), сучаснае ніжлі ’чым, як’ (Нас.) (*ne‑že‑li або *ni‑že‑li), разглядаецца як паланізм (Карскі, 1, 187, 198).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балаго́л1 балагу́ла, балаґу́ла ’ламавы рамізнік, возчык, рамізнік; яўрэй-рамізнік на фуры; паштальён’ (БРС, Гарэц., Нік. Очерки, Выг. дыс., Сцяшк. МГ). Рус. балагу́ла ’рамізнік на крытай яўрэйскай павозцы’, укр. балагу́ла ’тс’. Параўн. і польск. bałaguła. Запазычанне з ідыш balagole ’фурман’ (а гэта з ст.-яўр. baʼal ʼaɣālā ’пан павозкі’). Локач, 13; Фасмер, 1, 112; Вінер, ЖСт., 1895, 1, 59; Вярхрацкі, ЗНТШ, 12, 42; Альтбаўэр, JP, 17, 47–49. Параўн. яшчэ Кіт, SSlav., 6, 267. Неверагодна Якабсон, Word, 7, 189, які лічыў, што балагу́р звязана з балагу́ла (так меркаваў ужо Брукнер, 12, пад bałakač).

Балаго́л2, балагу́ла дыліжанс, фура, будка’ (Касп., Гарэц.). Рус. балаго́л, укр. балагу́ла, балаґула. Таго ж паходжання, што і балаго́л1 (< ідыш balagole ’фурман’, потым метафарычна ’павозка’). Фасмер, 1, 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)