салодка 1, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
Тое, што і лакрыца.
салодка 2,
1. Прысл. да салодкі. — Дужа, дужа рады бачыць вас [Лабановіча] ў нашым асяроддзі, — салодка прамовіў Ясь: — Фактычна я знаёмы з вамі, завочна. Колас. У Алёшкі салодка зашчымела сэрца: прыгадалася, што даўно ўжо трымаў у руках гармонік. Кухараў. А пад грушай у калысцы Спіць салодка немаўля. Прыходзька.
2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне салодкага смаку. У роце салодка.
3. безас. у знач. вык. Пра матэрыяльны дастатак, духоўнае задавальненне. — А мне, ты думаеш, салодка? Ды справа проста і каротка: Не будзеш ты з ляснічым спорыць, Рабі вось тое, што гаворыць. Колас. // (звычайна з адмоўем «не»). Пра шчасце, дабрабыт, якія пануюць дзе‑н. — Не салодка тут жывецца, — адказаў Сідар Нікіфаравіч. — Але ж некаму трэба і гэты вугал займаць. На жаль, яшчэ не хапае на ўсіх камфартабельных кватэр. Аляхновіч.
4. безас. у знач. вык. Пра прыемныя адчуванні, зведаныя кім‑н. Трывожна мне. Але й салодка мне! Я сэнсам напаўняю кожны рух, Агонь вачэй І палахлівасць рук. Тармола.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)