КАГА́ТНАЯ ГНІЛЬ буракоў,

хвароба караняплодаў буракоў у перыяд захоўвання, якая выклікаецца комплексам грыбоў і бактэрый. Найб. пашырана шэрая гніль (узбуджальнік — грыб Botritis cinerea) і фамоз (узбуджальнік — грыб Phoma betae). На хворых каранях з’яўляецца белы, шэры ці ружавата-белы налёт споранашэння грыба, потым фарміруюцца цёмныя склероцыі, якімі грыб зімуе. Пры фамозным гніенні грыбніца развіваецца ў тканках каранёў, надае ім цёмна-карычневы колер і фарміруе масы пладовых цел (пікнідаў). Пашкоджаныя караняплоды гніюць. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках, у глебе.

Кагатная гніль буракоў: 1 — пашкоджаны караняплод; 2 — канідыяносец і канідыі грыба.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сангі́на

(фр. sanguine, ад лац. sanguis = кроў)

1) мяккі чырвона-карычневы мінеральны аловак, які ўжываецца ў мастацтве;

2) малюнак, выкананы такім алоўкам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Нарыжава́цца (нарыжовицца) ’нарумяніцца’ (ТС). Відаць, да ружовы ці да руж ’румяны’ (< польск. ruż, rużoimć з франц. rouge ’чырвоны’), збліжанае да рыжы ’рыжы, светла-карычневы’, параўн. наружова ’да падрумяненага стану’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНДАЛУЗІ́Т (ад назвы гіст. вобл. Андалусія ў Іспаніі),

мінерал падкласа астраўных сілікатаў, алюмасілікат, Al Al [SiO4]O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае прызматычныя крышталі, слупкаватыя, прамянёвыя агрэгаты і інш. Колер ружовы, шэры, карычневы, жоўты, чырвоны. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,1—3,2 г/см³. Андалузіт — характэрны мінерал метамарфічных сланцаў і гнейсаў. Трапляецца таксама ў рагавіках, другасных кварцытах, некаторых пегматытах і россыпах. На Беларусі — як акцэсорны мінерал у палеагенавых і неагенавых адкладах, трапляецца ў крышт. фундаменце, адкладах верхняга пратэразою, карбону, трыясу, мелу, марэнных і алювіяльных. Выкарыстоўваецца як сыравіна для высокагліназёмістых вогнетрывалых матэрыялаў і тонкакерамічных (ізалятары і інш.) вырабаў.

Андалузіт.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́Т (ад прозвішча франц. вучонага Ж.​Б.​Біо),

мінерал класа сілікатаў з групы слюдаў, K(Mg,Fe)3[AlSi3O10](OH,Fe)2. Мае шмат розных прымесяў. Высокажалезісты біятыт наз. лепідамеланам, магнезіяльны — флагапітам.

Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ліставатыя, лускаватыя. Колер чорны, карычневы, буры. Бляск шкляны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 2,7—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал вывергнутых і метамарфічных горных парод; у пегматытах бываюць крышталі пл. да 7 м². У асадкавых пародах Беларусі трапляецца ўсюды. Выкарыстоўваецца для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод аргонавым і стронцыевым метадамі, вытв-сці змазак, бронзавай фарбы, электраізаляцыйных матэрыялаў, дэкар. цэменту, у аптычным прыладабудаванні.

Біятыт.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),

птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.

Даўж. да 31 см, маса да 150 г. Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.

Э.​Р.​Самусенка.

Кукша.

т. 8, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),

род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.

Меч-трава́ звычайная.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бабёр ’бабёр, бабровае футра’, бабра́к ’бабёр’ (Шат.). Рус. бобр, бобёр, укр. бобе́р, бібр, польск. bóbr, чэш. bóbr, балг. бо́бър, бъ́бър, бе́бер, ст.-серб. bobr і г. д. Прасл. bobrъ, bebrъ, bьbrъ ’бабёр’. Роднаснае літ. bebrùs, bẽbras, bãbras, лат. bębrs, ст.-прус. bebrus, ст.-в.-ням. bibar, лац. fiber, ст.-іран. bawra‑ ’тс’ і г. д. І.‑е. *bhe‑bhru‑карычневы’ (рэдуплікаваная форма), параўн. ст.-інд. babhrúṣкарычневы’. Гл. Бернекер, 47; Траўтман, 28–29; Фасмер, 1, 180–181; Слаўскі, 1, 40; Фрэнкель, 38; БЕР, 1, 60; Махэк₂, 59 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

руды́, ‑ая, ‑ое.

Рыжа-карычневы. І ўсё ў гэтым чалавеку было рудым — і яркая каўбойка і калматая чупрына, і густыя калючыя бровы. Лынькоў. Хлопцы ўбачылі, як вялікая рудая вавёрка ледзь справілася ўскочыць на тоўстую елку. Ваданосаў. Па берагах канала ляжалі высокія бясформенныя груды рудой балотнай зямлі. Краўчанка.

•••

Загінуў як рудая мыш гл. загінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліпафусцы́н

(ад гр. lipos = тлушч + лац. fuscus = цьмяны, непразрысты)

жоўта-карычневы пігмент, які ўяўляе сабой ліпапратэід і ўтвараецца пры акісленні ў арганізме фосфаліпідаў і тлушчаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)