УСНЕ́Я (Usnea),

род лішайнікаў сям. пармеліевых. Каля 600 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 17 відаў. Найб. пашырана У. шорсткавалосая (U. hirta), у Чырв. кнігу занесены У. арагавелая (U. ceratina), квітучая (U. florida) і эстонская (U. estonica). Растуць на дрэвах.

Слаявіна кусцістая, звычайна павіслая, часта ў выглядзе шаравата-зялёных «барод», да субстрату прымацоўваецца дыскападобнай асновай. Даўж. слаявіны ад 5 см да 2 м, са шматлікімі ніткападобнымі галінкамі, у цэнтры якіх знаходзіцца восевы цыліндр, утвораны шчыльным перапляценнем гіфаў. Пладовыя целы (апатэцыі) размешчаны збоку або на канцах галінак, часта ўтвараюцца сарэдыі. Многія У. адчувальныя да забруджвання паветра (біяіндыкатары). Выкарыстоўваюць для атрымання антыбіётыкаў (уснінавая к-та і інш.).

Н.​М.​Кобзар.

Уснея: 1 — даўжэйшая; 2 — квітучая; 3 — эстонская; 4 — арагавелая; 5 — густабародая.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)