ТРАСКА́ (Gadus) род рыб сям. трасковых. Пашыраны ў морах паўн.ч. Атлантычнага і Ціхага акіянаў. 1 від — Т. атл. (G. morhua) з падвідамі: балт., або дорш; беламорская; грэнландская; кільдзінская; ціхаакіянская. Паводле інш. класіфікацый да асобных відаў адносяць Т. грэнландскую (G. ogac) і Т. ціхаак. (G. macrocephalus). Мае фіёрдавыя і азёрныя формы. Жыве ў прыдонных слаях вады на глыб. да 300 м. У Атлантыцы робіць кармавыя і нераставыя міграцыі да 2 тыс.км.
Даўж. да 180 см, маса да 40 кг. Спіна зеленавата-аліўкавая з дробнымі жаўтаватымі плямамі, бруха і бакі светлыя. 3 спінныя, 2 анальныя плаўнікі. На ніжняй сківіцы вусік. Корміцца рыбай і ракападобнымі. З печані Т. атрымліваюць рыбін тлушч. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫСНЁГ (Phragmites),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 5 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Паўд. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Т. звычайны, або паўднёвы (Ph. australis, ці Ph. communis). Трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках балот, па берагах вадаёмаў, у вадзе.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 0,5—5 (6) м. Сцёблы прамастойныя, полыя, густа аблісцелыя, са шматлікімі міжвузеллямі. Лісце чаргаванае, лінейна-ланцэтнае, шыр. да 5 см, цвёрдае, завостранае. Суквецце — густая пірамідальная мяцёлка даўж. да 50 см. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае. Ачышчае сцёкавыя воды. Ідзе на корм і подсціл жывёле. Багатыя крухмалам карэнішчы спажываюцца ў ежу. Выкарыстоўваецца як сыравіна для цэлюлозна-папяровай прам-сці (перспектыўны заменнік драўніны), як буд. матэрыял, паліва. Часам Т. няправільна наз. чаротам. Тэхн., кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТХАРЫ́ (Putorius),
падрод млекакормячых роду ласак і тхароў (Mustela) сям. куніцавых атр. драпежных. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах, каля вадаёмаў, у стэпах, паўпустынях, на высечках, у хмызняках, норах; часам трапляюцца ў населеных месцах. Існуе прыручаная альбіносная форма Т. чорнага (M. putorius) — фуро́. 1 від (Т. амерыканскі — M. nigripes) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі жыве Т. чорны, або лясны.
Даўж. цела да 56 см, хваста да 19 см, маса да 2 кг. Тулава гнуткае, выцягнутае, ногі кароткія. Футра пушыстае, мяккае, афарбоўка ад чорна-бурай да палева-пясочнай. Кормяцца пераважна грызунамі. Анальныя залозы выдзяляюць пахучы сакрэт. Нараджаюць да 19 (звычайна 4—8) дзіцянят за год. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫГР (Panthera tigris),
млекакормячая жывёла роду вял. катоў сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. 7 падвідаў. Пашыраны ў Пярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на п-ве Індастан. Жыве ў разнастайных ландшафтах — лясах, хмызняках, трысняговых зарасніках. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела да 3,2 м (зрэдку больш), хваста да 1,1 м; выш. ў карку да 1,2 м; маса да 390 кг. Валасяное покрыва шчыльнае і нізкае ў паўд. падвідаў, пушыстае — у паўночных. Афарбоўка рыжая, з чорнымі папярочнымі палосамі на спіне і баках. Тулава падоўжанае, галава акругленая. Вушы невял., закругленыя. Ногі адносна невысокія, тоўстыя, кіпцюры ўцяжныя. Корміцца пераважна буйнымі капытнымі. Нараджае 2—4 (зрэдку да 6) дзіцянят 1 раз за 2—3 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫТУ́НЬ, табака (Nicotiana),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах Амерыкі, Аўстраліі і Палінезіі. На Беларусі культывуюць махорку, якая часам дзічэе, некалькі сартоў і форм Т. сапраўднага, або курыльнага (N. tabacum), крылатага, або пахучага (N. alata), і Сандэра (N. sanderae).
Адна- і шматгадовыя травы. радзей кусты. Сцёблы прамастойныя. простыя або разгалінаваныя, выш. да 2 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, часта залозістаапушанае. Кветкі буйныя, жоўтыя, ружовыя або чырв., сабраныя ў рыхлую мяцёлку. Плод — каробачка. Многія віды маюць (пераважна ў лісці) ядавіты алкалоід нікацін. Выкарыстоўваюцца для атрымання тытунёвых вырабаў. чыстага нікаціну для фармацэўтычнай прам-сці і аховы раслін ад шкоднікаў. Тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УДО́Д (Upupa epops),
птушка атр. ракшападобных, адзіны від сям. ўдодавых (Upupidae). Пашыраны ў Еўразіі (на Пн да 55—60 °Cпаўн. ш.), Афрыцы, на а-вах Мадагаскар, Канарскіх, Зялёнага Мыса. Жыве пераважна ў лесастэпавай і стэпавай зонах, рэдкалессі, гаях; часам у парках, садах, уздоўж дарог; трапляецца каля населеных пунктаў. Гняздуецца ў дуплах, пнях, сярод камення. Зімуе ў Экватарыяльнай Афрыцы, Паўд. Азіі. На Беларусі звычайны пералётны і пралётны від.
Даўж. да 32 см, маса да 80 г. Афарбоўка стракатая: вохрыста-рыжая з чорным і белым. На галаве веерападобны вохрыста-рыжаваты чубок. Дзюба доўгая, загнутая ўніз. Крылы шырокія, акруглыя, хвост прамы. Ногі кароткія з доўгімі пальцамі. Корміцца насякомымі і беспазваночнымі. Манагам. Адкладвае да 6 (зрэдку да 12) яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСНЕ́Я (Usnea),
род лішайнікаў сям. пармеліевых. Каля 600 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 17 відаў. Найб. пашырана У. шорсткавалосая (U. hirta), у Чырв. кнігу занесены У. арагавелая (U. ceratina), квітучая (U. florida) і эстонская (U. estonica). Растуць на дрэвах.
Слаявіна кусцістая, звычайна павіслая, часта ў выглядзе шаравата-зялёных «барод», да субстрату прымацоўваецца дыскападобнай асновай. Даўж. слаявіны ад 5 см да 2 м, са шматлікімі ніткападобнымі галінкамі, у цэнтры якіх знаходзіцца восевы цыліндр, утвораны шчыльным перапляценнем гіфаў. Пладовыя целы (апатэцыі) размешчаны збоку або на канцах галінак, часта ўтвараюцца сарэдыі. Многія У. адчувальныя да забруджвання паветра (біяіндыкатары). Выкарыстоўваюць для атрымання антыбіётыкаў (уснінавая к-та і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАМІ́НГА (Phoenicopteriformes),
атрад птушак. 4 сям. (1 сучаснае), 3 роды, 6 відаў. Пашыраны ў субтропіках і тропіках, акрамя Аўстраліі. Жывуць на мелкаводдзях марскіх узбярэжжаў, салёных азёр. Утвараюць калоніі (да 25 тыс. пар). Найб. вядомы Ф. звычайны, або чырванакрыл (Phoenicopterus ruber, або Ph. roseus). Як залётныя асобныя птушкі адзначаны на Беларусі.
Даўж. да 150 см, маса да 4,5 кг. Апярэнне рыхлае, мяккае, у дарослых белае з ружовымі адценнямі да чырв., канцы крылаў чорныя. Дзюба вял., сагнутая пад вуглом. На языку і краях над- і паддзюб’я рагавыя пласцінкі, з дапамогай якіх Ф. адцэджваюць з вады і мулу корм (малюскаў, рачкоў, чарвей, насенне і інш.). Шыя і ногі доўгія, пярэднія пальцы з плавальнай перапонкай. Манагамы. Адкладваюць 1—3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАСТА́ТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Caudata, або Urodela),
атрад земнаводных. 8—9 сям., да 350 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і, асобныя ў Паўд. Амерыцы і Афрыцы. Многія жывуць у вадзе (некат. ў перыяд размнажэння) або на сушы, дрэвах. На Беларусі 2 віды трытонаў. 19 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. звычайна 10—30 см, рэдка да 1,8 м (гіганцкія саламандры). Цела прадаўгаватае, паступова пераходзіць у добра развіты хвост (адсюль назва). Скура голая. Ногі кароткія, 3-, 5-пальцыя, у некат. слабыя або часткова рэдукаваныя. Грудны пояс храстковы. Апладненне пераважна ўнутр., без спароўвання, асобным відам характэрна неатэнія. Размнажаюцца ікрой, некат. жыва- ці яйцажывародныя. Развіццё з метамарфозай. Маюць здольнасць да рэгенерацыі. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Іл.гл. да арт.Амбістомы, Амфіумы, Земнаводныя, Пратэі, Саламандравыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАМІ́ДЫІ (Chlamydia),
род мікраарганізмаў сям. хламідыевых; унутрыклетачныя паразіты млекакормячых жывёл, птушак і чалавека. Выклікаюць хламідыёзы. 2 віды: Ch. trachomatis i Ch. psittaci.
Нерухомыя кокападобныя мікраарганізмы, утвараюць мікракалоніі, укрытыя агульнай мембранай. Цыкл развіцця ўключае 2 розныя па марфалогіі і біял. уласцівасцях формы існавання. Элементарнае цельца (стадыя спакою) — інфекцыйная форма. Унутры пашкоджаных клетак гаспадара яно павялічваецца і ператвараецца ў ініцыяльнае цельца (вегетатыўная стадыя X), якое дзеліцца драбленнем. Цыкл развіцця заканчваецца, калі даччыныя клеткі перабудоўваюцца, ушчыльняюцца і ператвараюцца ў элементарныя цельцы, якія выжываюць па-за клеткай і могуць заражаць інш. клеткі гаспадара. Спор і капсул не ўтвараюць. Растуць, размнажаюцца і выспяваюць за 40 гадз. Па-за арганізмам гаспадара Х. гінуць праз 1 мін пры т-ры 90—100 °C.