плюс ​1, ‑а, м.

1. Матэматычны знак у выглядзе крыжыка (+), які ставіцца паміж лічбамі для абазначэння складання. Два плюс два будзе чатыры. // Такі ж знак перад лічбай для вызначэння таго, што лічба гэтая дадатная, г. зн. большая, чым нуль. Тэмпература паветра плюс дзесяць градусаў.

2. Крыжык, які ставіцца пры школьнай ацэнцы і абазначае некаторае перавышэнне яе. Чатыры з плюсам.

3. у знач. нязм. Акрамя таго, з дабаўленнем. Дэвіз павінен быць такі: «Вучоба плюс праца!» «Звязда».

4. перан. Дадатны бок, перавага. — Калі ім [сялянам] ўдасца зямлі не даць [Пілацееву], гэта будзе велізарнейшым плюсам у палітычным расце сялянства. Галавач.

[Ад лац. plus — больш.]

плюс ​2, ‑у, м.

Спец. Тое, што і кумач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тры, трох, тром, трыма, (аб) трох, ліч. кольк.

1. Лік і лічба 3. Напісаць лічбу тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 3. Тры кніжкі. Тры дарогі. □ Садок быў, праўда, невялічкі: Дзве верабіны ды тры дзічкі. Колас.

2. Тое, што і тройка (у 2 знач.).

•••

Бачыць на тры аршыны (на тры сажні) пад зямлёю гл. бачыць.

Гнуцца ў тры пагібелі гл. гнуцца.

Гнуць у тры пагібелі гл. гнуць.

Да трох не гавары каму гл. гаварыць.

Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.

За тры крокі ад каго-чаго гл. крок.

Злупіць тры скуры гл. злупіць.

Тры чвэрці да смерці гл. чвэрць.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы гл. уткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сямёра ’у колькасці сямі (звычайна без назоўніка або з назоўнікамі агульнага роду, назвамі маладых істот і інш.)’ (ТСБМ), се́мера ’тс’ (Некр. і Байк., Пятк. 2), се́меро ’тс’ (ТС), ст.-бел. седмера ’тс’, побач з вседморо ’ўсямёра’ (Карскі 2–3, 55). Параўн. укр. се́меро, рус. се́меро, польск. siedmioro ’тс’, в.-луж. sedmory ’сямікратны’, н.-луж. sedymory ’тс’, палаб. sedmärë, чэш. sedmero, славац. sedmoro, славен. sedmero, серб.-харв. се̏дморо, ст.-слав. седмеро, седморо ’тс’. Прасл. *sedmero, *sedmoro ўтворана на базе ад’ектываванага лічэбніка *sedmerъ/*sedmorъ ад *sedmь (гл. сем) пры дапамозе суф. ‑er, ‑or (Фасмер, 3, 599; Лукінова, Числ., 323), параўн. чацвёра (гл.). Сюды ж сямёрка ’лічба сем, у колькасці сямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ’памер касы’ (Сцяшк., Мат. Гом.), ’дзве капейкі серабром, роўная па старых разліках сямі капейкам асігнацыямі’ (Нас.), семёрка ’медная манета двухкапеечнай вартасці’ (Растарг.), семерко ’сем штук’ (Рам. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сто, ста, ліч. кольк.

1. Лік і лічба 100. Сто дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 100. Сто працэнтаў. Павялічыць у сто разоў. □ Узяў мужык сто рублёў, сеў у панскую карэту і паехаў. Якімовіч.

2. Разм. Ужываецца для вырашэння вялікай колькасці ў значэнні: шмат, вельмі многа. Пытае Цімох разоў сто І марна адказу чакае. Колас.

3. У спалучэнні слоў «шмат», «некалькі» і пад. з старой склонавай формай «сот» ужываецца як назоўнік са значэннем: сотня. Грошай было шмат сот тысяч. Чорны.

•••

На ўсе сто — поўнасцю, цалкам. [Лініч:] — А ты, Змітрок, хлопец на ўсе сто. Нават з прысыпачкаю. І на працу звер. Я таксама такі, але мяне распаліць трэба. Савіцкі.

У сто крат гл. крат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дво́йка ж.

1. (лічба) Zwei f -, -en;

Вы мо́жаце туды́ дае́хаць на дво́йцы Sie können dorthín mit Líni¦e zwei fáhren;

2. (дрэнная адзнака паспяховасці) Zwei f -, -en; (Fünf – у нямецкіх школах);

за што ты атрыма́ў сёння дво́йку? wofür hast du héute éine Zwei [Fünf] bekómmen?;

3. (гоначная лодка) спарт. Zwéier m -s, -;

4. (камплект адзення) Twinset [´twinsɛt] n, m -s, -s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Сто ‘лік і лічба 100’, ‘шмат, вельмі, многа’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. сто ‘тс’. Параўн. укр., рус. сто, стараж.-рус. съто, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. sto, серб.-харв. сто̑, славен. stó, балг., макед. сто, ст.-слав. съто. Прасл. *sъto ‘сто’ роднаснае літ. šim̃tas, лат. sìmts, ст.-інд. śatám, авест. satəm, лац. centum, грэч. έκατόν, гоц. hund ‘тс’, якія працягваюць і.-е. *ḱm̥tom ‘сто’. Большасць даследчыкаў лічыць слова спрадвечнаславянскім, але наяўнасць ‑ъ‑ замест ‑ę‑ як вынікае з пазаславянскіх паралеляў, застаецца няяснай. Параўн. прасл. *tysętʼa ‘1000’, з рэгулярным ‑ę‑. Паводле Шахматава (гл. агляд літ-ры ў Фасмера, 3, 761–762), ‑ъ‑ мог развіцца ў алегравых формах тыпу *dъvě stъtě ‘200’. Праславянскую форму тлумачылі таксама запазычаннем з іранскай, дзе праформу ўзнаўлялі як *sutəm ‘сто’. Гл. яшчэ Борысь (578), які спробы разглядаць слова ў якасці запазычання лічыць неабгрунтаванымі. І.‑е. ḱm̥tóm паходзіць ад *deḱm̥ ‘дзесяць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1358; Глухак, 585.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́ма 1 ’вынік складання; агульная колькасць, сукупнасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), су́ма, сумацыя ’вынік’ (Ласт.), су́ма́ ’пэўная колькасць грошай’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. су́мма, су́ма ’агульная колькасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 153). Запазычанне непасрэдна з лацінскай (Жураўскі, Крамко, Зб. Крапіве, 142). Выказваюцца таксама меркаванні пра запазычанне праз польск. suma ’тс’ з лац. summa ’вышэйшая, агульная лічба’ < summus ’вышэйшы’ (гл. Кюнэ, Poln., 100 з літ-рай); ці запазычанне ў канцы XV ст. са ст.-польск. suma, summa (XV ст.), гл. Булыка, Лекс. запазыч., 80.

Су́ма 2 ’пажыткі, маёмасць’ (Клім.). Магчыма, да сума 1, параўн. су́ма ’грошы’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Крытычна пра спробы звязаць з сум (гл.) і рэканструкцыю *sǫdma (Ліўканен, Отглаг. сущ., 194) Варбат (Этимология–1988–1990, 196), якая дапускае запазычанне праз польскую з ням. Saum ’ношка, паклажа’. Параўн., аднак, балг. су́ма ’многа, маса’, якое лічыцца яшчэ прабалгарскім (Младэнаў, Диалектология, балканистика, этнолингвистика. София, 2008, 199). Гл. су́мна ’мноства’.

Су́ма 3. Гл. сумка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кру́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае форму круга, шара, кола, цыліндра або падобны да іх па форме. Круглае бервяно. Круглы стол. Круглы мячык. □ Над табою месяц круглы У ясным небе ціха плыў. Колас. // Тоўсты, сыты, поўны (пра чалавека, яго фігуру, твар). Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.

2. У спалучэнні са словамі «год», «дзень», «суткі» абазначае: увесь, цэлы. Волеччын голас, калі яна паганяла каня, чуўся па полі круглы дзень. Чорны. Брыгады гэтыя працуюць круглыя суткі. Кулакоўскі.

3. Разм. Поўны, абсалютны. Круглы выдатны. Круглая сірата. // У спалучэнні са словам «дурань» абазначае: абсалютны, закончаны. Толькі круглы дурань, хіба, прачытаўшы гэты ліст, не ведаў бы, што рабіць. Самуйлёнак.

•••

Круглыя лічбы гл. лічба.

Круглыя дужкі гл. дужка.

За круглым сталом гл. стол.

Круглая сума гл. сума.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́сяча, ‑ы, ж.; ліч. і наз.

1. Ліч. кольк. Лік і лічба 1000. Тысяча дзеліцца на 5. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 1000. Тысяча рублёў. Тысяча кіламетраў. □ У гэтым клубе было тысяча дзвесце месц для сядзення. Чорны. // Разм. Сума грошай, якая адпавядае гэтай лічбе. Нічыпар дастаў адкладзеную на падарункі тысячу, схаваў яе ў хкрыню. Асіпенка. Паддалася нарэшце ўгаворам. Прадала хату. Усяго і далі за яе якую тысячу. Але і тысяча на сяле немалыя грошы. Б. Стральцоў.

2. звычайна мн. (ты́сячы, ‑сяч). Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Тысячы рознагалосых птушак напоўнілі паветра свістам, шчэбетам і спевамі. Колас. Пахі тысяч кветак перамяшаліся ў гарачым паветры. Шашкоў. // Разм. Вялікія грошы, капітал. [Арцём:] — Цэгла — гэта нашы тысячы і пашана ў прыдачу! Ракітны.

3. У Старажытнай Русі — апалчэнне, якое дзялілася на сотні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тры́ццаць ‘лік і лічба 30’, ‘колькасць, якая абазначаецца лічбай 30’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., ТС), тры́ццыць ‘тс’ (Бяльк.), тры́цаць ‘тс’ (вільн., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тридцать, тридцеть, тритцать, трицать, трицять, тридцать, триццать, а таксама тридесять, тридесятъ ‘тс’, сюды ж парадк. ліч. тридесятый, тридцатый, тридцятий, тритцатый, тридцатый, тритцатый, зборн. тридцатеро, трыдцатеро (ГСБМ). Укр. три́дцять, три́йцять, три́десять, рус. тридцать, стараж.-рус. три десяте, польск. trzydziestu (м. р.), trzydzieści, н.-луж. tśiźasća, в.-луж. třiceći, чэш. třicet, славац. tridsať, славен. trídeset, харв. trídeset, серб. три́десет, балг. трѝдесет, макед. триесет, ст.-слав. триѥ десѧте, триѥ десѧти. Прасл. *trьje desęte, tri desęti, у якіх *desętь (гл. дзесяць) стаіць у форме Н. скл. мн. л. (desęte, desęti); у выніку рэдукцыі і страты канцавога ненаціскнога галоснага з прычыны таго, што націск падаў на лічэбнік *tri (гл. тры), другая частка набыла форму дзе́сяць, у далейшым дэфармаваную. Бліжэйшыя паралелі — літ. trìsdešimt, trys dẽšimtys, лат. trîsdesmit, літаральна ‘тры дзясяткі’ (Скок, 3, 500–501; ЕСУМ, 5, 636; Шустар-Шэўц, 1546; Супрун, Числит., 62–63; Новое в рус. этим., 237).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)