самазва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які самавольна, незаконна прысвоіў сабе чужое імя, званне. — Цікава, а што скажа самазваны старшыня Зубкоўскі? — спытаўся Швец. Гурскі. Стрэльбай грукнуў у дзверы: «Выходзь да мяне, Гаспадар самазваны, на ганак!» Куляшоў.

2. Разм. Які па сваёй ініцыятыве ўзяўся за якую‑н. справу. Назло прарокам самазваным, Што глуха каркаць пачалі, Спявайце [юныя паэты] спевам нечуваным На мове любай вам зямлі! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́мы, ‑ая, ‑ае.

Вельмі круты. Скалісты, ззаду асветлены прам[янямі] бераг быў стромы, як сцяна, высокі — больш за дзвесце метраў. Брыль. Рака ўвесь час пятляе, па абодва бакі яе шырокія заліўныя лугі. На заваротах — адзін бераг нізкі, пясчаны, другі — стромы, круты. Сачанка. [Дзеці] павольна абышлі ўжо тры бакі будыніны і цяпер павінны былі выйсці на чацвёрты бок, што выходзіў на стромы адхон. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́біць, чублю, чубіш, чубіць; незак., каго.

Разм. Тузаць каго‑н. за валасы; біць, лупцаваць. [Насця:] — Не смейце лгаць, а то ўзлуюся І буду чубіць вас — вось так! Колас. [Дробаў:] — Я ж — палюбоўна, па шчырасці... Яшчэ і кажуць так: хто каго любіць, той таго і чубіць. Ракітны. / у вобразным ужыв. І зараз зноў ён [Фантанаў] шэфа чубіць, Каб даў камандзіроўку на Чукотку ці ў Караганду... Валасевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаг, ‑у, м.

1. Разм. Тое, што і крок (у 1, 2 і 5 знач.). Караль раптоўна абарваў гутарку: за варотцамі пачуліся чыесьці шагі. Гартны. // Самы павольны алюр. Коні натужна скрануліся з месца і, пераходзячы з шагу на рысь, памчалі па зімніку. Лынькоў.

2. Спец. Пэўная адлегласць паміж суседнімі аднатыпнымі элементамі (у механізмах, дэталях якіх‑н. машын). Шаг разьбы. Шаг зубчастага кола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́йка, ‑і, ДМ шайцы, ж.

Разм. Група людзей, якія ўчыняюць разбой, злачынствы; банда. Шайка бандытаў. □ Гэта была шайка паліцаяў, якія, баючыся атрымаць належную плату за сваю службу немцам, цяпер туляліся па цёмных кутках. Васілевіч. // Неадабр. Пра кампанію людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, учынкі і паводзіны якіх асуджаюцца грамадскасцю. Шайка жулікаў. □ Поп, земскі начальнік, прыстаў, спраўнік, гэта, брат, — усё адна шайка. Колас.

[Ад латыш. šaika — шмат народу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што і без дап.

Разм. Рабіць што‑н. з асобай сілай, энергіяй, імпэтам і пад. Захапіўшы ў першай пары Янка Маньку, Юрка Раю, Даюць дыхту, даюць жару, «Сербіянку», «Польку» шпараць. Купала. Слова за слова і ўжо цэлую прамову шпарыць жандар. Лынькоў. Матацыклісты шпараць па шашы. Паветра рэжуць, як электрапілы, У рокаце — надрыўны крык душы. Грачанікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́ЙДЭНБАЎМ ((Veidenbaums) Эдуард) (3.10.1867, хутар Глазніекі Цэсіскага р-на, Латвія — 24.5.1892),

латышскі паэт. У 1887—92 вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (памёр у час выпускных экзаменаў). Адзін з найб. папулярных паэтаў у асяроддзі па-рэвалюцыйнаму настроенай інтэлігенцыі і рабочых Латвіі 1890-х гадоў. У паэзіі Вейдэнбаўма — крытыка бурж. маралі і рэлігіі, рэакц. тэндэнцый лат. л-ры, думкі пра хуткацечны час і несправядлівасці жыцця, услаўленне дружбы, хараства прыроды. Вершы Вейдэнбаўма распаўсюджваліся ў рукапісах. У 1908 пісьменнік Э.​Трэйман-Зваргуліс выдаў зборнік яго твораў, за што быў зняволены ў турму. Пісаў нарысы па пытаннях палітэканоміі, права, па механіцы. Перакладаў на лат. мову творы Гарацыя, Ф.​Шылера.

Тв.:

Kopoti raksti. Sej. 1—2. Riga, 1961.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КРЭДЫ́Т, таварны крэдыт,

крэдыт. які даецца вытворцамі (прадаўцамі) спажыўцам (пакупнікам) у выглядзе адтэрміноўкі плацяжу (або яго растэрміноўкі) за прададзеныя тавары, выкананыя работы і паслугі. Афармляецца спец. дакументам (напр., вэксалем), які сведчыць абавязацельства пакупніка заплаціць абумоўленую здзелкай грашовую суму. Мэта К.к. — паскорыць рэалізацыю тавару і павялічыць хуткасць абарачэння капіталу. Працэнт па К.к., што ўваходзіць у цану тавару і суму вэксаля, ніжэйшы, чым па банкаўскім крэдыце, мэтай якога з’яўляецца атрыманне прыбытку па пазыках, крэдытах. К.к. магчымы і ў інш. форме, калі спажывец перадае частку сваіх сродкаў (рэсурсаў) пастаўшчыку для аператыўнага і якаснага выканання заказу з далейшым іх залікам у аплату прадукцыі (тавару, паслуг), якую ён атрымлівае.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ РАССТРЭ́Л 1927 у Заходняй Беларусі,

расстрэл польск. ўладамі дэманстрацыі працоўных у г. Косава, якія выступілі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Па закліку Косаўскага райкома КПЗБ 3.2.1927 у Косава на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому польск. ўладамі БСРГ сабралася больш за 1,5 тыс. сялян. З чырв. сцягамі і транспарантамі, на якіх былі надпісы «Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў, вызваліць усіх палітзняволеных!», «Далоў фашысцкую дыктатуру Пілсудскага!», з рэв. песнямі дэманстранты прайшлі па вуліцах Косава, правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала яго разагнаць. Калі дэманстранты зноў рушылі па горадзе, паліцыя пачала страляць. Забіта 6 чал., некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і дыктатарскага рэжыму Пілсудскага.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Магілёўскім р-не, левы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору каля 106 км². Пачынаецца каля в. Бярозаўка, вусце за 1,5 км на ПдЗ ад в. Малое Запаточча. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Рэчышча каналізаванае (17,4 км) ад в. Стары Сінін амаль да вусця.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)