Тарпаты́на ’сумесь смалістых рэчываў для атрымання шкіпінару і каніфолі, жывіца’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’шкіпінар’ (Гіл., Скарбы, Сл. Брэс., Сцяшк., Сцяц. Сл., Сцяц.), тарпаты́н ’шкіпінар’ (Сл. Брэс., Сцяшк.), тарпаты́н ’шкіпінар, тарпатына’ (Сержп. Прымхі; шальч., стаўб., ганц., брасл., Сл. ПЗБ; лях., Янк. Мат.), тарпанты́на ’прадукт смалакурэння, шкіпінар’ (гродз., Нар. сл.; ашм., Стан.), тэрпанты́на ’тс’ (Некр. і Байк.), тэрпаты́на ’шкіпінар, тарпатына’ (беласт., смарг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. терпентина, терпетина ’тэрпенцін’; сюды ж тарпаты́нніца ’смалакурня’ (шчуч., ЛА, 3). Праз ст.-польск. terpentyna ’тс’ з с.-лац. terpentinus (Булыка, Лекс. запазыч., 149).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́хнуць1 ’марнець’ (мёрск., Нар. ск.), ’трухлець, бутлець’ (полац., Нар. лекс.), сюды ж ста́хнуць, пата́хнуць. Укр. дыял. та́хнути ’павольна гаснуць; сохнуць; худнець’. Няясна; магчыма, да прасл. *tъch‑, асабліва ў значэнні ’трухлець, бутлець, гніць’, гл. тохнуць, тхло, тухлы, параўн., аднак, ча́хнуць ’сохнуць, худнець; занепадаць’ (гл.), аналагічнае да та́ўрыць/ча́ўрыць ’чахнуць’. Меркаванне пра кантамінацыю пры ўтварэнні ўкраінскага слова (ЕСУМ, 5, 529) сумніўнае.

Та́хнуць2 ’ударыць’, ’уцячы, драпануць’, ’патраціць, зрасходаваць’ (Мат. Гом.). Параўн. в.-луж. tachnyć ’даць аплявуху, пляснуць ладоняй’; відаць, аднакратны дзеяслоў ад та́хаць (гл.) гукапераймальнага паходжання, параўн. Шустар-Шэўц, 1495.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўма́чка ’пюрэ (з бульбы)’ (Мат. Гом.), товмачі́ ’звараная тоўчаная бульба’ (кобр., Нар. лекс.), сюды ж томачі́, тумачі́, токмачі́, тукмачі́ ’страва з патоўчанай варанай бульбы’ (Лекс. Бел. Палесся). Параўн. укр. дыял. товкма́ч ’тс’, товкма́чити ’запіхваць; біць’ (разглядаюцца як вынік кантамінацыі товкти́ і токма́чити ’ўтоптваць, прыціскаць’, гл. ЕСУМ, 5, 587), рус. смален. талмата́ ’шум, таўкатня’ (< *тълмота, што да *tъlmъ, гл. Фасмер, 4, 15). Хутчэй за ўсё, да папярэдняга слова, некаторыя формы змяніліся ў выніку збліжэння з таўкці (гл. таўчы) і дээтымалагізацыі ў сувязі са стратай зыходнага дзеяслова, што ўзыходзіць да *tъlmiti ’душыць, сціскаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́фіць ‘папасці, пацэліць’: цѣливъ въ ворону, а трафивъ в корову (Нас.), ‘патрапіць, знайсці’ (Сл. ПЗБ), ‘здагадацца, скеміць’ (Сцяшк. Сл., Шпіл.), ‘дайсці’: трафив да адной гари (Кітаб Луцкевіча), ‘прылажвацца, дагаджаць’ (Мал.; капыл., Жыв. сл.), тра́фіцца ‘здарыцца’ (Нас., Ляц.), сюды ж патра́фіць ‘трапіць; адгадаць’ (Шпіл.), траф ‘меткі ўдар’ (Нас.), ст.-бел. трафити, трапити, трахвити ‘пацэліць, натрапіць, змагчы, здарыцца’ (ГСБМ), трафитися ‘здарыцца, адбыцца’ (Ст.-бел. лексікон). Са ст.-польск. trafić, trapić < с.-в.-ням. trëffen ‘трапляць’, ‘сустрэць, наткнуцца на каго-небудзь’, ‘дасягаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 189; Борысь, 639; Вінцэнц; ЕСУМ, 5, 622). Гл. трапіць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трач1 ‘пільшчык, чалавек, які распілоўвае ўздоўж бярвенні’ (Сл. Брэс., Бес.; кам., малар., ЛА, 3, Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ, АБ, 9). З польск. tracz ад trzeć ‘церці, шараваць’, у тым ліку і ‘пілаваць’ (Брукнер, 580; Борысь, 648), параўн. ст.-бел. пила которою трутъ (Александрыя). Сюды ж: трачы́на ‘пілавінне’, трачкува́ті, трачува́ты ‘распілоўваць бервяно ўздоўж’, тра́чка ‘распілоўка’ (Сл. Брэсц.; беласт., Сл. ПЗБ).

Трач2 ‘пугач’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, памылкова расчытанае рукапіснае “пугач”; параўн., аднак, польск. дыял. tracz ‘długodziob’, ‘murogęś’, што не выключае гукапераймальнага паходжання, параўн. славен. trač ‘балбатня’, якое, паводле Сной₃, 797, з ням. tratschen ‘балбатаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трузе́лле ‘нейкая лекавая расліна’: Забалела Марысі галоўка, / Захацела Марыся трузелля (БНТ, Песні Беласточчыны); сюды ж, магчыма, іншы варыянт: trujzièle kapaci (лях., Федар. 5). Параўн. польск. дыял. trójzièle ‘зелье, якое расце за морам і лечыць адным дотыкам’, trutziele, trujziele ‘атрутнае зелье’ (Варш. сл.). Няясна; апошняе схіляе да думкі пра сувязь (народнаэтымалагічную?) з труіць (гл.), параўн. укр. дыял. труйзі́лля ‘атрута, атрутная расліна’ (Адаменка, Діал. студії 7, 195), што не выключае іншых збліжэнняў (Цыхун, Зб. Абрэмскай-Яблонскай, 53), параўн. запісанае на тэрыторыі Літвы рус. трук‑зе́лье ‘расліна (якая?), што выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне’ (СРНГ). Гл. тройзелле, трызелле.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́дзесяць ‘многа, няпэўная колькасць’: трыдзесяць ран (БНТ, Зам.), ст.-бел. тридесятъ, тридесять, тридесеть ‘трыццаць’ (1431 г., ГСБМ), сюды ж тры‑дзесяты: у тры‑дзісятум царстве ‘ў вельмі далёкай краіне’ (маз., Сержп. Прык. і прым.), ст.-бел. тридесятый ‘трыццаты’ (ГСБМ). Захаваная несцягненая форма лічэбніка трыццаць (гл.), параўн. балг. три́десет, макед. триесет, серб. трѝдесет, славен. trîdeset, на думку Анікіна (Новое в рус. этим., 237), узыходзіць да прасл. *trьje desęte ‘трыццаць’, рана замененага формай *tri desęti ‘тс’, параўн. літ. trisdešimt, лат. trîsdešimit, літаральна ‘тры дзясятай Паводле Лукіновай (Числ., 64), падтрыманая аналогіяй да трыдзевяць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трык ‘некастрыраваны баран’ (Бес.). Параўн. польск. tryk, trykacz ‘баран-вытворнік’, trykać ‘басціся, бароцца’, ст.-польск. trykać, tryksać ‘тс’, tryks ‘штуршок’, ‘баданне’, чэш. trkat ‘басці, бадацца’, славац. strkať ‘штурхнуць’, славен. tŕk ‘удар’ і інш., што ўзыходзяць да прасл. *tъrkati ‘штурхаць, удараць’, роднаснага літ. tùrkterėti ‘штурхнуць’. Больш падрабязна гл. торкаць (Буга, Rinkt., 1, 490; Бязлай, 4, 226; Брукнер, 578; Сной₂, 784; Махэк₂, 651; Скок, 3, 504; ЕСУМ, 5, 604–605). Трубачоў (Происх., 81), Осіпава (Этимология–1988–1990, 70) выводзяць з *terti (гл. церці). Магчыма, сюды ж семантычна аддаленае рус. ярасл., валаг. трык ‘франт, фарсун, моднік; легкадумны чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́птаць ‘працаваць дома; таптацца, хадзіць цэлы дзень паціху, не спяшаючыся’ (Федар. 4, Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы), ‘біць капытамі’ (Нар. Гом.), ту́птаці ‘хадзіць, тупаць’ (ТС), ст.-бел. туптати ‘тс’ (ГСБМ); сюды ж тупата́ць, тупаце́ць ‘стукаць нагамі’ (ТСБМ), тупота́ти ‘тс’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́птати ‘таптацца, хадзіць узад і ўперад’, тупота́ти ‘часта тупаць’, тупоті́ти ‘тс’, рус. дыял. тупоте́ть, тупоти́ть ‘стукаць нагамі’, польск. tuptać ‘таптацца дробнымі крокамі’, ‘мітусіцца’, tupotać ‘таптаць’, ‘тупацець, тупаць’, в.-луж. tupotać ‘перабіраць нагамі’, макед. тупти ‘стукаць, удараць’, ‘біцца (аб сэрцы)’, балг. туптя́ ‘тс’, ‘працаваць (аб маторы)’. Дзеясловы суадносяцца з тупат (гл.), што да *tъpъtъ/*tupotъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушкава́ць1 ‘тушыць мяса, гародніну, бабку на малым агні ў закрытым посудзе’ (Растарг., Рэг. сл. Віц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), тушкова́ць ‘тс’ (ТС). Укр. тушкува́ти ‘тс’. Генетычна звязана з прасл. *tušiti ‘гасіць’ (Праабражэнскі, 2, 23; Скок, 3, 528; ЕСУМ, 5, 689) і ўтварылася шляхам далучэння да асновы памяншальнага суфікса ‑ка і *‑ov‑a‑ti. Сюды ж тушко́ваны ‘тушаны’ (ТС, Растарг.).

Тушкава́ць2 ‘ухутваць (дзіцё, старога)’ (Растарг.). Укр. тушкува́ти ‘хутаць, захінаць’, зату́шкати ‘закрыць’, якое, паводле ЕСУМ (5, 689), звязана з туши́ти ‘гасіць’. Дакладней, відаць, ‘закрываць, захінаць’, пераноснае да тушы́ць2, гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)