БЕЛАРУ́СКА-ЭСТО́НСКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БЭЗ) у г. Йыхві, грамадска-культ. арг-цыя беларусаў у Эстоніі. Засн. ў 1989. Асн. мэты: спрыяць кансалідацыі беларусаў на падставе духоўнай, культ., рэліг. агульнасці, развіваць сувязі з замежнымі суайчыннікамі, прапагандаваць гіст. і культ. спадчыну Беларусі. Праводзіць значную культ.-асв. работу, адзначае нац. бел. і эст. святы, бел. гіст. ўгодкі, удзельнічае ў выстаўках аб’яднання бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» і штогодніх у Саўт-Рыверы (ЗША), арганізоўвае экскурсіі па Беларусі, Эстоніі, Расіі, прэзентацыі літ. твораў бел. аўтараў. Працуе б-ка, з 1992 намаганнямі згуртавання дзейнічае бел. праграма на эст. радыё. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (1993), сходаў беларусаў блізкага замежжа (1992, 1995), з’езда беларусаў краін Балтыі (1994), 1-й сустрэчы бел. моладзі свету (1994).
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЦКІ (Антон Антонавіч) (псеўд. А.Дамброўскі; 1734, Валынь, Украіна — 1798),
бел. і польскі жывапісец, прадстаўнік позняга барока. Жывапісу вучыўся ў Камянец-Падольску і Львове. Манах. У 1760 парваў з базыльянскім ордэнам і пераехаў у Кракаў, дзе атрымаў права цэхавага майстра. У гэты перыяд стварыў карціны «Самсон і Даліла», «Лот з дочкамі», партрэт рэктара Кракаўскага ун-та К.Ярмундовіча, аформіў алтар бернардзінскага касцёла ў Альверні (Польшча). У 1770 пераехаў у Супрасль, потым — у Гродна, дзе ўдзельнічаў у стварэнні (каля 1774) дэкар. кампазіцыі для інтэр’ераў палаца Тызенгаўза і касцёла бернардзінцаў (1788, з Ф.Міхалкевічам). Сярод работ 1770-х г.: «Святы Еранім», «Алегорыя вернасці», «Мужнасць святога Варфаламея», «Рознакаляровыя львы», «Забавы німфаў», абразы святых Антонія, Францыска і інш.
Я.Н.Мараш.
т. 5, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davies) Пітэр Максвел) (н. 8.9.1934, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія),
англійскі кампазітар. Скончыў муз. каледж (1956) і ун-т (1957) у Манчэстэры. У 1959—62 муз. кіраўнік школы ў г. Сайрэнсестэр, з 1966 выкладаў кампазіцыю ва ун-це г. Адэлаіда (ЗША). З 1985 дырыжор Шатландскага сімф. аркестра Бі-Бі-Сі. У 1967 арганізаваў інстр. ансамбль «Піера-плэерс» у Лондане (з 1970 «Агні Лондана»). Распрацаваў сістэму муз. выхавання дзяцей. Сярод твораў: муз.-сцэн. «Восем песень для звар’яцелага караля» (1969), оперы «Тавернер» (1972), «Маяк» (1980), балет «Саламея» (1978); 2 сімфоніі (1976, 1980); саната для 17 духавых інструментаў «Святы Міхаіл» (1957); камерна-інстр. ансамблі; 5 матэтаў для хору а капэла (1959); музыка для дзяцей, у т. л. «Календары пастухоў» (1965), і інш.
т. 6, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,
федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл. Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г. Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э. — Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл. Лацінскія войны).
т. 9, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,
паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл. Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл. Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.
т. 14, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «КНІ́ГА»,
добраахвотная культ.-асв. грамадская арг-цыя. Створана ў 1974 як «Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі». З 1991 сучасная назва. Асн. задачы: развіццё бел. нац. культуры ў сферы кнігі; садзейнічанне кнігавыданню, кнігазнаўству, кнігараспаўсюджванню, рабоце б-к; зберажэнне і памнажэнне духоўных скарбаў народа, бел. мовы і л-ры, прапаганда кніг і перыяд. выданняў, распаўсюджванне сярод членаў т-ва і насельніцтва л-ры. Т-ва займаецца выдавецкай дзейнасцю (выпускае серыю мініяцюрных выданняў «Скарбы бел. л-ры і фальклору», выдала альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь» і інш.); арганізоўвае сустрэчы з пісьменнікамі, навукоўцамі, бібліяфіламі, супрацоўнікамі выд-ваў, музеяў; праводзіць чытацкія канферэнцыі, вечары, выстаўкі, прэм’еры, святы кнігі, конкурсы, агляды. У складзе т-ва 6 абл., 82 гар. і раённыя праўленні, больш за 1200 пярвічных арг-цый; больш за 46 тыс. членаў (1995).
Л.І.Макаранка.
т. 2, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКО́Б ((Jacob) Макс) (11.7.1876, г. Кемпер, Францыя — 5.3.1944),
французскі пісьменнік і мастак. Дэбютаваў казкамі «Кароль Кабул і кухцік Гавен» (1903), «Сонечны волат» (1904) і гратэскнымі раманамі «Святы Матарэль» (1909), «Бурлескныя і містычныя творы брата Матарэля» (1912). Зб-кі вершаў у прозе «Ражок з ігральнымі касцямі» (1917), кн. вершаў «Цэнтральная лабараторыя» (1921) і кніга крыт. артыкулаў «Паэтычнае мастацтва» (1922) адыгралі значную ролю ў станаўленні авангардызму, у прыватнасці кубізму. У зборніках «Бераг. Брэтонскія песні» (1911), «Тыя, што каюцца, у ружовых трыко» (1925), «Імператарская ахвяра» (1929), «Балады» (1938), «Цар Беотыі» (1920) і інш. спалучаюцца пародыя, містыфікацыя, гратэск з містыкай, сінтэз антычнай, хрысц. і іудзейскай міфалогій. Шэраг яго твораў выдадзены пасмяротна, у т. л. «Апошнія вершы» (1945). Загінуў у фаш. канцлагеры.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. стихи. СПб., 1995.
К.М.Міхееў.
т. 6, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́ВА (Святлана Сяргееўна) (н. 16.8.1941, в. Абросаўка Краснаармейскага р-на Самарскай вобл., Расія),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва і жывапісец. Дачка С.П.Каткова. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1968 працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Алегарычнай ёмістасцю вобразаў, выразнасцю колераў вызначаюцца размалёўкі ў кінатэатры «Вільнюс» (1976), Палацы культуры чыгуначнікаў (1978, абедзве з З.Літвінавай), рэстаране «Планета» (1980) у Мінску, Палацы культуры камбіната нярудных матэрыялаў у р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на (1982), актавай зале тэхн. вучылішча харчавікоў у Слуцку («Купалле», 1984). Дэкаратыўнасць колеру і кампазіцыйнай будовы ўласцівы станковым творам: «Зялёны май. Перамога» (1973), «Палявыя кветкі» (1974), «Летняя ноч» (1975), «Сярэбраныя травы» (1977), «Жніво» (1982), «Дзень памяці» (1984), цыклы «Поры года», «Народныя святы. Калядкі», «Італія. Карнавал» (усе 1995—98). Іл. гл. да арт. Васковы жывапіс.
т. 8, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАВАСЛА́ЎНЫ БЕЛАРУ́С»,
часопіс. Выдаваўся ў лют.—снеж. 1925 у Варшаве на бел. мове па ініцыятыве Беларускага пасольскага клуба. Рэдактар Я.Пачопка, маст. афармленне Я.Драздовіча. Афіцыйна павінен быў асвятляць жыццё правасл. царквы ў Польшчы і Зах. Беларусі. Асн. змест складалі матэрыялы з гісторыі, грамадскага і культ. жыцця Зах. Беларусі, літ. творы. Меў рубрыкі: «Што чуваць у свеце», «Беларускае жыццё», «З народнай творчасці», «З гісторыі археалогіі» і інш. Выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў навуч. установах, царкве. Змясціў артыкулы, прысвечаныя Ф.Скарыне, Сімяону Полацкаму, Я.Купалу, па гісторыі стараж. Полаччыны І.Палачаніна, пра нар. земляробчыя святы М.Яцкевіча, даследаванне «Месца беларускай мовы сярод моў свету і славянскіх увасобку» І.Савіцкага. Друкаваў вершы Г.Леўчыка, П.Прадухі, С.Свістуна, апавяданні З.Бядулі, Пачопкі, М.Запольскага і інш. Выйшлі 22 нумары.
А.С.Ліс.
т. 12, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
іпаста́сь
(гр. hypostasis = сутнасць)
1) адна з асоб хрысціянскай тройцы (бог выступае ў трох іпастасях: Бог Бацька, Бог Сын і Бог Дух Святы);
2) перан. тое, што цесна далучаецца да каго-н., чаго-н. іншага (напр. журналіст у іпастасі адваката).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)