хме́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; захмялелы, нецвярозы. Грукоча машына. Маўчы, качагар, і пылам вугольным давіся!.. Хай з топкі тваёй не праб’ецца ўгар да містэраў хмельных і місіс. Дудар. // Уласцівы захмялеламу, нецвярозаму. Вочы [Тосі] паліліся калючым бляскам і хмельнай лянівасцю. Адамчык. // Такі, у якім удзельнічаюць нецвярозыя. Там [на банкеце] віно шуміць і льецца, Мова хмельная вядзецца. Колас.

2. Які выклікае ап’яненне. Наліліся хмельным сокам Гронкі [вінаграду] буйныя, даспелі. Жычка. Заморскія віны, мясцовая медавуха, гарэлка і хмельнае піва ліліся ракой. П. Ткачоў. / у знач. наз. хме́льнае, ‑ага, н. У меру выпітае хмельнае як бы выраўноўвае, падводзіць пад адно ўсе настроі. Сабаленка. // перан. Які прыводзіць да ўзбуджэння, самазабыцця. Любыя, мілыя ліпы — Радасць квяцістых нізін! Водару хмельнага выпіў Ваш непакорлівы сын. Пушча. Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Янішчыц. Хмельная трэль салаўя ціха струменіць здалёку. Машара.

3. перан. Узбуджаны чым‑н. У прыцемку хмельны ад шчасця хлопец сустрэў.. хвалюючую цеплыню [Любы]. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Праводзіць па чым‑н. чым‑н., пакідаючы след, лінію. Лупіла [бульбу] на дранікі, спраўна, мерна, цыркала па тарцы. Мележ. // Хутка пралятаючы, зачэпліваць, кранаць што‑н. Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. Грахоўскі. // Рэзка праводзячы па карабку або па чым‑н. цвёрдым, прымушаць гарэць (запалкі). Гамыра чыркае запалку. Колас. Усе маўчалі: хто закусваў, а хто чыркаў запалкаю аб карабок — адразу ж прыкурваў чарговую цыгарэту. Сіпакоў. // Закранаць, драпаць па чым‑н. у час руху. Чыркаючы палачкай па дарозе, ён бадзёра крочыў і праз вялікія рагавыя акуляры аглядаў балота. Дуброўскі.

2. Хутка, спяшаючыся, пісаць што‑н. Я азірнуўся назад, у правы куток, дзе .. нешта цыркала на кавалку паперы Юнона. Мыслівец. Старшыня маўчаў, нешта чыркаў асадкай па паперцы. Галавач.

3. Утвараць характэрныя гукі, спяваць (пра некаторых птушак). Недзе на Доўгіх пад самым месяцам чыркалі, што ўсё адно шасталі трысцём, дзікія качкі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калбата́ць ’мяшаць, збіваць яйкі з мукой’ (гродз., Мат. АС), калбоціць, калбаціць, калбуціць ’рашчыняць’, ’замешваць’, ’боўтаць’ (гродз., Сл. паўн.-зах.), калбоціцца ’боўтацца, пералівацца’ (Сцяшк. МГ), ’боўтацца, пялёскацца’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж і вытворныя: калбочаная яешня, калбатуха ’амлет, страва з малака, мукі, яец, перамешаных і спечаных на сале’ (Сцяшк. МГ), калбатун ’баўтун, неаплодненае яйцо’ (ашм., воран., іўеў., Сл. паўн.-зах.), калбатуха ’непрыгодная для яды страва, бурда’ (смарг., Сл. паўн.-зах.). Паводле фармальнага крытэрыю і лінгвагеаграфіі (слова прадстаўлена толькі на захадзе Гродзенскай вобласці) верагодней суаднесці яго з літ. kalbė́ti ’гаварыць’. Тут цікавы выпадак, калі ў прамым значэнні ’гаварыць’ слова не зафіксавана, ёсць толькі двухсэнсоўныя прыклады, такія, як калбатун ’балбатун’ («Калбатун кажуць на таго, хто многа гаворыць», лід., Сл. паўн.-зах., 2, 371). Двухсэнсоўны прыклад таму, што калбатун ’балбатун’ можа быць наватворам на базе калбатаць ’боўтаць’ > ’балбатаць’, аднак больш імаверна, што дэрыват суаднесены з калбатаць ’гаварыць’ або, дакладней, з экспрэсіўным варыянтам ’гаварыць’ — ’балбатаць’. Тут цікавы выпадак працэсу, пры якім суаднесеныя па адной прыкмеце запазычаны і спрадвечныя дзеясловы ўзаемадзейнічаюць такім чынам, што запазычаны — калбатаць (і інш. формы) атрымлівае прамую семантыку бел. баўтаць. Парадаксальным з’яўляецца тое, што былі суаднесены толькі пераносныя значэнні абодвух слоў, а за літуанізмам замацавана адно з асноўных значэнняў дзеяслова боўтаць. Запазычанае слова да таго ж было па-рознаму адаптавана (гл. формы вышэй), гэта, аднак, можна разглядаць і як пазнейшыя трансфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калуны́ ’буякі, ягады расліны Vaccinium uliginosum’ (маст., Сцяшк., Сл.). Не выключана, што назва адносіцца і ўласна да расліны, аднак у этымалагічным плане гэта не так істотна. Рус. валаг. колун і колунь, расліны роду Cirsium, сувязь з колоть, паколькі расліны калючыя, тут відавочная. Больш праблематычнай з’яўляецца такая сувязь для рус. наўг. колун ’расліна вежавіца, Turritis glabra’, HKan з’яўляецца лекавай, што патрабуе іншай матывацыі і для бел. лексемы. У апісанні расліны Vaccinium uliginosum як быццам няма даных, якія б дазволілі звязаць калуны і калоць. Ягады не калючыя, таму назву тыпу тураў. колюк тут, відаць, бачыць нельга. У суседніх мовах назвы для Vaccinium з такой семантыкай у »ям. невядомыя. Што датычыць лекавых уласцівасцей расліны (як балг. колика ’расліна Kuphorbia’, колики ’расліна Helianthus), назвы празрыстыя, паколькі расліны лечаць колікі, то сапраўды ягады буякоў дапамагаюць пры энтэракалітах. З моўнага пункту погляду гэту версію давесці не вельмі лёгка, паколькі неабходна дапускаць існаванне слова калуны ’колікі, калаццё’ і далей сапраўднасць мадэлі назва хваробы — назва расліны (тыпу рус. прострел) у канкрэтным рэгіёне. Яшчэ адно магчымае рашэнне падказвае вядомая мадэль, калі расліна атрымоўвас назву на месцы, дзе расце. Лапак і тут няма надзейных доказаў таго, што калунамі маглі назваць купіны, хаця тэарэтычна гэта цалкам магчыма. У такім выпадку назва магла быць утворана як багон. багун і да т. п. Можна меркаваць яшчэ і аб сувязі з кал ’балота, гразь’, аднак параўн. словаўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзол ’апошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв. осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзол ’упадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ. žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск. obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск. obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел. абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш. obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус. обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьza ∼ літ. ìžiti ’лушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сістэ́ма

(гр. systema = цэлае, складзенае з частак, злучэнне)

1) сукупнасць заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, поглядаў, ведаў і г.д.), якія складаюць пэўнае цэласнае ўтварэнне, адзінства;

2) пэўны парадак у размяшчэнні і сувязі частак чаго-н. (напр. с. механізмаў);

3) форма арганізацыі чаго-н. (напр. выбарчая с.);

4) сукупнасць прынцыпаў, якія служаць асновай якога-н. вучэння (напр. філасофская с. Гегеля);

5) форма грамадскага ладу (напр. дзяржаўная с.);

6) сукупнасць устаноў, аб’яднаных у адно цэлае (напр. с. Акадэміі навук);

7) сукупнасць органаў, якія маюць агульную функцыю (напр. нервовая с.);

8) канструкцыя (напр. с. самалёта);

9) геал. сукупнасць пластоў горных парод, якія ўтварыліся на працягу геалагічнага перыяду;

10) звычайнае, рэгулярнае, прывычнае.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

далучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак., да каго-чаго.

1. Дабавіцца да чаго‑н., стварыць адно цэлае з чым‑н. У гэтым годзе да .. [асушаных плошчаў] далучыцца яшчэ каля 50 тысяч гектараў тарфянікаў. «Полымя». І пасля гэтага, калі да двух дзесяцін Хвёдаравых далучылася дзесяціна жончына, — і тады нічога не змянілася. Чорны. Да пералётнага святла ракет далучыўся пажар эшалона. Брыль.

2. Прымкнуць да каго‑, чаго‑н., увайсці ў лік удзельнікаў, членаў чаго‑н. Чалавек далучыўся да дэманстрацыі і павёў першую калону касцельнаю вуліцаю на пляц. Чорны. Да партызан далучылася ўсё насельніцтва. Маўр. // Прыняць удзел у чым‑н. Далучыцца да працы. □ Бастуючым удалося .. пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя».

3. Згадзіцца з кім‑н., стаць на чый‑н. бок. Далучыцца да выказанай прапановы. □ Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Колас.

4. Пазнаёміцца з чым‑н., асвоіць што‑н. Далучыцца да грамадскага жыцця краіны. □ Толькі далучыўшыся да багаццяў чалавечага генія, .. [пісьменнік] можа стаць сапраўдным творцам. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ві́цца, ую́ся, уе́шся, уе́цца; уёмся, уяце́ся, ую́цца і вію́ся, віе́шся, віе́цца; віёмся, віяце́ся, вію́цца; пр. ві́ўся, віла́ся, віло́ся; заг. ві́ся; незак.

1. Абвівацца вакол чаго‑н. Віецца фасоля з павіслымі стручкамі-лапаткамі. Гарэцкі. // Завівацца (пра валасы). У кожнага над левым вухам віўся чуб «па-казацку». Чорны.

2. Рабіць звілістыя рухі целам. Вуж уецца каля ног. // Мець звілісты напрамак. Плямістай жоўта-зялёнай змейкай уецца чыгунка сярод лясных гушчароў. Шынклер. Як ручай дарога ўецца. Зарыцкі. // перан. Круціцца, увівацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай. Віцца каля дзяўчыны.

3. Лётаючы, кружыцца. Каля твару назольна віліся камары. Мележ.

4. Уздымацца лёгкім струменьчыкам. З коміна віўся дымок. Якімовіч.

5. Развявацца (пра флаг, сцяг і пад.). Шум і гоман у сталіцы, Сцяг ля сцяга ўецца. Купала.

6. Зал. да віць.

•••

Віцца вужакай — падлізвацца, падлашчвацца да каго‑н.

Віцца роем — кружыцца, круціцца, чапляцца адно за другое (пра думкі).

Віцца ўюном — выкручвацца, хітрыць, падхалімнічаць.

У трубы віцца — вельмі добра расці (пра расліны).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляпі́ць, ляплю, лепіш, лепіць; незак.

1. што і без дап. Ствараць, рабіць якія‑н. фігуры з пластычнага матэрыялу. Ляпіць бюст. Ляпіць цацкі з пластыліну. □ На дварах дзеці гулялі ў снежкі, ляпілі снежныя бабы. Кавалёў. // Будаваць, майстраваць, карыстаючыся якім‑н. ліпкім, вязкім матэрыялам. Хадзілі ў камбінезонах будаўнікі, падымалі насілкі з цэглай, ляпілі сцяну, паверх за паверхам. Грамовіч. // перан. Ствараць яркія сцэнічныя, літаратурныя вобразы, характары і пад. Што дала мне студыя? Яна ўзбагаціла мяне тэхнікай. Адкрыла законы нашай творчасці. Навучыла ствараць вобраз, ляпіць характар, любіць форму і валодаць ёю. Сяргейчык.

2. што. Разм. Прыклейваць, прылепліваць. Ляпіць аб’яву на сцяну. □ Ногі ўціскаліся ўсё глыбей, вада падступала да лытак, да каленяў, .. ляпіла штаніны да скуры. Мележ. // Размяшчаць адно за другім, не пакідаючы свабоднага месца. Ляпіць адну літару за другой.

3. З сілай ісці (пра мокры снег). Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною парою абрасталі трасы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. Снег ляпіў і ляпіў на шыбы, вокны сталі белыя, быццам знадворку іх завесілі прасціной... Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зва́нне, ‑я, н.

1. Афіцыйна прысвоенае найменне, якое вызначае кваліфікацыю ў галіне якой‑н. дзейнасці або службовае становішча. Воінскае званне. Званне інжынера. Званне ўрача. Вучонае званне. □ Аксіння Хвядосаўна Снягір — удава, муж яе, былы раённы работнік, загінуў у канцы вайны ў званні маёра. Шамякін. // Ганаровае найменне, якое прысвойваецца за якія‑н. заслугі і з’яўляецца адным з відаў узнагароды. Званне Героя Сацыялістычнай Працы. Званне заслужанага настаўніка. // Найменне, якое ўказвае на прыналежнасць да якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Змагацца за званне брыгады камуністычнай працы.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — саслоўная прыналежнасць, саслоўны стан. Мяшчанскае званне. Духоўнае званне. // Уст. Тытул. Графскае званне.

3. Разм. Прозвішча, імя, мянушка. — Празвалі людзі Здрокам, і, напэўна, памрэш з гэтым казяўчыным званнем. Кандрусевіч.

•••

Адно званне — пра тое, што, захаваўшы сваё найменне, страціла асноўныя якасці, вартасці.

Ані звання каго-чаго — зусім не існуе, і ў паміне няма. — Але наконт прыватнаўласніцкага перажытку я вам магу сказаць пэўна: у мяне яго няма ані звання. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)