наме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што.
1. Паставіць меткі, знакі на чым‑н. Намеціць дрэвы для высечкі. Намеціць бялізну.
2. Абазначыць, ставячы меткі, знакі. Намеціць дарогу тычкамі.
3. Лёгкімі штрыхамі, лініямі абазначыць асноўныя контуры чаго‑н. Намеціць пярэдні план карціны. Намеціць фасад будучага дома. // перан. Зрабіць, стварыць у агульных рысах; накідаць. Намеціць схему ўрока.
4. Папярэдне вызначыць каго‑, што‑н. Калі.. трэба было намеціць кандыдатуру сакратара райкома камсамола, Андрыян Цітавіч адразу прыгадаў Валю Красачку. Марціновіч. Рыгор загадзя намеціў дзень, калі ён абавязкова паедзе ў горад. Гартны.
5. Прымеціць, выбраць каго‑, што‑н. з якой‑н. мэтай. [Раечка] намеціла аднаго афіцэра і, прыцікаваўшы, калі ён будзе стаяць адзін, падышла запытаць. Лобан.
6. Задумаць, запланаваць зрабіць што‑н. Зараз .. [краіне] усё пад сілу, і ўсё, што намеціла партыя, будзе выканана. Карпаў. З Сюзанай звязана ўсё самае лепшае, што намеціў .. [Міця] зрабіць у жыцці. Навуменка. Памаўчалі, пасля загаварыў старшыня: — .. Вось што... Ульяна, і вы, Тодар... На вечар мы ўчора намецілі праўленне, не адкладаць жа. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасячы́ і перасе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. перасек, ‑ла; заг. перасячы; зак., што.
1. Рассячы папалам, на часткі. Перасячы жэрдку сякерай. □ Бізуном бервяна не перасячэш. Прыказка.
2. Перайсці, пераехаць што‑н. упоперак. Перасячы вуліцу. Перасячы экватар. □ З краю ў край Перасек я краіну. Смагаровіч. Выбраўшыся з лесу, партызаны перасеклі вялікае гарыстае поле і зноў апынуліся ў бары. Сіняўскі.
3. Прайсці, пралегчы па паверхні чаго‑н. Чыгунка перасекла вобласць з усходу на захад. / Пра маршчыны, рубцы і пад. Лоб .. [жанчыны] ўздоўж перасекла глыбокая зморшчына, якая неяк адразу змяніла выраз яе ажыўленага твару. Васілевіч. // Размясціцца, прайсці ў папярочным напрамку. Дарогу, па якой ішлі партызаны, павінна была перасекчы гравійная шаша. Краўчанка. Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек .. [хлопцам] дарогу і пачаў адносіць човен убок. Маўр.
4. перан. Перарэзаць, перагарадзіць каму‑, чаму‑н. (дарогу, шлях і пад.). Прыгнуўшыся, Раманчык пабег берагам рачулкі, што ўпадала ў Нёман, каб перасекчы шлях парушальніку. Пальчэўскі. І вось савецкі мірны чалавек Дарогу сухавеям перасек. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клява́ць, клюю, клюеш, клюе; клюём, клюяце; незак.
1. што. Есці, хапаючы, адшчыпваючы ежу дзюбай (пра птушак). Куры клююць зерне. □ Тут крычаць вераб’і і клююць крапіву. Купала.
2. каго-што. Біць, удараць дзюбай; дзяўбці. Певень клюе ката. □ А чайкі смялелі ў змаганні, Плявалі яго [каршуна], дабівалі. Бялевіч. // перан. Даймаць, дапякаць, крыўдзіць. — Добры ты сябра Васілю Міхайлавічу аднак. Яго і без цябе клюе кіраўніцтва. Шыцік.
3. Хапаць прынаду, насадку на вудачцы (пра рыбу). Акуні клююць слаба: відаць, не галодныя. Якімовіч.
4. безас. Разм. Ідзе на лад; атрымліваецца, ўдаецца. — Вось бачыш, адразу клюе, — сказаў дзядзька Пятрусь да Адася. — Пабегла [старая] па кілбасы, да якіх я ласы. Дамашэвіч.
5. перан. Разм. Мнагакратна ўдараць чым‑н. вострым; дзяўбаць, цюкаць. Кляваць тапаром бервяно. // Доўга і настойліва біць з гармат у адно месца. Настала ноч, а гэты мінамёт усё кляваў і кляваў у адно і тое ж месца. Кулакоўскі.
•••
Кляваць (дзюбаць) носам — драмаць то апускаючы, то ўзнімаючы галаву.
Куры не клююць гл. курыца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́чба, ‑ы, ж.
1. Знак для абазначэння ліку. Арабскія лічбы (1, 2, 3 і г. д.). Рымскія лічбы (I, II, III і г. д.). □ Не ведаючы ніводнай літары, ніводнай лічбы, .. [Гінка] памятала ўсіх сваіх даўжнікоў. Корбан. Малая і большая стрэлкі насценнага гадзінніка сышліся там, дзе напісана лічба «11». Брыль.
2. Разм. Сума, лік. [Сакратар райкома:] — Для вашага калгаса, таварыш Бягун, такая лічба роўна кулю. Сергіевіч. Я спачатку падумаў, што не зразумеў абвешчанай мне лічбы і папрасіў напісаць яе на паперы. Лынькоў. // Паказчык чаго‑н., выражаны ў лічбах; разлік, падлік. [Паходня:] — Ты б усё аддаў, каб у зводцы стаяла самая высокая лічба выпрацоўкі на трактар. А ўсё астатняе, па-твойму, дробязь... Хадкевіч. — Яе сто пудоў махоркі вы можаце сабраць з гектара, а самае малое — чатырыста. І вось гэтую лічбу мы занясём у план. Кулакоўскі.
•••
Астранамічныя лічбы — пра вельмі вялікія лічбавыя велічыні.
Кантрольныя лічбы — лічбавыя колькасныя паказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на пэўны тэрмін пры планаванні народнай гаспадаркі.
Круглыя лічбы — лічбы без дробавых адзінак; акругленыя лічбы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́жа 1, ‑ы, ж.
1. Месца ў глядзельнай зале, аддзеленае перагародкаю для невялікай колькасці асоб. У ложы паблісквалі маноклі і ордэнскія крыжы генералаў. Мехаў. Увечары .. [Эльга], нібы цень, прашмыгнула ў артыстычную ложу, забілася ў кут, каб не ўбачылі яе з залы. Мікуліч.
2. Уст. Аддзяленне масонскай арганізацыі.
[Фр. loge.]
ло́жа 2, ‑ы, ж.
Драўляная частка ружжа ці аўтамата, да якой прымацаваны ствол. Падняў я стрэльбу. Снег абцёр з рулі і ложы. Сачанка. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.
ло́жа 3, ‑а, н.
1. Паглыбленне ў грунце, па якім цячэ водны паток; рэчышча. Вось як цяпер, перада мною Устае куточак той прыгожа, Крынічкі вузенькае ложа. Колас.
2. Уст., паэт. Пасцель.
•••
Пракрустава ложа (кніжн.) — мерка, пад якую сілком падганяюць, прыстасоўваюць што‑н. (Ад імя міфічнага грэчаскага разбойніка Пракруста, які клаў захопленыя ім ахвяры на сваё ложа і абсякаў ногі тым, хто быў даўжэй ложа, а тым, хто карацей, выцягваў іх.)
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Прабыць які‑н. час, трымаючыся за што‑н. Пратрымацца за поручні.
2. Захавацца, не змяніцца на працягу якога‑н. часу. Вось пратрымалася сухмень дзён дзесяць, і лісце на бярозцы пачало жаўцець. Гаўрылкін.
3. Не адступіць, не здацца, утрымаць пазіцыі на працягу якога‑н. часу. Пратрымацца на ўмацаванай пазіцыі. □ Злучэнне пратрымалася да прыцемак. М. Ткачоў.
4. Вытрымаць, устаяць (перад якімі‑н. цяжкасцямі) на працягу якога‑н. часу, да якога‑н. тэрміну. «Яшчэ, яшчэ пратрымацца!» — загадала сама сабе дзяўчынка і чакала, калі ёй стане цёпла. Бураўкін. // Разм. Пражыць. — Жыццё цяпер не тое, дый ты яшчэ, можа, не адзін год пратрымаешся, калі даглядаць. Лупсякоў. Мушу я цяпер прызнацца, Што хацеў бы пратрымацца І яшчэ гадоў дзесятак Ці другі, на добры лад. Гілевіч. // Прабыць дзе‑н., захаваць за сабой месца на працягу якога‑н. часу. Загады, якія .. [Глушко] аддае, правільныя, бо калі б было інакш, то на пасадзе майстра ён не пратрымаўся б і дня. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыблі́зіць, ‑бліжу, ‑блізіш, ‑блізіць; зак.
1. каго-што. Прысунуць, перамясціць блізка да каго‑, чаго‑н. — У цябе тут нічога няма?.. [Сіла Прохаравіч] прыблізіў свой твар да самага твару Пеціка. Навуменка. // перан. Зрабіць адпаведным інтарэсам, патрабаванням каго‑, чаго‑н.; непасрэдна звязаць з кім‑, чым‑н. Прыблізіць літаратуру да жыцця. Прыблізіць навучанне студэнтаў да практыкі камуністычнага будаўніцтва.
2. што. Зрабіць больш блізкім у часе, паскорыць наступленне чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца баржджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы. Колас. Думаць прымусіць аб заўтрашнім дні, каб камунізма прыблізіць пару. Чарнушэвіч.
3. каго-што. Дапусціць блізкія адносіны з сабой; уключыць у лік прыбліжаных. Не, Гарбачоў не баяўся, што яму не ўдасца зноў прыблізіць да сябе Люсю. Шашкоў. [Пілсудскі] прыкмеціў беглага паручніка і прыблізіў да сябе. Новікаў.
4. каго-што. Зрабіць больш блізкімі, зразумелымі адзін аднаму. Просьба, асабліва такі зварот, нібы прыблізілі Косцю да Марынкі. Шыцік.
5. што. Зрабіць падобным да чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.
1. Распусціцца, разысціся (пра канцы чаго‑н. звязанага). Але вось праз акно бачу, ідзе ў праўленне жанчына. Ідзе так хутка, што нават белая хустка на галаве развязалася, і вецер канцы яе заносіць на плечы. Пестрак. У Сцёпкі ў калідоры, перад самым выхадам ужо, развязалася абора ад лапця. Пальчэўскі. // Вызваліцца ад вяровак, завязак і пад., распакавацца. Пакет развязаўся. Мяшок развязаўся. □ Глянула Назарыха і абамлела. Што ж гэта? Яе вузельчык развязаўся, а ў Міхасёвай руцэ жмут чырвоненькіх паперак. Б. Стральцоў.
2. перан.; з кім-чым. Разм. Парваць сувязь з кім‑, чым‑н., вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Люба патрабавала, каб Генадзь хутчэй развязаўся з Вікторыяй. Сабаленка. Якаў хацеў сказаць, што ён ужо развязаўся з зямлёй, але гэта было б падобна на пахвальбу. Чарнышэвіч.
3. перан. Разм. Прыйсці да развязкі, вырашыцца. Плячысты дымаўскі дзяцюк .. дастаў капшук і рыхтаваўся закурыць, думаючы, мусіць, што справа развяжацца мірным спосабам. Крапіва.
•••
Язык развязаўся (развяжацца) гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Чырвона-жоўты (пра колер валасоў, шэрсць). Загарэў старшыня, яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы. Бялевіч. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Кулакоўскі. // З валасамі, шэрсцю такога колеру. «Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Урачы прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Шамякін. // Чырванавата-жоўты, светла-карычневы (пра колер розных прадметаў, а таксама раслін і жывёл). Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Карпаў. Ліст пажоўклы, рыжы Прабіваюць кроплі. Ляпёшкін. У рукі .. [Валі] далі лазовы кош з рыжым пеўнем. Якімовіч. // Які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым. Рыжая хустка. Рыжая ватоўка.
2. у знач. наз. ры́жы, ‑ага, м.; ры́жая, ‑ай, ж. Пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру. [Ігнат:] — У той жа момант, забыўшыся і пра шкуру, смальнуў я з другога ствала. І вось тут, братка ты мой, рыжы як падхопіцца ды як сігане цераз поле. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сало́дка 1, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
Тое, што і лакрыца.
сало́дка 2,
1. Прысл. да салодкі. — Дужа, дужа рады бачыць вас [Лабановіча] ў нашым асяроддзі, — салодка прамовіў Ясь: — Фактычна я знаёмы з вамі, завочна. Колас. У Алёшкі салодка зашчымела сэрца: прыгадалася, што даўно ўжо трымаў у руках гармонік. Кухараў. А пад грушай у калысцы Спіць салодка немаўля. Прыходзька.
2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне салодкага смаку. У роце салодка.
3. безас. у знач. вык. Пра матэрыяльны дастатак, духоўнае задавальненне. — А мне, ты думаеш, салодка? Ды справа проста і каротка: Не будзеш ты з ляснічым спорыць, Рабі вось тое, што гаворыць. Колас. // (звычайна з адмоўем «не»). Пра шчасце, дабрабыт, якія пануюць дзе‑н. — Не салодка тут жывецца, — адказаў Сідар Нікіфаравіч. — Але ж некаму трэба і гэты вугал займаць. На жаль, яшчэ не хапае на ўсіх камфартабельных кватэр. Аляхновіч.
4. безас. у знач. вык. Пра прыемныя адчуванні, зведаныя кім‑н. Трывожна мне. Але й салодка мне! Я сэнсам напаўняю кожны рух, Агонь вачэй І палахлівасць рук. Тармола.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)