падрод млекакормячых роду ласак і тхароў (Mustela) сям. куніцавых атр. драпежных. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах, каля вадаёмаў, у стэпах, паўпустынях, на высечках, у хмызняках, норах; часам трапляюцца ў населеных месцах. Існуе прыручаная альбіносная форма Т. чорнага (M. putorius) — фуро́. 1 від (Т. амерыканскі — M. nigripes) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі жыве Т. чорны, або лясны.
Даўж. цела да 56 см, хваста да 19 см, маса да 2 кг. Тулава гнуткае, выцягнутае, ногі кароткія. Футра пушыстае, мяккае, афарбоўка ад чорна-бурай да палева-пясочнай. Кормяцца пераважна грызунамі. Анальныя залозы выдзяляюць пахучы сакрэт. Нараджаюць да 19 (звычайна 4—8) дзіцянят за год. Аб’ект промыслу.