крычаць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Абзывацца крыкам (у 1 знач.); паднімаць крык. Крычаць ад захаплення. Крычаць ад страху. ▪ Люба схапіла Віктара, і ён закрычаў, як крычаць дзеці ад вельмі вялікага болю. Шамякін. // Утвараць прарэзлівыя гукі (пра птушак, жывёл). У гэтым досвітку маўклівым Крычалі гусі .., Нястройным хорам гергеталі. Колас. // Голасна плакаць, раўці (пра дзяцей). Назаўтра суседзі чулі, як у трухлявай прыбудоўцы да мураванай сцяны бесперапынна крычыць дзіця. Чорны.

2. Голасна гаварыць, гучна, крыкліва выказвацца. Хлапчукі бягуць гурбой Ды крычаць наперабой: — Дожджык, дожджык, секані, Я паеду на кані!.. Арочка. // Аклікаць, зваць каго‑н. гучным голасам. — Тата! — крычыць .. [Люся] час ад часу. — Ідзі па дарожцы! Брыль. — Кузьма, — крычыць сын з-пад сена. — Падымі воз! Якімовіч.

3. на каго. Лаяць каго‑н., выгаворваць каму‑н. рэзкім тонам, патрабуючы чаго‑н. — Не буду больш! — заенчыў Міхалка, не ведаючы, за што на яго крычаць і чаго ад яго хочуць. Чорны.

4. перан. Шмат гаварыць, пісаць пра каго‑, што‑н., прыцягваючы агульную ўвагу. Я хацеў бы ў Марселі быць, А то ўсё крычаць газеты, чую, Што рабочыя ўзнялі сцяг барацьбы, Што ў Марселі зноў яны бастуюць. Танк.

5. перан. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н. — Нас прывезлі сюды на смерць... аб гэтым крычаць вось гэтыя пыльныя камяні, яны гарачыя, яны налітыя чалавечай крывёй! Лынькоў.

•••

Крычма крычаць — вельмі моцна крычаць (ад болю, страху і пад.).

Хоць гвалт (каравул) крычы — пра цяжкае бязвыхаднае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)