навяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак.
1. чаго. Зрабіць шляхам вязання нейкую колькасць. Навязаць пальчатак. Навязаць шкарпэтак. // Звязаць у адно значную колькасць чаго‑н. Навязаць цэлы клунак бялізны. // Звязваючы, зрабіць нейкую колькасць чаго‑н. Навязаць венікаў. Навязаць снапоў.
2. што. Надзеўшы або абкруціўшы, завязаць. Навязаць вяроўку на рогі жывёле.
3. перан.; што каму-чаму. Прымусіць каго‑н. прыняць або зрабіць што‑н. супроць яго волі, жадання. Навязаць дагавор. □ [Зорын] хацеў навязаць гітлераўцам бой там, дзе яны не чакалі. Гурскі. // Унушыць што‑н. каму‑н. супраць яго волі. Навязаць сваю думку. □ [Саўку] пачынаў агортваць страх, і ён часамі жахаўся той ролі, якую навязалі яму войт і яго прыяцелі. Колас. Я зразумеў, што мне трэба навязаць .. [Волкаву] сваю волю, сваю ўпэўненасць у перамозе. Шамякін. // Абцяжарыць каго‑н. кім‑, чым‑н. — Сядай тут і будзем працаваць, — сказаў Юрка Маргун такім тонам, быццам мяне яму сілком навязалі. Сабаленка.
4. каго. Разм. Узяць на прывязь. Яхімаў воз ужо прыбралі, Каня на лейцы навязалі У кустах альховых каля дуба. Колас. Грознага [быка] усё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)