Трузе́лле ‘нейкая лекавая расліна’: Забалела Марысі галоўка, / Захацела Марыся трузелля (БНТ, Песні Беласточчыны); сюды ж, магчыма, іншы варыянт: trujzièle kapaci (лях., Федар. 5). Параўн. польск.дыял.trójzièle ‘зелье, якое расце за морам і лечыць адным дотыкам’, trutziele, trujziele ‘атрутнае зелье’ (Варш. сл.). Няясна; апошняе схіляе да думкі пра сувязь (народнаэтымалагічную?) з труіць (гл.), параўн. укр.дыял.труйзі́лля ‘атрута, атрутная расліна’ (Адаменка, Діал. студії 7, 195), што не выключае іншых збліжэнняў (Цыхун, Зб. Абрэмскай-Яблонскай, 53), параўн. запісанае на тэрыторыі Літвы рус.трук‑зе́лье ‘расліна (якая?), што выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне’ (СРНГ). Гл. тройзелле, трызелле.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тры́дзесяць ‘многа, няпэўная колькасць’: трыдзесяць ран (БНТ, Зам.), ст.-бел.тридесятъ, тридесять, тридесеть ‘трыццаць’ (1431 г., ГСБМ), сюды ж тры‑дзесяты: у тры‑дзісятум царстве ‘ў вельмі далёкай краіне’ (маз., Сержп. Прык. і прым.), ст.-бел.тридесятый ‘трыццаты’ (ГСБМ). Захаваная несцягненая форма лічэбніка трыццаць (гл.), параўн. балг.три́десет, макед.триесет, серб.трѝдесет, славен.trîdeset, на думку Анікіна (Новое в рус. этим., 237), узыходзіць да прасл.*trьje desęte ‘трыццаць’, рана замененага формай *tri desęti ‘тс’, параўн. літ.trisdešimt, лат.trîsdešimit, літаральна ‘тры дзясятай Паводле Лукіновай (Числ., 64), падтрыманая аналогіяй да трыдзевяць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трык ‘некастрыраваны баран’ (Бес.). Параўн. польск.tryk, trykacz ‘баран-вытворнік’, trykać ‘басціся, бароцца’, ст.-польск.trykać, tryksać ‘тс’, tryks ‘штуршок’, ‘баданне’, чэш.trkat ‘басці, бадацца’, славац.strkať ‘штурхнуць’, славен.tŕk ‘удар’ і інш., што ўзыходзяць да прасл.*tъrkati ‘штурхаць, удараць’, роднаснага літ.tùrkterėti ‘штурхнуць’. Больш падрабязна гл. торкаць (Буга, Rinkt., 1, 490; Бязлай, 4, 226; Брукнер, 578; Сной₂, 784; Махэк₂, 651; Скок, 3, 504; ЕСУМ, 5, 604–605). Трубачоў (Происх., 81), Осіпава (Этимология–1988–1990, 70) выводзяць з *terti (гл. церці). Магчыма, сюды ж семантычна аддаленае рус.ярасл., валаг.трык ‘франт, фарсун, моднік; легкадумны чалавек’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́птаць ‘працаваць дома; таптацца, хадзіць цэлы дзень паціху, не спяшаючыся’ (Федар. 4, Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы), ‘біць капытамі’ (Нар. Гом.), ту́птаці ‘хадзіць, тупаць’ (ТС), ст.-бел.туптати ‘тс’ (ГСБМ); сюды ж тупата́ць, тупаце́ць ‘стукаць нагамі’ (ТСБМ), тупота́ти ‘тс’ (Вруб.). Параўн. укр.ту́птати ‘таптацца, хадзіць узад і ўперад’, тупота́ти ‘часта тупаць’, тупоті́ти ‘тс’, рус.дыял.тупоте́ть, тупоти́ть ‘стукаць нагамі’, польск.tuptać ‘таптацца дробнымі крокамі’, ‘мітусіцца’, tupotać ‘таптаць’, ‘тупацець, тупаць’, в.-луж.tupotać ‘перабіраць нагамі’, макед.тупти ‘стукаць, удараць’, ‘біцца (аб сэрцы)’, балг.туптя́ ‘тс’, ‘працаваць (аб маторы)’. Дзеясловы суадносяцца з тупат (гл.), што да *tъpъtъ/*tupotъ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тушкава́ць1 ‘тушыць мяса, гародніну, бабку на малым агні ў закрытым посудзе’ (Растарг., Рэг. сл. Віц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), тушкова́ць ‘тс’ (ТС). Укр.тушкува́ти ‘тс’. Генетычна звязана з прасл.*tušiti ‘гасіць’ (Праабражэнскі, 2, 23; Скок, 3, 528; ЕСУМ, 5, 689) і ўтварылася шляхам далучэння да асновы памяншальнага суфікса ‑ка і *‑ov‑a‑ti. Сюды ж тушко́ваны ‘тушаны’ (ТС, Растарг.).
Тушкава́ць2 ‘ухутваць (дзіцё, старога)’ (Растарг.). Укр.тушкува́ти ‘хутаць, захінаць’, зату́шкати ‘закрыць’, якое, паводле ЕСУМ (5, 689), звязана з туши́ти ‘гасіць’. Дакладней, відаць, ‘закрываць, захінаць’, пераноснае да тушы́ць2, гл. папярэдняе слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ты́ня ‘густыя балотныя зараснікі’: зайшла ў таку тыню, шчо не вубрусці (ТС), ‘гушчар, топкае месца’ (ЛМТ). Верагодна, фанетычны варыянт назоўніка ж. р. тынь4 (гл.), параўн. а тынь, а гушча! (тур., Цыхун, уласн. зап.). Значэнне ‘гушчар’, паводле Мартынава (БЛ, 7, 69–70), пацвярджае паходжанне абодвух варыянтаў ад прасл.*tyti з першасным значэннем ‘густа расці, шчыльнець, мажнець’. Сюды ж, магчыма, і гідронімы Тыня (басейн Гарыні) і Tynionka (басейн Віслы), а таксама тапонім Τουνι (= слав.Tynьje) у паўночнай Грэцыі, апошняе Голамб (МЈ, 40–41, 119) выводзіць з прасл.*tynъ. Пра мажлівыя адпаведнікі гл. Арол, 4, 126.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тыры́гаць ‘трэсці (пра электрычнасць)’ (ТС). Шматкратны дзеяслоў ад то́ргаць (гл.), фанетычна суадносны з таргаць (гл.), мажліва, з дадатковым экспрэсіўным адценнем. Параўн. экспрэсіўнае чэш.мар.terygaťse ‘цягнуцца куды-небудзь, з цяжкасцю ісці’ ў Махэка (Sebr. sp., 2, 1587), славац.terigať ‘цягнуць; калаціць, трасці’, гл. турыгаць. Сюды ж магчыма аднесці і вядомае ў арго янаўскіх лабараў тры́га, тыры́га ‘зямля, поле’ (Бел. дыял. 1), метафарычнае ўтварэнне на базе значэння ‘тое, што патрабуе клопату, тузаніны’, аднак яго варыянты цыра, цырыга ў беларускіх сацыялектах схіляюць да запазычання з грэч.ξηρα ‘суша, зямля’ (Лукашанец, Сацыял., 72). Параўн. сыра, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ-тэ-тэ — выклічнік, які выражае здагадку, недавер, нечаканасць, незадаволенасць, здзіўленне і іншыя пачуцці: te‑te‑te! — każe wiecier, — pokul chwalko nachwalicsa, to budźka nabudziecsa (Пятк. 2), ‘падтакванне’ (Сержп. Прымхі). Параўн. укр.те‑те‑те — выражае здзіўленне, задавальненне, рус.те‑те‑те, тэ‑тэ‑тэ ‘тс’, польск.дыял.te‑te‑te — выражае сцвярджэнне, сюды ж ід.te‑te‑te ‘ну-ну, ну але’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Першасны выклічнік паводле Смаль-Стоцкага (Приміт., 22); Копечны (ESSJ SG, 2, 630–648) пагаджаецца з невытворным паходжаннем выклічніка, сінанімічным ta‑ta‑ta, гл. та-та.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАГА́МСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bahama Islands),
Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б.ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).
Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс.км²), В. Абака (2 тыс.км²), В. Багама (1,1 тыс.км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аўВ. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс.ж.), Фрыпарт (26 тыс.ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.
Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.
У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл.ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл.брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн.чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн.кВт∙гадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс.га, апрацоўваецца каля 9 тыс.га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс.км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКА АБАРО́НА 1941у Вялікую Айчынную вайну.
Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв.ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням.паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв.ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт.Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).
Літ.:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;
Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.